Вы тут

Забыты мастак з Бешанковіч


18 сакавіка 1884 года ў Бешанковічах, на Віцебшчыне, нарадзіўся ўкраінскі мастак Марк Барысавіч Брукман. Памёр у лютым 1929-га... У Палтаве, на Украіне. 


Пражыў творца ўсяго 45 гадоў, нават крыху меней — няпоўных 45 гадкоў... Вучыўся ў Адэскім мастацкім вучылішчы. Відаць, яшчэ да Першай сусветнай вайны, мо нават напрыканцы XIX ці ў самым пачатку XX стагоддзя. Бо ў 1915 — 1917 гадах ён ужо наведваў заняткі, класы, майстэрні ў Акадэміі мастацтваў у Петраградзе. 

З 1905 года жыццё і творчасць Марка Брукмана звязаны з Палавай. Пэўна, творчасць нашага земляка даволі ўдала ўпісвалася ў сістэму каштоўнасцяў маладой Савецкай улады, бо ў 1926 годзе Марк Брукман быў адзначаны званнем Героя працы. 

Адэскае мастацкае вучылішча заснавана было яшчэ ў 1865 годзе. Вытокі — створаная 30 мая 1865 года Адэская мастацкая школа малявання. Каля трох дзесяцігоддзяў у гэтай навучальнай установы не было пастаяннага памяшкання, яна існавала на ахвяраванні. Але 22 мая 1883 года на вуліцы Прэабражэнскай, 14 быў закладзены першы камень будучага будынку мастацкай школы. У 1885 годзе школа перайшла ў сваё ўласнае памяшканне. 30 снежня 1899 года былі зацверджаны статут і штат Мастацкага вучылішча... Сярод выпускнікоў школы — і славуты савецкі і беларускі архітэктар Іосіф Рыгоравіч Лангбард (1882 — 1951). Ён закончыў Адэскае вучылішча ў 1906 годзе. Відавочна, вучыўся ў ім у адзін час з Маркам Брукманам. У 1906 годзе Адэскае вучылішча закончыў і славуты савецкі архітэктар, які працаваў у стылі канструктывізму, Барыс Улініч (1885 — 1978). Вучыўся ў гэтыя гады ў Адэсе і французскі мастак Серж Фацінскі (1887 — 1971). 

Імператарская Акадэмія мастацтваў, якая прытуліла Марка ў 1915 — 1917 гады, была заснавана яшчэ ў XVIII стагоддзі. Рэктарам у час вучобы Брукмана быў Лявонцій Мікалаевіч Бенуа. Сярод выкладчыкаў — рускі гравёр нямецкага паходжання, ксілограф і афартыст Васіль Васільевіч Матэ, мастак-баталіст, кніжны графік Мікалай Сямёнавіч Самокіш, скульптар Уладзімсір Аляксандравіч Беклямішаў…

У 1926 годзе Марк Брукман ўваходзіць у Палтаўскі філіял Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі, а ў 1927 годзе — у Асацыяцыю мастакоў Чырвонай Украіны. Удзельнічае ў выстаўках у Палтаве (з 1919), Маскве (1926), Харкаве (1927). У той час у Палтаве жылі і працавалі такія вядомыя мастакі, як Дзмітрый Ангельскі, Мікола Бокій, Іван Бутнік, Аляксандр Гармаш, Іван Арлоў... Атмасфера культурнага жыцця падштурхоўвала да сур’ёзнай працы. 

Вядома, што Марк Барысавіч з’яўляецца аўтарам партрэтаў настаўніка І. Рызенкі, мастакоў С. Разенбаўма, А. Данцова, Ю. Міхайлава, Ф. Літвіненкі, плаката «Рыгор Скаварада». Творы Брукмана захоўваліся ў Палтаўскім мастацкім музеі і літаратурна-мемарыяльным музеі У. Караленкі ў Палтаве. Большасць твораў нашага земляка загінулі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі Палтавы ў Вялікую Айчынную вайну.

Жорсткае дваццатае стагоддзе няшмат пакінула памятак пра Марка Брукмана з Бешанковіч. Але ўспомнім яго хаця б «адным радком»... У Бешанковічах, Бешанковіцкім краі нарадзілася шмат цікавых творцаў. Гэта і мастак і скульптар Гаўрыіл Глікман (1913 — 2003), графік Саламон Юдовін (1892 — 1954), народны артыст Карэльскай АССР Барыс Хацяноў (1918 — 1979), легенда рускага жывапісу Іван Хруцкі (1810 — 1885), паэт Аркадзь Гейнэ (1919 — 1942), графік і пейзажыст Анатоль Ткачонак (1922 — 1994), паэт і празаік Барыс Беляжэнка (1937 — 2016), драматург Аляксандр Гутковіч (1920 — 1989)...І мастак Марк Брукман — адзін з гэтай кагорты талентаў. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.