Вы тут

Прэзідэнт даў станоўчую ацэнку папярэднім вынікам праверкі дзяжурных сіл ВПС і войск СПА


За ходам праверкі Аляксандр Лукашэнка назіраў на Цэнтральным камандным пункце Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. Кіраўнік дзяржавы назіраў за праверкай ад моманту яе пачатку і да самага заканчэння, падрабязна цікавіўся ўсім працэсам, пасля чаго пагутарыў з удзельнікамі мерапрыемства. 


Падводзячы вынікі праверкі, Прэзідэнт адзначыў, што першае пытанне, якое яго хвалявала, каб усё адбывалася аб’ектыўна і сумленна. 

«Як ваенны чалавек, магу сказаць, што калі вы праверку арганізавалі сумленна, як гэта належыць, то гэта дастойна, — звяртаючыся да ваеннаслужачых, канстатаваў Галоўнакамандуючы. — Я не служыў у ВПС і ВСА, але бачу, як ажыццяўляецца гэтая праверка, задума яе. Вы выявілі ўсе цэлі, з усімі цэлямі справіліся. Гэта выдатна. Ні адна цэль міма вас не прайшла. Уся Беларусь (гэта бачна ў рэжыме рэальнага часу) вамі кантралюецца».

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што падчас праверкі дзяжурных сіл па супрацьпаветранай абароне ўсе цэлі былі выяўлены своечасова. «Вы з імі справіліся: дзе трэба — паразілі, дзе трэба — прымусілі да пасадкі, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Вы бачыце ўсё, што робіцца на сумежжы, разведка працуе добра, інфармацыя перадаецца. Малайцы! Адно толькі — калі гэта ўсё нечакана, раптоўна і сумленна. Гэта не проста ўражвае, гэта прыстойна. Будуць вынікі аб’ектыўнага кантролю, тады мы канчаткова падвядзем вынікі ў Міністэрстве абароны. У мяне адна толькі насцярожанасць — каб гэта было сумленна. Раптоўная праверка — значыць ведаюць тыя, каму трэба, а астатнія працуюць, як у ваенны час. Калі гэта так, то малайцы. Гэта нядрэнна!»

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр абароны Віктар Хрэнін, канцэнтрацыя войск НАТА каля нашых граніц па-ранейшаму застаецца высокай. «Мы адзначаем высокі ўзровень правядзення мерапрыемстваў аператыўнай баявой падрыхтоўкі, — паведаміў ён. — Да прыкладу, на сённяшні дзень на тэрыторыі сумежных з намі краін праходзіць шэсць вучэнняў. У рамках вучэння „Абаронца Еўропы“ даволі вялікая колькасць тэхнікі і асабовага складу ажыццяўляе перасоўванне па тэрыторыі еўрапейскіх краін, у тым ліку і авіяцыйная тэхніка. Таму, згодна з рашэннем Галоўнакамандуючага, у рамках раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, якая праводзілася, былі правераны дзяжурныя сілы па супрацьпаветранай абароне: як яны выконваюць свае задачы па баявым дзяжурстве, ахоўваючы нашу паветраную граніцу». 

Па словах кіраўніка абароннага ведамства, аб выніках пакуль казаць рана: яны падведзены толькі папярэдне. «Але ўжо бачна, што ў цэлым з задачай справіліся, — падкрэсліў міністр абароны. — Дэталёвы вынік будзе крыху пазней. Галоўнакамандуючы паставіў нам задачу, калі праверым матэрыялы аб’ектыўнага кантролю, далажыць яму ўжо канчатковы вынік дадзенай праверкі». 

Віктар Хрэнін звярнуў увагу, што ў сучаснай абстаноўцы пагрозы могуць сыходзіць і з неба, і з зямлі. «Мы бачым, наколькі змяніліся формы і спосабы вядзення баявых дзеянняў нават па прыкладзе спецыяльнай ваеннай аперацыі, якая праводзіцца на Украіне», — канкрэтызаваў ён. Невыпадкова беларуская армія аснашчаецца самым сучаснымі комплексамі. Толькі нядаўна на ўзбраенне паступілі самалёты Су-30СМ, верталёты Мі-35М, зенітна-ракетны комлекс С-400 «Трыумф». Як падкрэсліў міністр абароны, у тым ліку гэтая тэхніка забяспечвае ахову Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, з’яўляецца гарантам мірнага неба над нашай галавой. 

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч, нагадаў, што на мінулым тыдні на пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу былі прыняты два найважнейшыя стратэгічныя дакументы краіны — Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына. «Наша Ваенная дактрына носіць выключна абарончы характар, — падкрэсліў ён. — Асновай абароны любой дзяржавы з’яўляецца супрацьпаветраная абарона».

Фота: «Ваяр»

Па словах камандуючага, праверка дзяжурных сіл Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны была няпростай. «Быў значна павялічаны састаў дзяжурных сіл, выведзены дадатковыя сілы і сродкі, створана складаная паветраная абстаноўка, — удакладніў ён. — Дадаткова прызначаны паветраныя цэлі авіяцыі не толькі Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны. Гэта былі экіпажы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, органаў пагранічнай службы і ДТСААФ. Усе цэлі былі выяўлены радыётэхнічнымі войскамі і знішчаны зенітна-ракетнымі войскамі на далёкіх граніцах рэальных зон знішчэння. Авіяцыя адпрацавала вельмі добра — знішчыла пастаўленыя цэлі. Таксама былі адпрацаваны практычныя элементы прымусу да пасадкі». 

Андрэй Лук’яновіч падкрэсліў, што кіраўнік дзяржавы ўдзяляе вельмі шмат увагі Узброеным Сілам, у прыватнасці, Ваенна-паветраным сілам і войскам супрацьпаветранай абароны. На ўзбраенне паступае сучасная тэхніка, вырашаецца жыллёвае пытанне ваеннаслужачых, павышаецца грашовае забеспячэнне. 

«На баявое дзяжурства ў мінулым годзе заступілі новыя зенітна-ракетныя сістэмы С-400, — канкрэтызаваў ён. — Мы атрымалі літаральна некалькі тыдняў таму другую партыю верталётаў Мі-35 М, чакаем чарговую партыю. Таксама закупляем новую тэхніку РТВ: гэта нашы беларускія ўзоры („Раса-РБ“, „Усход“) і расійскай вытворчасці („Праціўнік“). Адно з асноўных пытанняў — забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, чым мы і займаемся. Мы беражом мірнае неба».

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.