Вы тут

Назар Таманскі: «Форма не павінна браць верх над зместам»


Для артыстаў тэатр становіцца месцам раскрыцця талентаў, дае магчымасць прыўнесці свежы погляд у свет мастацтва. Мы паразмаўлялі з акцёрам Тэатра юнага гледача Назарам Таманскім і даведаліся, з якімі складанасцямі сутыкаюцца маладыя спецыялісты і як на тэатр уплываюць эксперыменты з формамі і жанрамі.


Назар Таманскі не марыў стаць акцёрам. Яго творчы шлях пачаўся з паступлення ў БДАМ.

— Апынуўся ў прафесіі па ўдалым збегу абставін. Калі вучоба ў школе заканчвалася і трэба было думаць, як жыць далей і куды паступаць, я разумеў адно: не хачу, каб мая будучая прафесія была руцінная. Марыў, каб жыццё было яркім, насычыным, цікавым і поўным новых знаёмстваў, каб кожны новы дзень не быў падобны да папярэдняга. Супаставіўшы ўсе гэтыя ўмовы, вырашыў, што акцёрская прафесія цалкам зможа задаволіць усе патрабаванні.

Па словах маладога чалавека, пасля выхаду на сцэну яго ўяўленне пра тэатр не змянілася, а ТЮГ, як лічыць Назар, можна назваць адным з найлепшых тэатраў рэспублікі. Аднак з цяжкасцямі сутыкнуцца давялося:

— Галоўная цяжкасць — недахоп вопыту, як сцэнічнага, так і жыццёвага, з-за чаго не адразу атрымліваецца знайсці спосаб найлепшым чынам увасобіць тую ці іншую ідэю. Асабісты і прафесійны вопыт мае вялікае значэнне. Больш вопытныя акцёры здольны хутчэй сарыентавацца і справіцца з пастаўленымі задачамі, а мне часам даводзіцца працаваць над тымі ж задачамі больш часу.

Нягледзячы на нявопытнасць, малады акцёр даволі лёгка ўліўся ў калектыў:

— Перыяд адаптацыі прайшоў вельмі хутка. Усё прайшло значна лягчэй, чым чакаў. Бо заўсёды, калі прыходзіш у новы калектыў, ёсць асцярогі: а як мяне прымуць? а ці змагу я з кімсьці пасябраваць? Гэтыя пытанні мучылі мяне зусім нядоўга, бо з боку калег я адчуваў і працягваю адчуваць падтрымку і ўвагу. Я заўсёды магу звярнуцца з якім-небудзь пытаннем да любога з нашай трупы і ведаю, што мне дапамогуць. Толькі ў камандзе, дзе адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, можа нараджацца сапраўднае мастацтва.

Назару Таманскаму яшчэ не давялося сутыкнуцца з крытыкай гледачоў, аднак яго працу строга ацэньваюць блізкія.

— У дадзены момант мае галоўныя крытыкі — сябры, аднакурснікі, майстры, якія прыходзяць на спектаклі. Яны могуць сказаць, што ім спадабалася і што варта дапрацаваць. У любым выпадку ўсё трэба ўмець ўспрымаць правільна. Калі крытыка канструктыўная, то да яе можна і варта прыслухацца і зрабіць пэўныя высновы. А што датычыцца проста нейкіх гучных або эмацыянальных выказванняў, то іх трэба прапускаць міма вушэй. 

Галоўнае — з поўнай самааддачай падыходзіць да таго, чым займаешся. Падабацца ўсім проста немагчыма. Заўсёды знойдуцца тыя, хто скажа: «Ну, нават не ведаю...», але гэта ніяк не павінна адбівацца на працы, а тым больш на эмацыянальным стане.

Як любімы тэатральны жанр Назар вылучае трагікамедыю, бо менавіта на такіх спектаклях гледачы могуць перажыць увесь спектр эмоцый. Але станоўча адгукаецца і пра сучасныя тэндэнцыі ў тэатральным мастацтве, падтрымліваючы эксперыменты з формамі і жанрам.

— Тэатр — жывы арганізм, ён не можа стаяць на месцы. Мне неверагодна цікава назіраць за тым, як класічныя творы ў новай форме атрымліваюць новае дыханне. Гэта абуджае жаданне зноў вярнуцца да ўжо знаёмай гісторыі. Каб тэатр быў жывым, ён павінен выклікаць у гледачоў цікавасць, ісці ў нагу з часам. Але форма не павінна браць верх над зместам. Не хочацца бачыць на сцэне «прыдумку дзеля прыдумкі». Усё павінна мець сэнсавую нагрузку і эстэтычны пачатак. 

Па словах маладога чалавека, нягледзячы на запал і энергію, уласцівыя маладым акцёрам, нельга забываць аб прафесіяналізме:

— Мне хацелася б бачыць больш самааддачы, шчырасці і сумленнага стаўлення да прафесіі. На мой погляд, не ўсе цяперашнія акцёры валодаюць гэтымі якасцямі.

Убачыць ігру Назара Таманскага на сцэне Тэатра юнага гледача можна 23 і 24 мая падчас спектакля па п’есе У. Шэкспіра «Рамэа і Джульета».

Марыя АСМАЛОЎСКАЯ

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.