Вы тут

Хто правіць баль?


Спектакль «Маскарад» па матывах аднайменнага твора Міхаіла Лермантава паказалі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Чым тлумачыцца неабходнасць звароту менавіта да гэтага твора? Як адрозніваецца сцэнарый пастаноўкі ад арыгінальнага тэксту? Навошта гледачу чарговы сцэнічны варыянт знакамітай п’есы? Паразважаем і паспрабуем даць адказы. 


Драму «Маскарад» паставіў Дэвід Разумаў, які ў 2019 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Рэжысёр драматычнага тэатра» (курс заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Сяргея Кавальчыка) і адразу пачаў працаваць у Горкаўскім тэатры. Глядач добра знаёмы з акцёрам Дэвідам Разумавым. Яго можна ўбачыць, напрыклад, у ролі Трухачэўскага ў спектаклі «Крэйцарава саната» (па аднайменным творы Льва Талстога), у вобразе Матроса ў пастаноўцы «Дванаццатая ноч» (па п’есе Уільяма Шэкспіра), сыграў ён і Аляксандра Андрэевіча Чацкага ў спектаклі «Гора ад розуму» (па класіцы Аляксандра Грыбаедава)… Як рэжысёр Дэвід Разумаў выступіў у спектаклях «У віры» (разам з Янінай Новак) і «Фаўст. Пагадненне з д’яблам» (па матывах трагедыі Іагана Вольфганга фон Гётэ). Такім чынам, ён паспеў папрацаваць і з уласным тэкстам, і са складаным класічным матэрыялам. Мяркуючы па прэм’еры, малады рэжысёр усё ж схіляецца да прачытання літаратурных шэдэўраў. 

«Маскарад» Міхаіла Лермантава няхай і не папулярная п’еса, аднак усё ж карыстаецца ўвагай сучасных рэжысёраў. Яркі прыклад — бурлівая і пышная пастаноўка ў Дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Яўгенія Вахтангава. Спектакль яшчэ ў 2010 годзе паставіў знакаміты рэжысёр Рымас Тумінас, які нядаўна пайшоў з жыцця. Яго «Маскарад» — дагэтуль на сцэне вядучага маскоўскага тэатра. 

У звароце розных пастаноўшчыкаў да твора Міхаіла Лермантава можна ўбачыць імкненне распавесці пра заганы асобнага чалавека і ўсяго грамадства: тыя ж маскарады ў традыцыйным разуменні сышлі ў мінулае, аднак іх замянілі карнавалы і балі ў іншым выглядзе; так, людзі не мяняюцца, і яны па-ранейшаму здольны забраць у іншага ўсё, што палічаць патрэбным, разбурыць яго мары і надзеі. Магчымасць праілюстраваць розныя бакі радасці і гора, лютасці і міласэрнасці, пэўна, прывабіла і Дэвіда Разумава, які з дапамогай анахранізмаў асучасніў класічны сюжэт. Няма ў гэтым спектаклі звыклых прыгожых дэкарацый, адпаведных касцюмаў, святочнасці… Такое пазнавальнае сёння ў сваёй манахромнай жорсткасці. 

Галоўную ролю Яўгенія Арбеніна выканаў адзін з найбольш папулярных акцёраў Горкаўскага тэатра Андрэй Сенькін. Яго герой не зусім той сталы чалавек, які вельмі шмат бачыў у жыцці і знайшоў заспакаенне ў абдымках маладой прыгажуні Ніны. Тут Арбенін выглядае ледзь не юнаком, але ўжо стомленым і раздражнёным. Выбар акцёра на ключавую ролю здаецца апраўданым, адпаведным задуме, у аснове якой — аповед пра сучасніка, хваробы і заганы якога толькі маладзеюць. Блізкія па ўзросце і астатнія асноўныя дзеючыя асобы: ролю князя Звездзіча выконвае Кірыл Нікіцін, Ніну Арбеніну — Алена Сцяцэнка, а Ганну Штраль — Віталіна Бідзюк. 

Пераважна стрыманы назіральнік, Дэвід Разумаў у канцы спектакля ўсё ж выказвае сваё стаўленне да таго, што адбываецца на сцэне. Яго фінал здзіўляе магчымасцю шчасця, шансам пазбегнуць, здавалася б, наканаванага… Тут жа прыгадваюцца лёс-рэжысёр, лёс-суддзя — такія моцныя сілы ў многіх творах Міхаіла Лермантава, у «Маскарадзе», дарэчы, таксама (лёс увасабляе асобны персанаж — Невядомы ў выкананні Сяргея Пракопіча). Аднак прадвызначанасць тут пераможана воляю творцы, рэжысёра Дэвіда Разумава, які пэўным чынам змяніў асноўныя сюжэтныя лініі і зрабіў стаўку на жыццёвасць сітуацый і псіхалагізм. 

Надзея гучыць у тым ліку ў вялікім вальсе Арама Хачатурана, напісаным у свой час менавіта для спектакля «Маскарад» тэатра імя Вахтангава. Прамаўляецца ў канцы спектакля і «Малітва» Міхаіла Лермантава: 

«В минуту жизни трудную // Теснится ль в сердце грусть, // Одну молитву чудную // Твержу я наизусть…» Зразумела, з яе дапамогай рэжысёр імкнуўся давесці гледачу, што абавязкова будзе верыцца і плакацца, і на душы стане лёгка. Каштоўнае абяцанне, як лічыце? 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта rustheatre.by  

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.