Вы тут

Гісторыя ў манетах: у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстаўка


У мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстаўка «На вагу золота», арганізаваная Музеем гісторыі горада Мінска сумесна з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і членам праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Віктарам Суворавым.


Манета — сімвал дзяржавы, адлюстраванне гісторыка-культурнай спадчыны і найважнейшых падзей нашай краіны. З цягам часу памятныя грошы мяняліся, аднак захоўвалі сваё класічнае прызначэнне. Нацыянальны банк выпускае манеты з 1996 года ў золаце, срэбры і медна-нікелевым сплаве. На сёння ў абарот выйшла больш чым 500 назваў па чатырох асноўных кірунках: «Беларусь і сусветнае грамадства», «Гісторыя і культура Беларусі», «Спорт», «Ахова навакольнага асяроддзя».

На сучасным этапе манеты можна зрабіць любой формы і памеру. Прадстаўленыя экспанаты адрозніваюцца і тэхналогіяй выканання. Гэта і галаграфія, аксідзіраванне, устаўкі з каштоўных і некаштоўных камянёў, каляровы лічбавы друк.

Тэму гісторыі і культуры нашай краіны раскрываюць памятныя грашовыя знакі, прысвечаныя падзеям вайны 1812 года («Вайна 1812 года. 200 гадоў»), Вялікай Айчыннай вайне (серыя «60-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў»), а таксама знакамітым пісьменнікам, паэтам Беларусі Янку Купалу (да 120-годдзя), Якубу Коласу (да 120-годдзя), Адаму Міцкевічу і Кандрату Крапіве (да 125-годдзя). Таксама тэматыку культурнай спадчыны падтрымліваюць серыі «Помнікі архітэктуры Беларусі», «Беларускі балет», «Магія танца» і іншыя.

Кірунак «Беларусь і сусветнае грамадства» прадстаўлены манетамі «Мінск. Сталіцы краін ЕўрАзЭС», серыя «Сонечная сістэма». Спартыўнае жыццё краіны адлюстроўваюць экзэмпляры «Алімпійскія гульні 2010. Фігурнае катанне», «Летнія віды спорту. Баскетбол», «Чэмпіянат свету па лыжных відах спору 2017» і серыі «Чэмпіянат свету па футболе», «Беларусь алімпійская». Найбольш маштабна прадстаўлены кірунак «Ахова навакольнага асяроддзя». Тут можна ўбачыць серыі, прысвечаныя птушкам («Птушка года»), жывёлам («Фаўна Беларусі», «Коні»), кветкам («Кветкі Беларусі») і іншаму прыроднаму багаццю нашай краіны. У гэтым жа раздзеле — манеты з серый «Заказнікі Беларусі» і «Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі».

Асобнае месца займаюць праекты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Свет вачыма дзяцей», «Святы і абрады беларусаў» і «Сямейныя традыцыі славян».

У аснову серыі «Свет вачыма дзяцей» леглі малюнкі маленькіх мастакоў. Тут можна ўбачыць сюжэты вядомых твораў «Снежная каралева», «Маленькі прынц», «Тысяча і адна ноч», «Сымон-музыка», «12 месяцаў». Серыю дапаўняюць «Казачныя творы А. С. Пушкіна».

«Святы і абрады беларусаў» прадстаўлены экзэмплярамі з медна-нікелевага сплаву. Найцікавейшым экспанатам з’яўляюцца гліняныя макеты будучых манет і эталонныя інструменты, якія знаёмяць наведвальнікаў з гісторыяй стварэння грашовых знакаў. 

Адметнасць экспазіцыі — спалучэнне цвёрдага металу і крохкага фарфору. Калекцыю керамічных і фарфоравых вырабаў падрыхтаваў Віктар Сувораў. Тэматычныя кампазіцыя разнастайных вытворцаў з Беларусі, Германіі, Латвіі, Расіі і Украіны добра дапаўняюць і раскрываюць эстэтыку беларускіх манет. Для кожнага кірунку Віктар Сувораў прадставіў адпаведныя статуэткі, большасць з іх наведвальнікі ўбачаць упершыню. Калекцыянер расказаў, што фарфор знаходзіцца побач з грашыма не проста так. Раней такія вырабы каштавалі вельмі дорага, за што матэрыял атрымаў назву «белае золата».

Статуэткі адпавядаюць абраным тэмам. Так, у раздзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, прадстаўлены рэдкія экспанаты Мінскага фарфоравага завода: бутэлька да 30-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якая служыла падарункам ветэранам, ваза да 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, куфаль да 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Тэма прыроды раскрыта з дапамогай багатай калекцыі фарфоравых вырабаў, якія гарманічна дапаўняюць серыі «Птушкі года», «Коні», «Кветкі Беларусі».

Дзіцячую творчасць дэманструюць рознакаляровыя статуэткі «Клоўн», «Тата з дачкой», «Гаспадыня меднай гары», «Рыбак і рыбка», «Аляксандр Сяргеевіч Пушкін», «Малахітавая шкатулка» і іншыя.

Выстаўка «На вагу золота» — гэта добрая магчымасць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй вырабу памятных манет, якія адлюстроўваюць важныя падзеі эпохі.

Экспазіцыя працуе да 7 ліпеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.