Вы тут

Мы памятаем !


Завяршаецца ўручэнне грашовых выплат ад дзяржавы да Дня Перамогі. Адрасаты — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, былыя вязні фашызму, члены сем'яў загінулых у гады вайны ваеннаслужачых. Усяго 8,2 тысячы чалавек, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Апошнія сведкі. Час няўмольны, людзі сыходзяць. 9 Мая заўсёды было святам са слязамі на вачах. Радасць і смутак злучаюцца ў гэтым дні цяпер яшчэ і таму, што ўжо няма ў большасці з нас родных дзядуляў і бабуль, якія тую Перамогу для нас заваявалі. Тым болей хвалюючыя навіны пра тых, хто яшчэ жыве, хто прымае ў гэтыя дні віншаванні асабіста — яны прыклад для нас, узор адносін да жыцця, любові і стойкасці. Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах расказалі, як гэта адбываецца.


Пакаленню пераможцаў — ад нашчадкаў

Напярэдадні Дня Перамогі на Віцебшчыне пачалі выплачваць матэрыяльную дапамогу ветэранам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны. Марафон падзякі з боку кіраўніцтва раёнаў, устаноў і арганізацый стартаваў 25 красавіка і працягнецца да 4 мая.

Фота «Витьбичи».

У паўночным рэгіёне пражываюць каля 140 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 1766 асоб, якія пацярпелі ад яе наступстваў. Кожнага з іх імкнуцца ахінуць клопатам і ўвагай сацыяльныя службы. Для аказання шэфскай дапамогі за ветэранамі замацаваны ўстановы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі.

У Лёзненскім раёне ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Надзеі Мікалаеўне Ігнатавай матэрыяльную дапамогу, кветкі і прадуктовыя наборы ўручылі прадстаўнікі кіраўніцтва і арганізацый раёна на чале са старшынёй Савета дэпутатаў Сяргеем Шлядневым.

Сям'я Надзеі Мікалаеўны была партызанскай, жылі ў Суражскай зоне, там жа канцэнтраваліся партызанскія атрады. «Спачатку мы, падлеткі, проста дапамагалі лясным мсціўцам прадуктамі, здабывалі разведданыя. А потым я разам са старэйшым братам Пятром сышла ў лес. Ён ваяваў, я прала, гатавала ежу, прыглядала за параненымі, хадзіла ў разведку. А мама з сястрой і двума братамі заставаліся ўвесь гэты час у вёсцы. Туды часта прыязджалі карнікі, вяскоўцы былі вымушаныя хавацца ў лясным гушчары. Падчас аднаго з такіх наездаў загінуў мой 8-гадовы брат Валодзя — ён не паспеў уцячы, яго забілі кінжалам», — з болем успамінае ветэран.

Цела брата выносілі пад кулямі ў шынялі, у ёй жа малога і пахавалі. Шмат разоў жанчыне было наканавана загінуць, яна нават капала для сябе магілу пад дулам нямецкага аўтамата. Але здарыўся цуд, дапамаглі суседзі, выжыла. Была паранена падчас бамбёжкі, выжывала без вады і ежы ў лесе. Свой уклад Надзея Мікалаеўна ўнесла і ў вызваленне Лёзна — на дзявочых руках выносіла з поля бою параненых.

«Цяпер я з жахам назіраю за падзеямі, якія адбываюцца ва Украіне. На жаль, многія не да канца разумеюць, наколькі важна мірнае неба над галавой, якое маем мы, жыхары Беларусі», — з сумам разважае яна.

У Першамайскім раёне Віцебска віншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Пятра Раманавіча Масленнікава. Падарункі і належную выплату яму ўручылі намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Таццяна Лазуркіна, начальнік упраўлення сацыяльнай абароны Яўген Артамонаў, намеснік старшыні Першамайскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Алена Мяшкова.

Па пашпарце 15 жніўня ветэрану будзе 96 гадоў, а на самай справе — 98. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Масленнікаў адняў сабе пару гадоў, каб яго не вывезлі ў Германію. Пётр Раманавіч браў удзел у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў у 1943—1945 гадах у складзе спецыяльных фарміраванняў. У сакавіку 1944 года ў прымусовым парадку быў вывезены немцамі ў Літву, утрымліваўся ў грамадзянскім лагеры. У ліпені 1944 года, калі палонных вызвалілі чырвонаармейцы, вярнуўся дадому ў Віцебск. Пасля вайны паступіў у музычнае вучылішча, быў кіраўніком мастацкай самадзейнасці на фабрыцы «Чырвоны Кастрычнік», працаваў метадыстам па хоры абласнога Дома народнай творчасці. З 1970 да 1989 года з'яўляўся дырэктарам Міжсаюзнага Дома самадзейнай творчасці абласнога савета прафсаюзаў.

99-гадовага Міхаіла Уладзіміравіча Ратомскага з аграгарадка Копці Віцебскага раёна з надыходзячым Днём Перамогі віншавалі старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Дарожкін, дырэктар ТЦСАН Кацярына Лазоўская, прадстаўнікі сацыяльнай службы ў Капцянскай базавай школе. Ветэран, які хутка адзначыць 100-гадовы юбілей, дагэтуль на сваіх нагах і ў ясным розуме. Жахі той далёкай вайны, якую Міхаіл сустрэў 15-гадовым хлопчыкам, за ўсё жыццё так і не сцерліся з памяці.

Пра сябе ён кажа, што нарадзіўся ў сарочцы, бо неаднойчы яго лёс мог абарвацца. У 1943 годзе ён быў у спісе тых, каго немцы чарговай партыяй рыхтаваліся адправіць у Германію, аднак яму і сябру ўдалося змяніць у пасведчанні год нараджэння. Пасля падчас аднаго з карных налётаў фашыстаў Міхаіл, брат якога быў партызанам, разам з сямейнай парай апынуўся на расстрэле. Жыццё сыну вымаліла ў немца маці, Ратомскага забралі ў прыфрантавы лагер. Адтуль у красавіку 44-га ён збег разам з сябрам, падаўся ў партызанскі атрад імя Чапаева Сенненскай партызанскай брыгады Лявонава. У жніўні таго ж года юнака і яшчэ з дзясятак былых партызан Сенненскі ваенкамат прызваў на службу ў войска. Ратомскі трапіў у 82-і гвардзейскі стралковы полк, у складзе якога ўдзельнічаў у штурме Кёнігсберга і вызваленні Усходняй Прусіі. Доўгачаканую Перамогу сустрэў там жа, але дадому на Віцебшчыну вярнуўся толькі ў 1949 годзе — праходзіў службу ў Цверы. У ветэрана шмат узнагарод, але самыя дарагія яму — медалі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені і нагрудны знак «Партызан Беларусі». Дагэтуль Міхаіл Уладзіміравіч з'яўляецца ў мясцовай школе самым доўгачаканым і пачэсным госцем і не перастае перадаваць маладому пакаленню простую ісціну: пакуль мы помнім, якой цаной заваяваны мір, вайна не паўторыцца.

Да ведама. Інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, асобам, якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах, матэрыяльная дапамога будзе аказана ў памеры 4 тысяч рублёў. Асобам, узнагароджаным ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і асобам, якія працавалі на аб'ектах супрацьпаветранай абароны, мясцовай супрацьпаветранай абароны, на ўзвядзенні абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у тылавых межах дзейных франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог, — у памеры 2 тысяч рублёў. Такую ж суму атрымаюць і асобы, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 года да 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаныя медалём «За абарону Ленінграда», а таксама асобы, узнагароджаныя знакам «Жыхару блакаднага Ленінграда». Былыя вязні фашызму, удовы і дзеці — інваліды з дзяцінства загінулых, зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў атрымаюць дапамогу ў суме адной тысячы рублёў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА 


У памяць аб баях на Проні

2 мая ў Чавускім раёне адкрыўся маштабны комплекс, прысвечаны вызваліцелям, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Месца сімвалічнае — левы бераг ракі Проні каля вёскі Дрануха, дзе ў 1943-м на дзевяць месяцаў прыпыніўся фронт і ішлі жорсткія баі за кожны кавалачак зямлі. Ініцыятыва стварэння комплексу належыць ветэранам і жыхарам Чавускага раёна, а таксама Магілёўскаму абласному гісторыка-патрыятычнаму пошукаваму клубу «Віккру», які не першы год праводзіць тут свае вахты памяці і, калі пашчасціць, вяртае з небыцця новыя імёны герояў. У 2022 годзе ініцыятыва была падтрымана Магілёўскім аблвыканкамам і будаўніцтва пачалося.

Фота БелТА

Комплекс уражвае маштабамі. Тут пакладзена плітка, высаджаны дрэвы, устаноўлена падсветка. Сюды перанесены помнік байцам і камандзірам пастаяннага і пераменнага складу штрафных падраздзяленняў Чырвонай Арміі, які быў устаноўлены ў 2017 годзе непадалёк. На ўваходзе на тэрыторыю комплексу стэла ў выглядзе разгорнутай кнігі, на старонках якой схема лініі фронту і апісанні падзей — назвы армій, карпусоў, брыгад, якія былі задзейнічаны ў вызваленні раёна на працягу ўсіх дзевяці месяцаў. Цэнтральнае месца ў мемарыяльнай кампазіцыі займае постаць салдата, які злавіў грудзямі смяротную кулю і падае. Надпіс на пастаменце сведчыць «Проня 1943–1944. Воінам Чырвонай Арміі. Памяць аб вашым гераізме назаўжды застанецца ў сэрцах удзячных нашчадкаў».

— Пачынаючы з 2 кастрычніка 1943 года да красавіка 1944-га Заходні фронт у Аршанскім, Дубровенскім, Горацкім, Чавускім, Слаўгарадскім раёнах страціў 330 тысяч салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак. Гэта вельмі вялікая лічба нават для фронту, — сведчыць кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.

Старшыня Чавускага райсавета дэпутатаў Анатоль Мацюлін вельмі трапятліва адносіцца да тэмы захавання памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, асабіста займаўся арганізацыяй работ па будаўніцтве і добраўпарадкаванні комплексу. Як ён кажа, гэты комплекс — справа гонару нашчадкаў Пераможцаў, бо чавуская зямля, лічы, — суцэльны мемарыял. На тэрыторыі раёна 99 брацкіх пахаванняў і памятных знакаў. Комплекс стаў сапраўды народнай будоўляй. Для збору ахвяраванняў Чавускі райвыканкам адкрыў дабрачынны рахунак. Работы на мемарыяле выконваліся сіламі чавускіх арганізацый і прадпрыемстваў, у іх прымалі ўдзел мясцовыя жыхары. Падчас нядаўняга суботніка была добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, і комплекс набыў амаль закончаны выгляд. Але яго развіццё будзе 
працягвацца.

— Пабудуем яшчэ каплічку, Міністэрства абароны абяцае выдзеліць тэхніку для афармлення комплексу, — удакладняе старшыня Чавускай раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Вінкевіч. — Мы будавалі мемарыял два гады, збіралі са свету па нітцы. Цэментныя заводы вобласці дапамаглі з цэментам, прадпрыемствы Магілёва наладзілі асвятленне і перадалі будаўнічыя матэрыялы, аблвыканкам выдзеліў 300 тысяч рублёў — кожны рабіў што мог. Бо сродкаў спатрэбілася шмат. У 300 тысяч нам абышлося толькі стварэнне скульптуры салдата. Яна вельмі добра бачная з трасы Магілёў — Чэрыкаў, бо комплекс знаходзіцца блізка ад яе. Яшчэ калі ішло будаўніцтва, машыны прыпыняліся, людзі падыходзілі, каб пакласці кветкі. Фуры едуць і сігналяць...

У адкрыцці помніка прымаюць удзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэлегацыі з аблвыканкама і ўсходніх раёнаў вобласці пачынаючы ад Хоцімска. Жыхары гэтых раёнаў папаўнялі ў 1943-м рады арміі па меры вызвалення рэгіёна ад акупантаў. І шмат хто назаўсёды застаўся на гэтым рубяжы.

Дарэчы, збор сродкаў для поўнай рэалізацыі гэтага праекта працягваецца. Разліковы рахунак размешчаны на сайце Чавускага райвыканкама.

Нэлі ЗІГУЛЯ


«Галоўнае — жыць  пад мірным небам...»

Адзін з адрасоў, па якім завіталі прадстаўнікі Магілёўскага гарвыканкама, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна абласнога цэнтра, прафсаюза, моладзь, належыць блакадніцы Лізавеце Хомчанка.

Пятага мая Лізавета Пятроўна адзначыць сваё 93-годдзе. Калі пачалася вайна, ёй было 10 гадоў. Разам з бацькамі, дзядулем і трохгадовым братам яна жыла ў камуналцы непадалёк ад Неўскага праспекта горада Ленінграда. Помніць увесь жах ад бамбёжак, паветранай трывогі. З пачаткам вайны бацька працаваў на заводзе суткамі, рэдка прыходзіў дамоў, аднойчы не вярнуўся — загінуў пры бамбёжцы. Хутка не стала і маці, якая выйшла ў горад у пошуках хоць нейкай ежы і таксама загінула. Потым памёр ад недаядання дзед. Клопат пра маленькага брата цалкам лёг на 10-гадоваю Лізу. Варыла студзень з клею, елі макуху. Аднойчы іх з братам забралі дарослыя, якія шукалі па кватэрах дзяцей, што засталіся без бацькоў, і вывозілі з блакаднага горада. Лізавета Хомчанка паведаміла, як у дзіцячым доме дзеці чакалі Перамогу і радаваліся, калі яна прыйшла.

— Якое гэта вялікае шчасце — жыць пад мірным небам, — кажа яна. — Гэта самае галоўнае ў жыцці.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Магілёва Алена Аргудзяева адзначыла, што ветэраны Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе на асаблівым уліку. За год іх колькасць у раёне паменшылася ўдвая. Служба робіць усё магчымае, каб гэтыя людзі не адчувалі недахоп увагі. Ім аказваецца ўсялякая дапамога па гаспадарцы.

Як паведамілі ў Магілёўскім гарвыканкаме, штогод, у адпаведнасці з рашэннем Прэзідэнта, да Дня Перамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобным катэгорыям грамадзян выплачваецца матэрыяльная дапамога. 

У перыяд з 25 красавіка і да 4 мая ў Магілёве яе атрымаюць 35 ветэранаў і 380 грамадзян асобных катэгорый. Разам з грашовай дапамогай ветэраны атрымліваюць падарункі ад спонсараў. Віншаванні праходзяць з удзелам навучэнцаў, работнікаў пошты і сацыяльнай службы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.