Вы тут

Перадвелікоднае чытанне. Пра словы, якія даюць адчуванне вялікага свята


Перад Вялікаднем заўсёды хочацца чытаць, дакладней, перачытваць штосьці адпаведнае. Я кожны раз дастаю з паліцы тры кнігі, якія гэтымі днямі трэба абавязкова разгарнуць і нейкія ўрыўкі з іх пачытаць. Яны са мной з юнацтва, пераязджалі ва ўсе інтэрнаты і кватэры, чытаныя-перачытаныя неаднойчы. Але кожны год увесну згадваеш менавіта пэўны эпізод з кожнай з іх і спяшаешся перачытаць, нібы хочаш пераканацца, што ў гэтым шалёным свеце ёсць рэчы, якія не мяняюцца ні пры якім раскладзе.


Фота pexels.com

Спачатку я дастаю з паліцы Біблію. Асобнік у мяне адмысловы — выдадзены ў 1988 годзе ў Стакгольме да 1000-годдзя хрышчэння Русі. Кніга сама па сабе надзвычай прыгожая — з залатымі літарамі на вокладцы, з багатымі ілюстрацыямі — сучаснымі фота мясцін, дзе адбываліся апісаныя ў Кнізе кніг падзеі. Яе мне падарыла калісьці баптыстка цётка Валя. У нашай вёсцы жыў яе бацька, і яна, прыязджаючы да яго, вельмі актыўна спрабавала мяне ў сваю веру павярнуць. Абяцала ўсе даброты і выгоды, нават добрага непітушчага мужа ў будучыні. Прыносіла брашуркі і кніжкі. Яны так і згубіліся дзесьці нечытанымі, а вось кананічная Біблія засталася. Яе ў пятнаццаць гадоў толькі пагартала, паглядзела фота, а праз год, якраз перад Вялікаднем, змагла ўжо пачытаць Новы Запавет. Уражаная была вельмі, нават маме і бабулі зачытвала ўслых асобныя месцы... Усю кнігу адолела гадоў праз дзесяць. Да некаторых месцаў там трэба проста дарасці, каб зразумець.

Сёлета перачытаць захацелася Нагорную пропаведзь. Асабліва той урывак, дзе «Не судзіце, каб вам не быць судзімымі». Кожны раз наноў здзіўляюся таму, што ўсе гэтыя агульнавядомыя рэчы, якія часта, дарэчы, і не вельмі любім паўтараць, аказваецца, гучалі з вуснаў Хрыста і напісаныя вось у гэтай кнізе ў сінім з залатым вокладцы. І пра меру, якой мераем, такой і нам будзе адмерана, і пра парушынку ў чужым воку і бервяно ў сваім, і пра святыні, якія не варта аддаваць сабакам, і пра жэмчуг, які не варта сыпаць перад свіннямі. І вось гэта: «Шукайце, і вы знойдзеце; стукайцеся, і вам адчыняць...».

Яшчэ адна мая абавязковая перадвелікодная кніга — «Майстар і Маргарыта». У адзінаццатым класе яна ў нас была ўключана ў спіс пазакласнага чытання (былі часы позняй перабудовы). Вы можаце не верыць, але тады, у сямнаццаць гадоў, мяне захапіла не гісторыя кахання, а паралельная, нібы з іншага вымярэння, гісторыя Іешуа Га-Ноцры і Понція Пілата. На выпускным экзамене па рускай літаратуры творчасць Булгакава была ўпісана ў білет, і гэта пытанне дасталася мне. І я пачала праводзіць паралелі паміж Новым Запаветам і гісторыяй, апісанай у рамане. Чым, памятаю, увяла ў ступар цётку з рана, якая прысутнічала на экзамене. Пяцёрку я атрымала тады толькі дзякуючы маім настаўнікам — выкладчыцы і дырэктару школы, якія занялі прынцыповую пазіцыю і адмовіліся зніжаць мне адзнаку за «выказванні, не вартыя камсамолкі» (цытата з той цёткі). Пасля, казалі, яна яшчэ ў раёне прапаноўвала аб’явіць спагнанне выкладчыцы і кіраўніцтву. Але на дварэ быў ужо 1991 год, таму свой залаты медаль я атрымала-такі. А імя той цёткі, дарэчы, і не запомніла, так і засталася ў памяці як «цётка з рана».

Звычайна я перад Вялікаднем перачытваю ўрывак пра тое, што самая страшная загана чалавека — гэта баязлівасць. А вось сёлета чамусьці захацелася пераканацца, што не прыдуманае, а ўжо напісанае і надзейна захоўваецца ў кнізе вось гэта:

«— Чым ты хочаш, каб я пакляўся? — спытаў, вельмі ажывіўшыся, развязаны.

— Ну, хоць бы жыццём тваім, — адказаў пракуратар, — ім клясціся самы час, бо яно вісіць на валаску, ведай гэта!

— Ці не думаеш ты, што ты яго падвесіў, ігемон? — спытаў арыштант. — Калі гэта так, ты вельмі памыляешся.

Пілат уздрыгнуў і адказаў праз зубы:

— Я магу перарэзаць гэты валасок.

— І ў гэтым ты памыляешся, — светла ўсміхаючыся і засланяючыся рукой ад сонца, запярэчыў арыштант, — пагадзіся, што перарэзаць

валасок ужо напэўна можа толькі той, хто падвесіў?...»

Трэцяя кніга, якую абавязкова дастаю з паліцы ў гэтыя дні, — другі том з васьтомніка Караткевіча. Памятаеце, такі белы ў шэрыя кропачкі з чорным лаканічным надпісам, выдадзены яшчэ за савецкім часам. Гэта том, у якім змешчаны апавяданні. І вось у адно з іх — «Блакіт і золата дня» я калісьці проста закахалася, калі, канешне, можна закахацца не ў літаратурнага героя, а менавіта ў сам твор. Закахалася настолькі, што не вярнула гэты том у школьную бібліятэку, «згубіўшы» яго і замяніўшы нейкай іншай кніжкай. Пасля ўжо ў Мінску пашчасціла купіць у «Букінісце» ўсё тое выданне, таму ў мяне дагэтуль другі том у двайным экзэмпляры... А што да апавядання — вядома ж, захапіла гісторыя рамантычных узаемаадносін маладых людзей. Але ж у якіх шыкоўных дэкарацыях яны развіваліся! Менавіта дзякуючы гэтаму апавяданню прыйшло разуменне, што Вялікдзень — вялікае свята. Не толькі ў тваёй хаце, не толькі ў тваёй вёсцы — для многіх мільёнаў людзей, у тым ліку і тут, у Беларусі. Быў канец 80-х гадоў, яшчэ ў школе праводзілі «разбор палётаў» за святкаванне Вялікадня і асабліва Тройцы, яшчэ стаялі зачыненыя храмы. А разуменне і веданне ўжо было. Дзякуючы вось гэтаму: «Чаўны плылі і плылі ў блакітным і залатым. Гэта лазурнае толькі часам перарывалася празрыстай сцяной затопленага лесу, — і зноў загаралася іскрамі. Сплюшчылі павекі, глыбокая цеплыня перапаўняла цела. Блакітнае і залатое, залатое і блакітнае.

Без канца. Без краю. Без мяжы...

...Якраз у гэтую хвіліну на ваду, масліста-чорную і густую, на дрэвы, на іхні згублены човен упаў першы ўдар звана...

...А на маленькім астраўку ўздымалася да неба нешта як шацёр, белае, азоранае агнямі. Менавіта адтуль даляталі ўдары звана, а потым — спевы...»

Камусьці можа паказацца нават блюзнерствам, але менавіта вось такое спалучэнне, такое вось перадвелікоднае чытанне нараджае ў мяне адчуванне велічы, прыгажосці і незвычайнасці гэтага свята. Разумею, што гэта вельмі асабістае, але, магчыма, камусьці, хто перад Вялікаднем шукае сэнсы і спрабуе знайсці разуменне, яно і дапаможа. Прынамсі падказкай, што варта зазірнуць на кніжную паліцу.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.