Вы тут

Чым небяспечная пагоня за ідэалам?


Пераканана: такіх людзей у сваім жыцці сустракаў кожны. Першыя вучні, выдатнікі, чырвонадыпломнікі, узорныя супрацоўнікі, гатовыя працаваць дзень і ноч. Цяпер іх часта называюць перфекцыяністамі. Што іх фарміруе? У чым іх уразлівасць? Чым адрозніваецца мужчынскі і жаночы перфекцыянізм? Маладыя або сталыя людзі часцей схільныя да яго?

Гутарым пра гэта са старшым выкладчыкам кафедры псіхалогіі адукацыі і развіцця асобы Інстытута псіхалогіі БДПУ імя М. Танка, практыкуючым псіхолагам Валянцінай Саладуха.


Фота з адкрытых крыніц

Партрэт з’явы

— Сёння нярэдка можна пачуць прызнанне: «Я перфекцыяніст». Па-Вашаму, Валянціна Валянцінаўна, такая характарыстыка — нагода для гонару?

— Не, я б з гэтым не пагадзілася. Перфекцыянізм — асобасная адметнасць, якая праяўляецца ў імкненні да ідэалу, у перакананні, што ва ўсіх сферах жыцця трэба абавязкова дасягаць найвышэйшага выніку, не лічачыся ні з часам, ні са здароўем, ні з навакольнымі, ні з аб’ектыўнымі складанасцямі непрадказальнага жыцця. Што добрага? Няўжо можна ўвесь час ва ўсім дамагацца выбітных поспехаў, быць узорнапаказальным ва ўсіх сацыяльных ролях?

— Аднак імкненне да самаўдасканалення, да найлепшага выніку ў працы — залог развіцця асобы, абавязковая ўмова прагрэсу…

— Самаўдасканаленне, безумоўна, вельмі пахвальнае і карыснае. Аднак вірус перфекцыянізму падрывае гарманічнае развіццё асобы. Арыентуючыся на ідэал (а ён вельмі ўмоўны, суб’ектыўны і рэдка дасягальны), чалавек увесь час застаецца незадаволены сабой, гэты негатыў назапашваецца, страчваецца прадукцыйнасць працы, знікае радасць жыцця. Кожны з нас мае работу, службовыя абавязкі, якія трэба выконваць. Але перфекцыяністы робяць усё «па максімуме», спрабуюць закрыць усе праблемныя месцы, не ведаюць літасці да сябе і іншых. Аб задавальненні, аб творчым азарэнні ў іх выпадку гаворка не ідзе.

— Якія сімптомы перфекцыянізму? Па якіх праявах можна распазнаць такіх людзей?

Перфекцыяністы — людзі з нізкай самаацэнкай. Яны не могуць аб’ектыўна суаднесці свае фізічныя, інтэлектуальныя магчымасці і той вынік, які трэба атрымаць. Каб вырасці ў сваіх вачах, прыкладаюць усё большыя і большыя намаганні. Часта адцягваюць выкананне задач (пракрасцініруюць), раз-пораз пераправяраюць сваю працу, увесь час знаходзячы ў ёй хібнасці. Іх увесь час адольваюць думкі: «Я нешта раблю няправільна, няякасна. Трэба яшчэ дашліфаваць». Гэта якраз той выпадак, калі «найлепшае — вораг добрага», але ім бескарысна гэта тлумачыць. Яны неверагодна баяцца памылак і крытыкі на свой адрас. Нават пазітыўная крытыка, канструктыўныя заўвагі ўспрымаюцца ў штыкі, расцэньваюцца як няўдача. Перфекцыяністы не схільныя да супрацоўніцтва з іншымі. Нават удзельнічаючы ў агульным праекце, яны ўсё роўна бачаць у калегах канкурэнтаў, імкнуцца вырвацца наперад і даказаць: я — круцейшы.

— Вы сказалі, што перфекцыянізм — асобасная адметнасць. То-бок, гэта варыянт псіхічнай нормы?

— Так. Але ён можа прывесці да псіхічнага расстройства, паколькі суправаджаецца зніжэннем самаацэнкі, трывожнасцю, страхам, дэпрэсіямі, спрыяе эмацыянальнаму выгарання, нервоваму, часам і фізічнаму знясіленню. Калі чалавек увесь час апантаны ўзяццем чарговай вышыні, не пераключаецца, не адпачывае, не расслабляецца, то вельмі верагодна развіццё паталогіі.

Карані перфекцыянізму

— Сёння карані ўсіх асобасных праблем прынята шукаць у дзяцінстве. З перфекцыянізмам — тая ж гісторыя?

— Уплыў бацькоў, іх выхавання на кожнага з нас бясспрэчны. Хоць сваю ролю адыгрываюць і асабістая схільнасць, і тое асяроддзе, у якім мы фарміруемся, апроч сям’і.

— У якіх бацькоў, як правіла, вырастаюць перфекцыяністы?

— Ёсць катэгорыя дарослых, якія не дабіліся ў жыцці таго, чаго жадалі, не рэалізавалі нейкія свае мэты. Яны хочуць, каб іх мары ўвасобілі дочкі і сыны, і ў выхаванні нашчадкаў арыентуюцца на свае ідэалы. Такія мамы і таты часта ўнушаюць дзіцяці: «Ты не можаш нас падвесці», «Ты — наша надзея, наша будучыня». Але імкнучыся да навязаных ідэалаў, дзеці не заўсёды дасягаюць высокіх вынікаў. З-за гэтага самаацэнка падае, яны імкнуцца выправіцца, лічачы, што абавязаны апраўдаць бацькоўскія чаканні.

Перфекцыянізм характэрны і для тых, хто вырас ва ўмовах гіперапекі. У такіх сем’ях любы поспех спадчынніка не пакідаюць без увагі: «О, які ты малайчына! Як ты нас парадаваў!». Імкнучыся заслужыць чарговую «хвалу», дзеці стараюцца вызначыцца зноў і зноў, паступова гэта ўваходзіць у звычку. «Мы ў цябе верым», «У цябе ўсё атрымаецца», «Ты малайчына» — усё гэта нядрэнныя фразы для маральнай падтрымкі дзіцяці, яго стымулявання. Але ўсё ж іх трэба выкарыстоўваць акуратна, без фанатызму. Бо «атрымліваецца» не ўсё і не заўсёды. І тады адольваюць сумненні, пачынаецца «самаедства», пакуты. Дзецям трэба тлумачыць, што ў жыцці ёсць месца і паражэнням, няўдачам, памылкам, падзенням. І гэта таксама карысны досвед, ён шмат чаму вучыць.

— З сям’ёй зразумела. А як асяроддзе фарміруе выдатнікаў і першых вучняў?

— Прывяду прыклад навязвання эстэтычных стандартаў, уплыву рэкламы на прадстаўніц цудоўнага полу. Жанчына звяртаецца да пластычнага хірурга, каб падправіць сабе свой «недасканалы» нос. Потым бачыць, што ў яе недастаткова пульхныя вусны, — вырашае падкарэктаваць іх. Праз некаторы час выяўляе яшчэ якую-небудзь неадпаведнасць ідэалу прыгажосці. І ўжо не можа спыніцца на гэтым шляху.

Уплыў калектыву таксама не выклікае сумненняў. Вось хтосьці адзін пахваліў: «Трэба ж — у цябе так класна ўсё атрымліваецца!» І гатова — чалавек заглынуў прынаду: ён будзе яшчэ больш старанна ставіцца да сваіх службовых абавязкаў, каб усе бачылі ў ім выдатную асобу. Тое ж назіраю сярод студэнтаў: вось аднойчы заахвоцілі дзяўчыну, і яна ўжо з усіх сіл імкнецца даказаць — у ёй не памыліліся! Здавалася б, што тут страшнага? Гэта ж маладосць з яе славалюбствам, імкненнем быць «найлепшым, наймацнейшым, найразумнейшым». Але на шляху да ідэалу расходуецца інтэлектуальны і эмацыянальны патэнцыял. А потым узнікае спусташэнне: у імя чаго я так выкладваўся?

— Мне здаецца, пажыўную глебу для перфекцыянізму часта ствараюць кіраўнікі, якія выбіраюць самых адказных, добрасумленных супрацоўнікаў і ўвесь час унушаюць ім: «Калі ты адмовішся, то мне няма на каго разлічваць», «З гэтым толькі ты і можаш справіцца» і так далей.

— Гэта звычайная няхітрая маніпуляцыя. Кіраўнікі цудоўна разумеюць, ад каго ў калектыве чаго можна патрабаваць, хто і ў выхадны, і ў святочны дзень выйдзе на працу, а хто пад любой прычынай адмовіцца ад звышурочных. Ёсць людзі, гатовыя працаваць дзень і ноч напралёт, а ёсць тыя, хто шануе асабісты час, хто пакідае сілы на сямейныя справы, для блізкіх і родных людзей. Дасведчаныя начальнікі заўсёды ведаюць, на якія «кнопкі» трэба націснуць, каб атрымаць ад супрацоўніка вынік.

— Як павінны рэагаваць члены сям’і, калегі, сябры і знаёмыя, калі бачаць, што чалавек залішне «загуляўся» ў супергероя і звышчалавека і разумеюць: трэба яго спыніць?

— Спыніць такіх людзей бывае складана. Можна, вядома, сказаць: «Ведаеш, сябар, давай без фанатызму. Расслабся, прытармазі». Звычайны чалавек, як правіла, прыслухаецца да такой парады, а вось перфекцыяніст абавязкова праігнаруе. Ён «завостраны» на ўзяцце вышыні, яму цяжка прытармазіць.

— Па Вашых назіраннях, перфекцыяністаў больш сярод людзей старэйшага пакалення ці моладзі?

— Дакладна больш сярод людзей, якія сфарміраваліся ў савецкі час. Маладое пакаленне больш гібкае, яно больш клапоціцца аб сабе, адстойвае права на адпачынак, асабістыя інтарэсы. І на мой погляд, гэта больш здаровае стаўленне.

— Мужчыны-перфекцыяністы адрозніваюцца ад жанчын?

— Так. Мужчынскі перфекцыянізм праяўляецца часта ў прафесійнай, сацыяльнай сферах, а жаночы — у пытаннях знешнасці, фізічнай дасканаласці, добраўпарадкавання жылля, выхавання дзяцей, іх поспехаў. Але незалежна ад полу ўсе перфекцыяністы вельмі патрабавальныя не толькі да сябе, але і да навакольных, блізкіх і родных. Ім хочацца, каб іх партнёр адпавядаў высокім крытэрыям, пастаянна «пілуюць» і «здымаюць з яго стружку». Строіць адносіны з такімі людзьмі дастаткова складана. Па гэтай прычыне яны часта адзінокія.

Як пазбавіцца ад перфекцыянізму?

Пры неабходнасці можна звярнуцца па дапамогу да спецыяліста. Але калі чалавек самастойна гатовы працаваць над сваёй праблемай, то трэба паспрабаваць:

1. Ставіць рэальныя мэты, правільна расстаўляць прыярытэты, выконваць справы ў залежнасці ад ступені іх важнасці. Чалавек са здаровым імкненнем да ўдасканалення адэкватна ацэньвае свае магчымасці, энергарэсурсы і ніколі не возьмецца за тое, што яму не пад сілу.

2. Навучыцца расслабляцца. У большасці з нас ёсць любімыя хобі, месцы сілы і людзі, у якіх чэрпаеш энергію. Вельмі карысна «выскокваць» з кола звыклай руціны і атрымліваць асалоду ад жыцця. Калі выхадныя правесці так, як хочацца, то ў панядзелак можна выявіць такі прыток сіл, быццам пабывалі ў адпачынку.

3. Перастаць параўноўваць сябе з іншымі. Трэба прыняць сябе са сваімі добрымі якасцямі, недахопамі, асаблівасцямі. Перфекцыяністы часта напружваюцца, калі на службе або ў жыцці побач з імі з’яўляецца чалавек, які здаецца больш таленавітым, разумным, прафесійным. У іх адразу ўключаецца рэжым канкурэнцыі. Але ж мы не на спаборніцтвах. Больш важна раскрыць сябе, а не дабегчы першым да фінішу.

4. Казаць сабе: «Я — малайчына», «Я добра справіўся (-лася)». Хваліць, заахвочваць сябе за поспехі, дараваць сабе памылкі.

5. Атрымліваць асалоду ад самых звычайных спраў, знаходзіць ва ўсім прыемнае, цікавае, карыснае, культываваць гэта.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».