Вы тут

Члены Савета Рэспублікі правялі адзіны дзень прыёму на Гомельшчыне


Правядзенне адзіных дзён прыёму стала ўжо добрай традыцыяй верхняй палаты беларускага парламента. Узяўшы сваім дэвізам выраз: «Няма пытанняў не нашых — усё, што хвалюе людзей, — гэта адказнасць парламентарыяў», сенатары ставяць канкрэтныя задачы па вырашэнні праблем, з якімі да іх звяртаюцца людзі, абмеркаванні самых вострых, самых запатрабаваных у грамадстве тэм, падтрымцы рэгіёна і імкнуцца да таго, каб дзейнасць была максімальна рэзультатыўнай, адкрытай і зразумелай насельніцтву. Асабліва прадукцыйна зарэкамендавалі сябе адзіныя дні асабістых прыёмаў членамі Савета Рэспублікі, калі прыём праводзіцца ва ўсіх адміністрацыйных цэнтрах адной вобласці.


Фота БелТА
 

Прыём на Гомельшчыне быў першым у рабоце новага склікання верхняй палаты парламента.

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка працаваў у Светлагорску, Міхаіл Русы — у Жыткавічах, Уладзіслаў Татарыновіч — у Буда-Кашалёве, Ігар Луцкі — у Рагачове, Леанід Заяц — у Рэчыцы. Сяргей Сівец прымаў людзей у Петрыкаве, Аляксандр Багель — у Акцябрскім, Аляксандр Новікаў — Гомелі. Некаторыя сенатары за дзень прынялі людзей у двух райцэнтрах: Юрый Васільцоў — у Чачэрску і Карме, Кацярына Зенкевіч — у Нароўлі і Хойніках, Андрэй Крываносаў — у Ельску і Лельчыцах, Ксенія Панцюхова — у Калінкавічах і Мазыры, Людміла Сапега — у Добрушы і Ветцы, Ала Смаляк — у Лоеве і Брагіне.

Асаблівыя спадзяванні ў вырашэнні сваіх пытанняў людзі ўскладаюць на прыёмы, якія праводзіць Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Гэтым разам кіраўнік верхняй палаты парламента працавала ў Жлобіне. На прыём прыехалі грамадзяне нават з іншых абласцей, у прыватнасці з Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай. Прыём, як гэта бывае звычайна, доўжыўся практычна цэлы дзень.

Як заўважыла сама Наталля Качанава, усе пытанні, з якімі прыходзяць людзі, ідуць ад жыцця. У большай ступені іх хвалюе, напрыклад, дарожная тэма, якая датычыцца і гарадоў, і вёсак. «Нездарма Прэзідэнтам пастаўлена задача асаблівую ўвагу ўдзяліць мясцовым дарогам», — акцэнтавала спікер. Гэтую тэму Наталля Качанава вызначыла і на ўзроўні старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко.

«Галоўная задача — каб пытанні людзей былі правамерна вырашаны. Кожнае з іх мы бяром на кантроль і не пакінем без увагі», — падкрэсліла спікер.

Паводле ацэнкі Старшыні Савета Рэспублікі, у мясцовых органаў улады будзе шмат работы ў вырашэнні ўзнятых падчас прыёму пытанняў, аднак ёсць тыя, якія датычацца і нарматыўна-прававой базы. У прыватнасці, размова аб магчымасці рэалізацыі прадукцыі, якую людзі вырошчваюць на сваіх прысядзібных участках. Жыхарка Жлобіна канкрэтызавала хвалюючыя моманты.

«Тут трэба ўважліва паглядзець. Па гэтым пытанні мы разбяромся і абмяркуем яго і з Камітэтам дзяржаўнага кантролю, і з урадам. Падумаем, як спрасціць асобныя моманты, каб людзі маглі спакойна рэалізоўваць такую прадукцыю», — падкрэсліла спікер.

Асобна адзначыла Наталля Качанава прапановы гамяльчан, якія датычацца захавання гістарычнай памяці. «Да нас прыехалі з Гомеля з добрымі прапановамі і ідэямі. Гэта сведчыць аб тым, што нашы людзі памятаюць пра гераічнае мінулае краіны і зацікаўлены, каб гэта гісторыя захоўвалася і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Асабліва сімвалічна гэта напярэдадні такіх вялікіх свят, як Дзень Перамогі і 80-годдзе вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі, адзначыўшы, што і дзяржава праводзіць маштабную работу ў гэтым плане.


Як растлумачылі ў Савеце Рэспублікі, акрамя ўрэгулявання праблем грамадзян, пасля кожнага такога прыёму праводзіцца аналіз сітуацыі на месцах. Абмеркаванне гэтых вынікаў будзе вынесена на пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі з удзелам дэпутацкага корпуса, кіраўніцтва рэгіёна. «Шырокамаштабная работа, якая праводзіцца са зваротамі, што паступаюць да нас у Савет Рэспублікі, дае магчымасць дакладна і своечасова вызначаць найбольш актуальныя для рэгіёнаў праблемы, бачыць агульныя тэндэнцыі развіцця і ў выніку выпрацоўваць узважаныя і абгрунтаваныя падыходы, накіраваныя на вырашэнне пытанняў для асобных населеных пунктаў, раёнаў, абласцей і краіны ў цэлым. Пры гэтым многія звароты непасрэдна становяцца прадметам абмеркавання пры падрыхтоўцы праектаў законаў і іншых нарматыўных прававых актаў», — адзначылі ў Савеце Рэспублікі.

Падрабязна аб тым, з чым прыходзілі людзі на прыём да Наталлі Качанавай, — у найбліжэйшым нумары «Мясцовага самакіравання».

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.