Вы тут

Кляшчы ўжо прачнуліся


Пра тое, чым небяспечная сустрэча з гэтым насякомым і як пазбегнуць яго ўкусу, расказала ўрач-эпідэміёлаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Ліцкевіч.


Фота з адкрытых крыніц

Па словах спецыяліста, у апошнія гады ў сувязі з кліматычнымі зменамі працягласць перыяду актыўнасці кляшчоў павялічылася. Пасля сыходжання снежнага покрыва і ўстанаўлення сярэднясутачнай тэмпературы паветра +5°С зарэгістраваны выпадкі нападу гэтых насякомых на чалавека.

Чым небяспечныя?

Кляшчы на тэрыторыі Беларусі здольныя пераносіць узбуджальнікаў дзевяці інфекцыйных захворванняў, з якіх самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца Лайм-барэліёз і кляшчовы вірусны энцэфаліт.

Вірус кляшчовага энцэфаліту пашкоджвае пераважна цэнтральную нервовую сістэму. Сімптомы захворвання з’яўляюцца праз два-тры тыдні пасля прысмоктвання кляшча, часам праз 30 і больш дзён. Тэмпература рэзка павышаецца да 38-40 °C, з’яўляюцца галаўны боль, боль у цягліцах шыі, спіны, паясніцы і ў суставах, праблемы з каардынацыяй. Заразіцца кляшчовым энцэфалітам можна і пры ўжыванні некіпячонага казінага малака з прыватнага падворка. У гэтым выпадку хвароба можа праявiцца ўжо праз некалькi дзён.

Першыя сімптомы Лайм-барэліёзу з’яўляюцца праз 2-30 дзён пасля ўкусу кляшча. На скуры ў месцы прысмоктвання насякомага ўтвараецца чырванаватая пляма з бледным цэнтрам, якая на працягу некалькіх дзён працягвае павялічвацца. З’яўляюцца агульнае недамаганне, галаўны боль, боль у цягліцах, суставах, павышаецца тэмпература. Калі своечасова не пачаць лячэнне, хвароба можа перайсці ў хранічную форму.

— На тэрыторыі Мінскай вобласці адзначаецца павелічэнне колькасці іксодавых кляшчоў як у прыродных біятопах, так і на антрапагенных тэрыторыях, расце захворванне на кляшчовы энцэфаліт і Лайм-барэліёз, — адзначыла ўрач-эпідэміёлаг.

Як пазбегнуць укусу?

Па словах Вольгі Ліцкевіч, з небяспечнымі насякомымі можна сустрэцца ў лесе, парку, скверы, у двары дома, на дачы, у агародах, у месцах выгулу сабак, на могілках, у прыгарадных зонах і нават у цэнтры горада, дзе ёсць хмызнякова-травяністая расліннасць. Любімыя месцы рассялення гэтых казурак — лясныя дарожкі і сцежкі, якія параслі па абочынах травой, галінкі хмызнякоў на вышыні да 1 метра, густы падлесак. Нежаданы «госць» можа апынуцца на целе вашага хатняга гадаванца пасля прагулкі.

Каб не дапусціць прысмоктвання кляшча, рэкамендуецца выконваць наступныя меры прафілактыкі.

  • Ідучы ў лес, апранайце адзенне светлых тонаў з няворсістых тканін, якое шчыльна прылягае да цела, галаву прыкрывайце хусткай, кепкай або капюшонам. Не менш важны абутак — гумовыя боты ці чаравікі. Абавязкова аглядайце ўсё, што прыносіце ў хату з лесу: букеты кветак, грыбы і ягады, венікі, дровы.
  • Пры працяглым знаходжанні ў месцах верагоднага прысмоктвання кляшчоў выкарыстоўвайце супрацькляшчовыя рэпеленты.
  • Праводзьце сама- і ўзаемаагляды для выяўлення кляшчоў не радзей за адзін раз у гадзіну і ў канцы прагулкі. Не забывайце аглядаць і хатніх гадаванцаў.
  • Для памяншэння колькасці гэтых насякомых на тэрыторыях домаўладанняў і дачных участкаў прыбірайце апалае лісце, ламачча, праводзьце своечасовую высечку пустазельных хмызнякоў і скошванне травы, адлоў грызуноў.
  • Ужывайце ў ежу казінае малако толькі пасля 2-3 хвілін кіпячэння, не дапушчайце выпасу коз на неакультураных пашах, штодня аглядайце жывёл на наяўнасць насякомых-крывасмокаў.

Што рабіць, калі клешч прысмактаўся?

Перш за ўсё, звярніцеся ў медыцынскую ўстанову — там насякомае выдаліць спецыяліст, параіла урач-эпідэміёлаг Вольга Ліцкевіч. Калі няма такой магчымасці, выдаліце кляшча самастойна з дапамогай адмысловай прылады, якую можна набыць у аптэцы. Падыдзе таксама ніцяная пятля. Нітку завязваюць у вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча і дастаюць яго, падцягваючы кругавымі рухамі ўверх без рэзкіх рыўкоў. Можна скарыстацца і тонкім пінцэтам: акуратна захапіце галоўку кляшча блізка да хабатка і, паварочваючы супраць гадзіннікавай стрэлкі, выкруціце яго. Важна выцягнуць яго разам з хабатком. Месца прысмоктвання апрацуйце любым спіртавым растворам або ёдам, вымыйце рукі з мылам.

Звярніцеся да ўчастковага тэрапеўта (педыятра) або інфекцыяніста — пры неабходнасці вам прызначаць прафілактычнае лячэнне антыбіётыкамі. Неабходна памятаць, што максімальны эфект хіміяпрафілактыкі дасягаецца ў выпадку, калі прыём антыбіётыкаў пачаты ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу. Пры паўторных укусах таксама варта праводзіць прафілактыку антыбіётыкам. Выпадкі развіцця хваробы Лайма ў людзей, якія прымалі антыбіётык пасля ўкусу кляшча, вельмі рэдкія.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».