Вы тут

Амаль штодзень праваахоўнікі рэгіструюць факты махлярства


Тэма згубленых у выніку падману грошай не губляе сваёй актуальнасці. Амаль штодзень гродзенскія праваахоўнікі рэгіструюць такія факты. Прычым формы махлярства становяцца ўсё больш разнастайнымі. Апошнім часам шырока распаўсюджваецца кіберзлачынства. Штотыднёвы падлік страт жыхароў рэгіёна, якіх удалося падмануць махлярам, уражвае.


Адмоўны бок месенджараў

Лічбавыя тэхналогіі трывала ўвайшлі ў наша жыццё, і яны ў значнай ступені спрошчваюць зносіны з навакольным светам. Але з цягам часу аказалася, што гэтым набыткам не супраць скарыстацца і рознага роду зламыснікі. Яшчэ не сціхла пагалоска пра дзеянні тэлефонных махляроў, як шырокі рэзананс атрымалі выпадкі кіберпадману. Як правіла, яго ахвярамі становяцца грамадзяне, якія на розных інтэрнэт-платформах хочуць набыць тавары і паслугі па заніжаным ці акцыйным кошце з умовай поўнай папярэдняй аплаты. Таксама сярод падманутых нямала і тых, хто імкнецца атрымаць даход на ліпавых крыптабіржах. Колькасць такіх выпадкаў расце.

Па даных УУС Гродзенскага аблвыканкама, з пачатку года зарэгістравана больш як 280 фактаў махлярства з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Кожны тыдзень у міліцыю паступае да 20 паведамленняў аб крадзяжы сродкаў на тэрыторыі рэгіёна. У сярэднім сумы складаюць ад 20 да 45 тысяч рублёў. Ёсць і сумныя рэкорды.

Напрыклад, за апошні тыдзень сакавіка гродзенцы пазбавіліся амаль 414 тысяч рублёў. Што можна набыць за гэтыя грошы — няхай кожны вырашыць сам. У абласным УУС склалі топ-тры падманутых жыхароў тыдня. Усе яны хацелі зарабіць на крыптабіржах, але трапілі на «вуду» кібермахляроў. У выніку 70-гадовая жыхарка Ваўкавыска пазбавілася 52 тысяч рублёў, 54-гадовая жанчына з Гродзенскага раёна згубіла больш як 88 тысяч, але самыя значныя страты ў 50-гадовага гродзенца. Ён перавёў несумленнаму трэйдару, з якім меў зносіны праз месенджар, амаль 220 тысяч рублёў. Узнікае пытанне: ці варта рызыкаваць такімі сродкамі?

У красавіку серыя падманаў не спынялася. За няпоўны месяц жыхары рэгіёна аддалі махлярам больш чым 100 тысяч рублёў. Кожны тыдзень адзначаецца сваімі сумамі. Калі напачатку лічба складала 16 тысяч рублёў, у канцы — амаль 37 тысяч цягам сямі дзён. У першым выпадку можна набыць магутны гульнявы камп’ютар, у другім — нядрэннае аўто з прабегам.

Людзі хацелі набыць аўтазапчасткі, айфоны, адзенне, мэблю і іншыя рэчы. Застаецца актуальным падман на біржы падчас правядзення аперацый з крыптавалютай. Больш як чатырох тысяч рублёў пазбавілася 37-гадовая гродзенка пры набыцці «пуцёўкі ў лета». Аднак білета туды не дачакалася і мусіла звярнуцца ў міліцыю. У красавіку з заявай аб падмане звярнулася 52-гадовая жыхарка Дзятлаўскага раёна. Яна шукала каханне на бязмежных прасторах інтэрнэта і пазнаёмілася з грамадзянінам з Расіі, які абяцаў прыехаць, праўда, на паездку ў яго не было грошай. Пасля таго як жанчына перавяла яму 17 тысяч рублёў, «каханы» знік назаўсёды. Некаторыя мужчыны не дачакаліся тэхнічных сродкаў — хто матацыкла, хто аўтамабіля, хоць і перавялі грошы «прадаўцам».

У абласным УУС прыгадалі адну з нядаўніх ахвяр кібермахляроў. 

Ёй стала супрацоўніца манастыра, якую злачынцы пераканалі перавесці дзве тысячы рублёў на іх рахунак пад выглядам дэкларацыі грашовых сродкаў. У выніку ахвяраванні, сабраныя на рэканструкцыю храма, зніклі. Цяпер злачынцаў шукаюць.

Шанцы ёсць, але…

Вопыт паказвае, што злавіць інтэрнэт-злачынцаў вельмі складана. 

І ўсё ж такія выпадкі ёсць. У абласным упраўленні УУС расказалі аб нядаўнім затрыманні ў Гродне кур’ера тэлефонных махляроў. Ён якраз пераводзіў атрыманыя грошы сваім работадаўцам.

Справа развівалася наступным чынам.

Двум гродзенскім пенсіянеркам патэлефанавалі невядомыя грамадзяне з замежных нумароў. Адной сказалі, што на сувязі з ёй унук, а другой, што — сын. Легенда была тыповая. Маўляў, абодва трапілі ў ДТЗ, і, для таго каб ім пазбегнуць крымінальнай адказнасці, патрэбныя грошы. Бабулі ў легенду паверылі і аддалі кур’еру свае зберажэнні: 86-гадовая жанчына перадала 10 тысяч рублёў, а 74-гадовая гродзенка — 2,5 тысячы еўра.

І толькі пасля таго, як кур’ер выйшаў, яны патэлефанавалі сваім рэальным родным і ўпэўніліся ў падмане. Праз гадзіну звярнуліся ў міліцыю. Супрацоўнікі Ленінскага РАУС Гродна аператыўна арганізавалі пошук кур’ера. Падобнага выгляду мужчына прыцягнуў увагу патрульна-паставой службы на чыгуначным вакзале, калі праводзіў плацежныя аперацыі ў інфакіёску. Пры затрыманні аказалася, што ў гэты момант ён пераводзіў грошы бабулек на рахунак махляроў. Усё перавесці не паспеў. Затрыманым аказаўся 48-гадовы беспрацоўны гродзенец, які дзесяць гадоў таму быў асуджаны за рабаванне і крадзяжы. Аб’яву аб хуткім заробку махляр знайшоў у інтэрнэце. Узбуджана крымінальная справа.

Да адказнасці нядаўна прыцягнуты 39-гадовы крыптавалютчык са Слоніма. Ён нелегальна гандляваў на біржы са снежня да сакавіка і правёў праз свой кашалёк звыш 100 тысяч рублёў. Парушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Санкцыі прадугледжваюць штраф да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй даходу. У міліцыі папярэджваюць, што здзелкі з крыптавалютай павінны праводзіцца толькі праз афіцыйныя платформы і быць аформлены адпаведным чынам.

Як не трапіць на «вуду» ашуканцаў

На нумар «102» працягваюць паступаць званкі ад падманутых беларусаў. На жаль, менш іх не становіцца. Выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачынству УУС Гродзенскага аблвыканкама Арцём Мацяс нагадвае, што на прасторах камп’ютарнай сеткі нямала ашуканцаў. А праз месенджары стала прасцей звязацца з тымі, хто ў пагоні за лёгкім заробкам альбо танным таварам губляе пільнасць. Менавіта праз месенджары махлярам стала прасцей заваяваць давер грамадзян і скарыстацца гэтым.

Аналіз сітуацыі паказвае, што ва ўсіх выпадках былі факты зносін са злачынцамі ў папулярных месенджарах альбо акаўнтах сацыяльных сетак без асабістага кантакту. Махляры пад відам псеўдаработнікаў ахопліваюць усё большае кола афіцыйных устаноў. Арцём Мацяс раіць: каб не трапіць на «вуду» махляроў, варта праверыць прапановы ў некалькіх крыніцах, у тым ліку на афіцыйных сайтах і па тэлефонах арганізацый. Таксама трэба звяртаць увагу на напісанне адрасоў інтэрнэт-рэсурсаў, якія запрошваюць рэквізіты банкаўскіх картак альбо персанальныя даныя. Даменнае імя не павінна мець дапаўняльных сімвалаў і літар. Ніколі не трэба пераводзіць сродкі на разліковыя рахункі фізічных асоб альбо крыптакашалькі. Высокая даходнасць за кароткі тэрмін заўсёды звязана з вялікімі рызыкамі, і толькі махляры будуць гарантаваць хуткі вынік.

Трэба памятаць, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, а таксама работнікі банкаў не будуць патрабаваць здзяйснення нейкіх маніпуляцый з банкаўскімі рахункамі, тэлефанаваць у месенджарах і настойваць на правядзенні фінансавых аперацый.

Анлайн-купля таксама мае пэўную долю рызыкі. Нават водгукі і колькасць падпісак можна лёгка сфабрыкаваць. Таму для разліку ў інтэрнэце варта завесці асобную пластыкавую картку і папаўняць яе толькі на патрэбную для аплаты канкрэтнага тавара суму.

Дарэчы, аб тым, як гродзенцы губляюць грошы, паддаўшыся падману кібермахляроў, супрацоўнікі абласнога УУС раз на тыдзень расказваюць у спецыяльных відэароліках на сваім тэлеграм-канале.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.