Вы тут

Перамагчы стрэс: куды і як звяртацца па псіхалагічную дапамогу?


Найбольш распаўсюджанымі псіхічнымі расстройствамі ў беларусаў з’яўляюцца трывожнае, дэпрэсіўнае і звязанае з ужываннем алкаголю. Іх распаўсюджанасць такая, як і ва ўсім свеце, — прыкладна ад 3 да 5% у залежнасці ад узросту і полу. Колькасць такіх станаў амаль не залежыць ад знешніх фактараў, тут важную ролю адыгрывае даступнасць псіхіятрычнай і псіхалагічнай дапамогі. У Беларусі яна цалкам даступная, звярнуцца да такіх спецыялістаў можна як бясплатна, так і на платнай аснове ананімна.


Калі падтрымка патрэбна не толькі пацыенту, але і блізкім

— Псіхічнае здароўе не менш важнае, чым здароўе саматычнае, яно істотна ўплывае на якасць жыцця. І звароты да псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў становяцца ўсё больш папулярнымі. Усё больш маладых людзей апелююць паняццямі дыстанцыі, аб’юзу і іншымі псіхалагічнымі тэрмінамі, — адзначае намеснік дырэктара па медыцынскай частцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Аксана Шылава.

Яна дадае, што ў медыцыне адна з задач псіхалогіі — садзейнічанне ў вырашэнні псіхалагічных праблем:

— І псіхалагічнае, і саматычнае нездароўе з’яўляецца нагружанай перажываннямі тэмай. Адаптацыя да саматычнага захворвання ці псіхічнага расстройства пацыента і яго блізкіх і ёсць работа псіхолагаў клінікі. Акрамя таго, ёсць розныя адукацыйныя праграмы: школа для пацыентаў з дыябетам, анкалогіяй, артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Тут важная работа псіхолагаў, якія займаюцца псіхаадукацыяй, псіхагігіенай і павышаюць узровень ведаў і адаптыўнасці пацыентаў для далейшага жыцця.

Не менш запатрабаваная псіхаадукацыя ў псіхіятрыі. Не толькі пацыенты з псіхічным расстройствам, але і іх блізкія сутыкаюцца з псіхалагічнай траўмай і маюць патрэбу ў дапамозе. Блізкія часта не ведаюць, як сябе паводзіць з хворым, што казаць, а што — не, і гэта важная частка работы псіхолагаў. Яна дапамагае адаптавацца да захворвання, павышаючы не толькі якасць жыцця, але і супрацоўніцтва ў лячэнні. Як сцвярджаюць медыкі, пацыент, які разумее, што ў яго за захворванне, якія праявы яго з’яўляюцца хваравітымі, і блізкія, якія навучаны гэтаму, у большай ступені супрацоўнічаюць з урачамі ў частцы лячэння.

— Псіхалагічная адаптацыя да захворвання самога пацыента ці блізкіх часта ідзе складана: ніхто не хоча несці адказнасць, імкнецца некага абвінаваціць, патрабуе ад урачоў немагчымага: вярніце чалавека такім, як ён быў. Прыняцце на сябе адказнасці і асобасныя змены — важная частка гэтай работы, — падкрэслівае Аксана Шылава.

Адным з такіх распаўсюджаных расстройстваў, якое выклікае пералічаныя пачуцці ў блізкіх, з’яўляецца дэменцыя.

— Чым раней яна выяўлена, тым лепшы прагноз. Але такі пацыент мае патрэбу нават не ў дапамозе псіхіятрычнай, а ў дапамозе псіхолага-сацыяльнай — у забеспячэнні догляду і клопату. Доля пажылых людзей старэйшых за 65, 70, 80 гадоў становіцца большай, таму непазбежна расце доля людзей з дэменцыяй, і, адпаведна, павялічваецца нагрузка на сацыяльную сістэму. Гэта плата за якасную ахову здароўя. Мы маем развітую стаматалогію, выдатныя антыбіётыкі, навучыліся змагацца з наступствамі цукровага дыябету, сардэчна-сасудзістай паталогіяй, развіваецца перасадка органаў. І чым старэй пакаленне, тым больш пацыентаў з дэменцыяй. У плане прафілактыкі не парэкамендую нічога, акрамя здаровага ладу жыцця, фізічнай нагрузкі, збалансаванага харчавання, трэніровачных заняткаў, развіцця дробнай маторыкі. Не існуе спосабаў ні вылечыць, ні застрахаваць сябе, — адзначыла Аксана Шылава.

Дэпрэсіі і трывожныя расстройствы ў лідарах

РНПЦ псіхічнага здароўя летась завяршыла вялікае навуковае даследаванне: у рамках яго праводзіўся скрынінг псіхічнага здароўя людзей, якія не знаходзяцца на ўліку, а таксама аналізавалі структуру псіхічных расстройстваў тых, хто звяртаецца па дапамогу.

— Што датычыцца распаўсюджанасці псіхічных расстройстваў сярод людзей, якія не звярталіся да псіхіятра, то найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца трывожнае, дэпрэсіўнае і звязанае з ужываннем алкаголю. Іх распаўсюджанасць такая, як і ва ўсім свеце, — прыкладна 3–5% у залежнасці ад узросту і полу. Да 6% займаюць трывожныя і дэпрэсіўныя расстройствы, крыху менш — 4% — расстройствы, звязаныя з ужываннем псіхаактыўных рэчываў, — прывяла лічбы Аксана Шылава.

Сярод людзей, якія трапляюць у поле зроку псіхіятраў, структура псіхічных расстройстваў прыкладна такая ж: больш чым палову складаюць расстройствы неўратычнага ўзроўню: трывожныя, звязаныя са стрэсам і саматафорныя. Значная частка — наркалагічныя пацыенты, якія звяртаюцца ў сувязі з ужываннем алкаголю і псіхаактыўных рэчываў.

Пацыентаў з сур’ёзнымі парушэннямі, такімі як шызафрэнія ці біпалярнае афектыўнае расстройства, цяжкімі дэпрэсіўнымі расстройствамі з псіхатычнай сімптаматыкай, у структуры тых, хто звяртаецца і стаіць на ўліку, — 20–25%. Хоць распаўсюджанасць такіх станаў сярод усёй папуляцыі — толькі некалькі працэнтаў.

— Калі казаць пра дынаміку такіх захворванняў, то яна не залежыць ці мала залежыць ад знешніх фактараў, тут больш важная даступнасць псіхіятрычнай і псіхалагічнай дапамогі. Аднак той жа ковід, безумоўна, уплываў на псіхічнае здароўе чалавека ў якасці самых розных фактараў. У прыватнасці, як моцны стрэс, асабліва ў 2020–2021 гадах, калі было мала інфармацыі, абмежаванне перасоўвання і работы. Вялікую ролю адыгрываюць наступствы ковіду. Людзі, якія перанеслі цяжкую форму хваробы, мелі аддаленыя наступствы пасля гіпаксіі, доўгага знаходжання ў рэанімацыі, — расказвае намеснік дырэктара РНПЦ.

Цяпер у РНПЦ псіхічнага здароўя ідзе навуковы праект, які распрацоўвае метады карэкцыі пасля перанесенага цяжкага ковіду з выкарыстаннем спецыяльнага трэнажора, што трэніруе нервовую сістэму, прымушаючы канцэнтраваць увагу. Першыя станоўчыя вынікі ўжо ёсць.

— Але калі казаць пра арганічныя пашкоджанні па прычыне інсультаў, узроставых змен, таксічных, посттраўматычных пашкоджанняў, то гэта самы ўстойлівы для лячэння кампанент, які прыходзіцца прымаць такім, які ён ёсць, — падкрэслівае Аксана Шылава.

Бясплатна і ананімна

Важнай часткай работы ў РНПЦ псіхічнага здароўя з’яўляецца псіхадыягностыка. Пры дапамозе спецыяльных тэстаў можна ўдакладніць дыягназ, ацаніць ступень функцыянальнай нагрузкі пацыента для ўстанаўлення групы інваліднасці. Гэтым займаюцца клінічныя псіхолагі.

З верасня 2022 года ў РНПЦ псіхічнага здароўя створана і функцыянуе псіхалагічнае аддзяленне, у штаце якога 39 псіхолагаў. Яны праводзяць псіхалагічнае кансультаванне, прафілактыку, асвету, нейра- і патадыягностыку.

— За 2023 год псіхолагі аддзялення аказалі дапамогу 11 993 пацыентам, якая ўключала абследаванне прызыўнікоў у рамках прызыву ва Узброеныя Сілы (1478 пацыентаў), пацыентаў пагранічнага профілю (989), пацыентаў наркалагічнага профілю (2715), пацыентаў псіхіятрычнага профілю (5664). Ім былі аказаны псіхалагічнае кансультаванне, як індывідуальнае, так і групавое, а таксама псіхадыягностыка, — расказвае загадчыца псіхалагічнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Юлія Слівец.

Акрамя таго, 10 234 пацыенты прайшлі псіхадыягностыку, пераважна гэта нейрадыягностыка і патадыягностыка. Было праведзена амаль 11 тысяч сеансаў індывідуальнай псіхакарэкцыі і каля 2,5 тысячы сеансаў групавой псіхакарэкцыі.

Псіхолагі РНПЦ пастаянна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі, навучанне па розных тэматыках і для розных груп пацыентаў, і дапамога аказваецца на высокім узроўні.

Да псіхолагаў РНПЦ псіхічнага здароўя можна звяртацца як бясплатна, так і на платнай аснове. Тут магчымая не толькі дапамога праз шпіталізацыю, але і ў аддзяленні дзённага знаходжання, і ў амбулаторна-паліклінічным аддзяленні. Платныя паслугі аказваюцца ананімна.

— Многія хвалююцца перад зваротам да псіхолага, баяцца, што інфармацыя некуды трапіць, непакояцца аб ананімнасці. Пры платным звароце ананімнасць будзе цалкам захавана. Дапамога будзе аказана кваліфікаванымі псіхолагамі як бясплатна, так і платна, — кажа Юлія Слівец.

Дзе пракансультуюць у Мінску?

Жыхары сталіцы для атрымання псіхалагічнай дапамогі могуць звяртацца ў Мінскі гарадскі клінічны цэнтр псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Яго галоўны офіс знаходзіцца на вуліцы Бехцерава, 5. Тут псіхолагі аказваюць дапамогу пацыентам псіхіятрычнага кірунку і працуюць як у стацыянары, так і амбулаторна, і разам з урачамі-псіхіятрамі.

На Мендзялеева, 4 размешчаны Цэнтр памежных станаў, ён больш скіраваны на псіхатэрапеўтычную работу. Тут можна прайсці псіхалагічную дыягностыку, у тым ліку прызыўнікам, атрымаць дазвол на кіраванне аўтатранспартам, на нашэнне зброі, вырашыць пытанні апякунства ці працаўладкавання.

Псіхолагі сталічнага цэнтра працуюць і ў 19 псіхатэрапеўтычных кабінетах, якія размешчаны ў паліклініках Мінска.

— Псіхолагі таксама ўваходзяць у склад мультыдысцыплінарнай брыгады. На разавую кансультацыю можа звярнуцца любы ахвотны. Калі патрэбны працяглы прыём лекаў, падключаецца мультыдысцыплінарная брыгада, у тым ліку ўрач-псіхатэрапеўт, — кажа псіхолаг, загадчыца псіхалагічнага аддзялення Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Алена Кузняцова-Прымак.

У экстранным выпадку

І ў сталічным цэнтры псіхіятрыі і псіхатэрапіі, і на базе РНПЦ псіхічнага здароўя працуе экстранная псіхалагічная дапамога, або «тэлефоны даверу». У першую чаргу яны прызначаны для прафілактыкі суіцыдальных паводзін і вырашэння крызісных сітуацый.

— Суіцыдальныя думкі могуць з’явіцца ў чалавека любога ўзросту, полу і сацыяльнага статусу. Ва ўсіх у нас бываюць крызісныя сітуацыі, і збег абставін можа навесці на пэўныя думкі. Не заўсёды ёсць магчымасць запісацца і пайсці на прыём, таму была створана кругласутачная экстранная псіхалагічная дапамога. Радуе, што людзі звяртаюцца па дапамогу, спецыялісты праводзяць псіхакарэкцыю вострага стану і накіроўваюць на далейшыя карэкцыйныя мерапрыемствы амбулаторна, — расказвае Алена Кузняцова-Прымак.

Званкі на такія нумары ананімныя, размовы не запісваюцца.

— Вы можаце прадставіцца любым імем, галоўная задача псіхолага — аказаць экстранную псіхалагічную дапамогу. Звяртаюцца па розных пытаннях: як зняць эмацыянальнае напружанне, калі адбылася стрэсавая сітуацыя, у асноўным гэта ўнутрысямейныя канфлікты паміж сужэнцамі. Ёсць званкі больш складаныя: папярэджанне суіцыдальных настрояў. Часам тэлефануюць па даведачную інфармацыю, — расказвае Юлія Слівец.

Нумары тэлефонаў даверу: 

8-017-272-21-67, з 9 да 15 па буднях;

8-017-352-44-44, 8-017-304-43-70 —кругласутачна.

Крэдыт даверу

Закон аб псіхалагічнай дапамозе ў Беларусі адзіны на постсавецкай прасторы. І гэта мае свае перавагі.

— Важна кантраляваць, хто займаецца псіхалагічнай дапамогай, якімі метадамі яна рэалізуецца. У гэтай галіне шмат людзей выпадковых, што называюць сябе псіхолагамі. Эпідэмія псеўдапсіхолагаў пачалася падчас эпідэміі ковіду, калі многія вымушана праводзілі шмат часу ў інтэрнэце. Людзі пасля двухмесячных курсаў цырульнікаў пачынаюць называць сябе псіхолагамі, сыплюць «разумнымі» думкамі і нешта лечаць. Заканадаўчая база па аказанні псіхалагічнай дапамогі, магчымасці ўказваць, хто можа працаваць, якія метады дапушчальныя і маюць даказальную базу, якія метады дыягностыкі валідныя, з’яўляецца вялікай падмогай, каб карыстальнікі былі ўпэўненыя і мелі большы крэдыт даверу да псіхолагаў. Гэта сусветная практыка, каб спецыялісты, якія працуюць з людзьмі, мелі адпаведныя сертыфікаты, — рэзюмавала Аксана Шылава.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.