Вы тут

Ці трэба плаціць за паслугу, калі яе не было?


Ці трэба плаціць за паслугу, калі яе не было?

У сёлетнім лютым я «не здаваў смецце ў машыну», але рахунак мне выставілі, і я аплаціў, — піша спадар Юрынок з Нясвіжчыны (ліст друкуецца ў скарочаным пераказе. — Рэд.). — Потым у мясцовай арганізацыі ЖКГ паспрабаваў давесці, што, паводле артыкула 391 Грамадзянскага кодэкса, заключэнне дагавора на вываз смецця — справа дабравольная... У адказ пачуў, што плаціць абавязаны, бо дома ў мяне зарэгістраваны пяць чалавек... Чуў, што ў суседнім раёне людзі, якія смецце не здаюць, нічога і не плацяць. У нас жа ўсё іначай. 

Фота: pixabay.com

Няўжо гэта правільна?

Па каментарый мы звярнуліся ў Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь. Паводле слоў начальніка аддзела ўпраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Ірыны Салівончык, заключаць дагавор з арганізацыяй ЖКГ на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг (далей — ЖКП) — абавязак грамадзяніна (частка 2 пункта 7 артыкула 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. № 405-З «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг» (далей — Закон № 405-З). Справа ў тым, што ў Грамадзянскім кодэксе, у той норме, на якую спасылаецца спадар Юрынок, пасля слоў «прымус да заключэння дагавора не дапускаецца» стаіць коска. А далей — «...за выключэннем выпадкаў, калі абавязак заключыць дагавор прадугледжаны заканадаўствам або добраахвотна прынятым абавязацельствам».

Гэта, паводле слоў спецыяліста, істотны момант. Бо заканадаўствам (пункт 2 артыкула 4 Закона № 405-З) дакладна прапісана, што паслуга па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі (далей — ЦКА) адносіцца да ліку асноўных ЖКП. Гэта значыць, адмовіцца ад яе нельга: дагавор заключыць неабходна. Акрамя таго, дадзеная паслуга носіць бесперапынны характар, паколькі арганізацыі ЖКГ аказваюць яе ў населеным пункце ў абавязковым парадку на пастаяннай аснове, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці адходаў у канкрэтнага спажыўца.

— Іншая размова, калі адсутнічае сам спажывец, — кажа Ірына Салівончык. — У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам (п. 3 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2005 г. № 1466 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку пераразліку платы за некаторыя віды камунальных паслуг і прыпынення (аднаўлення) аказання камунальных паслуг») плата за вываз ЦКА не спаганяецца, калі грамадзянін выехаў з пастаяннага месца жыхарства на тэрмін звыш 10 сутак запар, папярэдне апавясціўшы аб гэтым арганізацыю, якая ажыццяўляе налічэнне платы за камунальныя паслугі і пацвердзіўшы сваю адсутнасць дакументам (даведкай з санаторыя, бальніцы, вайсковай часці пры праходжанні ваенных або спецыяльных збораў і інш.). У выпадку, калі грамадзянін не апавясціў арганізацыю, якая ажыццяўляе налічэнне платы за камунальныя паслугі, пераразлік платы робіцца на падставе дакументаў, якія павінны быць прадстаўлены не пазней за сем каляндарных дзён з дня яго вяртання на пастаяннае месца жыхарства.

Заключэнне дагавора з’яўляецца для спажыўцоў ЖКП гарантыяй абароны сваіх правоў у выпадку няякаснага аказання гэтай паслугі альбо не аказання яе (што тэхнічна немагчыма, паколькі арганізацыі ЖКГ аказваюць паслугу ў населеным пункце на пастаяннай аснове ў адпаведнасці з зацверджанымі схемамі абыходжання з адходамі і нясуць выдаткі, з гэтым звязаныя).

Часам людзі скардзяцца: вось я заключыў дагавор, у вызначаныя дні выстаўляю пакеты са смеццем, плачу за тое, што смеццявоз іх забірае, а сусед тое ж самае робіць без ніякіх дагавораў…

— Заканадаўча прапісана, — працягвае Ірына Салівончык, — што, калі з нейкай прычыны ў суседа не заключаны дагавор на вываз смецця, асабовы рахунак у яго ўсё роўна ёсць і аплачваць паслугу ён павінен. У выпадку адмовы будзе расці пеня і запазычаная сума потым спаганяецца праз суд.

Заканадаўствам прадугледжана (п. 8 артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі»), што грамадзянін абавязаны прыняць меры па дастаўцы адходаў у санкцыянаваныя месцы, якімі з’яўляюцца спецыяльна ўладкаваныя пляцоўкі з кантэйнерамі, спецыяльны транспартны сродак (смеццявоз) пры падамавым аб’ездзе прыватных домаўладанняў.

Такім чынам, грамадзяне, якія маюць ва ўласнасці жылыя дамы, не маюць права адмовіцца ад аказання паслугі з улікам вышэйпададзеных момантаў.

Палажэнне аб парадку разліку і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 г. № 571 (далей — Палажэнне), прадугледжвае адзіны падыход у налічэнні платы за жыллёва-камунальныя паслугі ў адносінах да ўсіх плацельшчыкаў. Сума аплаты за вываз смецця залежыць ад колькасці зарэгістраваных людзей у кожным канкрэтным доме. Згодна з пунктам 52 Палажэння, плата за абыходжанне з ЦКА адносна жылых памяшканняў, у якіх адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне (напрыклад, уласнік вясковага дома зарэгістраваны ў Мінску), уносіцца зыходзячы з нарматыву ўтварэння ЦКА на аднаго плацельшчыка жыллёва-камунальных паслуг па субсідзіраваных тарыфах для насельніцтва.

— Ці прадугледжаны заканадаўствам нейкія іншыя выпадкі, калі плату за паслугу можна прыпыніць?

— Так, згодна з заканадаўствам, грамадзянін можа пісьмова звярнуцца з заявай у арганізацыю, якая прадстаўляе дадзеную паслугу або ажыццяўляе ўлік, разлік і налічэнне платы за ЖКП, аб прыпыненні аказання паслугі па звароце з ЦКА з указаннем перыяду, але не больш за шэсць месяцаў у каляндарным годзе. У прыватнасці, калі чалавек пражывае ў вясковай хаце толькі з красавіка да верасня, а ў халодны перыяд знаходзіцца ў горадзе, ён мае поўнае права напісаць заяву аб прыпыненні аказання паслугі па вывазе смецця з кастрычніка да сакавіка.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК


«Для мяне цягнік — як мой родны дом...»

...Да сына (ён у нас дацэнт, кандыдат навук, выкладае ў знакамітых МАІ і «Баўманцы») мы дабіраемся фірменным цягніком «Мінск — Масква». Гэта, па-першае, вельмі зручна, а па-другое, на вышыні там і ўзровень камфорту, і абслугоўванне.

Час адпраўлення цягніка з Мінска ў 22.20, прыбыццё ў Маскву — 8.15. Вечар і цэлая ноч у дарозе, а гэта значыць, пасажыры могуць павячэраць і выпіць гарбаты, спакойна паспаць. Там для гэтага ўсе ўмовы: у купэ ўтульна і чыста, сервіраваны столік, ручнікі з узорамі васількоў…

Правадніцы (у вагоне іх дзве) прапануюць напіткі, стравы для вячэры. Адмаўляцца — неяк не выпадае яшчэ і таму, што дзяўчаты — сама прыгажосць: са шчырымі ўсмешкамі, у строгіх дзелавых касцюмах, пілотках, белых пальчатках... Адна з іх — Юлія Войцехаўна Жышко — нават зямлячка, з нашай Ашмяншчыны.

На чыгунцы Юля працуе больш чым дваццаць гадоў (з улікам двух дэкрэтных водпускаў). У яе, як і ва ўсіх праваднікоў гэтага поезда, самы высокі шосты разрад. Да таго, як трапіць на «фірму» — калегі так называюць гэты цягнік, — Юлі прыйшлося і павучыцца, і папрацаваць правадніцай на іншых, звычайных — паездзіць у Прыбалтыку, ва Украіну. Гаспадыняй у вагоне элітнага цягніка Юля стала толькі два гады таму.

Як расказвала, патрабаванні да майстэрства тут высокія, ёсць яны і да знешнасці. Ад правадніц патрабуюцца акуратнасць і натуральнасць: строгае адзенне, прычоска, няяркі макіяж. Манікюр дазваляецца, але пазногці павінны быць сярэдняй даўжыні, лак — натуральных адценняў... Іншымі словамі, усё накіравана на тое, каб не прыцягваць да сябе залішняй увагі пасажыраў.

«Працаваць на „фірме“, — кажа Юлія Войцехаўна, — гэта найвышэйшы пілатаж у нашай справе! Гэта мара многіх правадніц яшчэ з тых часоў, калі яны выбіралі прафесію. Яно і зразумела: тут іншыя ўмовы працы, іншая аплата, а сярод пасажыраў можна сустрэць столькі вядомых асоб!..»

Юля з прыемнасцю ўспамінае, што сярод яе пасажыраў былі вядомыя дзяржаўныя дзеячы, спявачка Лаліта, салісты груп «На-на», «Іванушкі Інтэрнэшнл», «Песняры». «І трэба сказаць, — адзначае зямлячка, — што яны не патрабавалі асаблівай увагі... А вось людзі пажылыя... З імі рознае здаралася: часам спынялі цягнік, выклікалі медыкаў, бо самі можам аказаць толькі першую дапамогу: прапанаваць лекі, зрабіць штучнае дыханне, апрацаваць нескладаныя раны».

За дзесяць гадзін, якія цягнік знаходзіцца ў дарозе, самім праваднікам на сон адводзіцца ўсяго некалькі і толькі глыбокай ноччу. Пры гэтым дзяжурны праваднік ёсць у кожным вагоне. Што да сапраўднага, паўнацэннага адпачынку, то ён прадугледжаны толькі пасля прыбыцця і прыборкі вагона, падрыхтоўкі яго да наступнага рэйса.

«Для мяне цягнік — як мой родны дом, — кажа Юлія. — Шэсць сутак адпрацавала — столькі ж адпачываю. Усё паспяваю зрабіць і з новымі сіламі...»

Не мог не спытацца, ці даводзілася пазбягаць залішняй увагі пасажыраў-мужчын, бо часам знешняя прывабнасць — не толькі перавага, але і рызыка.

«Усе канфліктныя сітуацыі трэба ўладжваць у момант іх узнікнення, — зазначае Юлія. — На крайні выпадак у службовым купэ ёсць прамая сувязь з начальнікам цягніка».

Прынцыпы бяспекі як пасажыраў, так і праваднікоў тут выконваюцца няўхільна.

Мікалай БАЛЫШ

г. Ашмяны

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».