Вы тут

Падрабязнасці асабістага прыёму грамадзян, які праводзіла Наталля Качанава


Яшчэ месяца не прайшло, як члены Савета Рэспублікі восьмага склікання прыступілі да сваіх паўнамоцтваў, а імі ўжо вядзецца актыўная работа са зваротамі грамадзян. Знаходзіцца ў прамым дыялогу з людзьмі і дапамагаць ім у вырашэнні канкрэтных пытанняў і праблем абумоўлена рэгламентам работы членаў верхняй палаты парламента. Штомесяц, а то і часцей, кожны з іх праводзіць асабістыя прыёмы грамадзян. Толькі за тры месяцы бягучага года сенатарамі праведзена 668 сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам па месцы жыхарства, 42 прамыя тэлефонныя лініі, 127 асабістых прыёмаў грамадзян — усяго разгледжана 1,4 тысячы зваротаў.


Асаблівую ўвагу рабоце з насельніцтвам удзяляе Старшыня Савета Рэспублікі. Што датычыцца асабістых прыёмаў грамадзян, у графіку Наталлі Качанавай яны знаходзяцца на пастаяннай аснове. Кожнае пытанне, з якім звяртаецца чалавек, бярэцца на кантроль Савета Рэспублікі. Таму ў тых, каму не пашчасціла трапіць на размову са спікерам верхняй палаты парламента гэтым разам, яшчэ з’явіцца такая магчымасць.

Чыя ўласнасць? 

Ганна Мікалаеўна, якая пражывае ў аграгарадку Грэск Слуцкага раёна, агучыла праблему выкупу жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці сельскагаспадарчай арганізацыі. Гэты дом у свой час давалі яе мужу, які ўжо пайшоў з жыцця. Многім жыхарам, якія таксама атрымалі жыллё ад сельгаспрадпрыемства, дазволілі жыллё выкупіць. Ганна Мікалаеўна не ўвайшла ў гэты спіс. 

— Чым матывавалі адмову? — пацікавілася Наталля Качанава.

Як патлумачыла генеральны дырэктар КУП «Мінаблмясамалпрам» Юлія Машук, дом, аб якой ідзе размова, з’яўляецца ўласнасцю мясакамбіната. А заяўніца, у адрозненне ад свайго памерлага мужа, ніколі там не працавала. «Аднак пакуль там нехта пражывае і прапісаны, ніхто людзей не выселіць», — удакладніла гендырэктар. 

Ганна Мікалаеўна на працягу 20 гадоў працавала швачкай на мясцовым прадпрыемстве, пакуль яго не закрылі. Цяпер ездзіць у горад, дзе таксама працуе па спецыяльнасці. Яна хвалюецца, што ўкладвае ў дом немалыя сродкі, пры гэтым не з’яўляючыся яго ўласнікам. 

Выслухаўшы адказных асоб, спікер зрабіла выснову, што заканадаўства не дазваляе заяўніцы выкупіць жыллё. «Але мы яшчэ раз вывучым вашу сітуацыю і разбяромся, — паабяцала яна. — Не хвалюйцеся, мы падумаем, як вам можам дапамагчы». 

Старшыня Савета Рэспублікі пацікавілася ў Ганны Мікалаеўны, ці вялікі аграгарадок, у якім яна жыве, і ці ёсць нейкія праблемы. А з першым намеснікам Мінаблвыканкама і гендырэктарам КУП «Мінаблмясамалпрам» спікер пагаварыла аб развіцці сельгаспрадпрыемства, прадукцыі, якая на ім выпускаецца, закранулі ў цэлым тэму развіцця рэгіёнаў. «Трэба, каб прадпрыемства развівалася і людзі заставаліся, працавалі», — адзначыла Наталля Качанава.

Шэраг зваротаў датычыліся зямельных пытанняў. Адны не могуць падзяліць зямлю з суседзямі, у іншых не атрымліваецца аформіць зямельны ўчастак ва ўласнасць. Менавіта з апошняй праблемай сутыкнулася жыхарка аграгарадка Плешчаніцы Святлана Фёдараўна. Жанчына расказала, што ў 2005 годзе па распісцы купіла хату каля Плешчаніц, якая знаходзілася ў закінутым стане. Новая гаспадыня прывяла яе ў парадак. Адразу выкарыстоўвала яе ў якасці лецішча, апошнія сем гадоў пражывае там на пастаяннай аснове. Аднак уласнікам хаты яна не з’яўляецца: тэрмін даўнасці на прызнанне права ўласнасці выйшаў. 

— У вас ёсць дакументы куплі-продажу? — удакладніла Старшыня Савета Рэспублікі.

— Няма. Папярэднія жыхары хаты не ўступалі ў спадчыну. На працягу трох гадоў пасля смерці гаспадароў дом стаяў закінуты. 

— З аднаго боку, мы кажам, што ў нас вялікая колькасць закінутых хат, якія трэба прыводзіць у парадак, з іншага — уся гэта валакіта, — звярнула ўвагу спікер на праблему больш шырока. 

Святлана Фёдараўна паведаміла, што нават не можа там прапісацца. А ў гэтым можа быць неабходнасць. Жанчына падзялілася сваёй бядой: хварэе яе маленькі ўнук, і для яго лячэння яна вымушана была прадаць сваю кватэру ў Мінску і купіць у Плешчаніцах. Цяпер можа стаць пытанне і аб продажы жылля ў аграгарадку, дзе яна цяпер прапісана. 

Наталля Качанава пацікавілася, колькі гадоў яе ўнуку і спытала, ці патрэбна дапамога ў яго лячэнні. Заяўніца падзякавала і сказала, што пакуль спраўляюцца самі. 

Напрыканцы спікер паведаміла, што, калі дапамога ўсё ж такі спатрэбіцца, жанчына можа звярнуцца ў Савет Рэспублікі. А што датычыцца ўласнасці, якую заяўніца не можа аформіць, Наталля Качанава падкрэсліла, што гэты дом у яе ніхто не забярэ. «Калі толькі не знойдуцца спадчыннікі, — дадала яна. — Іншая справа, трэба вызначыцца, як па праходжанні 15 гадоў можна прызнаць права ўласнасці на гэты жылы дом. Вам прапішуць, што трэба зрабіць, падкажуць. А мы возьмем ваша пытанне на кантроль. Калі толькі праз суд вам трэба ўстанавіць права ўласнасці, то, на мой погляд, гэта варта рабіць хутчэй».

Задача — вырашыць пытанне шматдзетнай сям’і

Жыхарку вёскі Талька Пухавіцкага раёна ў Савет Рэспублікі прывяло жыллёвае пытанне. Жанчына — шматдзетная маці: разам з мужам яны выхоўваюць чацвярых дзяцей. Дагэтуль сям’я не мае ўласнага жылля, пражывае разам з маці мужа.

Як расказаў старшыня Пухавіцкага райвыканкама Андрэй Атрушкевіч, шматдзетнай сям’і прапаноўваўся зямельны ўчастак пад будаўніцтва дома, але яны адмовіліся. Як патлумачыла шматдзетная маці Галіна Юр’еўна, тая сума, якую яны павінны ўнесці, для іх з’яўляецца непад’ёмнай, таму было прынята такое рашэнне.

Старшыня райвыканкама прапануе сям’і засяліцца ў інтэрнат блочнага тыпу ў суседнім населеным пункце, каб стаць на чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і пабудаваць кватэру. У Свіслацкім сельскім Савеце будзе будавацца шматпавярховы дом, які будзе здадзены ў эксплуатацыю ў 2025 годзе. 

Як звярнула ўвагу Старшыня Савета Рэспублікі, мы хочам сёння развіваць рэгіёны, людзі павінны там заставацца і жыць. «А значыць, вы, як старшыня райвыканкама, павінны прадумаць: зямлю, участкі вы сфарміравалі і даяце ім пад будаўніцтва, дапамагаеце ў будаўніцтве лесам ці нечым яшчэ, у нас жа прыняты гэтыя рашэнні, — канстатавала спікер. — Што перашкаджае сёння ў Тальцы будаваць дамы? У яе — чацвёра дзяцей, яна гатова жыць у вёсцы, але стварыце ёй умовы, каб яна засталася і жыла ў вёсцы. І дзеці яе застануцца там. Вам што, людзі не патрэбны ў Пухавіцкім раёне? Патрэбны. І так Мінск выцягнуў усіх». 

Такім чынам, пастаўлена задача — вырашыць пытанне шматдзетнай сям’і. Даручана або ўключыць сям’ю ў чаргу будаўніцтва жылля, або выдзеліць ім зямельны ўчастак. 

«Нездаровая вада» і перш за ўсё — бяспека

Жыхарка гарадскога пасёлка Красная Слабада Салігорскага раёна расказала, што летась ёй прапанавалі перападключыць крыніцу падачы вады з адной на іншую. Папярэдняй крыніцай яна карысталася на працягу 30 гадоў, і ніякіх праблем не ўзнікала. Пасля перападключэння пагоршылася якасць вады, і на гэтым фоне ў Галіны Канстанцінаўны пачалася алергія. Вяртаць ранейшае водазабеспячэнне жанчыне пакуль ніхто не збіраецца. 

Наталля Качанава адзначыла, што перш, чым перападключаць крыніцу падачы вады, неабходна было ўзгадніць гэтае пытанне з уласнікам домаўладання. Яна дадала, што на месца выедзе рэспубліканская санэпідэмслужба і здзейсніць замеры вады. Адказным асобам даручана разабрацца ў гэтым пытанні.

Раман Францавіч агучыў на прыёме грамадзян праблему жыхароў новага мікрараёна ў Маладзечне. Ён расказаў, што дамы пабудаваны, а тэрыторыя дагэтуль не добраўпарадкавана. Каб трапіць на аўтобусны прыпынак або выйсці ў горад, людзі вымушаны хадзіць праз чыгуначную платформу, праз якую рэгулярна ходзяць не толькі электрычкі, а і грузавыя цягнікі. 

«Літаральна праз 300 метраў ад нас — уся інфраструктура: аўтобусны прыпанак, дзіцячы садок, школа, — кажа ён. — І ёсць чыгуначны мост, праз які мы прапаноўваем пусціць пешаходаў. Натуральна, трэба ўстанавіць святлафор, умацаваць дно, каб не размывала. Мы просім узгадніць з Беларускай чыгункай праход пад мостам».

Па словах намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Стоцкага, Белчыгунка не можа дазволіць хадзіць людзям праз гэты мост у сувязі з тым, што гэта небяспечна. Гэта пацвердзіў і старшыня Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінскага аблвыканкама Аляксей Новікаў, які пабываў на месцы і вывучыў сітуацыю. 

У сваю чаргу, Наталля Качанава паабяцала вывучыць прапановы заяўніка, каб дапамагчы людзям. Пытанне ўзята на кантроль Савета Рэспублікі. «Калі гэта мэтазгодна і сапраўды патрэбна людзям, значыць гэта трэба рабіць», — рэзюмавала яна. 

Небяспечны сусед 

Вольга Леанідаўна з’яўляецца апекуном сямнаццацігадовага Данілы. У хлопца ва ўласнасці ёсць кватэра, але спадчыну ён вымушаны дзяліць са сваім стрыечным братам. Апошняму такое «суседства» не падабаецца: ён злоўжывае алкаголем, збірае ў кватэры шумныя кампаніі і ніяк не рэагуе на просьбы другога ўласніка. Апякун занепакоена: хутка Данілу споўніцца 18 гадоў, і ён хацеў бы жыць самастойна ў сваёй кватэры, але жанчына баіцца, што іншы ўладальнік жылля можа яму нанесці як маральную, так і фізічную шкоду. 

Як расказаў начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Міхаіл Грыб, малады чалавек, пра якога ідзе размова, стаіць на ўліку ў міліцыі. «Жыллё з’яўляецца сацыяльным, яно было выдадзена ўзамен таго, якое зносіцца, — канкрэтызаваў ён. — І адзін, і другі там зарэгістраваны. У гэтай кватэры цяпер ніхто не пражывае, стрыечны брат Данілы жыве з маці. Ён раней судзімы, стаіць на ўліку ў Ленінскім РУУС, знаходзіцца пад нашым кантролем. Маё меркаванне — братоў трэба садзіць за стол перагавораў, каб яны дамаўляліся». 

Наталля Качанава папрасіла начальніка ГУУС Мінгарвыканкама трымаць на кантролі дэбашыра і фіксаваць факты парушэння правапарадку. Сітуацыя ўскладняецца тым, што сацыяльнае жыллё не падлягае падзелу і продажу. Спікер папрасіла кампетэнтных асоб удакладніць, калі ў жыллёвым фондзе горада ёсць дзве аднапакаёвыя сацыяльныя кватэры, ці магчыма па законе іх памяняць на трохпакаёвую, якая знаходзіцца ва ўласнасці братоў. «Хочацца хлопчыку дапамагчы», — звяртаючыся да Данілы, сказала Старшыня Савета Рэспублікі і пацікавілася, дзе ён вучыцца і якія ў маладога чалавека планы на будучыню.

Даніла вучыцца ў каледжы на кандытара, пасля заканчэння плануе паступаць у аграрны ўніверсітэт.

Купілі не тое, што хацелі

Мінчанка Надзея Андрэеўна агучыла спікеру сваю праблему. Разам з мужам яна купіла кватэру ў кампаніі «Дана Астра». Калі сужэнцы набывалі кватэру, разлічвалі на адны ўмовы. Па факце кватэра атрымалася не такая, якую яны хацелі. Заяўніцы прапанавалі іншую — большую па плошчы на амаль дзевяць квадратных метраў, але даплаціць ад дольшчыкаў патрабуюць вялікую суму. 

Як патлумачыла дырэктар «Дана Астра» Святлана Шчатко, кватэра, якую першапачаткова набывалі дольшчыкі, знаходзілася на акцыі, а таму квадратны метр каштаваў значна менш. Кватэру, якую цяпер ім прапаноўваюць, знаходзіцца ў іншай цэнавай катэгорыі. Адзіны варыянт, які кампанія-забудоўшчык прапануе Надзеі Андрэеўне і яе мужу, аформіць на сябе пабудаваную кватэру, прадаць яе па рыначным кошце і набыць тую, якую для іх зарэзервуюць. 

Наталля Качанава пагаджаецца: пакуль гэта найбольш прымальны варыянт. «Не хвалюйцеся, мы возьмем гэтае пытанне на кантроль», — запэўніла спікер заяўніцу.

«Трэба больш уважліва адносіцца да тых зваротаў, з якімі прыходзяць людзі»

У размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава адзначыла, што сенатары новага склікання будуць працягваць штомесяц праводзіць прыёмы па асабістых пытаннях. «Мы вельмі трапятліва ставімся да зваротаў грамадзян, — падкрэсліла яна. — На асабістыя прыёмы мы запрашаем кіраўнікоў мясцовых органаў улады, у чыёй кампетэнцыі знаходзіцца разгляд таго або іншага пытання, бо частка пытанняў, сапраўды, ляжыць у плоскасці мясцовых органаў улады. І за іх гэтыя пытанні ніхто вырашаць не будзе. Трэба больш уважліва адносіцца да тых зваротаў, з якімі прыходзяць людзі. Прыязджаючы сюды, яны бачаць свае памылкі: там, дзе няправільна пракансультавалі чалавека або далі яму неправамерны адказ. Мы будзем рабіць усё для таго, каб тыя пытанні, якія ўзнікаюць у нашых грамадзян, вырашаліся па справядлівасці і ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Калі мы бачым, што ў нашым заканадаўстве ёсць „белыя плямы“ і пэўныя пытанні неабходна ўрэгуляваць, мы бярэм гэта ў работу і разбіраемся па гэтых пытаннях». 

У прыватнасці, як расказала спікер, у Савет Рэспублікі звяртаюцца людзі па продажах непаўналетнім курыльных сумесяў, паколькі гэта сур’ёзна ўплывае на здароўе маладых людзей. «Мы разглядаем гэтыя пытанні і будзем глядзець на мэтазгоднасць прыняцця тых ці іншых мер для таго, каб урэгуляваць гэтыя праблемы, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — У бліжэйшы час мы правядзём выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі, дзе яшчэ раз паглядзім, як рэалізоўваюцца тыя законы, якія прыняты ў частцы продажу зямельных участкаў, жылых дамоў, якія пустуюць. Часам гэта зацягваецца на працяглы перыяд. Паглядзім, як у рэальнасці дзейнічаюць законы, якія прыняты ў нас у краіне, і што яшчэ патрэбна зрабіць, каб гэта работа была больш эфектыўнай. Вядома, пытанні, якія хвалююць нашых грамадзян, павінны вырашацца больш аператыўна».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.