Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы разумеем, што мы выратавалі сваю краіну


У графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі — рабочая паездка на паўднёвы ўсход Магілёўскай вобласці. Калісьці Касцюковіцкі раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Але сёння тут віруе жыццё. Як раён аднавіўся ад наступстваў катастрофы і як жыве зараз, кіраўнік дзяржавы азнаёміўся асабіста. Аднак праграма камандзіроўкі аказалася шырэйшай за традыцыйныя «чарнобыльскія» паездкі Прэзідэнта. 


Першае пытанне старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанка — як рэалізавана праграма па развіцці паўднёвага ўсходу вобласці. Губернатар запэўніў, што праграма спрацавала. Але на гэтым размова пра развіццё гэтага рэгіёна не заканчваецца. Аляксандр Лукашэнка анансаваў сур’ёзную нараду аб рэалізацыі праграмы развіцця паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны. Ён даручыў на канец ліпеня — пачатак жніўня запланаваць у рэгіёне адпаведную нараду. На нарадзе плануецца заслухаць справаздачу кіраўніка рэгіёна і паўднёва-ўсходніх раёнаў. «Сур’ёзная будзе размова», — папярэдзіў беларускі лідар. Адпаведная размова потым будзе прысвечана і ўсходняй частцы Гомельскай вобласці.

Як звычайна падчас рабочых паездак у рэгіёны, Аляксандр Лукашэнка не абмяжоўваецца толькі пытаннямі канкрэтнай мясцовасці. Тэзісы, якія агучвае Прэзідэнт, маюць значэнне і для ўсёй краіны. Адзін іх тычыцца меліярацыі. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што зараз яна праводзіцца па ўсёй краіне. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, і самі гаспадаркі павінны падключацца да культуртэхнічных работ. Задачы кіраўнікоў — зацікавіць іх гэтай працай, а затраты кампенсаваць. «Падумайце, як гэта зрабіць», — даручыў кіраўнік дзяржавы. Яшчэ адна важная для Касцюковіцкага раёна, Магілёўскай вобласці і ўсёй краіны задача — навесці парадак на зямлі. Прэзідэнт нагадаў, што раней даручаў вырашыць праблемы са старымі фермамі, якія сёння не выкарыстоўваюцца. Гэтыя аб’екты, як падкрэсліваў Аляксандр Лукашэнка, не павінны быць «помнікамі безгаспадарлівасці», а вызваленыя землі неабходна выкарыстоўваць пад патрэбы сельскай гаспадаркі. «Трэба падключыць МНС і ваенных, — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. — У нас вельмі шмат безгаспадарлівасці на зямлі. Значыць, трэба мабілізоўвацца». 

Да 9 мая трэба ўсё пасеяць. Працаваць дзень і ноч

У канцы красавіка самае важнае пытанне — ход пасяўной кампаніі. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з ходам веснавых палявых работ у Філіяле нумар 1 «Цэмагра» Беларускага цэментнага завода ў Касцюковіцкім раёне. Мінсельгасхарч сумесна з аблвыканкамамі вызначыў структуру пасяўных плошчаў сельскагаспадарчых раслін на 2024 год. У адпаведнасці з ёй, яравую сяўбу з улікам перасеву загінуўшых азімых плануецца правесці на плошчы 2,4 млн. га, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці — на 336,2 тыс. га. Гатоўнасць тэхнікі па краіне забяспечана і падтрымліваецца на ўзроўні 95 працэнтаў. Вядуцца работы па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі для нарыхтоўкі травяных кармоў. 

«Я толькі хацеў бы вас папярэдзіць, каб мы не селі на белага каня, шашку нагала і пайшлі. Трэба акуратна абыходзіцца і з рапсам, і з азімым ячменем. Гэта культуры вельмі далікатныя, яны патрабуюць пэўных умоў надвор’я», — адзначыў Прэзідэнт. Ён настойвае на тым, што не трэба спяшацца засеяць палі, трэба найперш прааналізаваць, што можна атрымаць з гэтых палёў, думаць, што пасяеяць. Пытанне нумар адзін, канешне, тэхналогія. 

Міністр сельскай гаспадаркі Сяргей Барташ далажыў, што ў краіне працягваецца сяўба яравых сельскагаспадарчых раслін, ужо засеяна звыш 1 млн. га, або 45 працэнтаў ад плана і 105 працэнтаў да ўзроўню мінулага года (у Магілёўскай вобласці — 43 працэнты ад плана і 116 працэнтаў да леташняга ўзроўню). Па словах міністра, сёлета на 25 тысяч гектараў павялічаны пасевы кукурузы. «Не ведаю, з чаго вы зыходзілі, павялічваючы ці памяншаючы плошчы. Таксама хачу вас папярэдзіць: кукуруза, кукуруза, кукуруза... Нас вучоныя папярэджваюць, што мы павінны сеяць бабовыя. Таму кукурузай засеяць, а потым кіслым сіласам карміць скаціну — гэта таксама не справа. Нам трэба больш сенажу. Трэба вельмі акуратна на будучы год усё спланаваць, каб да севазваротаў мы не вярталіся, то бок трэба на корманарыхтоўку звярнуць сур’ёзную ўвагу. За гэта спытаем сур’ёзна», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. 

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт даручыў звярнуць на пасеў і вырошчванне лёну, каб забяспечыць перапрацоўку якаснай сыравінай. «Каб у нас пасевы былі нармальныя. Нельга трымаць на кароткім павадку нашу фабрыку і льнозаводы. У Оршы збяромся — будзеш гэтай восенню даваць справаздачу», — папярэдзіў міністра беларускі лідар. 

Як заўважыў у сваім дакладзе Сяргей Барташ, па некаторых культурах у асобных абласцях ёсць адставанне ад плана. Адна з прычын таму у тым ліку і ападкі. «Ападкі — гэта не пытанне. Два-тры дні — і поле сухое, асаблівае зараз», — заўважыў на гэта Прэзідэнт.

«Цяпер трэба па-ваеннаму сеяць. Па-вайсковаму. Дзень і ноч. Трэба зараз укінуць збожжа ў глебу. Надвор’е будзе цёплае, вільгаць адыходзіць, таму трэба своечасова кінуць збожжа. Дзесьці трэба папрасіць механізатараў, дзесьці трэба ўладу даць такую, якую Сталін у гады вайны не меў. Да 9 мая мы павінны пасеяць усё, і кукурузу ў тым ліку. Таму трэба працаваць дзень і ноч. Ад гэтага нікуды не падзецца», — паставіў задачу беларускі лідар.

«Гэты досвед трэба вывучыць»

Старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка далажыў пра ход пасяўной кампаніі непасрэдна ў рэгіёне. Губернатар расказаў, што ў выкананне даручэння Прэзідэнта ў вобласці створана сем механізаваных атрадаў, якія забяспечаны тэхнікай. Гэтыя атрады займаюцца ўсім комплексам сельскагаспадарчых работ. Праца такіх атрадаў забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне энерганасычанай тэхнікі. Як запэўніў Анатоль Ісачанка колькасць механізаваных атрадаў будзе павялічана. «Вось 9 камбайнаў, намалот на адзін зборжаўборачны камбайн у атрадзе склаў 1623 тоны, па вобласці — 800. І механізатараў трэба менш, і зарплата ў людзей больш», — адзначыў губернатар. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты нядрэнны досвед трэба вывучыць. Тым больш, што па яго словах, ён больш патрэбны усходу, чым захаду. Прэзідэнт таксама паставіў перад губернатарам задачу вырашыць праблему падзяжу жывёлы. Для Магілёўскай вобласці гэта сапраўды вялікая праблема. 

«У нас добрая тэхніка. Але няма адказнасці людзей за гэту тэхніку»

Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з узорамі новай і адноўленай сельскагаспадарчай тэхнікі айчыннай вытворчасці. І адразу — заява на злобу дня. «Нашы збеглыя, мярзотнікі, заклапаціліся, што ў нас камяні збіраюць людзі (школьнікі, студэнты, вайскоўцы і іншыя), а на захадзе ёсць тэхніка для гэтага. Ды ёсць у нас тэхніка. Але грошы лічыць трэба часам. І не ўсюды гэтую тэхніку запусціш», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён растлумачыў, што тэхніку трэба запускаць, там, дзе камянёў вельмі многа. А з невялікай колькасцю справяцца і людзі. «Усё мы маем. Толькі трэба глядзець, што, дзе і як ужываць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Як далажылі Прэзідэнту, айчынная машына, прызначаная для ўборкі камянёў, на 40 працэнтаў таннейшая за польскія аналагі. На гэты момант лакалізацыя 85 працэнтаў, але працуюць над тым, каб яна была цалкам айчыннай вытворчасці.

Як працуе сельскагаспадарчая тэхніка кіраўнік дзяржавы пракантраляваў асабіста. І абавязкова задаў некалькі пытанняў вадзіцелям, якія ў гэтым пытанні сапраўдныя прафесары. «У нас добрая тэхніка. Але ў нас няма адказнасці людзей за гэту тэхніку», — заўважыў Прэзідэнт. А гэта ўжо зона адказнасці профільнага міністра, губернатара, кіраўнікоў на месцах — выбудаваць гэтую працу належным чынам. У цэлым, па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба максімальна павышаць лакалізацыю ў вытворчасці айчыннай сельсгастэхнікі. А тым, хто яе выкарыстоўвае — самым уважлівым чынам сачыць за якасцю яе абслугоўвання. 

Павінен быць парадак

Асобна Прэзідэнт звярнуў увагу на дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэтым днямі кіраўнік дзяржавы падпісаў закон па пытаннях прадпрымальнікай дзейнасці, якім прадугледжаны шэраг новаўвядзенняў. «Мы там парадак навялі. Рашэнні прыняты адпаведныя — іпэшнікам ты будзеш тады, калі трапіш у спіс гэтых іпэшнікаў, гэта значыць, будзеш ажыццяўляць той від работ, які будзе дазволена ІП. А то ў нас усе сталі іпэшнікамі, і працаваць няма каму. Гэта не значыць, што мы ўсіх у стойла загонім, але павінен быць парадак», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

З такога ж падыходу павінны сыходзіць і кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, якія далучаюць да сябе сельгасарганізацыі. Як прыклад — Беларускі цэментны завод. Па словах Прэзідэнта, такім прадпрыемствам раней мала ўвагі ўдзялялі. Але і кіраўнікам прадпрыемстваў не трэба забываць, што яны нясуць усю адказнасць за сельгасарганізацыі. 

Пакуль вёска забяспечвае краіну, як краіна забяспечыць вёску

Таксама Прэзідэнту паказалі аўтамагазін арганізацый спажыўкааперацыі. На неабходнасць якаснага абслугоўвання сельскага насельніцтва і жыхароў аддаленых рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу 16 лютага на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. Тады кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба арганізаваць работу аўтакрам такім чынам, каб у вяскоўцаў была якасная замена стацыянарнай краме.

Адзін з такіх прыкладаў паказалі Аляксандру Лукашэнку ў Касцюковічах. Аўтамагазін «Купава» выраблены Мінскім аўтамабільным заводам. Такая машына адпавядае ўсім патрабаванням: і тэхналагічным, і тэхнічным, і санітарным. Усім абсталявана. Аб тым, як працаваць на такой машыне, Прэзідэнт гаварыў непасрэдна з прадаўцом аўтакрамы Людмілай: «Дзякуй табе, Люда, за абслугоўванне людзей. Праца няпростая, але ўдзячная: людзі вельмі ўдзячныя, калі прыязджаеш, так? Тым больш усё ёсць, што ў магазіне, проста аб’ёмы іншыя. А больш за аб’ём табе, напэўна, і не трэба?». Людміла запэўніла кіраўніку дзяржавы, што гэта вельмі зручная, прасторная машына, для якаснага захавання прадуктаў ёсць халадзільнікі і маразільная камера. «Гэта значыць гэтай машыне быць, яна зручная?» — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. «Зручная», — запэўнілі кіраўніка дзяржавы. старшыні праўлення Белкаапсаюза Інэсе Караткевіч Прэзідэнт параіў устанавіць кантроль за работай гэтых машын, што зніме праблему абслугоўвання. Яна запэўніла, што гэта пытанне адпрацавана.

Як далажыла кіраўнік Белкаапсаюза, нядаўняя інвентарызацыя паказала, што сёння на балансе падпарадкаваных арганізацый 633 аўтамагазіны, 414 поўнасцю зношаныя. Інэса Караткевіч адзначыла, што за два гады спажыўкааперацыяй ужо набыта 86 новых машын. У гэтым годзе будзе пастаўлена яшчэ 118 адзінак. Усяго ж на працягу некалькіх гадоў Белкаапсаюзу неабходна закупіць 414 аўтакрам. Кошт адной машыны — каля Br225 тыс., яна здольна перавозіць да 5,5 т тавару. Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне закупкі новых аўтакрам для Белкаапсаюза. Пры гэтым асноўныя затраты павінны легчы на спажыўкааперацыю, пры дапамозе аблвыканкамаў. Аднак, Прэзідэнт запатрабаваў не забываць і пра той аўтапарк, што ўжо ёсць, наколькі гэта магчыма, аднаўляць старыя машыны. 

Лішкаў і палацаў не трэба. Рамёствы — гэта золата

Пасля пытанняў харчовай бяспекі кіраўнік дзяржавы ўдзяліў увагу духоўнаму састаўляючай. Аляксандр Лукашэнка наведаў Раённы цэнтр культуры, дзе азнаёміўся з тым, як арганізаваны вольны час жыхароў Касцюковіцкага раёна. Новы будынак раённага Цэнтра культуры быў пабудаваны ў 2021 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2021-2025 гады. Гэта сучасны аб’ект, дзе прадстаўлены комплекс культурных паслуг. Тут дзейнічае раёны Дом рамёслаў, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва. Штогод праводзіцца больш за 600 культурных мерапрыемстваў. Адно з іх наведаў і Прэзідэнт — рэпетыцыю выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба «Зубр» і ўзорнага харэаграфічнага калектыва «Мазаіка» Касцюковіцкай дзіцячай школы мастацтваў. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што падобныя культурныя ўстановы, безумоўна, павінны быць. Але не трэба будаваць палацы, лепей сэканоміць грошы на будаўніцтве аб’ектаў і павысіць зарплаты людзям. Акрамя таго, як нагадаў Прэзідэнт, бюджэтныя сродкі патрэбныя і ў ахове здароўя, і ў адукацыі. 

«Я за тое, каб і рамёствы, якія павінны быць, і нейкі краязнаўчы музей, і бібліятэкі былі. Павінна гэта быць. Але павінна быць аптымальна», — арыентуе кіраўнік дзяржавы. Аляксандру Лукашэнку паказалі вырабы народных майстроў, творчасць маладых і старэйшых мастакоў. Асаблівую цікавасць Прэзідэнта выклікала ткацтва, традыцыі якога ў рэгіёне працягвае народны майстар Валянціна Волкава. «Вось гэта трэба падтрымліваць, развіваць. Але ці трэба „палацы“ для гэтага? Можа, зарплату большую даць, яшчэ штосьці... Вось гэта золата — рамёствы старажытныя — мы іх вельмі беражом, падтрымліваем », - падкрэсліў беларускі лідар. На памяць Прэзідэнту падарылі рушнік, створаны касцюковіцкімі майстрамі. 

«Пакуль вы ёсць, краіна будзе незалежнай і суверэннай»

Традыцыйная частка рабочых паездак Прэзідэнта ў раённыя цэнтры — зносіны з мясцовымі жыхарамі. Касцюковічы выключэннем не сталі. Тым больш, як успомніў Аляксандр Лукашэнка, ён не быў тут ужо 5 год. «Шчыра кажучы, крыху здзівіўся, што вы захавалі ўсё ў парадку і нават на зямлі нядрэнна працуеце. Гэта вельмі важна», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы. Ён высока ацаніў работу жыхароў Касцюковіцкага раёна. А сам горад ён назваў «Мінскам на ўсходзе нашай цудоўнай краіны» і падзякаваў за гэта мясцовым жыхарам.

«Дзякуй вам за тое, што вы сапраўдныя. Нутром чую, што вы сапраўдныя. Мастацкая самадзейнасць, рамёствы — усё сваё. Усё, чаму, я ўпэўнены, сёння можа пазайздросціць буйны горад, у тым ліку і сталіца. Гэта вялікая справа, мы будзем падтрымліваць у гэтым плане вас», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Асобна ён падзякаваў мясцовым жыхарам за тое, што яны захавалі старажытныя рамёствы, вучаць ім дзяцей і ўсебакова развіваюць маладое пакаленне. «Вы захоўваеце нашыя старажытныя традыцыі, вы добра спяваеце, вы складаеце на злобу дня тое, што трэба злажыць. Таму і кажу, што вы сапраўдныя, вы патрыятычныя. Нутром чую, што вы сапраўдныя людзі. Пакуль вы ёсць, краіна будзе незалежнай і суверэннай і ніхто нам не страшны», — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэту паездку ў Касцюковіцкі раён не трэба разглядаць, як частку «чарнобыльскага шляху Прэзідэнта», калі ён часта наведваў раёны, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі. «Мы сёння менш гаворым пра гэта. Бо мы разумеем, што мы выратавалі сваю краіну. Сёння мы разумеем, што тут не проста трэба жыць, тут людзі жывуць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што ў гэтым рэгіёне дастаткова высокі ўзровень нараджальнасці. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава і ў далейшым будзе падтрымліваць шматдзетныя сем’і. Перш за ўсё — жыллём. Сем’і з траімі і больш дзецьмі без размоў па-за чаргой павінны быць забяспечаны жыллём.

«Мы зрабілі мудра, мы вытрымалі»

Жыхары Касцюковічаў задалі свае пытанні Прэзідэнту. Адно з іх — актуальнае. У Прэзідэнта пацікавіліся яго бачаннем далейшага развіцця айчыннай атамнай энергетыкі і папрасілі пракаменціраваць той факт, што заходнія суседзі, якія актыўна выступалі супраць будаўніцтва Беларускай АЭС, сёння будуюць станцыі ў сябе. «Напэўна, нашае грамадства ўжо перахварэла на паслячарнобыльскі сіндром. Калі сказаць аб тым, што я вельмі перажываў, калі прымаў рашэнне аб будаўніцтве атамнай станцыі — гэта нічога не сказаць. Гэта такую праблему ўзяць на сябе, хаця ты і Прэзідэнт, складана было ў чарнобыльскай рэспубліцы. Я рызыкнуў, а вы зрабілі. Сёння мы разумеем, што зрабілі правільна. Гэта самы чысты від энергіі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што чалавечы фактар і волю выпадку, як гэта было з Чарнобыльскай станцыяй, якая да таго ж была эксперыментальная, выключаць нельга. І тым больш гэта не нагода нічога не рабіць, і чакаць, калі з неба шчасце ўпадзе.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Беларуская атамная станцыя будавалася не толькі для таго, каб забяспечыць краіну электраэнергіяй, хоць гэта найперш: «Я хацеў, каб у нас у Беларусі новая школа з’явілася. Будаўніцтва, эксплуатацыя станцыі пацягнулі за сабой адукацыю. Нам трэба спецыялістаў зараз рыхтаваць (што мы і робім), перабудоўваць адукацыю, рыхтаваць спецыялістаў». Прэзідэнт зазначыў, што беларускія спецыялісты актыўна пераймалі вопыт замежных калег. На Беларускай АЭС працавала і зараз працуе нямала расійскіх спецыялістаў. Але сёння ёсць і свае спецыялісты, якія могуць перадаваць свой досвед іншым краінам. Больш за тое, сёння беларускія спецыялісты могуць самі пабудаваць атамную станцыю, тым больш што, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, расійскія інжынеры заўсёды побач і гатовы дапамагчы. «Сваю станцыю шмат у чым мы будавалі самі. Расіяне сюды не вазілі людзей, бо ў іх саміх не хапала. Інжынеры, тэхналогіі былі расійскімі, мы іх асвойваем. Расія нам дае гэтыя тэхналогіі, менавіта дае — не прадае», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён правёў паралель з палётам Марыны Васілеўскай у космас, які стаў магчымым дзякуючы дапамозе расійскіх партнёраў. «Якая краіна за свае грошы (гэта мільёны долараў) пасадзіла касманаўта і запусціла ў іх жа ракеце? Ды ніякая. Так можа зрабіць толькі брацкая, сяброўская, родная нам краіна. І вось мы вучымся. І я хацеў, каб нашыя людзі навучыліся. Яны навучыліся гэта рабіць, сёння нашы спецыялісты працуюць з расіянамі па ўсім свеце, будуюць атамныя станцыі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт успомніў, як у 2020 годзе «беглыя» разам з заходнімі краінамі абяцалі закрыць Беларускую атамную станцыю. «Я тады вас папярэджваў: не спяшайцеся, паглядзім, што яны будуць рабіць», — нагадаў ён. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што зараз адбываецца ў заходніх краінах. Польшча збіраецца будаваць дзве атамныя станцыі. Літва замест таго, каб давесці да розуму Ігналінскую атамную станцыю, закрыла яе, а сёння купляе электраэнергію па шалёных коштах. «Мы тады, сціснуўшы зубы, трывалі. Я тады папярэджваў: «вы можаце там віскатаць колькі заўгодна, але перашкодзіць нам пабудаваць атамную станцыю, вы не зможаце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у свеце ўсяго некалькі краін умеюць будаваць атамныя станцыі: Германія, Францыя, Амерыка, Кітай, Расія, Карэя і Японія. Болей ніхто не ўмее гэтага рабіць. Але французы і немцы, падпарадкаваўшыся амерыканцам, вырашылі закрыць атамныя станцыі. «Сёння ў 5-6 разоў даражэй купляюць прыродны газ, я не кажу пра нафту і нафтапрадукты і іншую электрычнасць. — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Мы зрабілі мудра, мы вытрымалі, і мы пабудавалі станцыю». Прэзідэнт заўважыў, што гэта дало краіне нямала. Напрыклад, пачаў развівацца электратранспарт, пачалі будаваць дамы, дзе спажыванне вады, ацяпленне залежаць толькі ад электрычнасці, і гэта выгадна. «Таму ўзнікла шалёная думка пабудаваць другую атамную станцыю», — заявіў Прэзідэнт. Для выбару пляцоўкі разглядаецца і ўсходняя частка Магілёўскай вобласці. Але гэта толькі адзін з варыянтаў, які абдумваецца. Пакуль канчатковае рашэнне не прынятае. «Шмат пытанняў, але я хацеў бы. Калі я не паспею на змярканні свайго палітычнага жыцця гэта зрабіць, то хаця б пачаць. А потым вы ўсё роўна, куды падзенецеся, дабудуеце. Гэта будзе сур’ёзны крок наперад», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы прыраўнаваў будаўніцтва атамнай станцыі да касмічных дасягненняў, а гэта ўжо вяршыня. Ён заўважыў, што акрамя палёту касманаўтаў Беларусь можа ганарыцца і вытворчасцю касмічных спадарожнікаў. Цяпер яны запатрабаваныя ў расіян, але раней іх актыўна куплялі і ў заходнія краіны. А што да апанентаў, то Прэзідэнт даў, як ён гэта назваў, простую, сялянскую параду: «Калі ваш супернік і вораг кажа, што ў нас дрэнна, лічыце, што там у нас добра. Яны нас цягнуць туды — ідзіце ў адваротным кірунку». Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за гэтыя гады беларусам спрабавалі навязаць шмат «дабротаў»: рыначная эканоміка, платная адукацыя і платная медыцына, і іншыя. «Азіраючыся назад, думаю, калі б мы гэтым шляхам пайшлі, (а яшчэ зямлю на кавалкі парэзалі, прыватызавалі прадпрыемствы прамысловыя), вас бы не было. Вы ведаеце, у чыіх руках усё б апынулася. А потым яны захацелі б улады. А потым пачалася бойка (гэта копія нашых паўднёвых суседзяў), а потым пачалася б вайна. Таму ўсё трэба рабіць спакойна, свядома, абдумана», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што, напрыклад, прыватная сельская гаспадарка — гэта нядрэнна. Але фермеры павінны адказна ставіцца да зямлі, і працаваць на краіну. Але такіх меншасць. І фермеры таксама павінны працаваць свядома і абдумана, укладваць свае грошы, працаваць на вынік. «Трэба рабіць усё акуратна, абдумана. А калі прымаеш такія рашэнні, як атамная станцыя, тысячу разоў трэба падумаць, і з вамі параіцца», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Не хвалюйцеся, будзем рабіць так, каб нашы дзеці і ўнукі былі не ў лапцях», — запэўніў Прэзідэнт.

Калі паехаў на Алімпіяду ў нейтральным статусе — выступай дастойна

Ад пазітыўных пытанняў на перспектыву — да праблем сённяшніх. Настаўнік фізкультуры Аляксандр Горкі звярнуў увагу, што беларускія спартсмены дапушчаны на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў нейтральным статусе, выступаць будуць па-за залікам, у камандных відах і дысцыплінах і зусім не змогуць выступіць. У Прэзідэнта спыталі яго меркаванне — ці варта ў такіх умовах згаджацца на ўдзел у Алімпіядзе. «Тое, што гэтыя мярзотнікі робяць у спорце, лепшым спорт не робіць. Асабліва алімпійскі рух. Вы ведаеце, у мінулыя часы на час алімпіяд вайны спыняліся — гэта былі мірныя-мірныя спаборніцтвы. У што яны зараз ператварыліся (як і ўсё астатняе), вы бачыце», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, то паводле слоў Прэзідэнта — гэта справа спартсмена. «Вядома, хацелася б, каб сцяг і гімн, усё як мае быць. Але я разумею спартсменаў, гэта іх жыццё, гэта іх заробак. Жыццё спартсмена вельмі кароткае. Таму, разумеючы гэта, я не настойваю ні на адным з варыянтаў. Гэта справа спартсмена. Калі ён вырашыць удзельнічаць, ён яшчэ зласнешым будзе, настрой і злосць у спорце немалаважнае мае значэнне. Але калі ўжо ты адабраўся і едзеш туды ў нейтральным статуце — набі ім пысу, пакажы, што ты сапраўдны беларус. Мы ўсё роўна будзем разумець, што ты беларус. І калі ты выйдзеш пераможцам, гэта яшчэ добрая тэма для нас, каб мы ім палітычна пысу набілі. Мы не павінны здавацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён успомніў савецкія часы, калі на спартсменаў таксама няслаба ціснулі, а яны былі наймацнейшымі ў свеце і ўсіх перамагалі.

«Чым больш на цябе ціснуць, тым большы супраціў. Яны атрымаюць, што ў нас спартсмены па тых відах спорту, дзе ў нас школы добрыя — будуць моцнымі», — адзначыў беларускі лідар. Ён прывёў у прыклад біятлон, дзе зараз беларусы перамагаюць расіян, у якіх наймацнейшая школа біятлона. Як прызнаўся кіраўнік дзяржавы, у такія моманты ён разумее, што ў нас біятлон жыве і нашыя спартсмены штосьці могуць.

«Заўтра мы вернемся ў еўрапейскую, сусветную сям’ю. І мы ім пакажам, што мы можам. А спартсмен хай вызначыцца сам. Хоча паехаць — няхай едзе і выступае. Але толькі годна выступае, каб мы ім ганарыліся. Я ні на каго ціснуць не буду і настойваць не буду», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Павінна быць душа — мы гэтым адрозніваемся

Не абышлося і без «жыцейскіх» пытанняў. У Прэзідэнта спыталі, як ён ставіцца да таго, што сёння модна ператвараць школьныя выпускныя ў шоу з дыджэямі, лімузінамі і іншымі, што выклікае ў бацькоў суцэльныя клопаты. «Вельмі негатыўна стаўлюся, — адназначна адказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — кампаніяй, калектывам. Патанчаць і сустрэнуць світанак. Гэта вельмі важна».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што нельга дапускаць расслаення сярод дзяцей. Пасля канікулаў дзеці павінны прыходзіць у школу прыкладна аднолькавымі. Дзеля гэтага на дзяржаўным узроўні праводзіцца нямала мерапрыемстваў. А далей ужо самі дзеці пры падтрымцы бацькоў павінны старацца добра вучыцца, каб нечага дасягнуць у жыцці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння ў маладых людзей роўныя магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі. Існуе мэтавае накіраванне, беларускія ВНУ — адны з найлепшых. Толькі вучыся. «Мы стварылі ідэальныя роўныя ўмовы, гэтага трэба прытрымлівацца. І нельга пасля заканчэння агульнаадукацыйнай сярэдняй школы рабіць тое, што вы гаворыце. Нейкі там „круцяк“ табе дапамог ці ты багацейшы — ты лімузін замовіў, прыехаў твой сын у школу. А як іншыя глядзяць? А як бацькі глядзяць? Гэта няправільна, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я публічна гавару: нам нельга гэта культываваць, нельга нам гэта падтрымліваць. Гэта дрэнна».

Кіраўнік дзяржавы даручыў адказным асобам з Адміністрацыі Прэзідэнта, урада ўзяць на кантроль правядзенне выпускных. Ён заўважыў, што раней гэтае пытанне крыху ўпусцілі, але сітуацыю трэба выпраўляць, школьныя выпускныя не павінны быць шоу. «Душа павінна быць. Гэтым мы адрозніваемся — мы душэўныя людзі, у нас ёсць душа і сэрца. Школы, калектывы, бацькі — яны павінны вызначыцца. Лепш з бацькамі дзеці павінны быць. Потым бацькоў дадому адправяць. У сярэдзіне ўрачыстай часткі пабудуць адны. І сустрэнуць світанак. Будзе што ўзгадаць», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Касцюковічы

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.