Вы тут

Асветніцкія праекты да 85-годдзя Брэсцкай вобласці рэалізуюць у рэгіёне


Да 85-годдзя Брэсцкай вобласці, якое адзначаецца сёлета, установы культуры рэгіёна рэалізуюць цікавыя асветніцкія праекты. Напрыклад, Брэсцкі абласны краязнаўчы музей распачаў праект пад назвай «#1 рэгіён. Пад знакам якасці». 

У ходзе мерапрыемстваў і выстаў наведвальнікаў знаёмяць з эканамічным і сацыяльным патэнцыялам вобласці, расказваюць пра знакавыя прадпрыемствы.


Прэзентацыя вытворцаў

Падчас кожнага з мерапрыемстваў музей арганізуе выставу, якая расказвае аб прадпрыемстве, абавязкова ўладкоўваецца зона з інтэрактывам, каб наведвальнікі маглі ўключацца ў працэс. Старт праекту быў дадзены на мінулым тыдні расказам пра Жабінкаўскі цукровы завод. Ужо ў фае музея наведвальнікаў чакала інтэрактыўная пляцоўка, якую арганізавалі выкладчыкі і навучэнцы Брэсцкага гандлёва-тэхналагічнага каледжа. Пра гісторыю завода, якая налічвае шэсць дзесяцігоддзяў, пра яго дасягненні, калектыў расказвалі дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Жабінкаўскі цукровы завод» Аляксандр Пазнанскі і яго намеснік Святлана Цюга. Галоўны тэхнолаг прадпрыемства Максім Буракоў пазнаёміў з асаблівасцямі вытворчага працэсу, даволі складанага і спецыфічнага. Тэхнолаг не толькі расказаў, ён прадэманстраваў нават некалькі спрошчаных працэсаў, якія адбываюцца ў час вытворчасці цукру.

Несумненна, упрыгожылі мерапрыемства прадстаўнікі працоўнай дынастыі Іванюкоў, агульны стаж якіх у суме складае амаль паўтара стагоддзя. Яўген Пятровіч больш чым сорак гадоў адпрацаваў на заводзе, цяпер на прадпрыемстве працуе яго сын Андрэй Яўгенавіч.

Наведвальнікі прэзентацыі змаглі паўдзельнічаць у віктарыне і атрымаць прызы ад Жабінкаўскага цукровага завода. З задавальненнем успрынялі многія інфармацыю аб тым, што прадпрыемства развівае прамысловы турызм. Значыць, можна адправіцца на экскурсію і паглядзець, як вырабляецца прадукт, які прысутнічае на стале ў кожнага.

Мерапрыемства праходзіла надзвычай жыва. Былі тут і арыгінальныя кандытарскія вырабы з цукру ды распісныя пернікі ад навучэнцаў гандлёва-тэхналагічнага каледжа, і музычныя нумары ад удзельнікаў самадзейнага калектыву завода, і, вядома, шмат гістарычных дакументаў, фотаздымкаў, якія адлюстроўваюць мінулае прадпрыемства.

Дырэктар абласнога краязнаўчага музея Аляксандр Міцюкоў падкрэсліў, што культурна-адукацыйны праект, прысвечаны 85-годдзю першага рэгіёна, ставіць мэту пазнаёміць з флагманамі прамысловай вытворчасці і сацыяльнай сферы з дапамогай музейных тэхналогій. Сёлета плануецца правесці шэсць такіх мерапрыемстваў. Некалькі вытворцаў ужо зацікавіліся перспектывай гэтай не зусім звычайнай прэзентацыі. Налета праект мяркуецца прадоўжыць.

Краязнаўчы інтэлектуальны

Тым часам Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ладзіць цэлы шэраг мерапрыемстваў на пазначаную тэму. Як расказала намеснік дырэктара бібліятэкі Ларыса Верамчук, на юбілей рэгіёна ўстанова адклікнулася інтэрнэт-праектам «Гэты дзень у гісторыі Брэстчыны». З яго дапамогай можна прасачыць этапы развіцця рэгіёна. «У аснове праекта — матэрыялы рэгіянальнага перыядычнага друку: абласной газеты „Заря“ і раённых газет з 40-х гадоў да 2023 года, — расказала Ларыса Эдуардаўна. — На працягу года на сайце і старонцы ў „Фэйсбуку“ мы знаёмім з жыццём Брэстчыны, назаўсёды захаваным у загалоўках, радках, фотаздымках перыядычнага друку розных гадоў. Менавіта гэтыя падзеі, факты, імёны вызначалі ход гісторыі рэгіёна. Даты публікацый у газетах адпавядаюць даце календара».

Некалькі праектаў рэалізуе юнацкі аддзел бібліятэкі. Яго загадчыца Людміла Кавалеўская адметным назвала праект «#1 рэгіён у асобах. Дзіцячыя пытанні — дарослыя адказы». У госці да вучняў школ, навучэнцаў каледжаў і ліцэяў прыходзяць вядомыя ў рэгіёне людзі і праводзяць гутаркі ў форме дыялогу.

Першым госцем праекта «#1 рэгіён у асобах. Дзіцячыя пытанні — дарослыя адказы» стала старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. На сустрэчу з ёй прыйшлі вучні 8 класа гімназіі № 1 Брэста. Было вельмі шмат пытанняў пра спецыфіку работы пісьменніка. Юныя ўдзельнікі сустрэчы цікавіліся нават сумай ганарараў, а таксама пыталіся, ці важна пісьменніку пісаць правільна (значыць, не рабіць памылак у словах). Былі і даволі сур’ёзныя пытанні для іх узросту, вучні распытвалі, якіх аўтараў і якую літаратуру важна чытаць сёння. Сустрэча прайшла так цікава, што яе ўдзельнікі выказалі жаданне правесці яшчэ адзін дыялог, і супрацоўнікі бібліятэкі падтрымалі ініцыятыву.

У сакавіку на сустрэчу з вучнямі 20-й школы і навучэнцамі каледжа прыборабудавання завітала артыстка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Яніна Малінчык. Папулярная, таленавітая, харызматычная актрыса, якую масавы глядач стаў пазнаваць пасля ролі Марыі Бачкаровай у фільме «Батальён», сыграла ўжо ў многіх стужках розных кінастудый і спектаклях роднага тэатра. Таварыская і абаяльная, Яніна хутка захапіла ўвагу аўдыторыі, якую цікавілі гісторыі з акцёрскага жыцця. Пытанні ёй задавалі вельмі розныя: пра ролі ў кіно і вучобу ў школе; пра тое, як здымаюцца фільмы і ствараюцца спектаклі; распытвалі таксама пра радзіму, сям’ю, пра тое, чым варта даражыць у жыцці. Дыялог атрымаўся разнапланавым і душэўным.

Людміла Кавалеўская таксама расказала аб правядзенні турніру краязнаўчых інтэлектуальных гульняў «Мы — берасцейцы». Ён праводзіцца пры падтрымцы Маладзёжнага парламента пры Брэсцкім гарадскім Савеце і гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. У гульнях удзельнічаюць вучні школ і гімназій, а таксама навучэнцы сярэдніх спецыяльных устаноў горада і раёна. На кожнай гульні бывае 5-6 камандаў. Удзельнікі адказваюць на пытанні па гісторыі, культуры, літаратуры, жыцці Брэста і вобласці. Ужо адбыўся першы тур, вызначаны пераможцы. Пасля правядзення другога тура найлепшыя каманды сустрэнуцца ў фінале, дзе будзе вызначаны пераможца турніру. Праект накіраваны на папулярызацыю ведаў аб сваім краі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота тэлеграм-канала «Жабінка актуальна» і Брэсцкай абласной бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».