Вы тут

У Строчыцах прайшоў ваенна-гістарычны фестываль


27–28 красавіка ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшоў ваенна-гістарычны фестываль рэканструкцыі падзей Першай сусветнай вайны.


Арганізатарам мерапрыемства, апрача музея, стаў культурна-гістарычны фонд памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» пры падтрымцы гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна». Асноўнае дзеянне — рэканструкцыя бою паміж нямецкімі і расійскімі войскамі за адно з мястэчак (Строчыцы) у красавіку-маі 1915 года. Менавіта ар’ергардныя баі, калі пасяленні і вёскі маглі быць атакаваны адным бокам і хутка адбіты налётам другога — тыповая франтавая карціна таго часу.

Андрэй Аралін, кіраўнік фонду «Крокі», палкоўнік-кавалерыст і камандзір рэканструктараў стаяў ля вытокаў адраджэння малавядомай, трагічнай і забытай Першай сусветнай вайны. Дзякуючы яго намаганням і такіх жа фанатаў-паплечнікаў, белых плям на карце ваеннага канфлікту 1914–1918 гадоў на тэрыторыі Беларусі стала значна менш. І ў тыя гады ліхалецця загінула больш як мільён нашых суайчыннікаў, амаль два мільёны чалавек сталі бежанцамі, больш за мільён былі прызваны ў войска. Тысячы вёсак і мястэчак былі зруйнаваныя. Каб сучаснікі ведалі і памяталі аб гэтых трагічных старонках нашай гісторыі, праводзяцца ваенна-рэканструктарскія фестывалі.

Напярэдадні асноўных падзей рэканструкцыі «салдаты» рускай і нямецкай «армій» разбілі ваенна-палявыя лагеры на тэрыторыі музея. Камандзіры вучылі маладых «воінаў» навыкам вядзення далёкага бою і штыкавой атацы. «Сёстры міласэрнасці» і «валанцёр Чырвонага крыжа» Дзмітрый Лапцэвіч рыхтавалі бінты і запасаліся лекамі для аказання першай медыцынскай дапамогі. Па тэматыцы ваенна-палявой медыцыны Дзмітрый адукаваны як тагачасны доктар. Навучыўся ў музеі гісторыі медыцыны, дзе працуе пасля сканчэння гістарычнага факультэта.

Сярод рэканструктараў многія маюць дыплом гісторыка і цяпер сумяшчаюць тэорыю з практыкай. Пакуль дзеці круціліся, а дядзькі-«салдаты» дазвалялі ім разглядваць кулямёт «Максім» і брэндавую вінтоўку Мосіна з карабінамі, маладыя бацькі ўважліва слухалі расказы пра падзеі Першай сусветнай, калі ўся гэтая зброя (у Другую сусветную таксама) страляла не халастымі патронамі. Цікавыя фота і відэаздымкі  з экскурсіі па ваенна-палявым лагеры наведвальнікі рабілі з асаблівым задавальненнем і на карыснай адрэналінавай хвалі.

 

Вось «вайна» і пачалася: 28 красавіка за беларускую вёску (Строчыцы) салдаты і камандзіры абедзвюх армій наступалі і адступалі напераменку. Ажыў кулямёт «Максім», і вінтоўкі Мосіна давалі агню. Спадар-палкоўнік Андрэй Аралін праз мікрафон рабіў прафесійны каментарый карціны бою. Вынік смяротнай сутычкі з «цяжкапараненым салдатам» (рэканструктарам Валодзем Буркевічам) стаў прадказальным: пад моцным націскам усе кайзераўцы, хто ўцалеў, збеглі ў лес. Адбылося сапраўднае маламетражнае экшн-кіно.

Тамара ХАМІЦЭВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Без белых плям

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.