Вы тут

Алена Фурман — чэмпіёнка


Гераіні тыдня. Алена Фурман заваявала «золата» чэмпіянату Еўропы па акадэмічным веславанні 2024 года, які завяршыўся ў венгерскім Сегедзе. Яна стала найлепшай у неалімпійскай дысцыпліне — адзіночцы лёгкай вагі. Акрамя таго, у Сегедзе прайшла алімпійская кваліфікацыйная рэгата, на якой мужчыны і жанчыны разыгрывалі па тры пуцёўкі на Гульні-2024. Пераможцай у жаночай адзіночцы і ўладальніцай пуцёўкі ў Парыж стала беларуска Таццяна Клімовіч, якая фінішавала з 10-секундным запасам над прадстаўніцамі Азербайджана і Украіны.


Героі тыдня. У партугальскім Фуншале завяршыўся адкрыты чэмпіянат Еўропы па плаванні сярод спартсменаў з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарату. Ігар Бокій стаў пяціразовым чэмпіёнам Еўропы ў класе S13. Ён перамог на дыстанцыі 200 метраў комплексным плаваннем, на дыстанцыі 50 метраў, стометроўцы і 400-метроўцы вольным стылем, а таксама на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем. Сярэбраным прызёрам турніру стаў Ягор Шчалканаў (100 метраў на спіне, S9), бронзавымі прызёрамі — Максім Вашкевіч (100 метраў на спіне, S12) і Уладзімір Ізотаў (100 метраў брасам, SB12).

Перамога тыдня. Марыя Гнедчык — чэмпіёнка трэцяга этапа Кубка свету па сучасным пяціборстве 2024 года, які прайшоў у Венгрыі. Гэта перамога на этапе Кубка свету стала для Гнедчык першай у кар’еры. Кубак свету па сучасным пяціборстве з’яўляецца адборачным турнірам на Алімпійскія гульні 2024 года. Дзякуючы перамозе ў Вергрыі, Марыя Гнедчык прэтэндуе на галоўны старт чатырохгоддзя.

Медалі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на чэмпіянаце Еўропы па боксе, які прайшоў у Сербіі. Аляксей Алфёраў стаў сярэбраным прызёрам турніру ў вагавой катэгорыі да 86 кг. Арына Данільчык (да 70 кг) і Вікторыя Кебікава (да 81 кг) заваявалі бронзавыя медалі чэмпіянату Еўропы.

Каманда тыдня. «Мяшкоў Брэст» стаў чэмпіёнам Беларусі па гандболе. У трэцім паядынку фінальнай серыі брэсцкія гандбалісты аказаліся мацнейшымі за гульцоў СКА-Мінск. Вынік сустрэчы — 27:25. 

Надзеі тыдня. У Новасібірску завяршыўся міжнародны турнір па хакеі «Ліга Ставак Кубак Будучыні» з удзелам маладзёжных зборных Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама зборная расійскай Студэнцкай хакейнай лігі. Па выніках турніру наша «маладзёжка» заняла трэцяе месца, у вырашальным матчы ўступіўшы Расіі-U20 з вынікам 4:1.

Лічба тыдня. 36 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на адкрытым Кубку Расіі і ўсерасійскім турніры па кікбоксінгу ва Ульянаўску. Турнір праходзіў у два этапы: з 21 па 25 красавіка ў раздзелах «Лайт-кантакт», «Лоў-кік», «Поінтфайтынг» і «Сольныя кампазіцыі», з 25 па 28 красавіка — у раздзелах «К-1» і «Фул-кантакт». Прадстаўнікі нашай каманды заваявалі 13 залатых, 7 сярэбраных і 16 бронзавых узнагарод. Чэмпіёнамі Кубка ў раздзеле «Лоў-кік» сталі Віктар Нечытайла (мужчыны, 60 кг), Кірыл Грэк (старэйшыя юніёры, 63,5 кг), Глеб Базанаў (старэйшыя юніёры, 75 кг), Андрэй Самусенкаў (малодшыя юніёры, 51 кг), Дзяніс Базанаў (малодшыя юніёры, 60 кг), Лізавета Сідарава (старэйшыя юніёркі, 48 кг) і Лізавета Жыгера (старэйшыя юніёркі, 60 кг). Перамогі ў раздзеле «К-1» атрымалі Станіслаў Саўчанка (мужчыны, 86 кг), Максім Казаку (мужчыны, 60 кг), Георгій Фокін (старэйшыя юніёры, 67 кг), Ігар Кальсін (малодшыя юніёры, 42 кг) і Кацярына Сахарава (малодшыя юніёры, 60 кг). Акрамя таго, пераможцам у сольнай кампазіцыі ў свабоднай форме з прадметам стаў Павел Майкоў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.