Вы тут

Абарона арэха ад шкоднікаў, фармаванне дрэва і падкормка расліны


Заўсёды прыемна, калі артыкул выклікае чытацкую цікавасць. Пасля публікацыі матэрыялу «Эліксір жыцця», прысвечанага беларускай селекцыі фундуку і грэцкага арэха, у рэдакцыю тэлефанавалі чытачы з розных рэгіёнаў Беларусі. Каб знайсці адказы на іх пытанні, мы адправіліся ў Інстытут пладаводства.


У гэтым годзе саджанцы фундука карыстаюцца вялікім попытам ў дачнікаў

«На маім дачным участку расце фундук. Тры гады таму атрымаў першы ўраджай. Быў ураджай арэхаў і ў 2022 годзе. А ў 2023-м на расліну напалі шкоднікі — яны пакідалі пасля сябе пустыя арэхі з дзіркамі ў шкарлупіне. З цікавасцю прачытаў у газеце „Звязда“ інтэрв’ю з намеснікам дырэктара Інстытута пладаводства аб вырошчванні арэхаплодных культур. Хацеў бы прапанаваць любімай газеце распавесці аб тым, як можна абараніць расліну ад шкоднікаў.

Мікалай Якаўлевіч Карповіч, Віцебск.»

— Калі чытач гаворыць аб пустых арэхах з дзіркамі ў шкарлупіне, з вялікай доляй верагоднасці размова ідзе аб пашкоджанні арэхавым даўганосікам, — распавядае намеснік дырэктара па інавацыйнай працы РУП «Інстытут пладаводства» Віталь Васеха. — Хімічныя спосабы барацьбы з гэтым шкоднікам распрацоўваюцца. Фундук для вырошчвання ў Беларусі культура новая, і, каб даваць канкрэтныя рэкамендацыі, трэба правесці пэўныя даследаванні. Але існуе шэраг агратэхнічных спосабаў, здольных дапамагчы мінімізаваць шкоду.

Па-першае, гэта перакопка прыствольнага круга на глыбіню 25-30 см. Акрамя таго, на працягу ўсяго сезона (і асабліва ўвосень) абавязковыя збор і падчыстка ўсіх раслінных рэшткаў, у тым ліку апалых арэхаў з адтулінамі ў шкарлупіне ці такіх арэхаў, што засталіся на дрэве. Гэтыя плады важна знішчыць, пажадана спаліць.

Дачніку або гаспадару прысядзібнага ўчастка, пасадзіўшы фундук, вельмі важна прыглядацца да ствалоў, каб не прапусціць з’яўленне шкоднікаў, зазначае Віталь Валер’евіч. І нават калі шкоднікаў вы візуальна не выявілі, неабходна апрацоўваць ствалы фундуку садовымі фарбамі, якія ўтрымліваюць інсектыцыд. Гэта прафілактыка не толькі даўганосіка, але і іншых (не спецыялізаваных) шкоднікаў. Калі фундук вы фарміруеце як дрэва, такая апрацоўка праводзіцца да першага разгалінавання. Афарбоўка абароніць расліну і ад сонечных апёкаў увесну, і ад шкоднікаў. Гэтае мерапрыемства таксама пажадана правесці ўвосень. Калі ў саставе садовай фарбы няма інсектыцыду, прэпараты супраць шкоднікаў можна дадаць самастойна. Нават самыя простыя і базавыя інсектыцыды дазволяць мінімізаваць праблему на маючы адбыцца цёплы сезон. Зрэшты, нічога дрэннага не будзе, калі пафарбаваць ствалы таксама і ўвесну.

Існуюць пэўныя народныя падыходы да барацьбы са шкоднікамі раслін, якія нядрэнна працуюць на фундуку. Нельга сказаць, што яны даюць стопрацэнтны вынік, але паспрабаваць варта. Па-першае, пакуль фундук малады, на мяжы прыствольнага круга высадзіце аксаміткі, яны адпужваюць шашолак (даўганосіка). Дрэнна пераносіць гэты шкоднік таксама суседства з такімі духмянымі раслінамі, як цыбуля і часнок. З гэтым фактам звязаны яшчэ адзін спосаб прафілактычнай барацьбы: калі вы настойваеце на шалупіне цыбулі і/або часнаку водны раствор, разводзіце яго вадой у прапорцыі 1:1 і раўнамерна праліваеце ваш прыствольны круг (лепш за ўсё — з звычайнай садовай палівачкі), тлумачыць навуковец.

— Што датычыцца хімічных сродкаў абароны, то, як я ўжо казаў, на працягу аднаго-двух гадоў мы зможам даваць канкрэтныя рэкамендацыі, у тым ліку дачнікам. Арыентыровачна самыя крытычныя перыяды, калі можа адбыцца пашкоджанне фундуку насякомымі, — з другой паловы красавіка да пачатку чэрвеня. Менавіта ў гэты час асабліва важна праводзіць ахоўныя мерапрыемствы: збор раслінных рэшткаў, перакопку. Пабелку ствалоў, паўтаруся, можна адкласці на восень. Калі расліна дарослая і напад шкоднікаў — тая праблема, што паўтараецца з году ў год, трэба разумець, што за адзін сезон такімі агратэхнічнымі падыходамі вы яе не вырашыце, падкрэслівае суразмоўца. У гэтым выпадку ваша задача — мінімізаваць шкоду. Калі па суседстве іншых арэхаў не расце, з цягам часу праблема будзе вырашана.

— Але калі вы будзеце выконваць усе мерапрыемствы, а ваш сусед праз два дома нічога рабіць не будзе, або ваш участак знаходзіцца побач з лесам, то сітуацыя становіцца больш складанай. Паблізу ад лесу, дзе шмат ляшчыны, я не садзіў бы ў прынцыпе культурны фундук, таму што ў гэтым выпадку заўсёды ёсць і неспецыялізаваныя шкоднікі, якія прыходзяць, бо з’яўляецца новая ніша ў кармавой базе. А «жорсткая хімія» на дачным участку — не той варыянт, які варта ўжываць.

«Як фармаваць фундук у выглядзе дрэва?

Алена Мікалаеўна Пярловіч, Гомельская вобласць.»

— Фарміроўка дрэвам цалкам апраўдана, калі ўчастак невялікі і вы хочаце пасадзіць некалькі розных сортаў фундуку. Пры гэтым варта ўлічваць: калі крона пачынаецца нізка, няёмка карыстацца касілкай і прыйдзецца нагінацца, выкарыстоўваючы рыдлёўку. Таму мы краніруем (абразаем) саджанец на вышыні 80-90 см і такім чынам выклікаем абуджэнне пупышак і фарміраванне кроны на патрэбнай нам вышыні. Ідэальны варыянт у дачным фармаце — фарміраваць чашападобную крону. Пасля краніравання вы пакідаеце 3-4 найлепшыя, найдужэйшыя галінкі (яны будуць шкілетнымі), якія максімальна закрываюць прастору, разыходзячыся ў розныя бакі. І ўжо на іх вы будзеце фарміраваць ваш будучы ўраджай, усю вегетатыўную сферу дрэва. Асноўны прыём — гэта ўкарочванне. Пасля гэтага ў залежнасці ад сілы росту дрэва пасля заканчэння сезона (як правіла, гэта зімовае абразанне — люты — пачатак сакавіка) мы кароцім галінкі папярэдняга сезона прыкладна на адну траціну або адну чвэрць. Тым самым выклікаем нарастанне на нашы скарочаныя галінкі іншых галінак, на якіх далей будуць закладвацца ўжо пладовыя пупышкі, каб атрымліваць ураджай.

Звяртаю ўвагу садаводаў-аматараў, што крона фундуку павінна быць максімальна добра асветленай. Галінкі, якія канкурыруюць адна з адной, перасякаюць і заглушаюць адна адну, абавязкова трэба выразаць. Не выражаце ў гэтым годзе — у наступным, хутчэй за ўсё, прыйдзецца выразаць дзве з прычыны асаблівасцяў фізіялогіі фундуку. Загушчаная крона спрыяе горшаму выспяванню арэха, да таго ж загушчэнні — патэнцыйныя месцы, дзе можа ўтаіцца шкоднік або інфекцыя. Пры асветленай кроне арэх выспявае роўна і своечасова. Позняе паспяванне ў нашай кліматычнай зоне не ідзе на карысць ураджаю.

Калі мы пераходзім на кастрычнік у паспяванні арэха, у прынцыпе гэта не страшна, але патрабуе ад дачніка дадатковых намаганняў пры зборы і падрыхтоўцы арэха да захоўвання. Акрамя таго, можа адбіцца на тэрмінах захоўвання ўраджаю.

— Калі павінен выспяваць фундук у Беларусі?

— Гэта залежыць ад сорту. Ёсць раннія сарты, якія цалкам выспяваюць у другой палове жніўня. У сярэднім, калі казаць аб разнастайнасці сартоў, якія часцей за ўсё сустракаюцца ў Беларусі, гэта пачатак — канец верасня. Часам, калі жнівень выдаўся халодным, тэрмін паспявання самых позніх сартоў з раянаваных у нашай краіне можа ссунуцца на пачатак кастрычніка. Але калі па вашых назіраннях з году ў год ваш сорт спее пазней сярэдзіны кастрычніка, а ваш участак размешчаны не на поўдні Беларусі, а, напрыклад, у Віцебскай вобласці ці ў цэнтральных рэгіёнах краіны, ад такіх сартоў я раіў бы адмовіцца — яны ў нашых умовах не выспяваюць цалкам. Зразумела, што нават не зусім спелы арэх можна захоўваць і выкарыстоўваць у ежу, але тут ёсць яшчэ і біялагічны момант: расліна не завяршае ўсе свае працэсы да наступлення халадоў, не назапашвае неабходныя пажыўныя рэчывы і не гатовая да халадовага стрэсу. Адпаведна, пры суровай зіме ўзнікае рызыка страты расліны. Дзеля дачных эксперыментаў, вядома, можна вырошчваць што заўгодна, але я адмаўляўся б ад сартоў фундуку, у якіх арэх пачынае выпадаць з плюсак пасля 15 кастрычніка. Аптымальны варыянт для нашай кліматычнай зоны — збор ураджаю арэха за верасень.

«Чым падкарміць фундук на працягу сезона?

Марына Кавальчук, Заслаўе.»

— Мы мяркуем, што прыствольныя кругі ў нас чыстыя, перакапаныя, і мы трымаем іх пад чорнай парай. Адпаведна, нам будзе зручна ўносіць угнаенні. Асабліва хачу падкрэсліць: у прыствольным крузе пры вырошчванні фундуку не павінна расці травы (асабліва калі мы змагаемся з даўганосікам). Па краі, паўтаруся, можам прыгожа пасадзіць аксаміткі — гэта будзе працаваць не толькі на абарону расліны, але і на знешні выгляд саду.

Але вернемся да ўгнаенняў. І пачнём з пачатку — з падрыхтоўкі да новага сезона, якая пачынаецца восенню, пасля завяршэння сезона папярэдняга. Я прапанаваў бы ў якасці падкормкі тое, што ў нас можна масава купіць у крамах: суперфасфат і хлорысты калій. Па колькасці ўгнаенняў арыентуйцеся на ваш прыствольны круг, які, вядома, фарміруецца зыходзячы з праекцыі кроны. Арыентыровачна на квадратны метр плошчы ўносіцца 15-20 г хлорыстага калію і 15-20 г суперфасфату. Хлорысты калій — не самы лепшы варыянт, але фундук (у адрозненне ад іншых садовых культур — у прыватнасці, буякоў) пераносіць хлор добра. Хоць, калі ёсць магчымасць, лепш, вядома, выкарыстоўваць сульфат калію. І калі вы ўносіце менавіта сульфат калію, то аптымальна зрабіць гэта ўвесну, вось непасрэдна цяпер. Зрэшты, можна зараз унесці пад фундук і хлорысты калій, і суперфасфат. Хоць лічыцца, што такія элементы, як фосфар і калій, мы ўносім у прыствольны круг усё ж увосень з задзелкай на глыбіню 5-10 см.

На працягу цёплага сезона падкормліваем фундук азотнымі ўгнаеннямі: гэта могуць быць аміячная салетра, карбамід і г. д. Нашы ўмоўныя 20 г (калі дрэва маладое) або 25 г на сезон (пры дарослай расліне) дзелім на тры часткі. Першую частку ўносім цяпер, наступныя — з інтэрвалам у два-тры тыдні (у залежнасці ад умоў надвор’я) у прыствольны круг з задзелкай. Калі надвор’е вільготнае і ёсць невялікі дождж, угнаенне можна проста рассыпаць — яно сыдзе ў зямлю само. Калі вы бачыце, што, нягледзячы на азотныя каранёвыя падкормкі, ліст у фундуку бледна-зялёны, што паказвае на недахоп азоту, дапамогуць пазакаранёвыя падкормкі. Сёння ў продажы прадстаўлена шмат азотных угнаенняў для пазакаранёвага ўнясення па лісту. У саставе могуць быць таксама магній, кальцый, іншыя мікраэлементы. Выбар ёсць — саставы і арганічнага паходжання, і мінеральныя. Падкарміце фундук два-тры разы за сезон у дозах, паказаных на пакаванні. Калі мы гаворым пра пазакаранёвае ўнясенне азотных угнаенняў па лісту, іх можна рабіць да 1 жніўня. Але каранёвае ўнясенне азоту важна цалкам завяршыць да сярэдзіны ліпеня, каб не выклікаць другаснага росту і іншых працэсаў, якія адаб’юцца на зімаўстойлівасці.

І яшчэ адна важная заўвага: пры выбары месца для пасадкі фундуку пажадана пазбягаць кіслых глеб.

— Глядзім на расліны-індыкатары: хвошч, конскае шчаўе і іншыя. Калі вы ўжо пасадзілі фундук на кіслыя глебы, можна змяніць кіслотнасць з дапамогай даламітнай мукі (300-400 г на квадратны метр). Вырабляецца гэтая працэдура восенню. Але важна разумець, што за адзін сезон кіслотнасць глебы прынцыпова змяніць не атрымаецца.

«Чаму сёння ў дачнікаў такая цікавасць да арэхаплодных культур?

Ірына, Мінск.»

— З аднаго боку, нельга сказаць, што фундук для беларускага садоўніка — экзотыка і дзівоцтва. Цікавасць да арэхаплодных у беларускіх садаводаў-аматараў існавала і раней, але цяпер змяніўся клімат. І гэта адкрывае больш магчымасцяў. Акрамя таго, фундук — культура цікавая і не занадта працаёмкая. Калі правільна абраць месца на ўчастку для гэтай культуры, базавы догляд не складзены. Асабліва калі будзе распрацавана хімічная абарона для фундуку. Зразумела, мы працуем для прамысловага саду ў першую чаргу, але і садоўнікі-аматары змогуць скарыстацца нашымі напрацоўкамі. На прысядзібным або дачным участку дастаткова будзе двух-трох апрацовак за сезон, каб вырашыць праблему шкоднікаў арэхаплодных.

Яшчэ адзін плюс фундуку — адсутнасць складанасцяў з захоўваннем ураджаю. Дастаткова прасушыць арэх, выклаўшы яго пасля збору ў адзін пласт пры пакаёвай тэмпературы без прамых сонечных прамянёў на два тыдні. Пасля застанецца толькі перасыпаць у сеткі з няшчыльнай тканіны, і фундук будзе захоўвацца мінімум два гады.

І, вядома, гэта вельмі карысны прадукт. Арэх змяшчае вялікую колькасць незаменных амінакіслот, прычым пры працяглым захоўванні ні тлустасць, ні састаў карысных рэчываў, ні смакавыя якасці не губляюцца.

Такім чынам, арэхаплодныя (і, у прыватнасці, фундук) як культура для вырошчвання на асабістых участках — выдатны выбар, і я рады, што людзі праяўляюць да іх усё большую цікавасць. Што датычыцца прамысловай апрацоўкі фундуку, сёння існуе зацікаўленасць у гэтай культуры як у буйных вытворцаў, так і ў невялікіх фермерскіх гаспадарак.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Свой ураджай арэхаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».