Вы тут

Упершыню ў Строчыцах адбыўся фестываль залатога рамяства


У Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшло свята народнай творчасці: «Саламяныя цуды. Мастацкія практыкі саломапляцення» сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.


Залатыя вырабы, зробленыя залатымі рукамі лепшых майстроў краіны, выстаўленыя 27 красавіка над блакітным небам і палітыя залатымі сонечнымі промнямі, набылі ўзровень фестывалю.

Адбылося такое свята ў музеі пад адкрытым небам упершыню. Хто трапіў на цікавае мерапрыемства, застаўся здзіўленым, уражаным і па добраму збянтэжаным. У мастацкіх салонах і нават на выставах народнай творчасці няма той сяброўскай тактыльнасці, якая ўзнікла амаль адразу пасля знаёмства з майстрамі. Іх майстар-класы для дарослых, скурпулёзныя, як для малых дзяцей-няўмек, былі кранальнымі і займальнымі. Таццяна Марціновіч, Вольга Смаргунова, Юзэфа Старасціна, Вера Чурэйна, Ірына Смірнова, Алена Русакевіч, Ірына Дабранская — вядучыя беларускія прадстаўніцы старажытнага рамяства, чые рукі – золата!

Саломапляценне, дарэчы, найстаражытны выгляд народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе ад пачатку і да канца выкарыстоўваецца ручная праца.

У краіне белых буслоў і блакітнага васілька пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Саломай пакрывалі дахі жылля, яна йшла на падсцілу і корм жывелам, абувала і апранала чалавека, служыла ложкам, а ў неўраджайныя гады яе падмешвалі нават у хлеб. З саломкі выраблялі дамашняе начыненне, галаўныя ўборы і ўпрыгожванні.

Розныя фігуры — гэта не проста цацкі, гэта сур’езныя сімвалы-набажэнні, якія абароняюць чалавека, край, сямейныя традыцыі. Напрыклад конь — герой шматлікіх павер’яў і казак — заўсёды суправаджаў мужчыну і быў яму і сябрам, і дарадцам, і абаронцам. Каза — сімвал ураджаю і пладавітасці. Лялька — Маці-Прадзейка, абаронца жанчын. Птушкі — душы продкаў, якія ахоўваюць і дапамагаюць тым, хто жыве на Зямлі. Пра такія цікавасці распавялі стваральніцы саламяных цудаў.

У кожнай майстрыхі быў свой гурт падтрымкі — гэта фальклёрныя каляктывы мастацкай самадзейнасці з іх мясцовасці. Землякі сваімі канцэртнымі выступленнямі ператварылі музейную тэрыторыю ў Малыя і Вялікія Аўцюкі – радзіму беларусскага гумару. Іскрамётныя жарты і кураж выступоўцаў лёгка ўпляталіся, як саламяныя дробязі ў стваральную рэч, у прыгожы фестывальны дзень.

.

 

Тамара ХАМІЦЭВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.