Вы тут

«Сёння лыжнік — заўтра баец». Як развіваўся беларускі спорт у даваенныя гады


«Звязда» працягвае расказваць сваім чытачам пра гісторыю айчыннага спорту, каб зацікавіць ім яшчэ больш людзей. Бо тыя, хто сёння прагортвае спартыўныя навіны, могуць адкрыць для сябе цікавыя і невядомыя факты з гісторыі спорту, што вельмі карысна.Чаму? Паколькі развіццё спорту — паказчык развіцця дзяржавы, і так было заўсёды. Асабліва ў Беларусі, краіне, у якой спорту ўдзялялася вялікая ўвага, нават нягледзячы на розныя цяжкасці, якімі так багата наша гісторыя. 


Раней мы расказвалі, як 100 гадоў таму Беларусь прыняла першы мультыспартыўны форум. Першае Усебеларускае свята фізкультурнікаў стала прыгожым пачаткам вялікай працы па развіццю фізкультуры, а далей і спорту. Якім было спартыўнае жыццё беларусаў у даваенныя гады, расскажам сёння. 

Згодна з пяцігадовым планамі развіцця народнай гаспадаркі БССР, фізкультурнаму руху адводзілася значная роля ў ідэйна-палітычным выхаванні працоўных, падрыхтоўцы іх да высокапрадукцыйнай працы, выканання вытворчых заданняў. Таму шырокую падтрымку атрымала прапанова прысвяціць першаму пяцігадоваму плану Усесаюзную Спартакіяду 1928 года. Спартакіяда стала найважнейшым не толькі спартыўным, але і грамасдка-палітычным мерапрыемствам. У падрыхтоўку да Спартакіяды ўключыліся ўсе.

У ліпені 1928 года адбылася I Усебеларуская спартакіяда, у якой прынялі ўдзел 572 чалавекі. У праграму спаборніцтваў увайшлі баскетбол, гарадкі, футбол, лёгкая атлетыка, тэніс і плаванне. У агульнакамандным заліку першае месца заваявала каманда Мінскай акругі, другое — Гомельскай, трэцяе — Віцебскай.

Пасля Усебеларускай спартакіяды найлепшыя спартсмены прайшлі першыя вучэбна-трэніровачныя зборы. Пры падрыхтоўцы каманды было выкарыстана ўсё новае, што з’явілася ў методыцы трэніроўкі і ў спартыўнай тэхніцы. Добра падрыхтаваны калектыў, у склад якога ўвайшлі 185 мацнейшых спартсменаў, выехаў у Маскву. 12 жніўня 1928 года ўрачыстым парадам удзельнікаў на Краснай плошчы адкрылася Усесаюзная Спартакіяда. Удзельнічала каля 8 тысяч спартсменаў, з якіх 612 прадстаўлялі працоўныя спартыўныя арганізацыі 14 краін. У праграму Усесаюзнай Спартакіяды былі ўключаны спаборніцтвы па 22 відах спорту. Гэта была выдатная падзея, хаця б і таму, што на міжнародных спаборніцтвах савецкія спартсмены не выступалі.

Для беларусаў Усесаюзная Спартакіяда стала сур’ёзнай школай. Іх паспяховае выступленне ў шэрагу відаў паказала, што ў рэспубліцы нямала здольных атлетаў. У спаборніцтвах па стралковым спорце беларускія спартсмены заваявалі 2-е месца. Каманда баскетбалістак выйшла ў фінал спаборніцтваў, дзе ўступіла ленінградкам. Па лёгкай ателтыцы, цяжкай атлетыцы беларускія каманды занялі трэцяе месца ў агульнакамандных заліках. Лепшымі з беларускіх спартсменаў сталі Л. Шаўчэнка, якая перамагла ў штурханні ядра (10 м 90 см) і ў кіданні дыска (26 м 41 см), В. Бяляеў — другое месца ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі (99 ачкоў з 100), Н. Лапідус — другое месца ў цяжкаатлетычным пяцібор’і (332,75 кг).

Важную ролю ў далейшым удасканаленні форм і метадаў работы адыграла першая Усесаюзная канферэнцыя прафсаюзаў па фізкультуры (10–15 лістапада 1930 года). На канферэнцыі было прынята рашэнне аб падпарадкаванні ўсёй работы па фізічнай культуры задачам сацыялістычнага будаўніцтва і пераходу ад клубна-тэрытарыяльнага прынцыпу пабудовы фізкультурных арганізацый да вытворчага. У Беларусі гэты пераход у асноўным быў завершаны ўжо да 1931 году. Гэта павысіла працоўную і сацыяльную актыўнасць фізкультурнікаў, узмацніла ролю калектываў фізічнай культуры, якія апынуліся пад непасрэдным кіраўніцтвам партыйных і прафсаюзных арганізацый, стварыла спрыяльныя ўмовы для удзелу фізкультурнікаў у вытворчым руху ўдарнікаў.

У сакавіку 1930 года ЦК КП(б) Беларусі прыняў пастанову аб абароннай працы сярод насельніцтва, у якім перад фізкультурнымі арганізацыямі ставіліся задачы па ваенна-фізічнай падрыхтоўцы працоўных рэспублікі. Комплекс ГТА (гатовы да працы і абароны) – які памятаюць і сёння – надаваў гэтай працы мэтавы характар і быў успрыняты ў Беларусі з вялікім энтузіязмам. У першыя гады ўвядзення комплексу ГТА беларускія фізкультурныя арганізацыі дабіліся высокіх паказчыкаў: у 1931 годзе нормы комплексу здалі 2560 чалавек замест 250 вызначаных заданнем ВСФК СССР, у 1932 — 42,6 тысячы замест 32 тысяч.

У 1937 годзе быў праведзены першы Усесаюзны парад фізкультурнікаў, які стаў значнай падзеяй у грамадскім і культурным жыцці краіны.

З поспехам на ім выступіла і беларуская дэлегацыя, прадстаўленая ў асноўным навучэнцамі Мінскага фізкультурнага тэхнікума, які праз год набудзе статус інстытута. Маладыя беларусы паказалі тэматычнае выступленне «Мяжа на замку», якое ўвасабляла гатоўнасць беларускіх фізкультурнікаў і спартсменаў, усяго беларускага народа абараняць радзіму.

Менавіта на першым Усесаюзным парадзе фізкультурнікаў гімнасты з Мінскага фізкультурнага тэхнікума прадставілі знакамітую «беларускую вазу» — найскладанейшае практыкаванне на высокай канструкцыі. Стваральнікам «жывой вазы» стаў заслужаны трэнер БССР, заслужаны дзеяч фізічнай культуры Аляксандр Губанаў. Сваім маштабам і велічнасцю «Беларуская ваза», няхай і ў розных варыяцыях, здзіўляе гледачоў і праз некалькі дзесяцігоддзяў. Яе часта можна ўбачыць на святочных рэспубліканскіх мерапрыемствах. За дастойнае выступленне на першым Усесаюзным парадзе фізкультурнікаў Мінскі фізкультурны тэхнікум быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Як складвалася сістэма спартыўных аб’яднанняў?

Для ўпарадкавання сістэмы фізічнага выхавання і ўзмацнення дзяржаўнага кантролю і кіраўніцтва працай па фізічнай культуры і спорце ў 1936 годзе быў створаны Усесаюзны камітэт па справах фізічнай культуры і спорту пры Савеце Народных Камісараў. У Беларусі былі створаны Камітэт па справах фізічнай культуры і спорту пры СНК БССР, камітэты пры абласных, гарадскіх, раённых Саветах дэпутатаў працоўных.

Была ў БССР і ўжо ўзгаданая спартыўная ўстанова адукацыі – Мінскі фізкультурны тэхнікум (з 1938 г. – інстытут).

Плённа над развіцёём фізкультурнага руха працаваў камсамол. Каго яшчэ, як не моладзь, было прыцягваць да гэтай дзейнасці? Фізкультурныя гурткі, якія развівалі розныя віды, ствараліся на прадпрыемствах. Вялікую ролю ў арганізацыі і правядзенні ваенна-спартыўных мерапрыемстваў, уцягванні ў іх шырокіх мас працоўных адыгралі добраахвотныя спартыўныя таварыствы. У пачатку 1937 года, самыя значыныя таварыствы «Лакаматыў», «Тэмп», «Полымя», «Бальшавік», «Чырвоная зорка», «Маланка» аб’ядноўвалі крыху больш за 20 тысяч членаў, у 1939 годзе колькасць членаў ДСА перавысіла 90 тысяч. З году ў год у рэспубліцы павялічвалася колькасць фізкультурна-масавых мерапрыемстваў абароннага і ваенна-спартыўнага характару. Найбольшую папулярнасць у гэты перыяд набываюць пешыя пераходы, лыжныя кросы, ваенізаваныя эстафеты. Гэтыя формы фізічнай культуры дазвалялі ахопліваць шырокія масы працоўных, былі простыя ў арганізацыі. У той жа час яны садзейнічалі павышэнню мабілізацыйнай гатоўнасці, выхаванню ва ўдзельнікаў настойлівасці, цвёрдасці характару, умення пераадольваць цяжкасці. 

Чым займаліся беларусы?

Калі казаць аб асобных відах спорту, то можна вылучыць самыя папулярныя ў беларусаў.

У пачатку 1941 года лыжным спортам займалася каля 36 тысяч чалавек. Неабходнасць лыжнай падрыхтоўкі моладзі пацвердзілі баявыя дзеянні на Карэльскім пярэсмыку. Таму лыжныя спаборніцтвы, якія прайшлі ўзімку 1940 — 1941 гадоў пад дэвізам: «Сёння лыжнік — заўтра баец, воін доблеснай Чырвонай Арміі», — былі арыентаваны на навучанне працоўных страявым і стралковым прыёмам на лыжах, навыкам, выканання працяглых маршаў.

Стралковым спортам займалася больш за 21 тысячу чалавек. У Беларусі шырокае распаўсюджванне атрымалі спаборніцтвы па гэтым відзе спорту. Некаторыя нават праводзіліся ў завочным паэтапным фармаце (унутрыкалектыўныя, раённыя, абласныя і рэспубліканскія). У 1940 годзе ў завочных стралковых спаборніцтвах паміж калгасамі рэспублікі ўдзельнічала каля 50 тысяч сельскіх працаўнікоў.

Важнае значэнне ў гэты час надавалася развіццю сярод моладзі гімнастыкі як эфектыўнага сродку выхавання фізічных і валявых якасцей, неабходных будучым абаронцам Айчыны, і адначасова дзеля фарміравання патрэбнасці да самастойных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі.

У 1936 годзе ўступіў у эксплуатацыю першы зімовы плавальны басейн у Доме афіцэраў Беларускай ваеннай акругі, што дазволіла беларускім плыўцам арганізаваць круглагадовы трэніровачны працэс і дабіцца добрых вынікаў. У 1939 годзе Л. Мамат заваяваў званне чэмпіёна СССР у плаванні з гранатай на 50 м, а ў 1940 годзе на юнацкім першынстве Савецкага Саюза зборная каманда БССР заняла першае месца. 

Для рэспублікі, якая толькі аправіліся ад рэвалюцыі, пераўладкавання Беларусь развівала фізкультурны і спартыўны рух на выдатна, як чэмпіён.

У 1941 годзе ў рэспубліцы налічвалася 154,5 тысячы фізкультурнікаў, аб’яднаных у 3295 калектывы. Сярод іх 90 тысяч мелі значок ГТА, а 8 тысяч мелі спартовы разрад. Спартыўная база ўключала дзесяткі стадыёнаў, каля 400 спартзал, звыш 450 лыжных станцый, больш за 2 тысячы пляцовак. У фізкультурных арганізацыях працавалі 1203 штатныя спецыялісты. І ўсё гэта магло б памнажацца і развівацца, калі б не здарылася 22 чэрвеня 1941 года…

Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».