Вы тут

Як вясковы тэатр, створаны бацюшкам, дапамагае знайсці шлях да Бога


У храм у гонар святога Дзімітрыя Салунскага прыхода Раства Прасвятой Багародзіцы, што ў вёсцы Старое Сяло, я прыехала загадзя: там якраз ішла служба. Прыемна было ўбачыць на ёй шмат дзяцей: ад немаўлят, якіх маладыя мамы трымалі на руках, да падлеткаў. Маю ўвагу адразу ж прыцягнула дзяўчынка ў яркай вязанай шапачцы, якая падавала прыхаджанам цеплату (запіўку) пасля прычасця. Як высветлілася, гэта дачка святара Агнія. Яна, дарэчы, яшчэ спявае на клірасе, а ў велікодным спектаклі, на рэпетыцыю якога я і прыехала, будзе іграць ролю Бураціны.


Падчас рэпетыцыі велікоднага спектакля па матывах казкі «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны»

Пра радасць, апору і дараванне

Пасля службы частка прыхаджан расходзіцца па дамах, астатнія ж — сярод іх настаяцель храма протаіерэй Павел Ківовіч і трое з яго пяці дзяцей — спяшаюцца ў царкоўны дом «Ікас» на рэпетыцыю.

— Айцец Павел, пагадзіцеся, далёка не кожны прыход можа пахваліцца ўласным тэатрам. На яго стварэнне неяк паўплывала тое, што ў вас самога пяць дзяцей?

— Безумоўна. Свае дзеці — гэта апора. Яны мяне натхняюць, прымушаюць развівацца, гарэць, рухацца наперад. Усе пяцёра, без выключэння, прайшлі праз тэатр. Старэйшыя сыны — Данік і Дзіма — ужо адыгралі свае ролі, яны выраслі і жывуць асобна. Сярожу будзе 18 гадоў, ён, калі шчыра, не думаў удзельнічаць сёлета ў велікодным спектаклі, казаў: «Я ўжо дарослы». Але роля ката Базіліа вельмі падышла яму. І, як бачыце, Сяргей зноў на сцэне. Кіруша, яму ўсяго шэсць гадоў, сыграе ў спектаклі аднаго са Светлячкоў. Дачка Агнія пачынала з самых простых роляў — вавёркі, пчалы — і вось зусім нядаўна дарасла да галоўных: Марфушы, Маленькага прынца, у калядным спектаклі была Вослікам, у велікодным сыграе Бураціну. У нашага рэжысёра ад Бога Таццяны Глебік ёсць здольнасць бачыць, каму якая роля найбольш падыходзіць.

— Агніі вельмі пасуе роля Бураціны, бо яна сама, як агеньчык, стараецца не сумаваць і нясе радасць усім, — кажа Таццяна Глебік. — Дарэчы, у Бібліі насамрэч адно з самых галоўных слоў, і бацюшка неаднаразова пра гэта казаў, — радасць. Трэба радавацца, нягледзячы ні на што. Нават калі вельмі балюча. Можна плакаць, што страціў блізкага, але лепш падзякаваць Богу, што ў тваім жыцці быў гэты чалавек, і радавацца гэтаму.

За год вясковыя акцёры паспяваюць падрыхтаваць два спектаклі. Паказваюць іх на вялікія царкоўныя святы — Нараджэнне Хрыстова і Вялікдзень. Самі атрымліваюць асалоду і дораць радасць іншым, хто адкладвае свае справы і спецыяльна прыязджае на прэм’еру нават з горада і іншых вёсак, запрашае сваіх родных.

— Кожная наша пастаноўка напоўнена глыбокім сэнсам. Знаёмая казка пераўвасабляецца і адкрываецца перад гледачамі ў іншым святле, — кажа айцец Павел. — Менавіта таму на ўсіх сваіх афішах мы пішам «пастаноўка па матывах «Залатога ключыка», «Маленькага прынца» і г. д. Проста паставіць спектакль, каб пазабаўляць гледачоў, — гэта не пра нас: сёння такога дастаткова. Мы з Таццянай стараемся кожны сюжэт падаць з хрысціянскай пазіцыі, каб ён закранаў важныя чалавечыя каштоўнасці, чамусьці вучыў. Зусім нядаўна знайшоў словы Гогаля, што «тэатр — гэта такая кафедра, з якой можна шмат сказаць свету дабра». І злавіў сябе на думцы, што мы, нават не ведаючы гэтых слоў, менавіта такі сэнс у свой тэатр і ўкладвалі.

Айцец Павел са сваімі малодшымі дзецьмі — Агніяй і Кірылам — пасля рэпетыцыі спектакля

— Паставілі некалькі спектакляў па Андэрсену. Знайшлі ў яго казках шмат хрысціянскіх пастулатаў, якія ён паказаў, не гаворачы слова «Бог», — працягвае Таццяна. — Напрыклад, у пастаноўцы «Дзікія лебедзі» пастараліся прадэманстраваць, як уплываюць словы, якія мы вымаўляем, на наша жыццё. Сказаў штосьці дрэннае — і ў цябе ў душы пасялілася жаба, добрае — і ў душы расквітнелі ружы. Пастаноўка «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціны» складаная тым, што хрысціянскія пастулаты не на самым паверсе, іх трэба шукаць. А калі знаходзіш, шчыра здзіўляешся: ого, гэта так можна было! Каб аблегчыць успрыманне, мы ўвялі ў спектакль новых герояў — Светлячкоў, якія тлумачаць важныя духоўныя прынцыпы — аб дараванні, аб любові. Напрыклад, ці ведалі вы, што словы «прости» і «просто» — аднакарэнныя? Калі хочаш, каб у цябе было проста, папрасі прабачэння, хочаш усё ўскладніць — пачні «разглагольстваваць»: хто мае рацыю, а хто вінаваты. Насамрэч часта гэта нават і не важна. У сцэне, дзе Бураціна не хоча прасіць прабачэння ў Мальвіны, даецца практычная парада, як гэта зрабіць. Бо для многіх выбачыцца вельмі складана. А Светлячок кажа: «Трэба проста паглядзець чалавеку, якога ты пакрыўдзіў, у вочы і сказаць: «Прабач, калі ласка». — «Гэта так проста?» — здзіўляецца Бураціна. — «Так проста. І на сэрцы адразу ж стане лёгка». Вось і атрымліваецца, што Светлячкі, якіх граюць чатыры хлопчыкі, будуць умець прасіць прабачэння. І, хто ведае, магчыма, гэты навык ім калі-небудзь у жыцці прыдасца. Яны вырастуць і ў нейкай сітуацыі ўспомняць словы са спектакля, бо паўтарылі іх сто разоў у гульнявой форме. А яшчэ тут уздымаецца пытанне безумоўнай Любові. «А Тата Карла мне прабачыць?» — пытаецца Бураціна. Канечне, прабачыць, бо любіць.

— Мне падалося, ці сапраўды ў вашым спектаклі Тата Карла выступае прататыпам Бога?

— Калі вы гэта нават на рэпетыцыі заўважылі, значыць, мы на правільным шляху, — кажа святар. — Бо нават айцец Андрэй Ткачоў сказаў, што для яго «Прыгоды Бураціны» — гэта прытча Хрыста аб блудным сыне.

— А Цвыркун вучыць, чым мы можам дапамагчы чалавеку, які далёка, які заблукаў, — дадае Таццяна. — Ён кажа, што мы можам проста памаліцца пра яго. ...А яшчэ кожны раз прымяраеш на сябе ролі і пытаешся: а хто ты? Безумоўна, хочацца быць станоўчым героем. Але калі заўважаеш у сабе элементы Дурамара ці Карабаса-Барабаса, спрабуеш іх выправіць. То-бок, тэатр яшчэ дапамагае ўбачыць свае недахопы і працаваць над імі.

Тата Карла бласлаўляе Бураціну ў школу

Пра падтрымку, страх і покліч душы

А пачыналася ўсё з нядзельнай школы, якая з часам ператварылася ў студыю духоўна-эстэтычнага развіцця «Праменьчык».

— Мы з матушкай выхадцы з прыходу «Усіх тужлівых Радасць» Мінска — у той час там была самая вялікая нядзельная школа ў горадзе. Мы пазнаёміліся і выраслі ў царкоўнай маладзёжнай тусоўцы, пажаніліся. 25 гадоў таму мяне прызначылі настаяцелем у Старое Сяло. Безумоўна, мы перанеслі сюды досвед, які атрымалі ў мінскім храме, дзе часта паўтаралі, што ў любым прыходзе самае галоўнае — людзі. Таму мы стараемся, каб нашым прыхаджанам у царкве было ўтульна, як дома. І не толькі дарослым, але і іх дзецям: хацелася, каб яны таксама з задавальненнем прыходзілі сюды. Каб іх зацікавіць, адкрылі нядзельную школу. Акрамя ўрокаў па Законе Божым ёсць і творчыя заняткі. Вы ж самі бачылі, як ахвотна дзеці бягуць на рэпетыцыю. І гэта пры тым, што многія з іх прыйшлі з бацькамі на службу ў 8.30 (рэпетыцыя ж скончылася толькі ў 13.00. — Аўт.). Акрамя таго, мы штогод летам ладзім выпускны «Праменьчыка», прадумваем насычаную праграму і разам з дзецьмі і іх бацькамі выязджаем на прыроду.

— У першых пастаноўках удзельнічалі толькі дзеці, — згадвае бацюшка. — Але час паказаў, што іх адных недастаткова. У спектаклі ёсць ролі злыя, грахоўныя, якія дзіцяці іграць шкодна. А дарослы можа сыграць, і, у прынцыпе, гэта не прынясе яму шкоды, бо ён ведае ўжо, як з гэтым змагацца. Таму пачалі прыцягваць бацькоў. Спачатку гэта былі ценявыя спектаклі, дзе дарослыя кіравалі фігуркамі за кулісамі, пераадольвалі свой страх перад публікай. А потым паступова і яны пачалі выходзіць на сцэну.

Вось ужо больш за 10 гадоў нашы спектаклі ў якасці гледачоў наведваюць вучні і настаўнікі мясцовай Старасельскай школы. У нядзелю яны адзначаюць Вялікдзень у сваіх сем’ях, а ў панядзелак прыходзяць да нас. Мы ім паказваем спектакль, яны прыносяць свае творчыя нумары. Пасля гэтага ладзім сумесны салодкі стол, качаем яйкі з горкі, як гэта даўней рабілі ў вясковых сем’ях. Сябруем з мясцовай стайняй — нам выдзяляюць коней для катання. Развучваем беларускія народныя танцы. Ва ўсіх дзяцей ёсць магчымасць пазваніць у царкоўныя званы.

«Вучыцца трэба для таго, каб прачытаць галоўную кнігу — Біблію» — гэтая фраза неаднаразова гучыць у спектаклі.

— Разумнік без маральных прынцыпаў — страшны чалавек для свету. Таму ў Бураціны ў руках — менавіта праваслаўная азбука, — кажа святар. — Да нас на прэм’еру прыходзяць у тым ліку і дзеці, якія не наведваюць царкву. Мы стараемся неназойліва расказаць ім пра хрысціянскія каштоўнасці, каб яны мелі шанц задумацца аб важных рэчах. Акрамя царквы, школьнікі наўрад ці яшчэ недзе гэта пачуюць.

...Звярнула ўвагу, што каля сцэны вісіць абраз, перад якім акцёры чытаюць малітву перад рэпетыцыяй.

— Дарэчы, сёлета ўпершыню абраз будзе ўдзельнічаць у пастаноўцы, — працягвае айцец Павел. — Напрыканцы спектакля за таемнымі дзвярыма, якія Бураціна адчыніць залатым ключыкам, усе ўбачаць вялікую радасную велікодную ікону Уваскрэсення Хрыста. Гэта сімвал дарогі да Бога, шлях да выратавання кожнага з нас.

— Асабіста я адношуся да пакалення, якому зараз 45-50 гадоў, калі вера ў Бога была пад забаронай, і мы, дзеці таго часу, не ведалі, што там — за таемнымі дзвярыма, хоць нам вельмі хацелася туды трапіць, — кажа педагог, рэжысёр царкоўнага тэатра Таццяна Глебік. — Многія дзеці і сёння хочуць трапіць у царкву, але бацькі не вядуць…

Таццяна Глебік прызналася, што ў дзяцінстве марыла пра свой тэатр.

— Хоць царкоўны тэатр і не мой, але быць рэжысёрам у ім для мяне — пачэсная місія. Бо людзі тут не таму, што трэба, а па поклічы душы.

У велікодным спектаклі задзейнічаны больш як 20 акцёраў. На сцэне можна ўбачыць ажно тры пакаленні. Так склалася, што практычна ўсе іграюць сем’ямі. Мама Дзіяна — П’еро, а яе сын — Светлячок, Каця — Мальвіна, яе сястрычка — жабка, а браты — Дурамар і Светлячок. У Таты Карлы дачушка выконвае ролю жабкі, а сястра Ксенія — Лісы Алісы. Самая шматлікая сям’я — Сотнікавых. «Мой муж дапамагае ў алтары, ён будзе Карабасам-Барабасам, сын Саша — Артэмон. Ірыне толькі тры гады, але ў яе ўжо першая важная роля — жабкі, — распавядае Наталля Сотнікава. — Хочаш выхаваць дзяцей добрымі людзьмі — пачні з сябе. Калі яны бачаць прыклад, разумеюць, што гэта важна для бацькоў, у іх з’яўляецца больш натхнення. Я па сваіх дзецях заўважыла, што яны не лянуюцца, з задавальненнем ідуць на рэпетыцыю, іх не трэба прымушаць». Сама Наталля рэдагуе сцэнарыі, робіць відэа і выстаўляе ў інтэрнэт. Яе маці — Юлія — на пару са Святланай, якая ў спектаклі іграе ролю Чарапахі Тарцілы, шыюць цудоўныя касцюмы пад кожную пастаноўку, ператвараючы спектаклі ў сапраўдныя касцюміраваныя шоу.

Усе пастаноўкі вяскоўцы рыхтуюць сваімі сіламі. Кожны робіць тое, што можа. Айцец Павел, хоць і мог бы выканаць любую ролю, бо вельмі артыстычны, у спектаклі адказвае за музычную частку. Акрамя таго, бацюшка збірае сцэну, пастаянна ўдасканальвае яе канструкцыю.

Пасля рэпетыцыі акцёры не спяшаюцца разыходзіцца па дамах, кожны прапаноўвае, як яшчэ можна ўпрыгожыць спектакль, залу. Хтосьці зробіць ачаг, хтосьці — залаты ключык. «А я яечак нараблю шмат», — кажа шасцігадовы Кіруша. — «Канешне, — усміхаецца айцец Павел, — вось тут (паказвае на сцяну) для іх шмат месца». У сучасным свеце, на жаль, бацькі ўсё менш і менш часу бавяць з дзецьмі, робяць штосьці разам.

Наш тэатр выпраўляе гэту недарэчнасць, дапамагае яднанню сем’яў.

Адна шматдзетная мама, якая ўдзельнічала ў спектаклі «Дзікія лебедзі», прызналася: «Час, які я правяла са сваімі дзецьмі на рэпетыцыях, — самыя шчаслівыя моманты года».

— Мой сын Ягор таксама шмат гадоў наведваў «Праменьчык», — кажа Таццяна Глебік. — Ён іграе практычна ва ўсіх пастаноўках. Пачынаў з ролі Калабка ў велікоднай казцы. Сёлета ж, хоць у яго і выпускны клас, будзе Цвыркуном. Ад таго, што сын удзельнічае, і мне нашмат цікавей. Сёлета да нас далучылася і мая траюрадная пляменніца Ніначка, яна будзе іграць дзяўчынку з вялікім кашальком.

— Гэта так цудоўна, што ў нас пры царкве ёсць свой тэатр. Мы адно аднаго бачым падчас малітвы ў храме, ведаем у побыце. Але ж якія мы іншыя на сцэне! — кажа прыхаджанка Таццяна з вёскі Хацежына. — Падрыхтоўка спектакля, рэпетыцыі вельмі яднаюць людзей. У нас у храме сямейная атмасфера, мы тут усе блізкія і родныя, падтрымліваем адно аднаго. Было б цудоўна стварыць відэаархіў нашых спектакляў, каб у любы момант можна было іх перагледзець. Не ў кожнага ж ёсць магчымасць прыехаць на прэм’еру. А хочацца, каб нашы светлыя і добрыя пастаноўкі паглядзела як мага больш людзей.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».