Вы тут

Чым пагражае «паскарэнне» сусветнай фэшн-індустрыі?


Французскі парламент ухваліў законапраект, які змяшчае шэраг мер па абмежаванні аднаразовай, масавай і недарагой моды — катэгорыі звышхуткай фэшн-індустрыі. У прыватнасці, прадугледжваецца паступовае павелічэнне штрафаў да 10 еўра за адзінку адзення да 2030 года і забарона на рэкламу такой прадукцыі, паведаміў Еuronews. Каб вызначыць, што ўяўляе сабой «хуткая мода» (fast fashіon), Францыя будзе выкарыстоўваць такія крытэрыі, як аб’ём адзення і хуткасць ратацыі новых калекцый. Дакладныя нормы будуць апублікаваны ва ўказе, калі закон уступіць у сілу. Высокі абарот танных модных рэчаў «уплывае на пакупніцкія звычкі спажыўцоў, ствараючы імпульс да пакупак і пастаянную патрэбу ў абнаўленні», папярэджвае законапраект. Усё гэта цягне за сабой негатыўныя экалагічныя, сацыяльныя і эканамічныя наступствы. Чым жа пагражае «паскарэнне» сусветнай фэшн-індустрыі?


Танна і небяспечна

Маштаб праблемы насамрэч беспрэцэдэнтны: паводле звестак Французскага агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні энергіі (ADEME), штогод у свеце прадаецца больш чым 100 мільярдаў прадметаў адзення. Толькі ў Францыі за дзесяць гадоў колькасць такіх тавараў, якія ўвесь час прадаюцца, павялічылася на мільярд, дасягнуўшы 3,3 мільярда вырабаў, або больш за 48 прадметаў на душу насельніцтва, адзначае экалагічная арганізацыя Refashіon.

Паводле даных Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (UNEP), тэкстыльная і швейная прамысловасць ва ўсім свеце адказная прыкладна за 10 працэнтаў выкідаў парніковых газаў — больш, чым авія- і марскі транспарт. Яна таксама спрыяе забруджванню вады, 20 працэнтаў якога прыпадае на афарбоўванне і апрацоўку тэкстылю, а таксама на мікрапластык, што выдзяляецца сінтэтычнымі матэрыяламі пры мыцці.

У перыяд з 2000-га да 2014 года аб’ёмы сусветнай вытворчасці адзення падвоіліся, спажыўцы пачалі купляць на 60 працэнтаў больш адзення і насіць яго ў два разы менш, чым раней. Сёння тры пятых усяго адзення ў свеце апынаецца на звалках або ў смеццезаводах на працягу года пасля яго вытворчасці. Гэта азначае, што кожную секунду выкідваецца або спальваецца грузавік з адзеннем, якое было ў карыстанні.

Глабальныя модныя тэндэнцыі змяняюцца ўсё хутчэй і хутчэй, што патрабуе ад швейнай прамысловасці вырабляць больш адзення і па больш нізкіх цэнах. Паводле даных дабрачыннай арганізацыі па ўтылізацыі адзення TRAІD, цяпер людзі ў сярэднім апранаюць адзенне ўсяго 10 разоў, перш чым яго выкінуць. «Хуткая мода» — гэта масавы выраб таннай, няякаснай вопраткі. З-за максімальна паскоранага тэмпу вытворчасці адзенне, як правіла, не праходзіць дбайную праверку на трываласць перад продажам, а для зніжэння затрат для вырабу выкарыстоўваюцца танныя сінтэтычныя тканіны.

Каб заахвоціць спажыўцоў працягваць купляць рэчы з новых калекцый, рытэйлеры адзення прапануюць пакупнікам здаваць старыя рэчы, каб перапрадаць ці перапрацаваць іх, тым самым скараціўшы колькасць «модных» адходаў. Але праблема заключаецца ў тым, што 70 працэнтаў ношаных рэчаў — гэта адзенне з поліэстру, нейлону і іншых сінтэтычных матэрыялаў, якія не паддаюцца перапрацоўцы. Таму большасць з гэтых рэчаў насамрэч асядае на звалках у бедных краінах, забруджваючы навакольнае асяроддзе.

Фонд Change Markets Foundatіon правёў незалежнае расследаванне, адсачыўшы ў рамках схем вяртання «жыццёвы шлях» 21 рэчы дзесяці модных брэндаў, якія былі ахвяраваны вядомым рознічным пастаўшчыкам моднага адзення. З гэтай мэтай да прадметаў загадзя, перад перадачай іх у еўрапейскія крамы, былі прымацаваныя пазнакі AіrTags. Важна адзначыць, што ўсе ахвяраваныя рэчы былі ў выдатным стане.

Нягледзячы на абяцанні рытэйлераў забяспечыць рэчам «другое жыццё», тры чвэрці прадметаў (16 з 21) былі або знішчаны, або пакінуты на складах, або вывезены ў Афрыку, дзе больш чым палову былога ва ўжыванні адзення здрабнілі для іншых мэт або проста выкінулі. Толькі пяць прадметаў — прыкладна чвэрць з першапачатковых 21-го — былі паўторна выкарыстаны ў Еўропе або патрапілі ў крамы сэканд-хэнду.

Паводле ацэнак Фонду Элен Макартур, толькі два працэнты моднага адзення, якое вырабляецца кожны год, перапрацоўваецца ў новае. Збольшага гэта звязана з адсутнасцю магутнасцяў па перапрацоўцы такіх рэчаў, як тэкстыльныя сумесі і клей (выкарыстоўваюцца ў абутку і аксесуарах). Паводле даных Фонду Элен Макартур, 30 працэнтаў новага адзення, якое вырабляецца штогод, ніколі не апранаецца. І, мяркуючы па ўсім, праблема не толькі ў яго якасці. Французскія сацыёлагі правялі даследаванне, якое высветліла адметныя тэндэнцыі заходняга спажывання. Пераважная большасць рэспандэнтаў (56%) адправілі рэч у сметніцу толькі таму, што яна не падыходзіла ім па памеры ці проста... надакучыла.

Звалка бачная з космасу

Пустыня Атакама, размешчаная на поўначы Чылі, распасціраецца ад Ціхага акіяна да Анд. Гэта самая сухая пустыня на Зямлі, і яна настолькі падобная на паверхню Марса, што НАСА тэсціравала там планетаходы. Цяпер Атакама дабілася не менш дзіўнага прызнання: яна стала адной з хуткарослых сусветных звалак выкінутага недарагога адзення дзякуючы яго хуткай масавай вытворчасці. Гэтая з’ява стварыла так шмат адходаў, што ААН называе яго «экалагічнай і сацыяльнай надзвычайнай сітуацыяй» для планеты, расказвае часопіс Natіonal Geographіc. Звалка разраслася настолькі, што добра бачная з космасу.

У Чылі знаходзіцца адзін з найбуйнейшых бяспошлінных партоў Паўднёвай Амерыкі, ён размешчаны ў прыбярэжным горадзе Ікіке. Мільёны тон адзення штогод прыбываюць з Еўропы, Азіі і Амерыкі. Паводле звестак чылійскай мытнай статыстыкі, летась яго было адгружана 44 мільёны тон. У свой час Чылі стала адным з найбуйнейшых у свеце імпарцёраў патрыманага адзення, і Ікіке змяніўся. Па меры таго як расла «хуткая мода», рос і імпарт. Цяпер у зоне бяспошліннага гандлю працуе каля дзвюх тысяч розных прадпрыемстваў, з іх 57 працэнтаў — замежныя. Намаляваныя ўручную лагатыпы брэндаў упрыгожваюць высокія дзвярныя праёмы складоў, а штабелі патрыманых аўтамабіляў (яшчэ адзін буйны імпарт) узвышаюцца над вузкімі вулачкамі.

Свабодная зона таксама ператварылася ў склад для сартавання сусветных тэкстыльных адходаў. Адзенне, якое не трапляе ў рукі імпарцёраў, пераходзіць да вадзіцеляў грузавікоў, якія перапраўляюць яго на некалькі міль далей на ўскраіну Альта-Аспіцыа, дзе яно праходзіць яшчэ адзін цыкл сартавання і перапродажу ў невялікіх крамах, на вулічных рынках або ў большых магазінах. Ла-Кебрадзілья — адзін з найбуйнейшых рынкаў пад адкрытым небам у Чылі, там бурны гандаль паношаным адзеннем ідзе ў больш чым сямі тысячах кіёскаў. Тое, што не прадаецца на рынку, прызначана для пустыні. Касмічная па памерах гара адзежы ляжыць побач з чылійскім портам Ікіке, прыкладна ў мілі ад некаторых найбяднейшых раёнаў горада. Звалка часам прыцягвае мігрантаў і мясцовых жанчын, якія шукаюць на ёй рэчы, што можна апрануць ці прадаць.

Транзіт смецця

Праблемы па ўтылізацыі ўзнікаюць таксама ў Паўднёвай Азіі і Афрыцы, дзе краіны, якія атрымліваюць грузы з выкарыстаным адзеннем, не могуць справіцца з яе колькасцю. Звалка на ўскраіне Акры, сталіцы Ганы, якая складаецца на 60 працэнтаў з адзення і ўзвышаецца на 20 метраў, атрымала міжнародную вядомасць як сімвал экалагічнага крызісу. Штотыдзень у гэтую афрыканскую краіну ўвозіцца 15 мільёнаў адзінак былога ва ўжыванні адзення. Мясцовыя жыхары называюць яе obronі wawu, што перакладаецца як «адзенне мёртвага белага чалавека».

Гана з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце імпарцёрам рэчаў сэканд-хэнду. Так званыя charіty shops, ці крамы, якія гандлююць ужыванымі рэчамі і аддаюць выручку на дабрачынныя мэты, атрымліваюць тоны тэкстыльнай прадукцыі з Вялікабрытаніі, ЗША і Кітая ў якасці гуманітарнай дапамогі. А потым яе прадаюць іншым экспарцёрам, якія працягваюць ланцужок. Яны, у сваю чаргу, збываюць адзенне прадаўцам на мясцовых рынках.

На рынку Кантаманта ў Акры ёсць тысячы кіёскаў, у якіх менш чым за долар прадаюцца рэчы недарагіх брэндаў. Тут за цэнты можна купіць тавары ад H&M, Prіmark, New Look. На многіх артыкулах да гэтага часу вісяць ярлыкі дабрачынных магазінаў. Прадаць такую вялікую колькасць немагчыма. Паводле ацэнак фонду Or Foundatіon, каля 40 працэнтаў адзення з рынку Кантаманта адпраўляецца на звалку.

Частку з яго ўтылізуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы адходаў, частку — спальваюць, выкідваючы ў паветра забруджванні ад сінтэтычных тканін. Астатняе выкідваецца на бескантрольныя звалкі. У адну з такіх ператварыўся населены пункт Олд Фадама, размешчаны ўсяго за некалькі кіламетраў ад рынку. Там пражывае каля 80 тысяч чалавек. Многія дамы пабудаваны прама па-над смеццем, сярод яго пасецца жывёла. Непадалёк знаходзіцца лагуна Корле, якая вядзе да акіяна. Па горах тэкстыльнага смецця можна меркаваць аб наступствах «хуткай моды». З лагуны адходы вымываюцца ў моры. Пляжы па ўсёй краіне пакрыты кучамі выкінутага адзення і абутку.

Der Spіegel піша, спасылаючыся на вынікі даследавання еўрапейскага агенцтва EEA, што за апошнія два дзесяцігоддзі ўзраслі аб’ёмы старога тэкстылю, які экспартуецца з краін ЕС у Афрыку. Фактычна старое адзенне з Еўропы становіцца афрыканскім смеццем. У Кенію, напрыклад, паступаюць 12 мільёнаў тэкстыльных рэчаў у год толькі з Вялікабрытаніі. Як высветлілі даследчыкі з арганізацый Clean Up Kenya і Wіldlіght на замову фонду Changіng Markets, сярод асноўных пастаўшчыкоў такіх адходаў была не толькі Вялікабрытанія, але яшчэ і Германія, і Польшча. Колькасць ужыванага адзення, якое паступае ў Кенію з глабальных крыніц, складае 17 прадметаў у год на кожнага кенійца (насельніцтва краіны складае звыш 53 мільёнаў чалавек). Як паведамляе Changіng Markets, у 2021 годзе ў Кенію з усяго свету было адпраўлена больш чым 900 мільёнаў тэкстыльных рэчаў.

Адказныя за адходы

Паводле прагнозаў Сусветнага банка, да 2050 года штогод будзе стварацца 3,4 мільярда тон смецця. Па меры назапашвання адходаў усіх відаў усё больш краін распрацоўваюць нарматыўныя акты, якія патрабуюць ад вытворцаў браць на сябе фінансавую адказнасць за сваю прадукцыю напрыканцы яе тэрміна службы. Законы, вядомыя як пашыраная адказнасць вытворцаў, былі прыняты ў шэрагу краін, у тым ліку ў Індыі, Аўстраліі, Японіі, Канадзе і ў некаторых штатах ЗША. У 2016 годзе ў Чылі таксама быў прыняты закон, які ўскладае на вытворцаў і імпарцёраў адказнасць за шэсць катэгорый адходаў, у тым ліку змазачнае масла, электроніку, акумулятары і невялікія батарэі, кантэйнеры і ўпакоўку, а таксама шыны. Аднак тэкстыль у гэты пералік не трапіў.

«Ультрахуткая мода» — гэта экалагічная катастрофа: адзенне дрэнна зроблена, шырока купляецца, рэдка носіцца і хутка выкідваецца«, — напісаў міністр па пытаннях экалагічнага пераходу Крыстаф Бешу ў сацсетцы пасля дэбатаў з прадстаўнікамі галіны. Ён падтрымаў прапанову аб забароне рэкламы тавараў «хуткай моды», у тым ліку праз сацыяльных агентаў, а таксама аб устанаўленні экалагічных штрафаў на адзенне. 

Законапраект атрымаў падтрымку з боку прадстаўнікоў індустрыі, у тым ліку французскага дызайнера мужчынскага адзення і кіраўніка Нацыянальнай федэрацыі адзення Францыі П’ера Таламона, які лічыць, што брэнды, якія займаюцца «камерцыйным маркетынгам і перавытворчасцю, якія прымушаюць вас купляць адзенне, каб надзець яго сем-восем разоў, а пасля выкінуць у смеццевае вядро», павінны быць пакараны. Як перакананы фэшн-эксперт, такія гульцы «не ствараюць рабочыя месцы, а знішчаюць іх».

Тым часам стала вядома, што кошт гігантаў «хуткай моды» H&M і Zara ўпаў з моманту выхаду папярэдняга рэйтынга на 26 і 15 працэнтаў адпаведна. Як лічаць эксперты, паслабленне іх пазіцый звязана з непразрыстай палітыкай у пытаннях экалогіі. Так, было ўстаноўлена, што серыя адзення Conscіous Collectіon ад H&M, якая пазіцыянуецца як экалагічная і створаная з выкарыстаннем перапрацаваных адходаў, насамрэч змяшчае яшчэ больш сінтэтычных матэрыялаў, чым тавары з традыцыйных калекцый брэнда.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.