Вы тут

Парад спектакляў у гонар Валянціны Ераньковай


У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага зладзілі тыдзень пастановак Валянціны Ераньковай: паказы адбываюцца з 23 да 28 красавіка. Нагода — 75-гадовы юбілей рэжысёра, якая працуе ў гэтым тэатры з 1996 года, паставіла не адзін дзясятак спектакляў. І цяпер у рэпертуары тэатра імя Горкага іх некалькі.


Віншаванні заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валянціна Еранькова прымала 24 красавіка: у гэты дзень у горадзе Лепелі ў 1949 годзе прыйшла ў свет. А сёлета ў тэатры давалі лірычную камедыю «Дзявочнік» паводле Лары Канінгем пра сябровак, якія разважаюць пра сваё, жаночае. Валянціна Еранькова такім чынам, магчыма, недзе выявіла ўласны погляд на жаночае шчасце. Бо яна некалі зрабіла выбар — з акцёрскай прафесіі здолела перайсці ў складаную рэжысёрскую, якая лічыцца мужчынскай. І тут яе падтрымлівае муж, кампазітар Аляксей Еранькоў, які звычайна з’яўляецца аўтарам музыкі да яе спектакляў. Для яго знайшлася работа нават у спектаклі «Пясняр» (паводле В. Дранько-Майсюка), прысвечаным Уладзіміру Мулявіну. Хто не паспеў яшчэ гэта паглядзець і прапусціў паказ у гонар рэжысёра-пастаноўшчыка 25 красавіка, варта спланаваць паход у тэатр. Бо гэта нагода згадаць куміра Беларусі і любімыя песні. І п’еса сучасная. Пры тым, што Валянціна Еранькова любіць працаваць з класікай. Напрыклад, сярод яе пастановак — «Небяспечныя сувязі» (К. Хэмптана, паводле вядомага французкага рамана), якімі адкрылі тыдзень Ераньковай у тэатры Горкага. «Утаймаванне свавольніцы» паводле Шэкспіра паказваюць сёння, «Трамвай "Жаданне"» Т. Уільямса можна паглядзець 27 красавіка. Завершыць парад пастановак рэжысёра 28 красавіка «Анфіса» Л. Андрэева — зусім свежая, лютаўская прэм’ера. 

Як рэжысёр Валянціна Еранькова супрацоўнічае і з іншымі беларускімі і замежнымі тэатрамі. Але яе пастаноўка ў тэатры Горкага — спектакль «Пясняр» — была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў 2016 годзе. Яна таксама стала лаўрэатам IV Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Найлепшая пастаноўка па творы беларускага аўтара». А яшчэ Еранькова-рэжысёр мае адзнакі міжнародных фестываляў і ўзнагароды прафесійнай супольнасці Беларусі. Узнагароджана медалём Францыска Скарыны. 

Прыйшоўшы ў рэжысуру ўжо сталым чалавекам і творчай асобай, Валянціна Еранькова расла падчас стажыровак, у працэсе працы. Бо практыка — добры настаўнік, калі хочаш знайсці сябе, уласны стыль і падыход да работы з акцёрамі, якія павіны былі забыць пра тое, што перад імі — калега. Шлях можа адолець той, хто па ім ідзе, а яна не адступала і ўпарта рабіла сваю справу — ставіла спектаклі і імкнулася парадаваць гледачоў. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.