Вы тут

Крытэрыі прафесійнасці паводле Васіля Шаранговіча. Якія яны?


Яшчэ з дзяцінства кожнаму павінна быць зразумелая сутнасць паняцця «кніжная графіка Беларусі»: яна дапамагае ўспрымаць літаратуру. Але калі вылучыць карцінкі — атрымліваецца асобны маўклівы расповед, у якім сканцэнтраваны думкі, вобразы, настрой. Сярод мастакоў, чые творы даводзілася ў юнацтве бачыць у кнігах — імя Васіля Шаранговіча. Нядзіўна: ён афармляў «Збор твораў М. Багдановіча», «Вершы» Якуба Коласа і «Паэмы» Янкі Купалы, якія былі ў нашай школьнай бібліятэцы. А яшчэ рабіў ілюстрацыі да кніг Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча, Тараса Хадкевіча, іншых пісьменнікаў… 


Васіль Шаранговіч з вучнямі

Сёлета Васілю Пятровічу Шаранговічу споўнілася б 85, больш за два гады яго няма ў гэтым свеце. Але памяць пра народнага мастака Беларусі захоўваюць ўдзячныя чытачы кніг з яго ілюстрацыямі, гледачы, якія наведвалі выстаўкі, калегі, з якімі сябраваў і быў звязаны працай у творчым саюзе. І, безумоўна, вучні: Шаранговіч шмат гадоў узначальваў кафедру графікі ў Беларускай акадэміі мастацтва — і паўплываў на фарміраванне айчыннай графічнай школы. Пасля быў рэктарам у гэтай навучальнай установе. Але, нават будучы вельмі занятым, знаходзіў час на ўласную творчасць. 

Яна розная — пражытыя гады накладвалі адбітак. Напрыклад, была ў мастака серыя, прысвечаная паэме Маякоўскага «Уладзімір Ільіч Ленін». І ёсць класічны партрэт Францыска Скарыны аўтарства Шаранговіча — ён спасцігаў Беларусь праз асобы, стараўся зрабіць адкрыцці для іншых. Ёсць малюнкі і акварэлі, прысвечаныя роднай яму Мядзельшчыне. Ёсць і боль роднай зямлі. Серыя «Памяці вогненных вёсак» была натхнёна прачытаннем кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка. Работа над новай серыяй ішла няпроста... 

Напэўна, таму, што Васілю Шаранговічу быў уласцівы перфекцыянізм, які выяўляўся ў творчасці. У яго захавалася мала падрыхтоўчых малюнкаў, адзначае дачка Наталля, вядомы мастацтвазнаўца: калі яму не падабалася ці лічыў, што нешта не атрымалася, то проста знішчаў гэта. Казаў: «Такога не павінна быць. Павінна быць так, каб чалавек прыйшоў — і ў яго зазвінела...» Серыю «Памяці вогненных вёсак» ствараў цягам 10 гадоў. Рабіў тры аркушы, а потым спыняўся: таму што выказаўся, а далей трэба было падумаць. Наступныя тры работы атрымліваліся абсалютна іншыя. І так паступова з’явілася 9 аркушаў серыі, за якую атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь.

Жорстка патрабуючы з сябе, напэўна, ён пакідаў для гісторыі цалкам вывераныя рэчы. Нездарма большасць яго знакавых работ знаходзіцца ў музеях. Напрыклад, вялікі цыкл, створаны паводле Адама Міцкевіча, мастак пакінуў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Праілюстраваўшы паэму Міцкевіча, якая была выдадзена на трох мовах, Васіль Пятровіч атрымаў прапанову з Варшавы прадаць гэтыя творы. Але яго рашэнне было адназначным: «Усё маё мастацтва павінна застацца ў Бларусі!» 

Іншыя айчынныя музеі таксама могуць пахваліца калекцыямі твораў Шаранговіча. Сяброўскія адносіны ядналі яго з літаратурнымі музеямі. Дзякуючы гэтаму, напрыклад, у фондах Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа захоўваецца 108 мастацкіх работ Васіля Шаранговіча: 10 ілюстрацый да вершаў Якуба Коласа і серыя ілюстрацый да паэмы «Новая зямля». «Ведаю, што Васіль Пятровіч з асаблівай любоўю ставіўся да творчасці Якуба Коласа, — кажа Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў гэтага музея. — Ён вельмі тонка адчуваў хараство слова народнага Песняра, і тое, пра што пісаў Колас, было блізкае яго сэрцу. Напэўна, таму ў мастака атрымалася маляўніча, яскрава і рэалістычна перадаць тое, пра што казаў Якуб Колас. Нездарма ў кнізе „Новая зямля“, якая была выдадзена на трох мовах (беларускай, польскай і англійскай), выкарыстаны яго ілюстрацыі. І ў 2014 годзе выдадзена „Новая зямля“ на беларускай мове — таксама з ілюстрацыямі Шаранговіча. Спадзяюся, што такія кнігі будуць перавыдавацца, бо знайсці іх сёння немагчыма. А я мару, што здарыцца момант, калі серыя ілюстрацый да „Новай зямлі“, якая складаецца з 95 работ, будзе выстаўлена цалкам». 

Неблагая калекцыя твораў Васіля Шаранговіча і ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Словы Купалы ён чуў з дзяцінства: маці ведала на памяць шмат вершаў і чытала іх сваім дзецям. А калі пайшоў у школу, яна неаднаразова прасіла яго чытаць кнігі менавіта Купалы. Дыпломная работа Васіля Пятровіча ў тэатральна-мастацкім інстытуце была прысвечана творчасці Купалы — стварыў ілюстрацыі значных паэм Песняра. Сямнаццаць ілюстрацый з гэтай серыі папоўнілі фонды ў 2021-м — гэта апошні дар Васіля Пятровіча музею. «Мастацкая „Купаліяна“ нашага музея самая багатая ў свеце: у фондах больш за 2000 работ, прысвечаных Янку Купалу, з іх 137 — творы Васіля Пятровіча Шаранговіча, — гаворыць галоўны захавальнік фондаў Купалаўскага музея Надзея Саевіч. — Ён змог улавіць сутнасць творчасці Купалы. А ў цэнтры ілюстрацыі „А хто там ідзе?“ сярод постацяў простых беларусаў, якія гатовы змагацца за шчасце Айчыны, выяўлены бацька Васіля Пятровіча».

Асновай прафесіяналізму ён лічыў малюнак — гэта тое, па чым адзначаў іншых мастакоў. Сам любіў дасканаласць, быў прыкладным вучнем, згадваюць у Мінскім дзяржаўным каледжы імя А. Глебава, які Васіль Шаранговіч скончыў як жывапісец. Графіка прыцягнула ўжо ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Як мастак ён авалодаў усімі тэхнікамі графікі і вучыў іншых ствараць лінагравюру, літаграфію, ксілаграфію, афорт, працаваць у змешаных тэхніках і з акварэллю. 

Прыклады ўсіх гэтых тэхнік пабачаць наведвальнікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, дзе праходзіць вялікая выстаўка «Васіль Шаранговіч. Асоба. Мастак. Настаўнік». Акрамя яго знакамітых работ, частка экспазіцыі прадстаўляе вучняў Васіля Пятровіча, сярод якіх — вядомыя выпускнікі Акадэміі мастацтваў Мікалай Селяшчук, Валерый Славук, Віктар Александровіч, Уладзімір Вішнеўскі, Уладзімір Савіч... Іх шмат. Даводзілася выбіраць з адзінай мэтай: каб паказаць, наколькі рознымі ў творчасці могуць быць вучні аднаго настаўніка — па тэмах, па тэхніках графікі, якім аддаюць перавагу, альбо працуючы ў розных кірунках мастацтва. Варта паглядзець, каб упэўніцца: у Беларусі была, ёсць і будзе цудоўная школа графікі. 

Традыцыя, якая пайшла ад Шаранговіча, — гэта дакладнае разуменне таго, што мастак павінен быць заўсёды прафесійны, чым бы ні займаўся. І дакладнае разуменне таго, што ён хоча сказаць. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з асабістага архіва Наталлі ШАРАНГОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».