Вы тут

У Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта «Прыгажосць Карэі»


Тыдзень таму ў галоўным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея адбылося ўрачыстае адкрыццё міжнароднага выставачнага праекта «Прыгажосць Карэі», арганізаванага музеем і Культурна-адукацыйным цэнтрам «Пушкінскі дом» (Сеул, Рэспубліка Карэя). У экспазіцыі — творы сучасных мастакоў у традыцыйным стылі жывапісу Паўднёвай Карэі, які мае назву мінхва. Дапаўняе выстаўку аўтарская кераміка і каліграфія. Куратарам ад Нацыянальнага мастацкага музея выступае Святлана Пракоп’ева, загадчык аддзела замежнага мастацтва.


Назва выстаўкі цалкам тлумачыць яе змест. Мастакоў, творы якіх сабраны ў выставачным праекце «Прыгажосць Карэі», аб’ядноўваюць любоў да сваёй краіны і павага да карэйскай традыцыйнай культуры.

Першыя аўтары твораў гэтага кірунку не былі прафесійнымі мастакамі. Мінхва развівалася паралельна з афіцыйным жывапісам, але ж, як і ўсё народнае, залежала ад розных павеваў і ўплываў, падпарадкоўвалася эксперыментам аматараў-рупліўцаў. Між тым яркасць і дэкаратыўнасць выяў, сюжэты запазычаны з прыдворнага жывапісу (напрыклад, парныя птушкі, якія сімвалізуюць каханне, насякомыя і кветкі як увасабленне гармоніі паміж інь і ян). І ўсё ж у такім жывапісе шмат не зусім зразумелых сённяшняму гледачу сюжэтаў з тыграмі, сарокамі, духамі гор… Падобныя вобразы адсылаюць да старажытных міфаў. На выстаўцы, дарэчы, прыкладаў шмат. Сярод іх — «Тыгр і сарокі» (2017) Кім Ынчжу. Так, традыцыйна драпежнік знаходзіцца пад хвояй, а птушкі — побач. Тыгр добразычлівы, у яго крыху смешная морда… Жывёла — пасланнік горных духаў, які абараняе ад нягод. Сарока ў сваю чаргу нясе добрыя весткі і з’яўляецца пасланніцай багоў, якія дораць людзям радасць і поспех. Між тым асаблівую ролю мастакі заўсёды надавалі прыгажосці прыроды Карэі, што відаць, натуральна, і па выстаўцы Мастацкага музея. Тут і выявы рыб, насякомых, раслін… Кожны вобраз валодае асаблівай сімволікай.

Жывапіс мінхва адрозніваецца яркімі фарбамі, адлюстроўвае гумар і прастату, таму многім здаецца, што карцінам не хапае вытанчанасці і прапрацоўкі дэталяў. Манера выявы, як правіла, плоская, кампазіцыя дастаткова свабодная, вобразы пераважна наіўныя і экспрэсіўныя…

Так, традыцыйны карэйскі жывапіс мінхва працягвае развівацца і сёння. Яго ўзоры можна знайсці не толькі ў пышных палацах, але і ў дамах простых людзей — гэта элемент хатняга дэкору. У перыяд найбольшай папулярнасці (XIX — пачатак XX стагоддзя) карціны мінхва звычайна размяшчалі на сценах і дзвярах дамоў як талісманы шчасця, даўгалецця і дабрабыту. Сучасныя мастакі, натуральна, пераасэнсоўваюць жанр. Так, эксперыментатары тым ці іншым шляхам перайначваюць народны жывапіс ды імкнуцца адлюстраваць жыццё людзей XXI стагоддзя.

Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея кандыдат мастацтвазнаўства Ганна Конанава падчас адкрыцця адзначыла:

— Мінхва, вядома, зазнавала розныя перыяды. Быў час, калі яна з’яўлялася сапраўднай альтэрнатывай афіцыйнаму мастацтву. Сёння ж традыцыйны жывапіс, майстэрства керамікі і каліграфіі цалкам адлюстроўваюць душу народа. Мінхва нясе ў сабе сімвалы дабра, шчасця, святла, радасці, міру і любові. Мастацкая мова, з дапамогай якой гэтыя сімвалы даносяцца да гледачоў, па-добраму мінімалістычная, знакавая. Менавіта такім чынам яны максімальна метка трапляюць у сэрца гледача.

Выставачны праект «Прыгажосць Карэі» будзе працаваць да 12 мая.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».