Вы тут

Shappo 24 — новы выставачны праект у галерэі «Арт-Фабрыка»


У Беларусі апошнім часам не так часта арганізоўваюцца выставачныя праекты, канцэпцыя якіх выклікае непадробную цікавасць гледачоў з самымі рознымі поглядамі на выяўленчае мастацтва, асабліва калі гаворка ідзе пра мастацкія дынастыі ці творчыя і сямейныя тандэмы. Звычайная практыка — стварэнне зборных выставак, дзе ў залежнасці ад умоў і магчымасцей пляцоўкі кожны аўтар прэзентуе створанае ў апошнія гады альбо згодна з тэматыкай. 


«Любоў» (з серыі «Стихи и»)

Па некалькі работ ад удзельніка — вось і цэльная выстаўка, творчая справаздача, якая сведчыць пра арыгінальнасць і майстэрства яе стваральнікаў. 

Іншая справа — спроба разнастаіць мастацкі працэс. Гэтым заняліся галерэя «Арт-Фабрыка» і прадстаўнікі сям’і Шаппо, вядомыя ў Беларусі і за мяжой мастакі з адметным светапоглядам. Shappo 24 — так называецца выставачны праект, у рамках якога ў галерэі з лютага да лістапада праходзяць персанальныя выстаўкі Уладзіміра Шаппо і яго сыноў Аляксандра, Паўла і Антона. Першая з чатырох — экспазіцыя Паўла Шаппо Obsession № 9 — ужо завяршыла сваю работу. Фінальную, а гэта будзе агульны сямейны праект Anniversary, у якім паўдзельнічае і Ксенія Шаппо, скульптар, дачка Уладзіміра Дзмітрыевіча, абяцаюць адкрыць 18 кастрычніка. 

«Амаду» (з серыі «Five»)

Красавік — месяц Антона Шаппо. Нядаўна «Арт-Фабрыка» прэзентавала яго экспазіцыю April guardian. Жывапісец, скульптар, графік, дызайнер, майстар тату эксперыментуе з рознымі падыходамі і тэхнікамі ў выяўленчым мастацтве, знаходзіць адметныя рашэнні, увасабляючы іх у розных напрамках творчасці. У новай экспазіцыі прадстаўлены работы з розных вядомых цыклаў, а таксама творы з новых серый... На адкрыцці выстаўкі April guardian у атачэнні сям’і, сяброў, аднадумцаў і аматараў творчасці Антон Шаппо адзначыў: — Апроч іншага, гэтым разам я прадставіў тры новыя серыі. «Стихи и» — гэта скульптурныя рэльефы на тэму стыхій. Работы, аб’яднаныя назвай «Страшна прыгожа», прысвечаны Першай сусветнай вайне. Серыя Five знаёміць з любімымі пісьменнікамі, якія моцна на мяне паўплывалі. Вельмі рады прадставіць гэтыя творы гледачу. 

Антон Шаппо, тлумачальнік і каментатар розных культур свету ды іх адметнасцей, паўстае надзвычай яркім апавядальнікам. У яго работах, пабудаваных на кантрастах, нават самых лаканічных, прасочваецца гісторыя, непаўторная і адначасова пазнавальная, абагульненая, вечная. Як здзіўляешся майстэрству значных пісьменнікаў валодаць словам, так захапляешся ўменнем гэтага мастака расказаць уласны сюжэт, весці цікавае апавяданне, якое часам быццам працягваецца па-за межамі твора, самае простае — праз асаблівую стылізацыю рам. Хоць тых самых лексічных адзінак Антон Шаппо не цураецца. Так, работы серыі «Стихи и», пераклад назвы якой на беларускую мову страціць свой сэнс, змяшчаюць у сабе натхнёныя радкі на англійскай мове. Нібыта лейтматыў усёй выстаўкі: Let them write in blood, weave feuilltons of ridiculous truths — love will overcome everything, all material rules. 

— Антон Шаппо — унікальны творца, — адзначыла Дар’я Аўчыннікава, дырэктар галерэі «Арт-Фабрыка». — Раю гледачам не спяшацца і ўважліва разгледзець кожную работу. Гэта дазволіць адшукаць глыбінныя сэнсы, адчуць новыя эмоцыі, знайсці адказы на важныя пытанні. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».