Вы тут

«Мінская вясна» традыцыйна збірае аматараў музыкі


На працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў у фестывальнай афішы «Мінскай вясны» гучаць творы сусветнай класікі і беларускіх кампазітараў, найпапулярнейшыя мелодыі прызнаных геніяў і дэбюты творчай моладзі. Прысвечаныя юбілейным датам і прадстаўленню новых выканальніцкіх імёнаў канцэрты збіраюць самых розных аматараў музыкі. Публіка цёпла сустракае вядомых музыкантаў і пачаткоўцаў, давяраючы ім свае думкі і пачуцці. У праграме сёлетняй «Мінская вясны», што завершыцца разам з каляндарнай, многае выклікае цікавасць. 


Дасягненні стагоддзя

Сярод адметных праектаў XXXIX Фестывалю музыкі «Мінская вясна» — «Аркестравы дыптых», з якім слухачы пазнаёміліся 16 красавіка. У Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі выступілі лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Аркестр беларускіх народных інструментаў (мастацкі кіраўнік і дырыжор Сяргей Гладкі) і Аркестр рускіх народных інструментаў (мастацкі кіраўнік і дырыжор Юлія Жураўлёва). Іх канцэрт — з цыкла «100 гадоў поспеху: да юбілею Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі». Святочны праект найбуйнейшай і найстарэйшай установы адукацыі Беларусі ў сферы культуры прызначаны для таго, каб харавыя і аркестравыя калектывы, ансамблі і салісты прадэманстравалі сваё майстэрства. На працягу красавіка і мая ў Вялікай і Малой залах Белдзяржфілармоніі праходзяць розныя канцэрты, якія сведчаць пра традыцыі і наватарства беларускай музычнай школы. Усяго — 10 арыгінальных праграм, у якіх удзельнічаюць народныя артысты Беларусі, салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, многія з якіх — выпускнікі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. 

Так, навучальная ўстанова ўзрасціла некалькі пакаленняў прафесійных музыкантаў і стаяла каля вытокаў стварэння самых розных канцэртных калектываў, напрыклад, Беларускай студыі оперы і балета, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча… 

— Безумоўна, 100-гадовая гісторыя Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі звязана з грандыёзнымі падзеямі, яркімі фестывалямі і праектамі, у якіх навучальная ўстанова неаднаразова дэманстравала самыя высокія дасягненні, — адзначыў у прывітальным слове намеснік начальніка упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Сямёнаў. — Але каледж — гэта найперш працавітыя педагогі, якія любяць музыку і вучаць гэтаму майстэрству таленавітых дзяцей. З вынікамі іх працы мы і знаёмімся ў цыкле канцэртаў «100 гадоў поспеху». Жадаю нашаму музычнаму каледжу толькі росквіту, новых цікавых праектаў, творчых дасягненняў. Няхай яго вялікая гісторыя працягваецца! 

Дзве карціны

Удзел у канцэрце «Аркестравы дыптых» прынялі Ігар Задарожны, уладальнік ордэна імя Ф. Скарыны і ганаровага звання «Залаты барытон беларускай эстрады»; Міхаіл Валчкоў, уладальнік Гранд-прэміі і звання лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі; Таццяна Сушчэня, таксама лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі; Аліна Казачэнка, стыпендыят спецыяльнага фонду. Выступілі ў святочным канцэрце таксама Таццяна Зыкава і Андрэй Дзям’яненка, лаўрэаты рэспубліканскіх, усерасійскіх і міжнародных конкурсаў.

Праграма складалася з двух аддзяленняў. У першым выступіў Аркестр рускіх народных інструментаў, які выканаў творы знакамітых кампазітараў: III частку «Сіўка-бурка» з канцэрта для гусляў звончатых з аркестрам № 2 Канстанціна Шаханава, вальс з оперы «Іван Сусанін» Міхаіла Глінкі, рускі танец з балета «Лебядзінае возера» Пятра Чайкоўскага... Да таго ж прагучала народная песня «Ванюша мой» — саліравала стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі Арына Вяльшына (клас выкладчыка Анастасіі Воранавай). 

Найбольш яркім быў фінал першай часткі канцэрта. Запамінальныя нумары — «Прысвячэнне Астару П’яцолу» Уладзіміра Зубіцкага і «Паклоннікі» Эдуарда Арцем’ева, шчымлівая музыка, напісаная для знакамітага кінафільма «Раба кахання» Мікіты Міхалкова. Як звычайна, апошняя найбольш кранула гледача, але прычына яшчэ і ў тым, што падчас выканання твора Аркестрам рускіх народных інструментаў дэманстравалася прэзентацыя з фотаздымкамі, у якіх адлюстраваны старонкі гісторыі музычнага каледжа імя Глінкі. 

Другое аддзяленне было напоўнена творамі самых розных беларускіх і замежных кампазітараў у выкананні Аркестра беларускіх народных інструментаў. Справядліва, распачала гэтую частку канцэрта музыка сучасных аўтараў з Беларусі: прагучалі «Урачыстая прэлюдыя» Вячаслава Кузняцова, «Рэха даўніны» з сюіты «З мінулага Нясвіжа» Генадзя Ермачэнкава, фантазія на тэму беларускай народнай песні «Рэчанька» ў апрацоўцы Віктара Лыскаўца і «Несапраўднае кіно» Аліны Безенсон. Гэтыя творы не так часта выконваюцца, таму за зварот да іх слухач асабліва ўдзячны. Працягнула канцэрт музыка італьянца Раберта Малінэлі, расіяніна Аляксандра Цыганкова, аўстрыйца Іагана Штрауса… Не абышлося без спеваў — Ігар Задарожны выканаў рускі раманс «Тройка». 

Для фіналу канцэрта «Аркестравы дыптых» былі выбраны эмацыянальныя, яркія творы самабытных кампазітараў. Спачатку прагучала кампазіцыя «Малдаўскія вяснянкі» ў апрацоўцы Сяргея Гладкага, затым залу парадавала «Лезгінка» з балета «Гаянэ» Арама Хачатурана, а імпрэзу завяршыла п’еса-жарт на яўрэйскія тэмы «Канцэртнае кола» Міхаіла Архіпава. Праграма атрымалася на дзіва жыццесцвярджальная і натхняльная. Відавочна, і самі юныя музыканты атрымалі задавальненне. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Беларуская дзяржаўная філармоніяФота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».