Вы тут

Восеньскія лісты паэта...


Віктара Шніпа, якога добра ведаюць як паэта, усё часцей уважлівы чытач беларускай літаратуры адкрывае і як празаіка. У Выдавецкім доме «Звязда» толькі што пабачыў працяг «дзённікавага раман паэта» — «Заўтра была аддліга-4». 


У кнізе аб’яднаны запісы пісьменніка ад сярэдзіны жніўня 2018 да кастрычніка 2019 гг. Лічы, восенню пачатая і восенню завершаная спрваздача творцы аб пройдзеным шляху, аб прачытаных кнігах, аб сустрэчах і адкрыццях... Віктар Шніп кліча за сабою чытача, каб агледзець зробленае і разам выказаць перажыванні аб няздзейсненым. Паэт і празаік, мастак слова не проста дзеліцца і не проста разважае, ён імкнецца паяднаць прастору і час, выступае лірычным героем твора, ды і нас, чытачоў, у нейкай ступені уцягвае ў сваю і мастацкую рэчаіснасці. 

«15. 08. 2018. Дні заўважна пакарацелі. Праўда, я не бачыў іх доўгімі. Дні былі дажджлівымі. Былі спякотнымі. Былі сумнымі. А доўгіх для мяне небыло. Дні прыходзілі і сыходзілі. Як марскія прылівы і адлівы. І перад мною ўжо ляжыць жоўтая лістота, як пясок...» 

Часам здаецца, што паэт піша некаму лісты. Піша, быццам імкнецца перадаць не толькі ўсё самім перажытае, але і заклікае чытача да разваг пра яго сны, пра колеры, а не толькі пра сутнасць думак. Амаль што эпіцэнтрам усяго дзённікавага рамана з’яўляецца вёска, якая не проста віртуальна прысутнічае на старонках «Адлігі», а якая і нам прыадкрываецца ўсімі сваімі сімваламі і вобразамі. Чытаючы старонкі Віктара Шніпа пра яго родныя Пугачы, не можаш не думаць і пра сваю родную вёску... «29. 12. 2018. <...> 

... робячы падрахунак пражытага за 2018 год, пачну з кепскага:
Вельмі мала быў у родных Пугачах. 
Памерла некалькі аднавяскоўцаў, з якімі хацеў у гэтым годзе сустрэцца і пагаварыць, але не сустрэўся...
Мала казаў добрых слоў родным і знаёмым...
Не ўсім змог дапамагчы, каму трэба было дапамагчы...

Не адведаў многіх родных. Асабліва шкадую, што не быў у Лягезах, дзе гадаваўся да школы сем гадоў...» «1.01. 2019. На маёй Валожыншчыне цэлы дзень ідзе снег. Месцамі завеі. У Лягезах вуліца замецена. У Пугачах не вельмі снегу, але мяце. У Татарах завея. У Ракаве снежна. Лёня Шчарбінскі, які жыве з жонкай каля Валожына ў вёсцы, дзе цяпер тры жыхары, два разы выходзіў і расчышчаў сцяжыну да вуліцы, па якой зімой амаль не ездзяць машыны. І па сцяжыне сёння ніхто да Шчарбінскіх не прыходзіў і не прыйдзе, але Лёня яшчэ раз перад сном выйдзе і расчысціць снег...» «30.01. 2019. З Навасёлак патэлефанаваў дзядзька Леанід Жыткевіч. Паведаміў непрыемную навіну. У мінулую нядзелю ў Дубравах згарэла хата паэта Вячаслава Міхасёнка, які ўжо шмат гадоў, як памёр. У хаце жыў вясковец, якія таксама згарэў. Хата адметная не толькі тым, што там жыў паэт, але і тым, што ў ёй неаднаразова гасцяваў Уладзімір Караткевіч. Некалькі гадоў таму мы з Леанідам Жыткевічам і Міхасём Казлоўскім хадзілі глядзець хату. Памятаю, як Міхась казаў: „Добра было б трапіць на гарышча. Там павінны былі б быць кніжкі Караткевіча з аўтографамі...“ Не паглядзелі, бо нікога дома не было. Цяпер ужо ніколі не паглядзім. Ад хаты засталося абвугленае бярвенне...» «14. 05. 2019. Збіраюся ў вёску, як на планету, з якой даўным-даўно перасяліўся сюды, дзе асфальт і бетон, і дзе ўжо зацвілі каштаны, якія для мяне не сталі роднымі...»

Так што найперш раю прачытаць кнігу Віктару Шніпа вяскоўцам, тым, хто і ў горадзе пачувае сябе сапраўдным грамадзянінам вёскі. 

А набыць «дзённікавы раман паэта» Заўтра была адліга-4″ можна ва ўсіх кнігарнях ААТ «Белкніга» — у розных абласцях Беларусі, а таксама ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: прапсект Незалежнасці, 72. Прыемных чытацкіх падарожжаў, прыемных сустрэч са словамі і думкамі Віктара Шніпа!

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».