Вы тут

Яе імя стала легендай


Дзень нараджэння прымадонны выпадае менавіта на 1 мая. І тое, што супадае з першамайскім святам, якое асацыіруецца з росквітам вясны і нейкім своеасаблівым узнёслым настроем, яшчэ з дзіцячых гадоў робіць яе па-асабліваму шчаслівай. 


У ролі княгіні Аляксандры ў спектаклі «Сільва»

А сёння 85-я вясна народнай артысткі сведчыць аб яе яскравым творчым даўгалецці і аб высокіх дасягненнях, што ўжо сталі класікай жанру, у якім яна працуе, а ў больш шырокім маштабе — нацыянальным здабыткам, якім ганарыцца ўся краіна. 

Імя Наталлі Гайды значыцца не толькі ў беларускіх, расійскіх энцыклапедыях і ў такім міжнародным выданні, як «Кто есть кто. Деловой мир СНГ», але і ў сусветным выданні «Who is Who», куды ўвайшлі імёны ста знакамітых жанчын свету. Пералік ганаровых званняў, рэгалій і дзяржаўных узнагарод Наталлі Гайды заняў бы цэлую старонку. Ёсць сярод іх і расійскія, бо сваёй творчасцю артыстка звязвае Беларускі музычны тэатр з тэатрамі Расіі. І пацвярджэннем гэтаму служыць спецыяльная прэмія «ЛЕГЕНДА» Асацыяцыі музычных тэатраў Расіі. 

У біяграфіі Наталлі Віктараўны бягучы год азнаменаваны яшчэ адным важным юбілеем — 55-годдзем пражывання ў Беларусі. Як вядома, да гэтага яна з’яўлялася салісткай Свярдлоўскага опернага тэатра. І так атрымалася, што яе муж Юрый Бастрыкаў, які таксама быў салістам свярдлоўскай оперы, у 1969 годзе выйграў усесаюзны конкурс на барытона, абвешчаны Вялікім тэатрам Беларусі. 

Так сямейная пара аказалася ў Мінску.

Але салісткай беларускай оперы Наталля Гайда была нядоўга. У 1970 годзе ўрад рэспублікі выдаў Указ аб стварэнні Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, і гэта акалічнасць аказалася вызначальнай у далейшым творчым лёсе артысткі. Нягледзячы на тое, што ў Свярдлоўскай кансерваторыі яна вучылася на аддзяленні оперных спеваў і шэсць гадоў праслужыла на опернай сцэне, упэўненасці ў тым, што гэта яе адзінае прызванне, усё ж не было... Спявачка разумела, што з яе высокім лёгкім сапрана ў оперы яна заўсёды будзе выконваць лірычныя і зрэдку лірыка-драматычныя партыі, а яе артыстычная натура імкнулася да сапраўднага драматызму. «Я заўсёды зайздросціла салісткам, якія маюць драматычнае сапрана, — прызнаецца Наталля Віктараўна. — Для такога голасу кампазітары пішуць вельмі выразныя вакальныя партыі, што дазваляе ствараць на сцэне моцныя і яркія вобразы. Таму ўвесь напал музычнай драматургіі ў оперы — не для маіх лірычных гераінь. Акрамя таго, мне хацелася на сцэне не толькі спяваць, але і танцаваць, і гаварыць, хацелася плакаць і смяяцца, адным словам — іграць, але ўсё гэта было магчыма толькі ў аперэце і музычнай камедыі». 

У Тэатр музкамедыі яна магла аформіцца пераводам з опернага, але вырашыла нараўне з іншымі прэтэндэнтамі ўдзельнічаць у праслухоўванні. 

«У камісіі сядзелі масцітыя спецыялісты і прызнаныя прадстаўнікі музычнага і тэатральнага мастацтва Беларусі, сярод якіх быў і вядомы кампазітар Юрый Семяняка. Мне хацелася, каб яны ўбачылі, што я валодаю не толькі вакалам, але і якасцямі, неабходнымі для жанру аперэты. Таму я выбрала дынамічныя нумары з двух разнапланавых спектакляў: спявала і танцавала „Карамбаліну“ з „Фіялкі Манмартра“ Кальмана і выконвала арыёза Тоні з „Белай акацыі“ Дунаеўскага. Пасля праслухоўвання да мяне падышоў Юрый Уладзіміравіч Семяняка і сказаў: „Дзякуй вам за Дунаеўскага!..“» 

Наваствораны калектыў, не маючы свайго памяшкання (атрымаў яго толькі праз 10 гадоў), праводзіў рэпетыцыі на розных сцэнічных пляцоўках горада. Рыхтавалі тры разнапланавыя пастаноўкі: класічную аперэту, савецкую аперэту і беларускую музычную камедыю. Урачыстая цырымонія адкрыцця Тэатра музкамедыі адбылася 17 студзеня 1971 года ў памяшканні клуба імя Дзяржынскага з паказам гераічнай музычнай камедыі Юрыя Семянякі «Спявае „Жаваранак“». І галоўную ролю ў першым спектаклі новага тэатра выконвала Наталля Гайда. 

Гэта быў самабытны твор, у якім расказвалася аб барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гераіняй Наталлі Гайды была падпольшчыца Ірына, яна ж — спявачка Ірэн, якая выступае ў нямецкім кабарэ. Вось што расказваў тады аб сваіх уражаннях Юрый Семяняка чытачам «ЛіМа»: «Роля складаная і музычна, і ў сэнсе ўвасаблення вобраза. Роля драматычная. Тут для паспяховай працы адной „школы“ малавата, тут павінна быць, як кажуць, „ад бога“... Якраз у той час многія мае сябры вялі гаворку наконт напісання музыкі да славутай Купалавай „Паўлінкі“. I вось калі я ўбачыў Гайду-Ірыну, цвёрда вырашыў, што буду пiсаць „Паўлінку“ i што Паўлінкай будзе Гайда». 

Новы тэатр знаёміў гледачоў яшчэ з двума спектаклямі, якія паспеў падрыхтаваць да свайго адкрыцця і ў якіх галоўныя ролі таксама выконвала Наталля Гайда. У савецкай аперэце «Вольны вецер» Дунаеўскага створаны ёю вобраз Стэлы быў сатканы з тонкага лірызму, які вельмі арганічна пераплятаўся з сілай духу і нават мужнасцю гэтай простай дзяўчыны, дачкі загінулага марака. А ў класічнай аперэце «Фіялка Манмартра» Кальмана, дзе паказвалася атмасфера жыцця парыжскай багемы, бляск і галеча розных саслоўяў, у вобразе Віялеты артыстка ўвасобіла ўсе самыя яркія рысы класічнай гераіні. 

Такім чынам, ужо з першых спектакляў новага тэатра Наталля Гайда гучна заявіла аб сабе не толькі як спявачка, але і як шматгранная актрыса. У жанры музкамедыі, сінтэтычным па сваёй прыродзе, яна атрымала дынаміку сцэнічнага дзеяння, якога ёй не хапала ў оперы, магчымасць большага самавыяўлення і ў той жа час прыўнесла ў яго моцныя якасці опернага мастацтва — высокую вакальную тэхніку, інтанацыйную чысціню, а таксама вобразна-эмацыянальную афарбоўку ў раскрыцці ўнутранага свету сваіх гераінь. Пры гэтым яна дэманстравала і спецыфічныя рысы жанру, што асабліва яскрава праяўлялася пры пераходзе ад дыялогу да спеваў і танца, а потым зноў да дыялогу без так званых аперэтачных швоў. 

Як ужо адзначалася, Юрый Семяняка наступную музычную камедыю пісаў з разлікам менавіта на Наталлю Гайду. Вядома, што спектакль «Паўлінка» з’яўляецца візіткай акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. 

І зразумела, што хрэстаматыйны вобраз самой Паўлінкі за дзесяцігоддзі сцэнічнага жыцця стаў акадэмічным. У гэтым і заключалася асноўная складанасць яго ўвасаблення на музычнай сцэне. 

Наталля Гайда ў першую чаргу павінна была ўнутрана спасцігнуць інтанацыйны строй незнаёмага ёй музычнага матэрыялу, наскрозь прасякнутага беларускім народным меласам. Адначасова ёй неабходна было авалодаць мелодыкай і інтанацыйным строем беларускай мовы. Зразумела, у гэтым артыстцы дапамагаў аўтар лібрэта «Паўлінкі» Алесь Бачыла. Але ж вельмі многае тут залежала і ад яе самой. «Прыехаўшы жыць і працаваць у сталіцу Беларусі, я адразу паставіла перад сабой задачу: напачатку я павінна калі не засвоіць, то хаця б разумець беларускую мову, — успамінае тыя далёкія гады Наталля Віктараўна. — Адразу ж пачала хадзіць у Купалаўскі тэатр, не раз глядзела там і „Паўлінку“. І ці ж магла я тады падумаць, што праз некалькі гадоў сама буду выконваць галоўную ролю ў музычнай версіі гэтай п’есы. У разуменні і засваенні мовы мне вельмі дапамагала беларускае радыё, якое я прызвычаілася слухаць пастаянна. І, канешне, беларуская літаратура. Я з нейкім трапяткім пачуццём заходзіла ў „Кнігарню пісьменніка“, дзе першай набыла кнігу Івана Шамякіна „Сэрца на далоні“, і не ў перакладзе, а на мове арыгінала. Але самым каштоўным для мяне былі непасрэдныя кантакты з носьбітамі мовы — беларускімі пісьменнікамі, кола знаёмства з якімі паступова пашыралася».

Прэм’ера «Паўлінкі» адбылася ў 1973 годзе. Рэспубліканскія выданні аднадушна заявілі аб другім нараджэнні купалаўскага шэдэўра на падмостках музычнага тэатра. Гэтая роля прынесла Наталлі Гайдзе яе першае ганаровае званне — заслужанай артысткі БССР. Пазней для яе былі прадугледжаны ролі і ў наступных аперэтах Юрыя Семянякі — «Тыдзень вечнага кахання» і «Сцяпан — вялікі пан», а таксама ў музычнай камедыі Рыгора Суруса «Несцерка».

Зразумела, што рэпертуарная афіша тэатра ў асноўным была прадстаўлена класічнай аперэтай і савецкай музычнай камедыяй, і гледачамі Наталля Гайда ўспрымалася ў першую чаргу як каралева чардаша і зорка аперэты. 

І ў той жа час яна з вялікім задавальненнем удзельнічала ў спектаклях, якія пашыралі рамкі жанру, — у класічных і сучасных мюзіклах, асаблівую цікавасць з якіх уяўлялі творы беларускіх кампазітараў — Андрэя Мдзівані, Яўгена Глебава, Уладзіміра Кандрусевіча... 

Супрацоўніцтву з беларускімі аўтарамі Наталля Гайда заўсёды надавала асаблівае значэнне. І тут варта нагадаць яе шырокую канцэртную дзейнасць. «На працягу 70–80 гадоў я прымала ўдзел у шматлікіх выязных канцэртах, якія праходзілі літаральна па ўсёй Беларусі, прытым вельмі часта — на прадпрыемствах, — успамінае Наталля Віктараўна. — Звычайна арганізоўвалася невялічкая група, куды ўваходзілі прадстаўнікі ад Саюза кампазітараў і Саюза пісьменнікаў, якія працавалі ў песенным жанры, і я як выканаўца гэтых песень. Вельмі часта на такія канцэрты я выязджала разам з Юрыем Семянякам і Уладзімірам Буднікам, якія самі і акампаніравалі мне». Асабліва значным этапам сваёй творчай біяграфіі артыстка лічыць супрацоўніцтва з дырыжорам Барысам Райскім — кіраўніком канцэртна-эстраднага аркестра Беларускага тэлебачання і радыё. Пад яго кіраўніцтвам былі зроблены фондавыя запісы з яе аперэтачнага рэпертуару, музычнай камедыі «Паўлінка», а таксама мноства песень беларускіх кампазітараў: Юрыя Семянякі, Яўгена Глебава, Ігара Лучанка, Эдуарда Зарыцкага, Эдуарда Ханка. Дастаткова нагадаць такія з іх, як «Травы детства», «Белый парус», «Комсомольская площадь»... Але з усіх запісаў, зробленых з аркестрам Барыса Райскага, асабліва вылучаецца песня Яўгена Глебава «Дом мой, столица» на верш Уладзіміра Арлова, якую Наталля Гайда выконвала ў дуэце з Анатолем Падгайскім. 

А на тэатральных падмостках яна на працягу дзесяцігоддзяў заставалася ў амплуа гераіні. Так, у 1989 годзе адбылася прэм’ера аперэты Кальмана «Прынцэса цырка», галоўную ролю ў якой па-ранейшаму выконвала Наталля Гайда. «У першыя гады работы ў тэатры я лічыла, што адмоўлюся ад амплуа гераіні ў 40 гадоў, — расказвае Наталля Віктараўна, — але калі выйшаў гэты спектакль, мне было ўжо 50. Праз год я ўсё ж адмовілася ад гэтага амплуа ва ўсіх спектаклях, пакінуўшы за сабой толькі ролю Разалінды ў „Лятучай мышы“, бо гэтая гераіня — замужняя жанчына, і таму яна неабавязкова павінна быць маладой. 

І ў гэтым вобразе я выходзіла на сцэну да 55 гадоў. Але адзначу, што ў такім узросце ўжо і нецікава іграць маладосць. Мне хацелася ствараць неардынарныя жаночыя вобразы, хацелася сутыкнення характараў і глыбокіх драматычных калізій...» 

Пераход на якасна іншы ўзровень творчасці аказаўся для Наталлі Гайды не балючым, як гэта часта здараецца з вядучымі салісткамі, а, наадварот, узбагаціў яе творчую палітру высокай прыкметай драматызму. У яе з’явіліся яркія характарныя ролі ў пастаноўках класічнага і сучаснага рэпертуару, і, што самае галоўнае, яна па-ранейшаму выходзіць на сцэну ў вобразе Жанчыны з вялікай літары. 

З усіх салістак, якія ў 1970 годзе разам з Наталляй Гайдай прыйшлі ў наваствораны тэатр, толькі яна адна так упэўнена і яскрава заявіла аб сабе на падмостках і толькі яна адна служыць тэатру па сёння. 

Зоя МАТУСЕВІЧ

Фота Сяргея ЧЫГІРА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.