Вы тут

Надышоў час вярнуцца да сваіх герояў...


У пачатку мая ў Беларусі адбудзецца прэм’ера новага ваеннага фільма «Час вярнуцца». Ён створаны на аснове рэальных падзей. Кансультантам выступіў вядомы беларускі гісторык Сяргей Траццяк.


«Гэта сапраўдны падарунак усяму беларускаму народу да 9 Мая і з нагоды 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Фільм атрымаўся цікавым, дынамічным, з добрым гукам і выдатнай ігрой акцёраў. Перакананы, што такія стужкі вельмі патрэбны, бо служаць прыкладам патрыятычнага выхавання моладзі», — менавіта так прадставіў на перадпрэм’ерным паказе журналістам новую ваенна-гістарычную драму «Час вярнуцца» Юрый Аляксей, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». 

Ацаніў новую ваенную стужку і Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Ігар Аляксандравіч адзначыў, што гэтае кіно мае вялікае значэнне для Беларусі, бо ў свеце няма аналагаў такога вялікага партызанскага руху, які існаваў у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашай краіны ва ўмовах акупацыі. У ім было задзейнічана больш за 374 тысячы партызан і 70 тысяч падпольшчыкаў. 

— Гэта фільм пра чалавечнасць, мужнасць і абавязак. Адчуваецца работа гістарычнага кансультанта, добра, што ў пачатку і ў канцы фільма ёсць дакументальная кінахроніка, — заўважыў Ігар Марзалюк. — Упэўнены, што ваенная тэматыка нікуды не сыдзе з нашых экранаў.

Пра што ж новае кіно? У «Часе вярнуцца» гаворка ідзе пра падзеі, што папярэднічалі вядомай аперацыі «Баграціён», якую ўдалося ажыццявіць дзякуючы дапамозе партызан: яны літаральна знайшлі шлях у тыл ворага, пабудаваўшы на балоце дарогу-«ляжнёўку». У чэрвені 1944 года партызаны атрымалі заданне — правесці разведку, каб мець дакладную інфармацыю пра стан нямецкай арміі і вызначыць слабыя месцы. Аднак ім літаральна дыхае ў спіну так званая ягдкаманда, якая знішчала на сваім шляху ўсіх, у тым ліку мірных жыхароў, старых і дзяцей, а на партызанаў вяла сапраўднае паляванне. Прататыпамі галоўных герояў былі рэальныя людзі, байцы партызанскіх атрадаў і іх камандзіры, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Невыпадкова на постары да фільма побач стаяць беларус, узбек і яўрэй. Наогул гэта не адзіная сімвалічная рэч: першы здымачны дзень — 23 чэрвеня мінулага года (у гэты дзень 80 гадоў таму і пачалася аперацыя «Баграціён»). 

— Хацелася такім чынам падкрэсліць важнасць гэтай работы, — прызнаўся рэжысёр Іван Паўлаў. — Здавалася, нам дапамагала ўсё: надвор’е, людзі, прырода. Удалося зняць усё ў вызначаны тэрмін (мы завяршылі 1 верасня) і ніхто не пацярпеў, хаця былі вельмі складаныя эпізоды з начнымі здымкамі, выбухамі, стрэламі.

Іван Паўлаў дзяліўся сваімі ўражаннямі стоячы. Ён патлумачыў: інакш не можа расказваць пра такое кіно — яно стваралася з пашанай да беларускіх партызан, іх подзвігу. 

— Мне б вельмі хацелася, каб наша моладзь дзякуючы гэтаму фільму зразумела, наколькі цяжка нам далася Перамога. Са свайго боку акцёры зрабілі ўсё, што змаглі. Гэта былі мае самыя складаныя здымкі. Кіно заўжды няпроста ствараць, а ваеннае — асабліва, тым больш цяпер — напярэдадні 80-годдзя з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — нагадаў рэжысёр.

Аўтар сцэнарыя фільма Таццяна Команава не стала адкрываць сакрэтаў, колькі было карэкціровак, бо гэта ўсё свая кухня, не патрэбная гледачу. Галоўны вынік працы — на экране. 

— Кожны беларус ведае, якім павінен быць ваенны фільм. Каб зрабіць нешта новае, мы перагледзелі ўсе свае нацыянальныя блокбастары, — распавядае Таццяна Команава. — Нам было вельмі важна паказаць, як людзі штодня рабілі свой выбар. Галоўны герой — тыповы беларус. Ён не па сваёй волі апынуўся ў акупацыі. Наогул, гэта чалавек, якому па духу бліжэй будаўніцтва, мірнае жыццё. Але яму даводзіцца ваяваць. І ўсё ж у выніку ён прыме ўдзел у будаўніцтве той дарогі, якая і прывядзе да Перамогі.

Крышачку прыадкрыў заслону здымачнага працэсу кінааператар-пастаноўшчык Вячаслаў Дунаеў. Паводле яго слоў, вельмі ўважліва сачылі за тым, каб ніякія сучасныя аб’екты не трапілі ў кадр. Таксама рабілі ўсё, каб карцінка атрымалася цікавая і якасная. Здымалі і ў павільёне, і на выездзе. Часам даводзілася здымаць пад сапраўдным дажджом, перапраўляць здымачную тэхніку на іншы бераг ракі, шмат моклі і мерзлі. Да аднаго прыгожага кадра, які доўжыцца на экране толькі пару секунд, рыхтаваліся дзве гадзіны. Аднак гэта было важна для людзей, якія так паважліва ставяцца да гісторыі і подзвігу свайго народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

— Адна з самых складаных сцэн здымалася на рацэ Віліі. У сцэнарыі гэта, канешне, Днепр, але ў кіно такое можна сабе дазволіць, — прызнаўся рэжысёр Іван Паўлаў. — На экране не відаць, але мы здымалі ў розных месцах чатыры ночы. Гэта была вялікая праца! На маю думку, усё атрымалася вельмі дынамічна і рэалістычна. Не абышлося і без прыгод: у пачатку здымак усе людзі ў масоўцы казалі, што ўмеюць плаваць, глыбіня была ўсяго два метры, але чамусьці аднаго чалавека давялося ўсё ж выратоўваць нашаму каскадзёру. Што рабіць... 

На здымках усякае здараецца! Але ў цэлым у нас не было ніякіх вялікіх эксцэсаў. 

У здымках бралі ўдзел як расійскія, так і беларускія акцёры. Адна з самых вядомых — актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Юлія Кадушкевіч. 

— Гэта не першы ваенны фільм для мяне. Пражываць ролю было, з аднаго боку, зразумела як, але з іншага — вельмі цяжка, бо я павінна перадаць шмат пачуццяў: страх ад таго, што людзі апынуліся ў такім жаху, волю жыць, — прызналася актрыса. — Хачу выказаць падзяку рэжысёру за яго тытанічную працу. Таму што вынесці эмацыянальна такое напружанне няпроста. У здымках удзельнічала прыкладна 500 чалавек. Аднак, нягледзячы на выпрабаванні, на пляцоўцы было цёпла і камфортна, бо мы ўсе ведалі, дзеля чаго здымаецца такі фільм. Важна паказаць жахі вайны, каб такі цяжкі час ніколі не паўтараўся. 

— Каб гэты фільм паглядзела як мага больш людзей, плануем арганізаваць не толькі вячэрнія, але і ранішнія, і дзённыя сеансы па сацыяльным кошце. Варта падтрымаць наш беларускі прадукт і паказаць кіно такога значэння большай колькасці нашага насельніцтва, — паведаміла першы намеснік гендырэктара УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Вольга Дзюльдзя.


Прэм’ера фільма «Час вярнуцца» запланавана на 2 мая. Гледачы, якія прыйдуць у гэты дзень на сеанс у 18 гадзін у сталічны Дом кіно, змогуць сустрэцца са здымачнай групай. Такім чынам аматары беларускага кіно змогуць дакрануцца да творчага працэсу. 

Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.