Вы тут

Іван Тэртэль: «У барацьбе з тэрарызмам дзейнічаем па законах ваеннага часу — рашуча і без ваганняў»


У Ваеннай дактрыне і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі дадзена аб’ектыўная ацэнка ўнутранай і міжнароднай у тым ліку ваенна-палітычнай абстаноўкі, структураваны асноўныя пагрозы асновам беларускай дзяржаўнасці, заявіў у сваім дакладзе старшыня Камітэта Дзяржаўнай Бяспекі Іван Тэртэль. Па яго словах, гэта дае кіраўнікам (найперш на месцах) выразныя арыенціры для выбудоўвання работы ў складаным становішчы, якое сфарміравалася пад уплывам знешніх фактараў.


У арсенале праціўніка — кібератакі, вярбоўка, тэрарызм 

«Паводле нашых ацэнак, далейшае абвастрэнне вельмі напружанай сітуацыі ў свеце, у тым ліку ў еўрапейскім рэгіёне, пагражае непрадказальнымі наступствамі аж да ўспышкі канфлікту сусветнага маштабу», — заявіў Іван Тэртэль. У дадзеных умовах Рэспубліка Беларусь з яе стратэгічным геапалітычным становішчам, на восі супрацьстаяння ўсход-захад, міралюбівай добрасуседскай знешняй палітыкай з’яўляецца аб’ектам дэструктыўных памкненняў калектыўнага Захаду. Кіраўнік КДБ падкрэсліў, што ў адносінах да нашай краіны рэалізуецца сцэнарый, прыклад наступстваў якога мы назіраем ва Украіне з разбуранымі гарадамі, тысячамі ахвяр і фактычнай стратай суверэнітэту.

«Дакументальныя матэрыялы, якія атрымлівае знешняя разведка, адназначна сведчаць аб тым, што асноўнай мэтай у адносінах да Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўстанаўленне поўнага кантролю над яе тэрыторыяй, эканамічным патэнцыялам і рэсурсамі, якія належаць беларускаму народу. — сказаў Іван Тэртель. — Інструментарый: ад прасоўвання так званай мяккай сілы — укаранення ў свядомасць беларусаў чужых празаходніх каштоўнасцей, якія размываюць маральныя асновы нашага грамадства, — да інспіравання сілавога захопу ўлады незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, якія праходзяць падрыхтоўку на Захадзе і ва Украіне».

Паводле слоў Івана Тэртэля, планы, якія рэалізуюцца адносна нашай краіны, не з’яўляюцца нейкім ноу-хау. Матэрыялы архіваў КДБ сведчаць, што метады прымяняюцца старыя, дапрацаваныя з улікам сучасных рэалій. Ён спыніўся на некаторых дэталях. «У Вільнюсе, Варшаве, Кіеве, іншых сталіцах і рэгіёнах заходніх дзяржаў па прыкладзе гітлераўскай Германіі фарміруюцца марыянетачныя структуры, задзейнічаныя ў праектах па звяржэнні дзейнай улады. Пры паспяховай рэалізацыі планаў мяркуецца іх выкарыстанне ў якасці акупацыйнай адміністрацыі для кіравання тэрыторыяй і насельніцтвам нашай краіны. Для іх фінансавання амерыканскімі, нямецкімі, польскімі і некаторымі іншымі фондамі (усяго іх больш за 65), якія выступаюць у якасці пракладак замежных спецслужбаў, толькі сёлета выдзяляецца звыш 60 мільёнаў долараў. Сродкі выкарыстоўваюцца на ўтрыманне падрыўных цэнтраў, планаванне і рэалізацыю інфармацыйна-псіхалагічных аперацый у адносінах да кіраўніцтва і насельніцтва Рэспублікі Беларусь, арганізацыю кібератак на важнейшыя аб’екты інфраструктуры, міністэрствы і ведамствы, вярбоўку і арганізацыю работы экстрэмісцкіх і тэрарыстычных груп унутры нашай краіны і незаконных узброеных фарміраванняў у сумежных нам Польшчы, Літве і Украіне», — распавёў Іван Тэртэль.

Паводле яго слоў, функцыянаванне антыбеларускіх замежных цэнтраў у якасці ключавога інструмента дэстабілізацыі сітуацыі ў Беларусі і дасягнення канчатковай мэты — захопу ўлады, разглядае здзяйсненне тэрактаў, дыверсій, экстрэмісцкіх акцый, узброенае ўварванне. Іван Тэртэль прывёў прыклады. Так, у Польшчы праходзяць трэніроўкі па захопе адміністрацыйных будынкаў органаў улады, аб’ектаў праваахоўных і сілавых структур у Гродне, Брэсце, Мінску. «У прыватнасці, у перыяд з 12 па 14 студзеня бягучага года на тэрыторыі закінутага дзіцячага лагера ў прыгарадзе Варшавы — населеным пункце Пагажэль Мазавецкага ваяводства — адбыўся так званы зігер, падчас якога да сотні баевікоў пад кіраўніцтвам інструктараў, якія атрымалі баявы вопыт ва Украіне, удасканальвалі узаемадзеянне пры правядзенні акцый тэрору і дыверсій на тэрыторыі Беларусі», — паведаміў кіраўнік КДБ. Іван Тэртэль расказаў, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі ва ўзаемадзеянні з калегамі з іншых сілавых структур апошнім часам правёў шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў, якія далі магчымасць прадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па аб’ектах у Мінску і яго прыгарадах. «Працу па гэтым кірунку працягваем, дэталёвую інфармацыю агучыць грамадскасці пакуль не ўяўляецца магчымым», — падкрэсліў ён.

Сітуацыю, якая складаецца сёння на мяжы з Украінай, Іван Тэртэль ахарактарызаваў як «гарачая кропка». «Процідзеянне пастаянным спробам перакідкі на тэрыторыю Беларусі сродкаў для ўчынення тэрору і дыверсій, закідвання дыверсійных груп, агентуры ўкраінскіх спецслужбаў з мэтай учынення тэрактаў у Беларусі і Расіі стала паўсядзённасцю для супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы, унутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі. Толькі ў 2023-м і мінулым перыядзе бягучага года выяўлена больш за 40 каналаў перакідкі зброі, узрыўчаткі і іншых сродкаў паражэння ў Беларусь», — падкрэсліў кіраўнік КДБ.

Іх планы і дзеянні вядомыя

Іван Тэртэль адзначыў, што сёння звяртае на сябе ўвагу ўцягванне моладзі ва ўчыненне злачынных дзеянняў, схіленне іх да ўчынення тэрактаў. «Асаблівую заклапочанасць выклікае палітыка ўкраінскіх уладаў, якія прыгрэлі на сваёй тэрыторыі крайніх радыкалаў, з якіх сфарміраваны так званыя Беларускі добраахвотніцкі корпус, полк Каліноўскага, батальёны "Волат", "Літвін" і іншыя. Баевікі названых фарміраванняў, што дакладна вядома спецслужбам сумежнай дзяржавы, выношваюць намеры ўзброенага ўварвання на тэрыторыю Беларусі з захопам аднаго з прыгранічных населеных пуктаў і перамяшчэння туды падрыхтаванай за мяжой акупацыйнай адміністрацыі. Па дадзеных камітэта, усяго на тэрыторыі Украіны прайшлі розныя стадыі падрыхтоўкі да тысячы баевікоў, якіх плануецца задзейнічаць для рэалізацыі гэтых планаў», — распавёў старшыня КДБ. Паводле яго слоў, усе гэтыя асобы, іх планы і дзеянні беларускім спецслужбам вядомыя.

«У барацьбе з тэрарызмам дзейнічаем па законах ваеннага часу — рашуча і без ваганняў», — заявіў Іван Тэртэль. Старшыня КДБ распавёў пра новую пагрозу для Беларусі — кібертэрарызм. Арганізацыя з тэрыторыі ЗША, Польшчы, Украіны, Германіі, Літвы і іншых дзяржаў атак на крытычную інфраструктуру — міністэрствы і ведамствы, бальніцы і іншыя аб’екты.
Інфармацыйная вайна і санкцыі 

Аднак, як адзначыў Іван Тэртэль, тэрарызм і экстрэмізм — не адзіная пагроза, з якой мы сутыкаемся цяпер. «За мяжой ужо пачалі рэалізацыю канкрэтных планаў па ўздзеянні на нашу краіну ў перыяд электаральнай кампаніі 2025 года. фарміруецца запас з прыцэлам на 2030 год. Мы ўбачым рэзкую актывізацыю інфармацыйнай вайны ў дачыненні да Беларусі з акцэнтам на дыскрэдытацыю кіраўнікоў дзяржавы, органаў улады і кіравання, падрыхтоўку з задзейнічаннем спецыялістаў замежных спецслужбаў і паліттэхнолагаў фэйкавых матэрыялаў», — адзначыў ён. Па словах Івана Тэртэля, Камітэту дзяржаўнай бяспекі вядомы гэтыя планы, іх выканаўцы і тэрміны. Меры па процідзеянні прымаюцца.

Сярод пагроз старшыня КДБ згадаў і незаконныя эканамічныя санкцыі. «Іх мэта — вярнуць эканоміку ў стан пачатку 90-х гадоў, давесці насельніцтва да збяднення і такім чынам стварыць пункты напружання ў грамадстве і вывесці людзей на вуліцы», — сказаў ён. Любая сустрэча падрыўных варшаўскага і віленскага цэнтраў, іншых падобных структур з заходнімі палітыкамі і прадстаўнікамі спецслужбаў пачынаецца з жорсткага патрабавання ўвесці дадатковыя санкцыі ў дачыненні да беларускай банкаўскай сістэмы, бюджэтаўтваральных сектараў эканомікі, поўнасцю блакіраваць пасажырскія і грузавыя патокі праз мяжу Беларусі.

«Каб выстаяць у гэтым сапраўды лёсавызначальным для нашай краіны супрацьстаянні, спатрэбіцца кансалідацыя ўсяго грамадства, мабілізацыя ўсяго існуючага патэнцыялу, самаахвярная работа кожнага ў імя працвітання беларускай дзяржавы і народа», — сказаў Іван Тэртэль. Ён запэўніў, што высновы з падзей 2020 года і сітуацыі ва Украіне зроблены, урокі вывучаны, прыняты сістэмныя меры рэагавання. «Паўтору такіх падзей вакол сябе мы не дапусцім. Гатовыя да любых варыянтаў развіцця падзей, у тым ліку самых радыкальных», — заявіў старшыня КДБ.

«Без людзей мы не зможам». Аб чым Прэзідэнт папрасіў беларусаў

Каменціруючы даклад Іван Тэртэля, Аляксандр Лукашэнка папрасіў зрабіць наступную выснову: «Кожны, дзе ён знаходзіцца — у горадзе, у вёсцы, глядзіце вакол сябе. Інфармуйце нас з любой нагоды». Паводле яго слоў, пакуль удаецца супрацьстаяць розным пагрозам, аб якіх гаварыў кіраўнік камітэта дзяржбяспекі. «Паверце, адцягваюцца каласальныя рэсурсы: міліцыя, чэкісты, часткова ваенныя... Мы адцягваем вялізныя рэсурсы, каб стрымаць, асабліва дыверсантаў, якія перакідваюцца праз нашу граніцу», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, контрразведчыкам і міліцыі ўдаецца своечасова выяўляць і нейтралізаваць дыверсантаў. «Але ўявіце, гэта ж сотні кілаграм нават не трацілу, а пластыду, — заўважыў ён. — Супрацьстаяць гэтаму на ўсе 100% немагчыма. Без людзей мы не справімся». Тым больш, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, многія аперацыі спецслужбы праводзілі з дапамогай звычайных грамадзян. «Таму звярніце на гэтую ўвагу», — папрасіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, спробы дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі будуць працягвацца, бо да гэтага мэтанакіравана падштурхоўваюць збеглых, якія знаходзяцца за мяжой. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што, людзі, якія збеглі за багатым жыццём, памыляліся ў сваіх чаканнях. «Беглі ж у асноўным не бедныя. Тут прывыклі на добрай працы працаваць. А там... Хочаце — посуд мыйце, яшчэ чагосьці там. Не кожны атрымліваў працу. Што рабіць? Вельмі хутка спецслужбы падказалі за амерыканскія грошы і іншых краін: "Стрэльбы бярыце, трэніруйцеся, пранікайце ў Беларусь, Расію і ўзрывайце. Грошы на гэта дадзім", — сказаў ён. Таксама знаходзіцца фінансаванне і на інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, асабліва супраць Прэзідэнта, супрацоўнікаў сілавога блока. Але галоўнае, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка — гэта ўзброеная барацьба. Напрыклад, выношваюцца планы па захопе якога-небудзь невялікага населенага пункта ў Беларусі, і ў сувязі з гэтым часта называецца Кобрынскі раён.

"Ваяваць, здзяйсняць інтэрвенцыю яны, заказчыкі, самі не хочуць. Яны наперад запусцяць "дэмакратычныя сілы", якія будуць Беларусь "вызваляць ад дыктатуры". Там ад "дэмакратыі" нічога не засталося, гэта здраднікі і бандыты. Другой чаргой будуць ісці войскі НАТА." Мы гэта цудоўна разумеем», — расказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, менавіта для гэтага ствараюцца «беларускі добраахвотніцкі корпус», полк Каліноўскага, харугвы і іншае. Як прыклад ён прывёў атаку на Белгарадскую вобласць Расіі. Існуе сцвярджэнне, што яна была здзейснена не ўкраінскімі сіламі, а «рускім добраахвотніцкім корпусам» сумесна з байцамі «беларускага добраахвотніцкага корпуса». Але пры гэтым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ніхто не гаворыць, што там былі яшчэ і тысячы суперпадрыхтаваных дыверсантаў і штурмавікоў Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны. «Так, там былі беларускія «добраахвотнікі», чачэнцы, грузіны і многія іншыя — найміты. Але пераважная большасць — гэта падрыхтаваныя вайскоўцы Украіны. Але гавораць: «Гэта не мы. Гэта вашы там ішлі, каб вызваліць Расію ад Пуціна, чытай: Беларусь ад Лукашэнкі,. — сказаў Прэзідэнт. — Вось іх задума». Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што такая тактыка ўжо выкарыстоўвалася: у часы Вялікай Айчыннай вайны, фашысты не самі праводзілі карныя аперацыі, а выкарыстоўвалі для гэтага прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. «Брудную работу будуць рабіць (прынамсі, пачынаць) нашы "добраахвотнікі". А далей — ідзі разбярыся», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка параіў звярнуць пільную ўвагу на інфармацыйную бяспеку ў краіне. Паводле яго слоў, сёння ў апанентаў атрымліваюцца кібератакі, таму што мы абы-як, нядбайна ставімся да работы з рознага роду сістэмамі, камп’ютарамі, гэтак далей. «Некаторыя нават па два-тры гады пароль не мяняюць у сваіх сетках і камп’ютарах. За гэта трэба ўжо несці крымінальную адказнасць. І хтосьці будзе несці. Не можаце працаваць у сетках, камп’ютарах — бярыце паперу і пішыце, як гэта было некалі раней», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў усіх, хто з’ехаў з краіны, а цяпер выношвае планы супраць Радзімы, рыхтуючыся да нападу на яе: «Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасць ёсць тут, — раю ўжо забыцца пра гэтую ўласнасць. Але не стаўце пад удар сваіх сваякоў».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».