Вы тут

Трэба зрабіць немагчымае, бо час выбраў нас!


Дэлегаты УНС, госці гэтага найважнейшага мерапрыемства загадзя сабраліся ў Палацы Рэспублікі. Яны з’ехаліся з усіх рэгіёнаў краіны, прадстаўляюць шматлікія сферы дзейнасці, розныя ўзроставыя катэгорыі, але ім было аб чым пагаварыць адзін з адным — усе знаходзіліся ў прадчуванні найгалоўнейшай падзеі года, а, можа, нават некалькіх гадоў, калі будуць прыняты лёсавызначальныя рашэнні для нашай краіны.

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў кулуарах VІІ Усебеларускага народнага сходу, пазнаёміліся з яго дэлегатамі, распыталі пра настрой і чаканні ад першага ў новым статусе УНС.


Як падзяліўся дырэктар мясцовага дабрачыннага фонду імя А. Талая грамадскі дзеяч Аляксей Талай, сёмае скліканне Усебеларускага народнага сходу, які збіраецца ў новым статусе, з’яўляецца гістарычнай падзеяй. «Вельмі важныя пытанні на парадку дня: дзяржаўная бяспека і асноўныя вектары развіцця, руху наперад; за кошт чаго мы будзем трымацца і развівацца ў гэтым свеце, што хутка мяняецца; як будзем абараняць сябе і сваю будучыню, — канкрэтызаваў ён. — Вядома, вельмі важна ўдзяліць увагу цэнзуры ў інфармацыйным полі для дзяцей і моладзі — цяпер гэта асноўнае поле бітвы: там ідзе барацьба за розумы і за нашу будучыню. Ад гэтага залежыць абсалютна ўсё».

Пры гэтым Аляксей Талай падкрэсліў, што яшчэ ўчарашнія нашы «сябры», якія падвергнуліся знешняй інтэрвенцыі, забыліся аб сваіх продках, гераічных старонках нашай агульнай гісторыі, што, па яго словах, з’яўляецца несумненнай пагрозай сучаснаму грамадству. «Мы будзем казаць аб ідэалогіі беларускай дзяржавы: што для нас больш прыярытэтнае, за кошт чаго мы выжывалі папярэднія стагоддзі і працягнем свой шлях разам з нашым моцным лідарам», — канкрэтызаваў грамадскі дзеяч.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, тое, што Усебеларускі народны сход збіраецца ў канстытуцыйным статусе, сведчыць, што Беларусь, нягледзячы на ўсе «экспертныя» ацэнкі, спакойна развіваецца, шукае свой шлях, сваю адметнасць і будуе сваю мадэль сацыяльна-палітычнага ладу. «Гэта яшчэ адзін вельмі важны этап у навейшай гісторыі Беларусі, які сведчыць аб тым, што мы змяняем сваю сістэму і пераходзім на новы якасны этап развіцця беларускага народаўладдзя, які абапіраецца на вялікую традыцыю — ад Полацкага веча, Усебеларускага сходу 1917 года, народнага сходу 1939 года ў Беластоку да традыцыі УНС, якая была распачата ў незалежнай Беларусі, — падкрэсліў дэпутат. — Самае галоўнае, што мы пераўтвараем сваю дзяржаву, зыходзячы з уласных уяўленняў, уласных традыцый, нікога не капіруючы, выбудоўваючы тое, што для нас важна. А для нас важна, як неаднойчы казаў Прэзідэнт, захаваць незалежную, суверэнную Беларусь. Гэта яшчэ адзін крок да поўнай, моцнай, незалежнай краіны, да таго, каб Беларусь выйшла на новы ўзровень — сацыяльны, эканамічны, палітычны і культурны».

Як звярнула ўвагу рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, на ўсіх шасці папярэдніх усебеларускіх народных сходах прымаліся вельмі важныя рашэнні. «Галоўныя, стратэгічныя, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на пяцігодку, — канкрэтызавала яна. — Пачынаючы з 1996 года Усебеларускі народны сход, безумоўна, як орган народаўладдзя сябе апраўдаў».

Ірына Кітурка падкрэсліла, што сёння для суверэннай Рэспублікі Беларусь гістарычны дзень, гістарычная падзея, бо ўпершыню Усебеларускі народны сход мае статус канстытуцыйнага органа. «Eн будзе прымаць вельмі важныя, гістарычныя дакументы — Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, — канстатавала рэктар. — Мы бачым, як пашыраецца спектр тых пытанняў, што прымаюцца УНС. Адпаведна, сходу адводзіцца ў сістэме дзяржаўнага кіравання асаблівая роля. Таму вельмі ганарова, хвалююча і адказна быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу».

Ірына Кітурка нагадала, што і Ваенная дактрына, і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі прайшлі шырокае грамадскае абмеркаванне, у чым самы актыўны ўдзел прымаў і гродзенскі ўніверсітэт. «Абсалютна ўпэўнена, што работа Усебеларускага народнага сходу будзе паспяховай. І сама галоўнае — каб потым яго дэлегаты данеслі да народа асноўныя пасылы», — падкрэсліла яна.

Як звярнуў увагу настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых у Мінску протаіерэй Фёдар Поўны, ва Усебеларускім сходзе бяруць удзел усе прадстаўнікі народа, каб быў пачуты кожны з тых, хто рэальна перажывае за краіну, народ, а не клапоціцца аб сваіх інтарэсах. «За адным выключэннем — калі асабісты інтарэс складаецца менавіта ў тым, каб служыць людзям і сваёй зямной Айчыне, — удакладніў ён. — Сёння адбываецца гістарычная падзея. Дай бог, каб сапраўды Усебеларускі народны сход стаў у рэальнасці такім, якім яго хочуць бачыць беларусы — жывой формай народаўладдзя. Дай бог нам, беларусам, сілы, мужнасці, стойкасці, шчырасці, вернасці сваім духоўным каштоўнасцям, сваім жыццёвым прынцыпам. Кожны з нас будзе імкнуцца зрабіць усё для таго, што можа і ўмее ў служэнні сваё зямной Айчыне і, вядома, як я, — сваёй Царкве».

Па меркаванні айца Фёдара, бескарыслівасць і ўнутраная сіла — гэта дэвіз новай эпохі для нас, беларусаў. «Павага і ўменне пачуць іншае меркаванне — гэта старыя навыкі, якія нам цяпер спатрэбяцца, — перакананы ён. — А вось уменне данесці свой пункт гледжання — новы навык, якому варта навучыцца тым, хто хоча быць пачутым. Усебеларускі народны сход стымулюе ўсіх нас, беларусаў, да больш усвядомленай грамадзянскай пазіцыі, выбару каштоўнасцяў. Час цяпер патрабуе духоўнай сабранасці і большага ўдзелу ў грамадскім жыцці».

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў, ён з’яўляецца дэлегатам УНС трэці раз. «Кожны сход з’яўляецца і падвядзеннем вынікаў, і далейшым штуршком для дзеянняў, руху ўсёй рэспублікі наперад, — заўважыў ён. — На кожным УНС асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням, якія ляжаць у плоскасці сферы аховы здароўя. І гэта правільна, бо здароўе — тое, што заўсёды больш за ўсё непакоіць людзей. Калі страціш здароўе, нічога добрага не будзе. Невыпадкова здароўю насельніцтва ўдзяляецца такая ўвага кіраўніка дзяржавы, выканаўчай і заканадаўчай улады».

Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч, у нашай краіне прынцыпы народаўладдзя толькі ўмацоўваюцца. «Пацвярджэнне гэтаму — развіццё такога значнага палітычнага інстытута, як Усебеларускі народны сход, створаны яшчэ ў 1996 годзе па ініцыятыве кіраўніка дзяржавы, — канстатавала дэпутат. — На працягу 25 гадоў кожныя пяць гадоў народ прымаў важныя дзяржаўныя рашэнні».

Ірына Касцевіч нагадала, што на шостым УНС, дэлегатам якога яна таксама з’яўлялася, была адобрана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады, якая вызначыла прыярытэты развіцця нашай краіны: шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна і дзяржава-партнёр. Кожны з гэтых кірункаў, па яе словах, у далейшым дэталізаваўся ў праграме дзейнасці ўрада і ўрадавых праграмах. «Як ніколі сёння беларусаў непакояць пытанні бяспекі і стабільнасці, — лічыць парламентарый. — Таму адным з асноўных пытанняў на сёмым УНС стане зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны, накіраваных на абарону суверэнітэту беларускай дзяржавы».

Па словах Ірыны Касцевіч, у нашай краіне створана ўнікальная мадэль народнага самакіравання, якая аб’яднала ўладу і грамадзянскую супольнасць, людзей розных прафесій і ўзростаў. «А гэта каля 1200 дэлегатаў з пяцігадовым тэрмінам паўнамоцтваў і штогадовым удзелам па прыняцці стратэгічных кірункаў развіцця грамадства і дзяржавы, — канкрэтызавала старшыня Пастаяннай камісіі. — Такім чынам, УНС быў, ёсць і будзе голасам беларускага народа, які чарговы раз заяўляе ўсяму свету, што Беларусь — незалежная, суверэнная і міралюбівая дзяржава».

Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных спраў Наталлі Сахарчук, быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу не толькі хвалююча, але і вельмі ганарова, адказна. «УНС прымае стратэгічна важныя рашэнні для развіцця нашай краіны, беларускага грамадства і, самае галоўнае, для захавання суверэнітэту і незалежнасці, — падкрэсліла яна. — Дэлегаты будуць разглядаць два асноўныя, асноватворныя дакументы для нацыянальнай бяспекі Беларусі — абноўленую Канцэпцыю нацыянальная бяспекі і Ваенную дактрыну, якія ўтрымліваюць асновы з асноў, каб наша грамадства развівалася. Цяпер самая актуальная тэма — тэма міру. Таму гэтыя два дакументы і створаны для таго, каб на тэрыторыі нашай краіны быў мір, незалежнасць, каб кансалідаваліся ўсе органы, грамадства ў цэлым. Няважна, супрацоўнік гэта органаў унутраных спраў, або выкладчык, або прадстаўнік сродкаў масавай інфармацыі, мы павінны максімальна зрабіць усё дзеля таго, каб у нашай краіне было бяспечна».

Па словах Наталлі Сахарчук, з улікам знешніх фактараў пагроз, падзей, якія адбываюцца вакол нашай цудоўнай краіны, з улікам таго, што цяпер ідзе ідэалагічны перадзел свету, беларусы найперш павінны клапаціцца аб сваёй бяспецы, нашай будучыні. «А што з’яўляецца нашай будучыняй? Вядома, дзеці, — канстатавала палкоўнік міліцыі. — Таму і ўдзяляецца ў дзяржаве такая вялікая ўвага ваенна-патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Многія забываюць тыя страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны, спрабуюць перапісаць гісторыю, але ў нас такога не будзе, бо людзі, якія не ведаюць свайго мінулага, не маюць будучыні».

Механізатар СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Мікалай Дарэчкін выступаў з дакладам на папярэднім Усебеларускім народным сходзе, а таму, прызнаецца, прасцей на камбайне працаваць у полі, чым з такой высокай трыбуны трымаць слова перад усім беларускім народам. Усё сваё свядомае жыццё, звыш 30 гадоў, ён адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, у родным калгасе, а таму лічыць, што кожны чалавек павінен паказваць найперш сваёй працай, чаго варты. «Сельская гаспадарка з’яўляецца разынкай нашай дзяржавы, — перакананы Мікалай Дарэчкін. — Вядома, людзям патрэбна прадукцыя (малако, мяса), без гэтага нельга, таму справядліва, што на самым вышэйшым узроўні гэтай сферы ўдзяляецца самая вялікая ўвага. Гэта ўплывае на тое, што ў сельскую гаспадарку прыходзяць людзі. Што датычыцца нашага калгаса, то дакладна: маладых спецыялістаў прыцягвае жыллё, добры заробак, камфортныя ўмовы, створаныя для іх».

Па словах механізатара, тыя найважнейшыя дакументы, якія будуць прымаць дэлегаты УНС — Ваенную дактрыну, Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, — датычацца не толькі ваеннаслужачых. «Гэта важна і для простых грамадзян, якія хочуць жыць мірна, дружна, і сёння наша грамадства павінна клапаціцца аб гэтым», — падкрэсліў ён.

Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін, беларускае грамадства саспела для прыняцця вельмі важных палітычных рашэнняў. «Усе грамадзяне дакладна разумеюць, што сёння без бяспекі, міру немагчыма ні далейшае развіццё, ні проста жыццё, — падкрэсліў дэпутат. — Таму рашэнне, якое прынята ў нашай дзяржаве — вынесці Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі — на ўсеагульнае абмеркаванне — гэта важны крок да кансалідацыі грамадства. Такога ў нас ніколі раней не было. Eсць запыт на бяспеку. Людзі як ніколі разумеюць, што маюць у гэтым патрэбу. У іх ёсць пэўны страх перад будучыняй. Каб усё гэта нейтралізаваць і нівеліраваць, прынята такое арыгінальнае рашэнне. Сёння кожны грамадзянін з’яўляецца саўдзельнікам забеспячэння бяспекі: механізатар, даярка, настаўнік, аграном... Гэта вельмі важна з пункту гледжання сталення нашага грамадства, далейшага развіцця і кансалідацыі беларускага народа перад чарговым этапам развіцця, а ён у нас будзе. Толькі разам мы можам вырашаць усе задачы, якія стаяць перад намі».

Генеральны дырэктар ААТ «Мінскі трактарны завод» Віталь Воўк таксама прыняў удзел у пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу.

«Прамысловасць заўсёды была і ёсць лакаматывам развіцця краіны. Кожнае працоўнае месца ў прамысловасці дае да 12 працоўных месцаў у іншых галінах. І тое, што ў свой час кіраўнік дзяржавы сказаў, што не мы стваралі прамысловыя гіганты і не маем маральнага права іх развальваць, — вельмі сур’ёзны пасыл, які ўсе зразумелі. Дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць тыя пачынанні і ініцыятывы айчыннай прамысловасці. Беларусь з’яўлялася прамысловым флагманам Савецкага Саюза, застаецца такой і цяпер. Мы гатовы і далей рухацца ў развіцці прамысловасці, стварэнні высокавытворчых працоўных месцаў, гарантаваць сваім грамадзянам дастойны заробак», — сказаў Віталь Воўк.

Па яго словах, вельмі важна, каб уся краіна была адзінай камандай і кожны адчуваў адказнасць за развіццё краіны. Да людзей прамысловасці гэта надзвычай важна. На гэта звяртаў увагу і Прэзідэнт падчас вялікай нарады, прысвечанай развіццю прамысловасці. «Прэзідэнт акрэсліў задачы, якія стаяць перад нашай галіной. Фундаментальныя задачы ставяцца кожны год, кожную пяцігодку. Мы іх выконваем. Безумоўна, рост не можа быць пастаянны. Мы ўсё ж такі залежым ад рынку. Таму вельмі цяжка сёння вырашаць некаторыя праблемы, але дзякуючы тым механізмам, што ёсць, якія плануецца ў найбліжэйшы час стварыць, я упэўнены, мы выйдзем пераможцамі з праблемных сітуацый. Каманда трактарнага завода поўная рашучасці вырашаць усе пытанні», — заявіў генеральны дырэктар МТЗ.

Марына Васілеўская: УНС — гэта глабальнае, лёсавызначальнае рашэнне, прынятае нашым народам

Выступаючы на сёмым Усебеларускім народным сходзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што многія дасягненні краіны — гэта космас.

Па словах першага беларускага касманаўта Марыны Васілеўскай, быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу — лёсавызначальная падзея. «УНС — глабальны орган кіравання рашэннямі нашага народа, — лічыць касманаўт. — Лёсавызначальныя рашэнні, якія будуць прыняты, будуць абавязкова рэалізаваны. І мы, як людзі, павінны кожны са свайго боку ажыццяўляць канкрэтныя дзеянні, каб усё гэта ўвасобілася ў жыццё».

Марына Васілеўская заўважыла, што Беларусь вельмі прыгожая і маштабная, калі глядзіш на яе з космасу. «Я хачу, каб мы квітнелі так, як і цяпер, працягвалі несці ўкладзеныя ў нашы сэрцы пасылы Прэзідэнта, — падкрэсліла яна. — УНС — гэта глабальнае, лёсавызначальнае рашэнне, прынятае нашым народам».

У сваім дакладзе Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтныя прыклады, якія пацвярджаюць, поспехі Беларусі за апошнія 30 гадоў. Але, як часта паўтарае Прэзідэнт, гэта не нагода раслабляцца. Таму прыклады, агучаныя кіраўніком дзяржавы, гэта яшчэ і пасылы на будучыню, матывацыя і ўзоры. Бо, па словах Прэзідэнта, ў Год якасці трэба зрабіць немагчымае. Адказныя асобы падзяліліся, якія тэзісы ад кіраўніка дзяржавы вылучылі для сябе як ключавыя. І расказалі, як будуць «рабіць немагчымае». 

Юрый Чабатар: Прынятыя на УНС рашэнні, дапамогуць прымножыць нашы дасягненні

У сваім дакладзе Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што за апошнія 30 гадоў фінансавыя магчымасці беларусаў выраслі ў некалькі разоў. Міністр эканомікі Юрый Чабатар у размове з журналістамі прывёў прыклад — за 2023 год, пачатак 2024 года адзначаецца зніжэнне росту інфляцыі. «Гэта дае магчымасць нам прырастаць у рэальных даходах, што сёння таксама адзначаў кіраўнік дзяржавы. За тры гады бягучай пяцігодкі мы істотна прыраслі ў паказчыках заработнай платы», — адзначыў міністр. Што да знешнеэканамічнай дзейнасці, то, паводле слоў міністра эканомікі, то за мінулы год беларускі экспарт у дружалюбныя краіны прырос больш як на 20 працэнтаў, у краіны Азіі, Лацінскай Амерыкі — больш, чым у два разы. «Гэта дазваляе нарошчваць нашыя валютныя паступленні, золатавалютныя рэзервы. Курс рубля ўстойлівы ўжо не першы год, адпаведна, гэта падтрымлівае пакупніцкую здольнасць нашага насельніцтва», — сказаў Юры Чабатар. У гэтай пяцігодцы ўведзена значная колькасць аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры: школ, дзіцячых садоў, бальніц, паліклінік. «Вось гэтыя дасягненні бачныя кожнаму грамадзяніну. Упэўнены, што прынятыя на УНС рашэнні дапамогуць іх прымножыць», — рэзюмаваў міністр эканомікі.

Аляксандр Хаджаеў: Якасць нашай работы павінна ўдасканальвацца, і здароўе нашых людзей павінна паляпшацца

Аляксандр Лукашэнка ў сваім дакладзе адзначыў, што ў сферы аховы здароўя Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце па даступнасці медыцынскіх паслуг для насельніцтва, выдзеліў вялікія поспехі нашых медыкаў для падтрымкі мацярынства і дзяцінства. «Прэзідэнт акрэсліў усе найлепшыя дасягненні. Мы гэтым ганарымся і гэта тая аснова, на якой сёння трымаецца сістэма аховы здароўя», — адзначыў міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Паводле яго слоў, усе гэтыя дасягненні будуць і павінны прымнажацца. «Найперш мы павінны быць плячом да пляча з кожным чалавекам у нашай краіне. Гэта значыць кожны грамадзянін Беларусі, вясковыі гарадскі жыхар, павінен адчуваць клопат урачоў і атрымліваць рэальную медыцынскую дапамогу, якая можа падоўжыць яму жыццё і зрабіць яго якасным», — сказаў міністр. Для дасягнення гэтай мэты будуецца і рыхтуецца да здачы ў эксплуатацыю шэраг устаноў аховы здароўя ва ўсёй краіне. Гэта і Брэсцкая абласная бальніца, і Віцебская абласная бальніца, Віцебская інфекцыйная бальніца і іншыя. «Значная ўвага надаецца сістэме аховы здароўя, каласальныя грошы выдзяляюцца, якія павінны даваць аддачу. А аддача ад усіх устаноў і работнікаў сістэмы — гэта якасць медыцынскіх паслуг і якасць жыцця нашых пацыентаў. Гэта значыць якасць нашай працы павінна ўдасканальвацца, і здароўе нашых людзей павінна паляпшацца», — рэзюмаваў Аляксандр Хаджаеў.

Андрэй Іванец: Адукацыя з’яўляецца адным з брэндаў нашай незалежнай Беларусі

Як трапна заўважыў у сваім дакладзе кіраўнік дзяржавы, усім дасягненням у розных галінах папярэднічала вялікая работа ў сферы адукацыі. Сёння ў краіне створаны ўсе ўмовы, каб кожны малады беларус, незалежна ад таго, нарадзіўся ён у сельскай мясцовасці ці ў горадзе, у багатай ці беднай сям’і мог атрымаць адукацыю. І гэта работа будзе працягвацца, запэўніў міністр адукацыі Андрэй Іванец. «Невыпадкова кожны год пад кіраўніцтвам Прэзідэнта праходзяць вялікія нарады, прысвечаныя развіццю сістэмы адукацыі. Менавіта адукацыя з’яўляецца адным з брэндаў нашай незалежнай Беларусі. Разам з тым мы разумеем, што развіццё сістэмы адукацыі, стварэнне роўных умоў для кожнага — гэта прыярытэт. Таму сёлета, у Год якасці, мы запланавалі на самым высокім узроўні выконваць даручэнні кіраўніка дзяржавы», — сказаў Андрэй Іванец. Па яго словах, зараз сур’ёзная работа па даручэнні Прэзідэнта праводзіцца міжведамснай рабочай групай па праверцы эфектыўнасці дзейнасці нашых ВНУ. І да жніўня ўжо будуць выпрацаваныя канкрэтныя шляхі вырашэння праблемных пытанняў. «Вельмі важнае пытанне ў сферы адукацыі — даступнасць для кожнага. Я маю на ўвазе дзяцей і падлеткаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёлета мы прынялі вялікую праграму развіцця інклюязіўнай адукацыі, якая будзе разлічна на тое, каб сацыялізацыя кожнага такога дзіцяці праходзіла пад пільнай увагай дзяржавы», — расказаў міністр адукацыі. 

Асобна Андрэй Іванец звярнуў увагу на патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, якім бесперапынна займаецца і сістэма адукацыі. «Мы лічым, што любоў да Радзімы пачынаецца з любові да сваёй сям’і, павагі да свайго настаўніка, да сваёй школы. І ўсё гэта перараджаецца ў гатоўнасць абараняць сваю краіну, гатоўнасць прыкладваць намаганні для таго, каб наша краіна станавілася яшчэ мацнейшай», — сказаў ён. 

Сяргей Кавальчук: Задача спартсменаў — на ўсіх стартах выступіць дастойна

Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні падкрэсліў, што ў Год якасці беларусам трэба зрабіць немагчымае. Па словах міністра спорту і турызму Сяргея Кавальчука, для нашых спартсменаў гэта задача заключаецца ў тым, каб дастойна выступіць на ўсіх буйных міжнародных стартах, на Гульнях БРІКС, Алімпійскіх гульнях, Гульнях дружбы. «На ўсіх гэтых турнірах прадстаўнікі ўсіх відаў спорту павінны выступіць дастойна. Нас таму і адхіляюць, што нас баяцца, паколькі бачаць у нас моцнага канкурэнта, дастойнага канкурэнта», — сказаў ён. 

Сяргей Кавальчук падзяліўся сваімі ўражаннямі ад прамовы Прэзідэнта: «Як заўсёды адкрыта, як заўсёды даступна і праўдзіва — ад жыцця». 

Уладзімір Каранік: Ва ўмовах глабальнай нестабільнасці мы абмяркоўваем абсалютна мірныя рэчы. І гэта надае ўпэўненасці

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік падкрэсліў, што гэта другі Усебеларускі сход, у якім ён прымае ўдзел. «Я бачу, які шлях паміж сходамі прайшла краіна, нягледзячы на знешні санкцыйны і іншы ціск. Гэта выклікае гонар і ўпэўненасць, што ў нас усё атрымаецца», — сказаў ён. 

Уладзмір Каранік заўважыў, што выступленне Прэзідэнта пачуцце гонару і ўпэўненасці ў сілах беларусаў толькі ўзмацніла. «Ва ўмовах глабальнай нестабільнасці і ціску на нашу краіну, які не спыняецца, мы абмяркоўваем абсалютна мірныя рэчы: ахову здароўя, адукацыю, сацыяльную сферу. І гэта яшчэ раз даказвае, што народ, які аб’яднаўся вакол свайго лідара, цвёрда стаіць сваімі нагамі і на сваёй зямлі — яго зламаць, скінуць з намечанага шляху немагчыма. І гэта пачуцце надзейнасці і ўпэненасці ў заўтрашнім дні адчуваецца і ў дакладзе кіраўніка дзяржавы, і ў атмасферы Усебеларускага народнага сходу», — падкрэсліў ён. 

Пасылы, агучаныя падчас УНС, непасрэдным чынам паўплываюць і на развіццё рэгіянаў. Як заўважыў губернатар Гродзенскай вобласці, жыццё ў яго рэгіёне пастаянна мяняецца ў лепшы бок, дзякуючы працы яго жыхароў. «Гродненцы і надалей плануюць працаваць і хочуць мірнага жыцця. Таму ўсё будзе добра. І ў Гродзенскай вобласці ў прыватнасці, і ў краіне ў цэлым, паколькі Гродзенская вобласць — неад’емная частка краіны». Уладзімір Каранік запэўніў, што беларусы і надалей будуць працаваць у імя сваёй будучыні, сваіх дзяцей: «І ўсё ў нас атрымаецца». 

Аляксандр Субоцін: Трэба дадаваць, бо час выбраў нас

Старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што выступленне Прэзідэнта паказала: трэба прыбаўляць у сваім развіцці. «Я за сваіх калег, за сваіх падначаленых упэўнены, што ўсе працуюць на максімуме сваіх магчымасцяў, усе выкладваюцца, і працуюць з поўнай аддачай. Але трэба дадаць, бо час выбраў нас. Дадаць трэба ва ўсім, і ў якасці, і ў вытворчасці, у рэалізацыі праектаў. І акцэнты трэба зрабіць на ўсе галіны. У Віцебскай вобласці сёння няма важных і няважных пытанняў — ўсё вельмі важна. Усюды, кожны на сваім месцы павінен працаваць якасна», — адзначыў губернатар. 

Валерыя СЦЯЦКО, ​Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і Лізаветы ГОЛАД

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».