Вы тут

Міжканфесійнае падарожжа ў сталіцы


Беларусь — тая ўнікальная краіна, дзе мірна суіснуюць прадстаўнікі розных канфесій. «Звязда» разам з Нацыянальным агенцтвам па турызме адправілася ў пілігрымку па розных рэлігійных аб’ектах Мінска, каб бліжэй пазнаёміцца з культурнымі асаблівасцямі кожнай канфесіі і паказаць вам самае пазнавальнае і цікавае.


Храм — аднагодак беларускай дзяржаўнасці

Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых.

Недалёка ад станцыі метро «Усход» размясціўся беласнежны храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых. 

Яго вышыня разам з крыжам 74 метры. Атрымліваецца, што гэта другая царква па вышыні на постсавецкай прасторы пасля Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве. Цікава і тое, што Усіхсвяцкая царква фактычна равесніца беларускай дзяржаўнасці. Бо 4 чэрвеня 1991 года Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ падчас свайго першага патрыяршага візіту ў Рэспубліку Беларусь асвяціў закладны камень храма.

Гэты дзіўны архітэктурны ансамбль з’яўляецца сапраўдным увасабленнем беларускай культуры і гістарычнай спадчыны. Уражвае архітэктурнае выкананне ўнутранага ўбрання храма. Перад прыхаджанамі паўстае ўнікальны фаянсавы іканастас і мноства нацыянальных дэкаратыўных элементаў, такіх як выявы слуцкіх паясоў і ручнікоў з натуральнага каменю.

Сярод усяго хараства царквы асабліва запомніўся сваёй утульнасцю і цяплом паўночны верхні прыдзел у гонар абраза Багародзіцы «Наталі мой смутак». Ён выкананы ў нябесна-блакітных тонах з золатам, а сцены распісаны эпізодамі з жыцця Божай Маці. Гэтае месца лічыцца жаночым, кожную суботу на літургіі тут спявае дзіцячы хор, а яшчэ менавіта тут часта праходзяць вянчанні.

Кожны элемент храмавага комплексу заслугоўвае асобнай увагі. Аднак адрознівае яго ад іншых праваслаўных храмаў «Музей памяці» і крыпта, дзе ўшанавана памяць пра беларусаў, якія аддалі сваё жыццё за Айчыну. Тут захоўваюцца капсулы з зямлёй з месцаў пахавання воінаў. Акрамя таго, ёсць Нязгасная Лампада, якую запальваюць ад Жыватворнага агню каля Гроба Гасподняга.

Няпростая гісторыя цэнтральнага касцёла

Далей перамяшчаемся ў галоўны каталіцкі храм сталіцы — Архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Ён быў пабудаваны ў пачатку XVІІІ стагоддзя ў якасці храма пры езуіцкім манастыры ў стылі віленскага барока. За больш як тры стагоддзі зведаў нямала змен. Аж да таго, што ў XІX стагоддзі вежу-званіцу калегіума перарабілі пад... пажарную каланчу, а ў савецкі час касцёл і зусім рэканструявалі пад Дом фізкультуры. На шчасце, нягледзячы на ўсе гэтыя гістарычныя перыпетыі, дзякуючы рэстаўрацыі, касцёлу ўдалося вярнуць першапачатковае аблічча. Цяпер, як і ў ранейшыя часы, ён здзіўляе сваёй веліччу і спакоем: велізарная прастора, падзеленая на нефы шасцю калонамі, выявы святых і духавы арган, які ўваходзіць у лік найлепшых ва ўсёй Усходняй Еўропе. Варта дадаць, што рэстаўрацыйныя работы ў касцёле не спыняюцца і дагэтуль. Так, вялікую гістарычную каштоўнасць уяўляюць фрэскі, якія былі зафарбаваны ў савецкі час. Менавіта над іх аднаўленнем цяпер працуюць спецыялісты.

Архікафедральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Сучаснасць і традыцыі ў новай сінагозе

Наступны пункт у нашым падарожжы — сінагога Хабад Любавіч — адзіная ў Мінску, пабудаваная за апошняе стагоддзе. Цяпер у сталіцы ўсяго тры дзейныя сінагогі, у той час як у пачатку ХХ стагоддзя было больш за 80. Менавіта тады і ўзвялі старую сінагогу на Крапоткіна, 22. На дадзены момант пра яе нагадвае брама і ніжняя зала сучаснай сінагогі Хабад Любавіч, уваход у якую быў пабудаваны з выкарыстаннем старой цэглы. Таксама там засталіся і гістарычныя прадметы рэлігійнага культу.

Сінагога Хабад Любавіч

Падымаемся на другі паверх. Увесь лесвічны пралёт упрыгожаны яркімі карцінамі, якія паказваюць іўдзейскія святы. Ідзём далей і трапляем у новую вялікую залу, дзе 150 месцаў для малітвы, спецыяльная шафа Арон Акадзеш, у якой захоўваюцца скруткі Торы і «Біма», для вырабу якой выкарыстоўвалася больш за 2,5 тоны дрэва. Шмат цікавага пра традыцыі яўрэйскай абшчыны расказаў дырэктар музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі экскурсавод Аляксандр Нялюбаў:

— Апроч асноўнага рэлігійнага значэння, сінагога — гэта і месца, куды людзі прыходзілі вучыцца. А яшчэ для тых, хто прыехаў сюды на ранішнюю малітву, прадугледжаны гарачы сняданак. Гэта асабліва важна для пажылых членаў абшчыны.

Да XVІІІ стагоддзі жанчыны не хадзілі ў сінагогу. Чаму? На гэта Аляксандр Нялюбаў з усмешкай адказаў, што ў іх традыцыі жанчына ідэальная ад прыроды, а мужчына прыйшоў у гэты свет, каб удасканальвацца, вучыцца і маліцца, таму яму і трэба хадзіць у сінагогу.

Чароўная прыгажосць Мінскай саборнай мячэці

Мінская саборная мячэць

Завяршальным пунктам у нашым міжканфесійным падарожжы стала Мінская саборная мячэць. Яе адкрылі ў 2016 годзе на месцы старых татарскіх могілак па праекце стагадовай даўніны. Уражвае ўнутранае ўбранне: сцены з мармуру і граніту, а на падлозе — дывановае пакрыццё. Прыцягвае ўвагу і столь з каліграфічнымі размалёўкамі, пакрытымі золатам. Сама малітоўная зала даволі прасторная і ўмяшчае больш за 1,5 тысячы мусульман.

Атрымалася пабываць і ў Музеі ісламу, размешчаным у мячэці. Менавіта там можна даведацца аб развіцці гэтай рэлігіі ў Беларусі. У тым ліку і ўбачыць факсімільнае выданне Карана XVІ стагоддзя, падоранае Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам, унікальныя гістарычныя здымкі мусульманскіх абшчын у нашай краіне, а таксама першай Мінскай драўлянай мячэці, пабудаванай у XVІ—XVІІ стагоддзях.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.