Вы тут

Ва універсітэте культуры і мастацтваў адкрыўся культурна-адукацыйны цэнтр Пакістана


На базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адкрыўся культурна-адукацыйны цэнтр Пакістана. Такі крок прымеркаваны да 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан.


— Гэта ўжо чацвёрты культурны цэнтр падобнага тыпу. Раней такі цэнтр быў адкрыты ў Гомельскім медыцынскім універсітэце. Яшчэ адзін адкрылі ў Цэнтральнай бібліятэцы горада Барысава. І зусім нядаўна, у лістападзе мінулага года, такі ж цэнтр з’явіўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, — распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Рэспубліцы Беларусь Саджад Хайдэр Хан. — Гэты цэнтр з’яўляецца самым важным, на мой погляд, таму што адкрылі мы яго ў навучальнай установе, дзе студэнты непасрэдна вывучаюць культуру і мастацтва. І яшчэ хочацца адзначыць: такога роду мерапрыемствы з’яўляюцца прыкладам таго, што адносіны паміж нашымі краінамі развіваюцца ва ўсіх сферах, у тым ліку ў адукацыі і культуры.

Адносна планаў пасол адзначыў, што шэраг мерапрыемстваў рэалізоўваецца з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі: «Напрыклад, на паліцах культурнага цэнтра прысутныя маглі заўважыць незвычайны фургон, аздабленне якога выканана ў тэхніцы „мастацтва на колах“. У Пакістане фургоны размалёўваюцца ў асаблівай тэхніцы, што таксама з’яўляецца часткай нацыянальнай культуры. І мы вырашылі, што такі транспарт павінен з’явіцца і ў Беларусі, таму зусім хутка — у маі — па вуліцах Мінска пачне ездзіць трамвай, упрыгожаны ў такой тэхніцы». Яшчэ пасольства сёлета прыме ўдзел у шэрагу фестываляў — «Славянскім базары ў Віцебску», Фестывалі нацыянальных культур у Гродне.

— З Пакістанам мы супрацоўнічаем не першы год. Нас звязваюць сяброўства і ўзаемаразуменне. І не першы культурны праект мы арганізоўваем сумесна. Адкрыццё такога цэнтра важнае для нашага ўніверсітэта як дэманстрацыя міжкультурных сувязяў, якія існуюць паміж нашымі краінамі, — распавяла прарэктар па навуковай рабоце БДУКМ Алена Корсакава. — У нас вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці «Міжкультурныя сувязі», таму наш цэнтр, думаю, стане наглядным прыкладам супрацоўніцтва паміж Усходам і Захадам. І нашы студэнты змогуць пазнаёміцца на канкрэтных прыкладах не толькі з самабытнай культурай, прыродай гэтай краіны, але і ўбачаць творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, тэхніку акварэльнага жывапісу і шмат іншага, што дапаможа ім зразумець іншую культуру.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.