Вы тут

«Місія кожнага з нас — не забываць»


У Маладзёжным тэатры эстрады прайшоў прэм’ерны паказ гістарычнай меладрамы «Без тэрміну даўнасці». Рэжысёр-пастаноўшчык — мастацкі кіраўнік тэатра, драматург, уладальніца медаля Францыска Скарыны Уладзіслава Арцюкоўская. У аснове сюжэта — падзеі Вялікай Айчыннай вайны.


Уладзіслава Ігараўна расказвае, што ідэя звароту да такога матэрыялу ўзнікла пасля прагляду перадачы «Лісты вайны», дзе адзін з герояў успамінаў пра свайго таварыша і яго гісторыю. Ён быў ваенным контрразведчыкам, які зусім нічога не ведаў пра лёс сваёй сям’і — жонкі і дзвюх маленькіх дачок. Але аднаго дня 1944 года яму пашчасціла апынуцца на радзіме. Суседзі распавялі, што дзяўчынак немцы забралі ў лагер, дзе ў дзяцей забіралі для параненых салдат вермахта кроў, а жонка загінула. Тады галоўны герой разумее, што ён застаўся зусім адзін, і цяперашняй яго місіяй становіцца ваяваць за Перамогу, каб астатнія мелі надзею жыць. Падчас вызвалення польскага канцлагера контрразведчык знайшоў сваю жонку жывой і вырашыў шукаць дзяцей. Па ўсіх дакументах дзяўчынкі лічыліся загінулымі. Герой не здаецца, вядзе расследаванні і выходзіць на след нямецкай праграмы Le Bens Born, паводле якой дзяцей арыйскай знешнасці адсылалі для германізацыі. У выніку яму ўдаецца адшукаць нямецкую сям’ю, якая ўдачарыла яго дзяцей, і вярнуць іх.

Назва «Без тэрміну даўнасці» нясе глыбокі сэнс.

— Ёсць такое выслоўе, маўляў, усё забудзецца, пабудуюцца новыя гарады, пачнецца новае шчаслівае жыццё. Але галоўны герой, маёр Святлоў, ваенны контрразведчык, кажа: «Не, забываць нельга, інакш усё паўторыцца зноў». Гэта наша важная місія — не забываць. Важна, каб гэтыя фатаграфіі зноў ажывалі, нагадвалі пра мінулае, — адзначае рэжысёр.

Дзеянне ў спектаклі пачынаецца са старога здымка на экране, а далей кожная фотакартка дапаўняецца персанажамі. Падзеі і здымак на вачах гледачоў быццам ажываюць. На працягу ўсёй пастаноўкі складваецца ўражанне, што мы адкрылі і гартаем альбом, дзе кожны фотаздымак нясе за сабой цэлую гісторыю.

— Гэта было зроблена з мэтай нагадаць пра мінулае. Бо мы, сучаснікі, гледзячы на старыя фатаграфіі, успрымаем іх як частку нейкай далёкай гісторыі. А нам хацелася, каб гэтыя гісторыі жылі, каб глядач у зале адчуваў увесь боль, горыч і пакуты з гэтых фотаздымкаў, нібы стаў удзельнікам тых падзей.

Распавядаючы аб складанасці ажыццяўлення ідэі, Уладзіслава Ігараўна адзначае, што яшчэ задоўга да прэм’еры пачала шукаць архіўныя даныя і перачытала вялікую колькасць літаратуры на тэму ваеннай контрразведкі. Далей важным і хвалюючым этапам сталі пошукі музычнага суправаджэння.

— Мы вельмі доўга з кампазітарам Аляксандрам Сухаравым падбіралі музыку, але ўсё было не тое. А па задуме музыка павінна звязаць 15 розных месцаў дзеяння.

Усё да дэталяў узаемазвязана паміж сабой і дапаўняе акцёрскую ігру. Дамінантным адценнем быў абраны колер сепія, як аказалася, не проста так. Ён, як і музыка, аб’ядноўвае і месцы дзеяння, і дэкарацыі, і нават касцюмы герояў. Што датычыцца персанажаў, то капітана Дзмітрыевіча іграе Уладзімір Варанкоў, фрау Мадэр — Аляксандра Гайдук. А ў галоўнай ролі маёра Святлова задзейнічаны два артысты: на прэм’еры яго ўвасобіў Арцём Пінчук, а ў другім складзе будзе выступаць Руслан Чарнецкі.

— Першы сур’ёзны досвед пастаноўкі ў нас быў з мюзіклам «Гур’янаў» — гісторыя аб праваслаўным святары-старцы. Калі мы пачыналі яго рабіць, ніхто не верыў, што нешта атрымаецца, таму што маладзёжны тэатр эстрады асацыіруецца са спектаклямі, жанрамі больш вясёлымі. А мы ўзялі высокадухоўную тэму. Трэба сказаць, я дзейнічала з асцярожнасцю, бо не ведала, як гэта ўспрымуць акцёры. Але ўсё атрымалася, хоць я не сумнявалася, што менавіта гэтыя людзі змогуць выдатна сыграць і перадаць усю ідэю…

І ў новай пастаноўцы акцёры таксама ярка раскрываюцца ў сваіх ролях. А завяршаецца спектакль словамі, што няма гэтым падзеям тэрміну даўнасці і ніколі не будзе, а важная місія кожнага з нас — не забываць, быць саўдзельнікамі захавання памяці і дазваляць ажываць старым фотаздымкам.

Вераніка КУХАРЧЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.