Вы тут

Як правільна даглядаць клубніцы вясной?


Клубніцы (суніцы садовыя) растуць практычна ў кожным агародзе. Гэтыя смачныя і духмяныя ягады любяць усе: і дзеці, і дарослыя. Вясновы догляд клубніц нескладаны. Але рабіць гэта трэба ў належны тэрмін, каб летам атрымаць добры ўраджай.


Абразанне

Клубніцы вясной абавязкова трэба абразаць. Уважліва агледзьце ўсе кусты. Вострым секатарам выдаліце лісце, пашкоджанае інфекцыямі, а таксама сухое, прымарожанае і старое.

Пры абразанні лістоў не цягніце іх на сябе, інакш можаце пашкодзіць сэрца куста. Зразайце хвосцікі, асцярожна прытрымліваючы іх рукамі.

Падкормка

Пасля зімы клубніцы ў першую чаргу маюць патрэбу ў азотным харчаванні. Лепш за ўсё для азотнага падкорму падыдзе раствор мачавіны (2 ст. лыжкі на 10 л вады на 1 кв. м клубнічнай градкі). Да пачатку цвіцення дайце кусцікам фосфарна-калійнае сілкаванне, якое неабходна для цвіцення і фарміравання ягад. Тут можна выкарыстоўваць суперфасфат і сернакіслы калій (па 2 ст. лыжкі на 1 кв. м пасадак). Вельмі добрым угнаеннем для клубніц можа паслужыць драўняны попел (1/2 вядра на 1 кв. м), які ўтрымлівае фосфар, калій і яшчэ 34 мікраэлементы, неабходныя клубніцам для правільнага росту і высокага ўраджаю.

Паліў

Як правіла, на клубнічнай градцы зімуе вялікая колькасць шкоднікаў, таму догляд клубніц вясной немагчымы без іх нейтралізацыі. Адразу пасля абразання кустоў паліце ўсе расліны слабым растворам марганцоўкі з цёплай вадой (50–55 градусаў).

Мульчыраванне

Кусты клубніц, якія растуць не пад плёнкай, пасля паліву і рыхлення абавязкова трэба замульчыраваць пластом 5-6 см. У якасці мульчы можна выкарыстоўваць салому, ліставую зямлю, сухую траву. Мульчыравальны пласт будзе спрыяць захаванню вільгаці ў глебе, а таксама перашкаджаць росту пустазелля.

Пасадка і перасадка

Клубнічную градку размяшчайце на сонечным участку, каб ягады былі буйнейшыя і саладзейшыя. Клубніцы любяць урадлівую, нейтральную глебу, таму пад перакопку градкі ўнясіце (на 1 кв. м): па 2 вядры кампосту і ліставой зямлі, вядро пяску, палову вядра драўнянага попелу і па 2 ст. лыжкі суперфасфату і сернакіслага калію. Лепш за ўсё саджаць клубніцы на градку ў два рады. Адлегласць паміж радамі — 50 см, адлегласць паміж кусцікамі — 30–35 см.

Пры пасадцы сачыце, каб верхавінная пупышка (сэрцайка) кусціка клубніц знаходзілася строга на ўзроўні паверхні зямлі. На адным месцы клубніцы могуць расці не больш за пяць гадоў. Пасля гэтага старыя кусты пачынаюць выраджацца. Ягады драбнеюць, а расліны хварэюць. Таму вясной леташнія ўкаранелыя вусы ад старых кустоў перасаджваюць на новыя градкі. Рабіць гэта трэба таксама, як і пры пасадцы новай расады.

Барацьба са шкоднікамі і прафілактычныя меры

Самыя распаўсюджаныя шкоднікі клубніц: тля, кляшчы, трыпсы, нематоды, даўганосік, белакрылка, лічынка хрушча. Для барацьбы з большасцю з іх можна выкарыстоўваць біялагічна актыўны фітапрэпарат «Фітаверм». Для барацьбы з лічынкамі хрушча можна выкарыстоўваць прэпарат «Валяр».

Хімічныя прэпараты для барацьбы са шкоднікамі клубніц ужываюць толькі пры моцнай паразе і толькі ўвосень пасля збору ўраджаю. У адваротным выпадку ўся хімія будзе назапашвацца ў ягадах і потым трапіць у ваш арганізм. Найбольш часта сустракаюцца такія хваробы клубніц: шэрая і белая гнілата, плямістасці, мучністая раса, фітафтароз.

Для прафілактыкі гэтых захворванняў рэкамендуецца вясной (у красавіку) і восенню (у верасні) апрацаваць усе кусты 1% бардоскай вадкасцю.

Памылкі ў доглядзе

Глыбокае рыхленне глебы. Зямлю на клубнічных градках можна рыхліць толькі на глыбіню 5-6 см. Глыбейшае рыхленне прыводзіць да пашкоджання каранёў клубнічных кустоў, пасля якога расліны доўга аднаўляюцца.

Недастатковы паліў. Многія думаюць, што вясной у глебе вады дастаткова, і не спяшаюцца пачаць рэгулярныя палівы. Ад гэтага павольна нарастае зялёная маса і ягады будуць дробнымі.

Адсутнасць прафілактычных апрацовак ад шкоднікаў і хвароб. З-за гэтага ў перыяд цвіцення і плоданашэння могуць адбыцца ўспышкі хвароб або нашэсце шкоднікаў. А прымяняць сур’ёзныя прэпараты ў гэты перыяд нельга, інакш ягады стануць неядомымі.

Працяглае вырошчванне на адным месцы. Калі не абнаўляць клубнічныя градкі кожныя 4-5 гадоў, то ўсе кусты страцяць свае сартавыя якасці, ураджай будзе мінімальны і расліны пачнуць хварэць з-за назапашанай у глебе шкоднай мікрафлоры.

Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: Правільны догляд клубніц вясной

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.