Вы тут

«Самым шчаслівым быў чалавекам...»


23 красавіка перастала біцца сэрца паэта Уладзіміра Рунцэвіча. 


Яго ўсмешлівы твар надоўга застанецца ў памяці многіх калег па творчым цэху, у памяці жыхароў Мар’інай Горкі, Пухавіцкага раёна, дзе ён жыў і працаваў многія дзесяцігоддзі. 

Нарадзіўся Уладзімір Рунцэвіч у вёсцы Дайнава Пухавіцкага раёна 28 лютага 1953 года. У 2015 годзе яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. За плячыма паэт ужо меў добры творчы багаж — пачынаючы з 1997 года, выходзілі кнігі: «Голас чалавека на зямлі», «Птушкі дзяцінства», «Шчасце. Шчасцейка», «Эрас: лірыка кахання», «Пасля сябе пакіну дабрыню»... А першая вершаваная публікацыя з’явілася ў газеце «Сцяг працы» (цяпер — «Пухавіцкія навіны») у ліпені 1980 года. Тады малады паэт Алесь Пісарык надаў новае дыханне літаратурнаму аб’яднанню «Алеся» пры пухавіцкай «раёнцы». На пасяджэнні літаб’яднання, на сустрэчы мясцовых паэтаў з чытачамі, моладдзю з вялікай ахвотай прыязджалі творцы з вёскі Пухавічы, з Шацка, іншых куточкаў вялікага Пухавіцкага раёна, выпеставаўшага такіх паэтаў, як Алесь Бачыла, Аркадзь Моркаўка, Уладзімір Хадыка, Генадзь Кляўко, Рыгор Папараць, Таіса Бондар, Алесь Цвях, Анатоль Вольны, Міхась Чарот, Уладзімір Ляпёшкін, Захар Бірала, Анатоль Дзерах, Вольга Савасцюк... Вясёлы, з гумарам, рабочы Пухавіцкага ільнозавода (працы на прадпрыемстве паэт аддаў каля 40 гадоў) Уладзімір Рунцэвіч заўжды быў у цэнтры ўвагі. Пра першыя крокі Рунцэвіча ў літаратуру некалі, з нагоды выдання кнігі «Шчасце. Шчасцейка» вельмі хораша напісаў Браніслаў Зубкоўскі: «Да творчасці Уладзімір Рунцэвіч спрычыніўся яшчэ за школьныай партай. Пісаў вершы пра сяброў і вучобу, пра вясеннія ручаі і любімую Цітаўку. У прастору аўтарскай любові затым трапілі і лясныя насельнікі, залатыя ключы сонца і шапаценне лістабоя. Больш таго, у паэзіі Уладзіміра, насычаанай пахам травы і чырвоным колерам рабін, вымалёўваліся ўжо і постаць лірычнага, няўрымслівага героя, заклапочанага лёсам прыроды і навакольнага асяроддзя. Паэтычныя спробы аўтара ўхваліў мясцовы літаратар, пісьменнік Захар Бірала. Ён адзначыў гумарыстычную накіраванасць твораў Рунцэвіча, параіў звярнуцца ў райгазету... Рунцэвічу-пачаткоўцу пашчасціла: у рэдакцыі яго сустрэлі прыхільна.

Час ішоў. Неўзабаве вершы У. Рунцэвіча пачалі з’яўляцца на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. 

А потым з’явілася першая кніжка... І вось новы паэтычныі зборнік Уладзіміра Рунцэвіча „Шчасце. Шчасцейка“... Жыццесцвярджальны пафас твораў зборніка сведчыць аб пошуках паэтам гармоніі прыроды і чалавека. Складанае ў простым, сцвярджае аўтар, незвычайнае ў звычайным…

Новы зборнік Уладзіміра Рунцэвіча тычыцца праблем разумення лірычным героем сэнсу чалавечага быцця...»

Паэт быў частым удзельнікам пасяджэнняў народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, працаай якога многія гады апякуецца таленавіты творца і не меней таленавіты арганізатар асветніцкага жыцця Ірына Карнаухава. Уладзімір, мяркуючы па яго ўражаннях, водгуках ад паездак у Мінск на сустрэчы ў клубе «Жывіца», атрымліваў асаблівую асалоду ад знаёмства з новым у творчасці калег, стараўся заўсёды падзяліцца сваімі ўласнымі здзяйсненнямі. Як вялікую падзею ўспрымаў паэт і грамадскі ўдзел у паездках па маршруту «Паэтычнага аўтобуса» у час традыцыйнай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. 

Можа быць, не зусім у песенны, паэтычны час працаваў у беларускай літаратуры творца з Мар’інай Горкі, але след Уладзіміра Рунцэвіча ў прыгожым пісьменстве застанецца. І песняй «Гасціннасць» на яго словы ў выкананні ансамбля «Свята», і кнігамі, і многімі публікацыямі ў перыядычным друку…

У адным са сваіх вершаў — «Я быў у Купалы» — Уладзімір Рунцэвіч напісаў: «Я быў у Акопах, у Янкі Купалы./ І жаўранкам летняе неба спявала,/ Бы вершам Купалы./ Хадзіў я шляхамі і сцежкамі тымі,/ Якія й дагэтуль завуцца святымі. Сцежкамі Купалы.../ Лагойшчыны слыннай квітнелі пагоркі,/ Гучала як радасць людская гаворка,/ Купалы гаворка./ Гаіла душу без мікстур і без лекаў,/ І самым шчаслівым я быў чалавекам,/ Дзе некалі крочыў Купала». 

Верыцца, што пры ўсіх складанасцях жыцця ён, Уладзімір Рунцэвіч, быў шчаслівым творцам, шчаслівым чалавекам. І вершы яго нясуць да чытача агромністае «шчасце, шчасцейка...»

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.