Вы тут

Іван Кубракоў адкрыў адміністрацыйны будынак Аршанскага РУУС і ваенна-патрыятычны клуб «Зубр»


Ганаровымі гасцямі цырымоніі таксама сталі намеснік міністра Дзмітрый Карзюк, начальнік УУС Віцебшчыны Андрэй Любімаў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў і намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.


Звяртаючыся да асабовага складу аршанскай міліцыі, кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што раённае ўпраўленне ўнутраных спраў у Віцебскай вобласці адзінае, і яно знаходзіцца ў Оршы. «Гады ідуць, горад развіваецца, мадэрнізуецца — заўважыў ён. — Спатрэбіўся рамонт і ў будынку РУУС, бо супрацоўнікі павінны працаваць у належных умовах. Акрамя таго, тут аказваецца дапамога грамадзянам, і важна, каб тым, хто звяртаецца ў падраздзяленне, было зручна і камфортна».

Каштоўным падарункам для райупраўлення ўнутраных спраў стаў новы службовы аўтамабіль. Ключы ад яго Іван Кубракоў уручыў начальніку РУУС Дзмітрыю Барадаўка. Супрацоўнікі, якія вызначыліся, атрымалі з рук міністра ведамасныя ўзнагароды, а старшы ўчастковы інспектар Юрый Кавецкі — пагоны чарговага спецыяльнага звання «капітан міліцыі» ў парадку заахвочвання датэрмінова.
Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць першага начальніка Аршанскага РУУС Сяргея Барвянкова, які кіраваў падраздзяленнем з 2018 года. Крыху больш за два месяцы таму 48-гадовы афіцэр раптоўна памёр. Іван Уладзіміравіч разам з бацькамі і ўдавой Сяргея Канстанцінавіча адкрылі мемарыяльную шыльду на будынку РУУС. Яна будзе нагадваць аб прафесіянале сваёй справы, пісьменным кіраўніку, які аператыўна вырашаў пастаўленыя задачы і заўсёды адстойваў інтарэсы падначаленых. Ён з’яўляецца прыкладам для маладога пакалення супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Прадстаўнік праваслаўнай царквы дабраславіў вартавых парадку на ратную службу. Пасля ўручэння начальніку раённай міліцыі сімвалічнага ключа ад новабудоўлі ганаровыя госці разразалі чырвоную стужку і агледзелі службовыя памяшканні.

Будучы ў Оршы міністр унутраных спраў адкрыў ваенна-патрыятычны клуб «Зубр». Атрад, які аб’яднаў больш за 20 хлапчукоў і дзяўчынак, створаны на базе сярэдняй школы № 9 райцэнтра пры садзейнічанні Аршанскага РУУС. 

Знакавым момантам стала ўручэнне сцяга. Сімвал доблесці, мужнасці і адданасці Радзіме камандзіру клуба перадаў Іван Кубракоў. Прыкметна хвалюючыся, юныя патрыёты вымавілі словы ўрачыстай клятвы. Навучэнцы паабяцалі быць сумленнымі і дысцыплінаванымі, шанаваць сяброўства, весці здаровы лад жыцця, на прыкладах ратных подзвігаў продкаў вучыцца быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Потым кожны атрымаў з рук міністра пасведчанне ўдзельніка клуба.

Кажучы аб важнасці патрыятычнага выхавання, Іван Кубракоў акцэнтаваў увагу на тым, што супрацоўнікі ўнутраных спраў робяць усё для таго, каб моладзь разумела: бяспека на вуліцах нашай краіны — вынік вялікай працы. «Прыемна, што ўсё больш прадстаўнікоў падрастаючага пакалення імкнуцца ўступіць у ваенна-патрыятычныя клубы, і колькасць такіх фарміраванняў расце па ўсёй краіне, — адзначыў ён. — Сёння адбылося адкрыццё клуба "Зубр". Упэўнены, хлопцы і дзяўчаты, якім уручаў пасведчанні ўдзельнікаў атрада, з’яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны. Прыемна бачыць, што ў іх гараць вочы. Многія мараць стаць супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Але, мусіць, гэта не галоўнае. Важна, каб яны выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, рабілі ўсё для развіцця рэспублікі. Упэўнены, калі мы ўсе разам будзем умацоўваць бяспеку, выхоўваць моладзь, у нас усё атрымаецца! Жадаю ўсім здароўя, удачы і ўсяго найлепшага, а нашай любімай Беларусі — росквіту!»

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».