Вы тут

Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Івацэвічах


Сёлета, на пачатку верасня 2024-га, Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Івацэвічах. Адпаведна, і ўвага ўжо ў самыя бліжэйшыя месяцы будзе прыцягнута да Івацэвіч і яго ваколіц, да іх гістарычнай і літаратурна-краязнаўчай памяці.


Палац Пуслоўскіх і сядзіба Касцюшкаў. Косава-Мерачоўшчына. Рэпрадукцыя малюнка Напалеона Орды

Паспрабуем і мы ажыццявіць віртуальнае падарожжа па літаратурных сцежках гэтай старонкі. Пачнём з саміх Івацэвічаў. Да паселішча, якое знаходзіцца за 135 км ад Брэста, можна дабрацца і па чыгунцы. Раённы цэнтр з’яўляецца яшчэ і чыгуначнай станцыяй на лініі Брэст — Баранавічы. Івацэвічы ўпершыню згадваюцца ў 1508 годзе — праз запіс у зэльвенскай касцёльнай кнізе. Першыя вядомыя ўладальнікі — Ільінічы. Некалі, да Радзівілаў, яны валодалі і Мірскім замкам. Са смерцю Юрыя Ільініча ў 1569 годзе род згас. Сярод уладальнікаў паселішча былі слонімскі суддзя Ян Віктарына, Ян Юр’евіч Багуматка, Стэфан Кандзяжэўскі... З 1784-га маёнтак Івацэвічы — ва ўладанні пана Яна Сяплюцкага. З 1795 года паселішча — у складзе Расійскай імперыі, спярша ў Слонімскай губерні, затым у Літоўскай і нарэшце з 28 жніўня 1802 года — у Гродзенскай губерні...

З адкрыццём Маскоўска-Варшаўскай шашы (1846) у 1848 годзе запрацавала Івацэвіцкая паштовая станцыя. А калі была ўведзена ў эксплуатацыю чыгунка Варшава — Масква (1871), то ў паселішчы з’явілася і чыгуначная станцыя... Такімі былі вытокі Івацэвіцкай гісторыі, паселішча, якое прайшло і праз многія выпрабаванні, часам надзвычай драматычныя, у XX стагоддзі.

А што да літаратурных памятак і згадак, то найперш, відаць, у Івацэвічах варта наведаць Івацэвіцкую раённую бібліятэку імя Піліпа Пестрака. Знаходзіцца яна па вуліцы Савецкай, 24. Імя аднаго з вядомых празаікаў сярэдзіны XX стагоддзя асветніцкая ўстанова носіць невыпадкова. На Івацэвіччыне, у вёсцы Сакоўцы, і нарадзіўся Піліп Пестрак (1903–1978). Шкада, што неяк даволі скупа, праз рэдкія згадкі ў медыя, было заўважана летась 120-годдзе з дня нараджэння пісьменніка... Хаця ў 2003 годзе да 100-годдзя Піліпа Пестрака была выпушчана нават паштовая картка з арыгінальнай маркай. Асоба пісьменніка легендарная. У час Першай сусветнай вайны разам з сям’ёю знаходзіўся ў бежанстве ў Самарскай губерні. У 1920 годзе паступіў на сацыяльна-гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. А праз год разам з бацькамі вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. Працаваў лесніком у Косаўскім лясніцтве (Косава — мястэчка, горад за 15 км ад Івацэвічаў; па часе згадвання ў пісьмовых крыніцах датай яго нараджэння лічыцца 1494 год). У Косаве будучы пісьменнік і прычыніўся да рэвалюцыйнай работы. У 1926–1927 гг. выбіраўся членам Косаўскага павятовага камітэта Беларускай сялянска-работніцкай грамады. З 1927 года — сакратар Косаўскага райкама Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. У друку ўпершыню выступіў у 1927 годзе — у часопісе «Родныя гоні». Выданне праіснавала нядоўга, у сакавіку — кастрычніку выйшла ўсяго пяць нумароў. У 1929 годзе польскія ўлады арыштавалі Піліпа Пестрака. Тэрмін зняволення ў Гродзенскай турме доўжыўся да 1933 года. Выйшаўшы на волю, малады рэвалюцыянер быў прызначаны інструктарам ЦК КПЗБ па Пінскай акрузе. А ў 1934 годзе зноў арыштаваны. Сядзеў (да 1939 года) у турмах Пінска, Вільні, Гродна. Змяшчаў свае вершы ў нелегальным рукапісным часопісе палітвязняў «Краты». Першы паэтычны зборнік Піліпа Пестрака пабачыў свет ужо пасля вызвалення Заходняй Беларусі, у 1940 годзе, — «На варце». Пісьменнік удзельнічаў у партызанскім руху ў час Вялікай Айчыннай вайны. 

Косава-Мерачоўшчына

З 1951 года — на творчай працы. Тэме рэвалюцыйнай барацьбы ў Заходняй Беларусі прысвяціў раман «Сустрэнемся на барыкадах». Пасляваенную вёску апісаў у рамане «Серадзібор». За рэвалюцыйную дзейнасць і літаратурную працу Піліп Пестрак адзначаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга (двойчы), медалямі, яму прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР (1964). Імем пісьменніка названы вуліцы ў Гродне і Мінску. Сярод іншых вуліц Івацэвічаў, дзе і імёнамі пісьменнікаў, асветнікаў названы многія, — Максіма Танка, Яраслава Пархуты, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пушкіна, Горкага, Францыска Скарыны, ёсць таксама вуліца Піліпа Пестрака. Мо з часам і даведнік літаратурна-краязнаўчы з’явіцца — «Івацэвіцкімі сцежкамі Піліпа Пестрака»?..

У час Вялікай Айчыннай вайны ў Івацэвічах бываў беларускі паэт Аляксей Зарыцкі. Вядомы і яго верш «Спатканне ў Івацэвічах»... Свой след на Івацэвіцкай зямлі пакінуў і вялікі рускі паэт Аляксандр Твардоўскі. Ён быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1939 годзе і прыкамандзіраваны да франтавой газеты «Часовой Родины». Дзякуючы намаганням А.Твардоўскага ў 1939 годзе ў Брэсце ў друкарні М. Таненбаума была выдадзена кніжачка «Франтавыя старонкі». Увайшлі ў гэта выданне і прыпеўкі, якія паэту (ці некаму з чырвонаармейцаў) перадалі дзяўчаты з Івацэвічаў.

Зазірнём у Косава. Пра повязь з паселішчам і яго ваколіцамі Пестрака мы ўжо згадвалі... Вандруючы гэтымі мясцінамі, абавязкова пазнаёмцеся з Косаўскім палацам — палацам Пуслоўскіх. Уладальнікамі Косава ў розныя часіны былі Храптовічы, Сангушкі, Флемінгі, Чартарыйскія, Сапегі. У 1821 годзе гаспадар маёнтка Войцах Пуслоўскі заснаваў у Косаве фабрыку дываноў. Палац, сядзібу Пуслоўскіх наведвалі мастак і музыкант Напалеон Орда, пісьменнікі Генрык Сянкевіч, Эліза Ажэшка, гісторык і пісьменнік Вацлаў Ластоўскі. У Косаве ў 1953 годзе нарадзіўся паэт, кінадраматург Уладзімір Мароз. Аўтар многіх кніг і аўтар сцэнарыяў дзясяткаў дакументальных фільмаў. Сярод іх — і фільм «Косава». За сваю работу ў кінадакументалістыцы Уладзімір Мароз адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Будаўніцтва тэлефоннага камутатара ў вёсцы Святая Воля

У івацэвіцкай вёсцы Мілейкі нарадзіўся празаік, паэт, краязнаўца, публіцыст Яраслаў Пархута (1930–1996). Аўтар кніг «Казка зялёнай дубровы», «Ты пайшла ў сонца», «Перапёлачка», «Зямля бацькоў нашых», «Дарогамі надзей і трывог: Палескі дзённік», «Крыніца ёсць у родным краі... Кніга падарожжаў», «Жальба жытняга коласа»... Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1992). Вось якім водгукам на прачытанае ў кнігах Яраслава Пархуты падзяліўся настаўнік Запалянскай васьмігодкі Івацэвіцкага раёна Алесь Фаміч Зайка: «Буду шчырым. Кніга ў пэўнай меры адкрыла для мяне вас як пісьменніка. І надзвычай уразіла. Чым? Майстэрствам слова... Ваша мова дакладная, простая, даверлівая, шчырая, як глыток крынічнай вады ў спякоту. Паверце, гэта не камплемент. Гэта канстатацыя найпрыемнейшага адкрыцця, факта...» Алесь Зайка (1928–2018), які нарадзіўся ў Заполлі, пахаваны на могілках у вёсцы Бялавічы, — і сам вядомы літаратар, краязнаўца. Яго творчая спадчына — «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны», «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прымаўкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны», «Дым з коміна», «Чысты чацвер», «Мікратапаніміка Івацэвіччыны».

З Івацэвіцкім краем звязаны лёсы такіх пісьменнікаў, як польскі паэт і празаік Багдан Драздоўскі (1931–2013), літаратуразнаўца, фалькларыст, Мікалай Грынчык (1923–1999)... У вёсцы Югалін у 1926 годзе нарадзіўся прапраўнук Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна — Георгій... Шмат у Івацэвічах і ваколіцах і іншых літаратурна-краязнаўчых памятак. Варта толькі ўважліва іх разгледзець!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава

Загаловак у газеце: Літаратурнымі сцежкамі Івацэвіччыны

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.