Вы тут

Што рабіць з перарослым альвасам?


У нас дома некалькі старых вазонаў з альвасам (алоэ). Выкінуць іх шкада, бо гэтай раслінай наша бабуля, як расказвалі, лячыла свой цукровы дыябет, матуля — насмарк і раны... Буду ўдзячная, калі падкажаце, як з дапамогай соку ўмацаваць імунітэт і пазбавіцца ад перхаці.

Таццяна Маркаўна

Мінскі раён


Фота pexels.com

— З альвасу (алоэ) і сапраўды можна прыгатаваць цудоўныя сродкі для надання прыгажосці скуры і валасам, — пагадзілася біёлаг, аўтар курса па стварэнні фітакасметыкі сваімі рукамі Вольга Букат. — Але перш-наперш расліну трэба паліць.

Праз два тыдні пасля гэтага, калі адбудуцца патрэбныя працэсы накаплення, зразаем самыя буйныя (не менш чым трохгадовыя) ніжнія лісты, абмываем, на некалькі гадзін уніз чаранкамі ставім у шклянку з вадой, каб выдаліць пякучае рэчыва алаін. Затым загортваем у паперу і на два тыдні кладзём у халадзільнік. Пасля гэтага я рэкамендую лісце заліць невялікай колькасцю вады і прабіць блэндарам. Атрымаецца прыгожая ізумрудная вадкасць з мякаццю. Яе можна прафільтраваць праз адзін-два слаі марлі ці дробнае сіта. Сок, які атрымаецца, я люблю замарозіць у кубікі лёду ці дадаць кансервант, каб даўжэй захоўваўся ў халадзільніку, і потым рыхтаваць маскі для твару ды валасоў.

Калі непакоіць перхаць і сверб скуры на галаве, добра спрацуе маска. Для яе прыгатавання спатрэбіцца 2 ст. л. алею (аліўкавага, какосавага, касторавага, з лопуху), 2 ст. л. соку алоэ, 1 ч. л. вадкага мёду (загусцелы можна разагрэць на вадзяной лазні). Усе інгрэдыенты добра перамешваюцца, наносяцца на скуру галавы і трымаюцца пад шапачкай для душа і ручніком 1-3 гадзіны, пасля чаго змываюцца шампунем. Тады валасы робяцца бліскучымі, дагледжанымі — нават з першага прымянення.

Рэцэпт маскі для твару: 1 ст. л. лыжка смятаны, 1 ст. л. соку/гелю алоэ, 1 ч. л. мёду, 1 ч. л. адвару рамонку ці зялёнага чаю. Зноў жа ўсе інгрэдыенты змешваюцца, трымаюцца на скуры 7-10 хвілін (калі адчуваеце, што маска пачала высыхаць, наносьце наступны слой) і змываюцца цёплай вадой.

Акрамя таго, сок алоэ сапраўды вельмі карысна прымаць унутр. Ён валодае антыдыябетычным ды супрацьзапаленчым эфектамі і ў той жа час, як і алей абляпіхі, стымулюе клетачнае дзяленне, таму ў яго прыёме ўнутр абавязкова трэба рабіць перапынкі на адзін-два месяцы.

Перад тым як піць, атрыманы сок алоэ трэба нагрэць (не вышэй за 50 градусаў!) — хвілін 20 патрымаць на вадзяной лазні. Пад уздзеяннем тэмпературы вадкасць набудзе цёмна-карычневы колер. Яе мы будзем захоўваць у халадзільніку. Ужываць трэба наступным чынам: 1 ст. лыжку соку разбаўляць у 100 мл вады, дадаваць штосьці кіслае, бо чысты сок алоэ вельмі горкі. Менавіта таму раней яго прымалі з мёдам, кагорам, спіртавымі настойкамі, але я не рэкамендую гэта рабіць... Лепш выціснуць сок з лімона, апельсіна, грэйпфрута альбо дадаць перакіслага бярозавіку ці чайную лыжку яблычнага воцату.

Кіслата ліквідуе горыч, і сок становіцца не толькі карысным, але і дастаткова смачным. Гэту гаючую вадкасць выпіваем на працягу дня — перад сняданкам, абедам і вячэрай, альбо, калі ёсць праблемы са страўнікам, падчас ежы. І яшчэ: соку алоэ не трэба гатаваць шмат, дастаткова 200 мл, бо ў халадзільніку без кансервантаў ён можа захоўвацца ўсяго некалькі тыдняў.

На аснове соку алоэ вера можна зрабіць таксама і ўвільгатняльны гель. Для гэтага ў аптэцы ці ў крамах, дзе прадаюцца інгрэдыенты для стварэння натуральнай касметыкі, можна купіць натуральны загушчальнік — гуаравую ці ксантанавую камедзь, гліцэрыну — рэчыва, у якім мы будзем яго размешваць, а таксама кансервант.

Каб прыгатаваць 100 мл гелю алоэ вера, бяром 50 мл вады і дадаём туды пяць кропель кансерванту, каб гель захоўваўся год, размешваем стэрыльным венчыкам (загадзя апрацаваным спіртам ці патрыманым у кіпні). У другой шклянцы раствараем 1 грам камедзі ў 5 мл гліцэрыны. Слізь, якая ўтварылася, дадаём да нашай вады з кансервантам і хутка перамешваем. У выніку яна загусцее — атрымаецца прыемная цягучая кансістэнцыя, да якой дадаём сок алоэ (50 мл). Пры жаданні — эфірныя алеі ды 2-3 кроплі вітаміну Е. Добра ўзбіваем венчыкам ці капучынатарам і пераліваем у стэрыльны флакон з цёмнага шкла для захоўвання (абавязкова падпісваем дату прыгатавання).

Гель можна наносіць на твар, валасы, ён з’яўляецца цудоўнай асновай для стварэння натуральнай касметыкі — крэмаў, ласьёнаў, тонікаў.

Запісала Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота прадстаўлены Вольгай Букат 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Як змагацца з шумнымі суседзямі?

Перш чым ісці вайной на суседзяў, варта вывучыць «Правілы карыстання жылымі памяшканнямі».

Эканоміка

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

Чым здзівіць «БЕЛАГРА-2024»?

У рамках дзелавой праграмы выставы пройдзе каля 20 тэматычных семінараў і канферэнцый.