Вы тут

Магілёўскі аблсавет правёў першы адукацыйны семінар для дэпутатаў 29 склікання


Быць дэпутатам — місія ганаровая і вельмі адказная. Вучоба дае магчымасць навучыцца здымаць вострыя пытанні і эфектыўна працаваць з насельніцтвам. Нядаўна Магілёўскі аблсавет запрасіў дэпутатаў 29-га склікання на першы семінар. Народныя выбраннікі мелі магчымасць асвоіць прававыя асновы, якімі прыйдзецца карыстацца ў рабоце, як працаваць са зваротамі грамадзян, узаемадзейнічаць з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і актыўнымі грамадзянамі, папулярызаваць сваю дзейнасць праз масмедыя. Удзел у рабоце семінара, які прайшоў пад старшынствам кіраўніка аблсавета Аляксандра Гарошкіна, прынялі старшыні гарадскіх, раённых, сельскіх Саветаў. У якасці спікіраў выступілі прадстаўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, дасведчаныя дэпутаты.


Найлепшыя практыкі

Вопытам арганізацыі работы ў Савеце падзялілася дэпутат Магілёўскага аблсавета па Казіміраўскай выбарчай акрузе № 42 Ірына Раінчык. Яна расказала пра формы дзейнасці дэпутата і падкрэсліла важнасць чарговых і пазачарговых сесій. Добрай практыкай яна назвала выязныя сесіі, дзе ёсць магчымасць разглядаць дзейнасць мясцовага Савета базавага ўзроўню з удзелам прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання і маладзёжнага парламента. Дэпутат звярнула ўвагу на дзейсныя формы калегіяльнай работы у вырашэнні складаных пытанняў, стварэнне пастаянных і часовых дэпутацкіх груп.

— У мінулым скліканні пры аблсавеце дзейнічала дэпутацкая група грамадскай арганізацыі «Белая Русь», — прывяла яна прыклад. — Члены групы ва ўзаемадзеянні з органамі выканаўчай улады і грамадскіх арганізацый праводзілі дыялогавыя пляцоўкі па вырашэнні пытанняў развіцця партыйнага будаўніцтва, захавання міру і згоды, традыцыйных каштоўнасцяў. Ствараліся рабочыя групы па разглядзе зваротаў грамадзян. Станоўча зарэкамендавалі сябе і адзіныя тыдні справаздач дэпутатаў у выбарчых акругах, і адзіныя дні прыёмаў дэпутатамі ўсіх узроўняў. Сумеснымі намаганнямі прасцей выявіць недахопы ў рабоце з насельніцтвам і знайсці найбольш канструктыўныя шляхі вырашэння пытанняў грамадзян.

Адным з яркіх прыкладаў папулярызацыі дэпутацкай дзейнасці стала правядзенне сумесна з Асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў першага рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці «Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік». На працягу некалькіх дзён удзельнікі абмяркоўвалі пытанні развіцця мясцовага самакіравання вобласці, студэнцкага і вучнёўскага самакіравання, ролю маладзёжных парламентаў у рабоце з моладдзю. Падчас форуму працавалі тэматычныя секцыі, праводзіліся віктарыны, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, выставы. Адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання, што яшчэ больш натхніла людзей на навядзенне парадку і прыгажосці ў сваіх населеных пунктах.

У народных выбраннікаў ёсць добрая магчымасць пашырыць межы дзейнасці за кошт міжнароднага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Наладзіць стасункі дапамагае Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сёлета ён будзе працаваць у Віцебскай вобласці.

Станоўчы эфект прыносіць работа з Маладзёжным парламентам. Хлопцы і дўзяўчаты, якім цікава займацца грамадскай дзейнасцю, вельмі актыўныя і амбіцыйныя. 

З іх падачы ў вобласці рэалізавана ўжо шмат карысных праектаў і акцый, у тым ліку з удзелам іх аднагодкаў з расійскіх рэгіёнаў.

Вельмі спрыяюць згуртаванню дэпутатаў спартыўныя мерапрыемствы. Магілёўская вобласць адзіная, дзе праводзяцца зімовая і летняя спартакіяды. На думку Ірыны Раінчык, гэта дае магчымасць удзельнікам падзяліцца карысным вопытам і надзённымі праблемамі ў нефармальнай абстаноўцы.

Звароты як індыкатар работы

У чэрвені 2019 года адбыўся рэспубліканскі семінар-пасяджэнне, прысвечаны актуалізацыі метадаў і форм работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні, з удзелам Прэзідэнта. «Эфектыўная работа з насельніцтвам — гэта індыкатар прафпрыдатнасці кіраўніцтва і вобласці, і раёна, і асобна ўзятага прадпрыемства, — рэзюмаваў на той сустрэчы кіраўнік дзяржавы. — Скаргі — паказчык недапрацовак. А прызванне дэпутата — дапамагчы канкрэтнаму чалавеку».

Падчас семінара старшыня аблсавета Аляксандр Гарошкін арыентаваў калег на якасную і добрасумленную работу са зваротамі грамадзян.

— Дэпутат павінен ісці не туды, дзе ўсё добра, а туды, дзе ёсць праблемы, — адзначыў ён. — І шукаць магчымасці, як зрабіць, а не як не рабіць. І галоўны наш памочнік у вырашэнні пытанняў — выканаўчая ўлада.

Начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама Іна Філіпава нагадала пра тыя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгулююць работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Яна падрабязна расказала пра Закон аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які дзейнічае ў рэдакцыі ад 17 чэрвеня 2023 года, і яго тыповыя парушэнні: гэта фармальны падыход да разгляду зваротаў, адсутнасць канкрэтнага адказу, валакіта, незахаванне тэрмінаў разгляду і гэтак далей.

Выразная ўстаноўка на вырашэнне ўсіх праблем і пытанняў ад насельніцтва ў першую чаргу непасрэдна на месцах дадзена ў Дырэктыве Прэзідэнта № 2 «Аб дэбюракратызацыі дзяржапарату і павышэнні жыццядзейнасці насельніцтва» ў новай рэдакцыі ад 13 чэрвеня 2023 года. «Зняць напружанасць і шэраг пытанняў дапамагае своечасовая інфармацыйна-тлумачальная работа, — заўважыла Іна Філіпава. — Трэба таксама развіваць парталы электронных паслуг, праводзіць рэйтынгавую ацэнку якасці аказання паслуг і іншых платформ.

Карысна ў рабоце са зваротамі грамадзян абапірацца на Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь. Пяты артыкул яго якраз прысвечаны гэтай тэме.

На ўмовах галоснасці

Работа дэпутата публічная, і жыхары павінны ведаць, чым займаецца канкрэтна іх абраннік. І гэта той выпадак, калі прадстаўнічая улада зацікаўлена ў папулярызацыі сваёй дзейнасці. Пра важнасць і эфектыўнасць інфармацыйнай прапаганды расказала начальнік упраўлення па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Дзівакова.

— Пастаяннае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне органаў мясцовага самакіравання са СМІ з’яўляецца адным з механізмаў правядзення дзяржпалітыкі, інфармавання насельніцтва аб прыманых заканадаўчай уладай рашэнняў, аб дзейнасці дэпутацкага корпуса, — падкрэсліла яна. — Сёння эфектыўным сродкам нароўні з традыцыйнымі СМІ стаў інтэрнэт, а таксама сацыяльныя сеткі і месенджары. З іх дапамогай аператыўна даносіцца важная інфармацыя, ажыццяўляецца зваротная сувязь.

Магчымасці для галоснасці ў рэгіёне вялікія. На тэрыторыі вобласці функцыянуе 26 газет з аўдыторыяй болей чым 100 тысяч чалавек, тры дзяржтэлеканалы, дзве радыёпраграмы, 18 сеткавых выданняў, дзевяць сайтаў СМІ, 197 акаўнтаў дзяржаўных СМІ ў сацыяльных сетках і месенджарах з агульнай аўдыторыяй болей чым 700 тысяч падпісчыкаў.

Аляксандр Гарошкін звярнуў увагу яшчэ і на тое, што дэпутат павінен уважліва ставіцца да той інфармацыі, якую дае. Па-першае, казаць толькі пра тое, у чым упэўнены, а не разважаць наконт таго, чаго не ведае. Па-другое, разумець наступствы сваіх слоў. Па-трэцяе, калі нешта паабяцаў — зрабіць.

Праз ініцыятывы да супрацоўніцтва

Вялікую пазітыўную ролю ў рабоце з насельніцтвам адыгрывае Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, якая функцыянуе ў рэгіёне з 2015 года. Асноўнымі кірункамі дзейнасці асацыяцыі з’яўляецца садзейнічанне органам мясцовага самакіравання ў адукацыйнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і кансультацыйнай сферах, падтрымка мясцовых ініцыятыў, Мэт устойлівага развіцця, міжнародная і дабрачынная дзейнасць, прапаганда здаровага ладу жыцця.

Дырэктар асацыяцыі Паліна Церашкова параіла дэпутатам больш абапірацца на работу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Гэта тыя ініцыятыўныя грамадзяне, якія гатовы аператыўна вырашаць праблемы насельніцтва і з’яўляюцца галоўнымі памочнікамі органаў улады на месцах.

Выступоўца расказала, як дэпутат можа падтрымаць ініцыятыўных грамадзян з дапамогай асацыяцыі. За пяць гадоў на падтрымку 206 ініцыятыў грамадзян гэта арганізацыя выдзеліла каля 530 тысяч рублёў.

У якасці карыснага дапаможніка для работы ў выбарчай акрузе ўдзельнікі семінара атрымалі «Дзённік дэпутата». У ім выкладзены асновы заканадаўчай базы ў сферы мясцовага кіравання і самакіравання, абазначана роля і месца дэпутата ва ўзаемадзеянні з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадзянамі і грамадскімі арганізацыямі. У дзённіку прапаноўваюцца ўзоры дакументаў, якія дапамогуць народнаму абранніку больш эфектыўна працаваць. Тут жа размешчаны механізм падтрымкі ініцыятыў грамадзян, які летась быў распрацаваны на рэспубліканскім узроўні. Дзякуючы яму ініцыятыўныя жыхары маюць магчымасць штогод на конкурснай аснове атрымліваць фінансаванне з абласнога бюджэту на рэалізацыю сваіх праектаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вопыт, ініцыятыва, галоснасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.