Вы тут

Сістэма меддапамогі ў Беларусі дазваляе аказаць пацыентам увесь спектр паслуг


Выбудаваная ў Беларусі сістэма меддапамогі дазваляе аказваць пацыентам увесь спектр медыцынскіх паслуг, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на адкрыцці 29-га міжнароднага медыцынскага форуму «Ахова здароўя Беларусі — 2024», які ўключае спецыялізаваную выставу і шырокую дзелавую праграму, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Ігар Петрышэнка адзначыў, што гэты год у Беларусі аб’яўлены Годам якасці. «Менавіта ад якаснай медыцынскай дапамогі залежыць стан здароўя кожнага чалавека. Мы забяспечваем аказанне неабходнай меддапамогі ад самай маленькай вёсачкі і хутара і заканчваючы абласнымі цэнтрамі і сталіцай нашай краіны. Выбудаваная сістэма меддапамогі дае магчымасць аказаць людзям увесь спектр медпаслуг», — сказаў ён.

Намеснік прэм’ер-міністра дадаў, што падтрыманне здароўя залежыць ад кожнага чалавека, а ўрачэбная супольнасць можа пракансультаваць пацыента, які мае патрэбу ў адпаведнай меддапамозе.

Асобна Ігар Петрышэнка спыніўся на экспарце паслуг. «Мы ганарымся тым, што толькі па выніках мінулага года экспарт медыцынскіх паслуг у 140 краін свету склаў больш як $40 млн. Актыўна працуе наша сістэма адукацыі. Студэнты з больш як 50 краін атрымліваюць якасную медыцынскую адукацыю. Толькі за мінулы год лічба экспарту адукацыйных паслуг склала больш як $30 млн», — сказаў Ігар Петрышэнка.

Гаворачы аб выстаўцы, ён адзначыў, што на гэтай пляцоўцы прадстаўлены ўсе лепшыя распрацоўкі РНПЦ, перадавых клінік — увесь спектр, які датычыцца падтрымання здароўя чалавека. У час дзелавой праграмы будуць актыўна абмяркоўвацца і самае галоўнае — выпрацоўвацца новыя падыходы, новыя методыкі для аказання неабходнай дапамогі.

Паводле яго слоў, у галіне медыцыны ёсць пэўныя распрацоўкі, прапановы, у тым ліку па ўкараненні штучнага інтэлекту. «Але як бы не развівалі штучны інтэлект, перадавыя тэхналогіі, усё (неабходнае лячэнне. — Заўвага БелТА) залежыць ад кваліфікацыі ўрача, яго ведаў», — упэўнены намеснік прэм’ер-міністра.

У гэтым годзе форум прымеркаваны да 105-годдзя сістэмы аховы здароўя Беларусі. Фармат адзінай інфармацыйнай і выставачнай прасторы стварае якасна новыя магчымасці прасоўвання інавацыйных прадуктаў для практычнай медыцыны, прыцягвае вядучых айчынных і замежных вытворцаў медыцынскай тэхнікі і абсталявання, лекавых прэпаратаў, прафесіяналаў, якія працуюць у сістэме аховы здароўя.-

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.