Вы тут

Гісторыя беларускіх партызан — у новай кінастужцы «Беларусьфільма»


Тры адчайныя хлопцы, тры героі выходзяць жывымі з розных сітуацый і рызыкоўных аперацый — ці не супергероі (як цяпер кажуць)? Толькі дзейнічаюць на акупаваных тэрыторыях падчас вайны. Іван, Казбек і Яша — імёны рэальных асоб, герояў Вялікай Айчыннай, якія сталі прататыпамі галоўных дзеючых персанажаў фільма «Час вярнуцца», прэм’еру якога да майскіх свят прымеркавала кінастудыя «Беларусьфільм». Але на экран ён выходзіць, падмацаваны адмысловым сімвалізмам: каб 80-годдзе вызвалення Беларусі сёлета не проста адзначыць айчынным кінапрадуктам, а праз яго нагадаць пра самі падзеі, якія прывялі да паспяховай аперацыі «Баграціён», у выніку якой была разгромлена нямецкая група армій «Цэнтр», і паспрыялі гэтаму партызаны. Для нацыянальнай кінастудыі гэта асаблівая і сімвалічная тэма.


1. У чым сімвалізм?

З сімвалізмам у фільме «Час вярнуцца» ўсё як мае быць. Работа над стужкай стартавала ў дзень пачатку самой аперацыі «Баграціён» — летась, 23 чэрвеня. Для здымачнай групы на чале з рэжысёрам Іванам Паўлавым гэта мела вялікае значэнне. А завяршыўся здымачны працэс у першыя дні верасня (наступальная аперацыя савецкіх войскаў на беларускім напрамку скончылася 29 жніўня). Закладваючы такія даты, трэба было быць вельмі ўпэўненым у поспеху. Ці поспех закладваўся самой тэмай і зваротам да аперацыі «Баграціён»: паглядзець, як у ёй дапамаглі беларусы — абавязак кожнага жыхара рэспублікі-партызанкі, дзе жывуць нашчадкі людзей, што перажылі акупацыю і маглі быць удзельнікамі тых падзей. Боль не суцішаецца ў тых, хто заспеў ці быў дзіцем у той час, а пакаленні, што прыйшлі ў свет пасля вайны, атрымліваюць свае раны (ужо на ўзроўні свядомасці) іншым чынам — праз мастацтва ў тым ліку. Нам ніяк не забыць пра мінулую вайну — і кіно ў гэтым робіць сваю справу. Рэжысёр Іван Паўлаў на прэс-паказе падкрэсліў, што арыентаваўся на моладзь: «Каб яна паглядзела, што такое вайна і як здабывалася Перамога». І ці не таму ў фільме падзеі выяўляюцца праз галоўных дзеючых асоб, якіх бы ўпадабала юнацкая аўдыторыя: яна шукае харызматычных герояў — і вось яны. Зноў-такі, не без сімвалізму: гэта прадстаўнікі трох народаў — зборны вобраз тых, хто ваяваў на тэрыторыі Беларусі і вызваляў яе. «У нас тры галоўныя героі — узбек, беларус і яўрэй. І прадстаўнікі іншых народаў далучыліся да вызвалення Беларусі, кожны ўнёс часцінку сябе», — адзначыў рэжысёр.

Наступальная аперацыя савецкіх войскаў стала нечаканасцю для ворага на беларускім напрамку, а тым больш з боку непраходных балот. Як праз іх можна было правесці армію? Тое вядома толькі партызанам. Менавіта іх намаганні і разведвальныя даныя дапамаглі войскам зайсці ў тыл ворага.

Кажуць, дома дапамагаюць сцены, а ў некаторых выпадках — нават балоты... У фільме беларускае балота аднойчы ўратавала жыццё групе партызан, якія сыходзілі праз яго ад жудасных паляўнічых-карнікаў. У гэтай групе былі і тры галоўныя героі. У кожнага з іх свая гісторыя прыходу да лясных братоў. Яўрэй Яша (яго ролю выконвае Цімур Бурын) — у характэрным капелюшы і камізэльцы — сам паспеў уратавацца, але страціў сям’ю. Параненага ўзбека Казбека (Аляксей Тахараў) выхадзіла беларуская мама — так называюць адну і тую ж жанчыну яны разам з Іванам (яго ўвасобіў вядомы беларускі акцёр Іван Сенькін), які вядзе сваю вайну ў мясцовасці, што ведае з дзяцінства. У паліцаяў шмат пытанняў да маці Івана: дзе яе сын з пачатку вайны? Ці не вяртаўся дадому? Нездарма. Іван, здабываючы каштоўную інфармацыю, часта з’яўляецца ў горадзе і акупаваных вёсках, рызыкуючы быць раскрытым, наведваецца да маці нават днём, ведаючы па небяспеку. Казбек не менш рызыкоўны і гатовы да любых дзеянняў, можа, таму паліцаі пра яго даведваюцца і разносяць лістоўку з выявай партызана з усходняй знешнасцю ды абяцаннем грошай за яго галаву. Яша як чалавек, які глыбока перажывае страту блізкіх, мо самы радыкальны ў дачыненні да ворагаў. Ён з нянавісцю глядзіць нават на нямецкага ўрача, які дапамагае атраду лекамі, а пасля пераходзіць на бок партызан і з’яўляецца ў лесе. Але нашы партызаны — усё ж гуманісты. Ратуючы жыхароў вёскі ад рабавання паліцаямі, не страляюць здраднікаў, а адпускаюць без нагавіц і ботаў, у споднім. Тыя вяртаюцца ў Оршу. Іх бачаць не толькі камендант, але і камандзір ягдкаманды — асаблівага і вельмі жорсткага падраздзялення карнікаў, якія прыбылі ў раён на зачыстку любой формы супраціву. І пачынаецца паляванне…

2. У чым сіла?

Людзі, абазнаныя ў гісторыі, будуць глядзець фільм, звяртаючыся да фактаў і разважаючы: як тады ставіліся да здраднікаў?.. Як маглі дзейнічаць паляўнічыя-карнікі?.. Тым больш што фільм звяртае да рэальных падзей — і ўключаецца пачуццё гістарычнай праўды на падсвядомым узроўні. Бо гэта тая гісторыя, якую беларусы засвоілі, прычым не толькі паводле школьных урокаў, але і паводле расповедаў, якія перадаюцца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Напрыклад, сярод маіх сваякоў жыве памяць пра паказальна закатаваную сям’ю партызана — дзеля запалохвання ўсёй вёскі ў першыя гады вайны. У стужцы дзеянне адбываецца, калі ўжо некалькі гадоў на тэрыторыі Беларусі праводзілі буйныя карныя аперацыі са знішчэннем мірнага насельніцтва, у 43 годзе акупанты перайшлі да выкарыстання тактыкі «выпаленай зямлі», пра што не маглі не ведаць партызаны Аршаншчыны... Але гэта кіно, прадукт творчай працы. Іван Паўлаў зазначыў: «Калі паўстала пытанне: што рабіць з палоннымі, — мы сказалі, што беларусы палонных не расстрэльваюць...» Атрымаўся такі, — відаць, сучасны — сімвалізм: мы, беларусы, — мірныя людзі…

Калі фільм прывязаны да гісторыі, то хочаш не хочаш, а будзеш думаць: а як магло быць насамрэч? Асабліва важна гэта, калі маецца на ўвазе аўдыторыя з пэўным узроўнем ведання гісторыі, жыцця і разумення рэчаіснасці. Фільм «Час вярнуцца» арыентаваны на гледачоў ад 12 гадоў і больш. А школьнікі такое кіно ўспрымаюць у нейкім сэнсе як частку ўрокаў па гісторыі. Таму (з думкамі ў тым ліку пра іх) на пачатку і ў канцы фільма паставілі дакументальную хроніку. Ёсць канкрэтныя даныя пра маштаб аперацыі «Баграціён» і ўдзел беларусаў у вайне. У прыватнасці, у партызанскім руху (у яго актыўнай фазе) бралі ўдзел 374 тысячы чалавек. За дакладнасць лічбаў і звестак адказваў гістарычны кансультант фільма загадчык аддзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Траццяк, ён лічыць: «Гісторыка-мастацкі фільм — не гульнявая рэканструкцыя падзей мінулага. Рэканструкцыя падзей мінулага — гэта гісторыка-дакументальны фільм з удзелам акцёраў. Гэта іншае. Мастацкі твор на ваенна-гістарычную тэму павінен уздымаць пытанні, якія хвалявалі б гледача. Ён павінен выхоўваць гледача. Ён павінен даваць адказы на запыты часу... Усё ж фільм — гэта мастацкі твор. Стваральнікі маюць права на мастацкі вымысел. І ён павінен быць. Але не павінен пры гэтым падаўляць гістарычныя факты». Залатыя словы…

Падставай для аналізу стваральнікаў станавіліся старыя ваенныя хронікі і фотаздымкі (як выглядалі партызаны, якія жылі ў лесе, наколькі чыстыя і паголеныя былі і г. д.). На адным з фота, зробленых у партызанскім атрадзе, адлюстраваны дзеці з драўлянымі аўтаматамі — гэта перанеслі ў фільм. Аператар Вячаслаў Дунаеў адзначыў, што ўсе працавалі на тое, каб зрабіць карцінку, якая б нагадвала той час. Але не заўсёды гэта магчыма, як, напрыклад, нельга аднавіць рэальны выгляд камендатуры Оршы. Ды і самі здымкі праходзілі ў іншых раёнах Беларусі, а раку Днепр замяніла Вілія — яе пераплывалі савецкія вайскоўцы, калі збягалі з лагера для ваеннапалонных (адны з найбольш складаных эпізодаў для здымак тыя, што адбываліся ўночы). Акрамя беларускіх акцёраў, запрасілі расійскіх. Для пераканаўчасці ў некаторых ролях важным было ўменне размаўляць па-нямецку (напрыклад, ролю ўрача выканаў Дзмітрый Фрыд). А камандзіра партызанскай брыгады ўвасобіў расійскі акцёр, які падобны да яго прататыпа з рэальнага жыцця…

3. У чым праўда?

Зразумела: чым далей ад вайны, тым больш складана даецца гэтая пераканаўчасць. Рэжысёры і сцэнарысты мінулых пакаленняў былі бліжэйшыя да ваенных падзей, лепш ведалі той час. У гэтым была іх сіла. Нездарма адна з аўтараў сцэнарыя Таццяна Команава нагадала: «Кожны беларус ведае, якое павінна быць ваеннае кіно. І ў гэтым быў выклік: што мы як аўтары можам распавесці новага? Нам было важна паказаць, што вайна — гэта штодзённы выбар кожнага чалавека. Пры ўсёй шматнацыянальнай гісторыі хацелі распавесці пра беларуса, які не па сваёй волі апынуўся ў акупацыі, але зрабіў свой выбар. Ён вымушаны быў падрываць і знішчаць, а напрыканцы пабудаваць „дарогу жыцця“, якая дасць перамогу...»

Выбар — так павялося — прадугледжвае паглыбленне ў псіхалогію герояў, іх асабістыя гісторыі, нейкую інтрыгу. Асабістае тут праходзіць пункцірам. Мы разумеем, што нейкія адносіны звязваюць Івана з сувязной Любай. Нешта намячаецца паміж нямецкім доктарам і Кацяй, але ж вайна робіць сваю справу... Тут няма выразных ліній кахання, каб мы сачылі за развіццём адносін на ўзроўні сюжэта. Напэўна, каб гледача ўражваць праз іншае. Таму тут ёсць спецэфекты, дынаміка, экшн, скіраваны на акцыі партызан.

У фільмах, дзе зварот да гістарычных падзей, вельмі важнае адчуванне часу і кантэксту, нават праз дэталі. На ўзроўні падсвядомасці ў гледача адбіваецца той самы традыцыйны ўзор вышыўкі на кашулі ці фартушку — а гэта ж сімвал радзімы (у кожным рэгіёне Беларусі ён быў свой, у тым ліку на Аршаншчыне)... Ці які быў партызанскі і вясковы хлеб ваеннага часу — у адрозненне ад сучаснага бохана з супермаркета... Ці як людзі гінулі — гераічна, выпадкова... А гібель вяскоўцаў у нейкіх момантах фільма падаецца нібыта... паэтызавана. З разлікам на сілу эмоцый?

...Маці ўратавала немаўля ад расправы, закрыўшы яго сваім целам, калі яе дагнала куля. Дзядуля з бабуляй бачаць гранату пад нагамі, якая вось-вось выбухне, — і замілавана глядзяць адно на аднаго ў апошні момант свайго жыцця. Кабета, разумеючы, што ідзе бяда, хавае сына ў сене — і затрымліваецца, каб наглядзецца на яго перад смерцю. Загінулі абодва…

Смерць асобнага чалавека — боль. Калі яго адчуваеш, не будзеш думаць: паэтычна, узнёсла гэта ці не. Масавая гібель людзей — трагедыя. Адчуванне трагедыі, што адбывалася на ўзроўні нацыі, у мяне, напрыклад (як прадстаўніка пасляваеннага пакалення), нараджалася дзякуючы ў тым ліку кіно, якое здымалася ў Беларусі. 

Гэта было пераважна кіно чалавечага болю, які перадаваўся дзякуючы сіле праўды, у тым ліку мастацкай (але без штучнасці), таму ў яе верылі. Яна была кранальнай, а часам падавалася жорстка. Мы з сябрамі разважалі пра тое, што такое фашызм, чаму адзін чалавек вырашае, што можа забіваць іншых, як адна нацыя можа падпарадкоўваць народы, пазбаўляць іх будучыні. Ці не ў гэтым была мэта ваенных драм, якія ўсе глядзелі і глыбока перажывалі?.. Да думак пра тое, чым быў легендарны «Беларусьфільм», падштурхнула новая стужка. А яна іншая.

Сёння ў нашай кінавытворчасці іншыя магчымасці (а ў такіх праектах яны падмацаваны бюджэтам) — у чым яны, ці пабачым? А таксама іншая сіла ўплыву на аўдыторыю. Ды інструменты, каб яе прыцягнуць. Паказы фільма «Час вярнуцца» плануюцца ў сталіцы, абласных і раённых цэнтрах, у аграгарадках, з удзелам прадстаўнікоў здымачнай групы, кінастудыі альбо музейных спецыялістаў ды гісторыкаў.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Пункт вяртання: 1944

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.