Вы тут

Слова Коласа і Купалы крочыць па свеце


Сённяшнія стасункі паміж пісьменніцкімі супольнасцямі не дужа шырокія. Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі выбудавалі нейкую, калі так можна сказаць, маргінальную лінію. Той сістэмнасці, паслядоўнасці, якая была дасягнута ў другой палове XX стагоддзя, ужо няма. Дарэчы, напрыканцы XX стагоддзя яна ж, сістэмнасць, пачала і разбурацца...


Фота: planetabelarus.by

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца справаздача Дзяржкамдруку БССР ад 19 студзеня 1987 года — «Аб выпуску літаратуры па інтэрнацыянальным выхаванні, літаратуры народаў СССР і ўзаемнаму кнігаабмену паміж саюзнымі рэспублікамі». Наперадзе — 70-годдзе Вялікага Кастрычніка. 

І, відавочна, партыйным органам найперш трэба было трымаць справаздачу на тэму таго, што ж робіцца ў справе інтэрнацыянальнага выхавання... Абмінаючы старонкі справаздачы, крыху паразважаем над сутнасным, практычным складнікам работы ў развіцці сувязяў паміж літаратурамі, а значыць, і народамі... Зазірнём у іншыя справаздачы, якія адлюстроўваюць ранейшы час…

Дзякуючы старонкам «Хронікі літаратурнага жыцця (1966–1985)» (ці вядзе сёння якая навуковая структура такую хроніку ў дачыненні да першай чвэрці XXІ стагоддзя?), змешчанай у першай кнізе чацвёртага тома «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» (унікальнае выданне!), давайце паспрабуем прасачыць хоць бы галоўныя падзеі ў стасунках беларускай літаратуры з усім светам. Ды і таксама паспрабуем паразважаць, наколькі сёння, у новым стагоддзі, грамадства мае патрэбу ў такой справе…

1966 год. 25 студзеня ў Мінскім Акруговым Доме афіцэраў праводзіцца літаратурны вечар да 100-годдзя з дня нараджэння Рамэна Ралана (1866–1944). На свяце, прысвечаным лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1915), выступіў з дакладам Іван Мележ. А ўступнае слова прамовіў Пятрусь Броўка. Нагадаем, што яшчэ ў 1936–1937 гадах. у Мінску па-беларуску выйшлі тры кнігі Рамэна Ралана. Сярод перакладчыкаў — Ян Скрыган.

17–26 красавіка праводзіцца Дэкада беларускага мастацтва і літаратуры ва Узбекістане. Урачыстае адкрыццё прайшло ў ташкенцкім Палацы мастацтва. Газета «Літаратура і мастацтва» надрукавала артыкул Аляксея Кулакоўскага «Ташкенцкія сустрэчы». Дарэчы, 26 красавіка ў Ташкенце адбыўся землятрус... Якраз з Узбекістанам і сёння складваюцца неблагія адносіны. 

У апошнія гады ў Ташкенце пабывалі пісьменнікі Зіновій Прыгодзіч, Васіліна Міцкевіч, Алена Стэльмах, Іна Фралова, Іван Саверчанка. Беларусь наведалі Сіражыддзін Саід, Мікалай Ільін, Рысалат Хайдарава і іншыя ўзбекскія літаратары. У 2023 годзе ў Мінску былі праведзены Дні ўзбекскай літаратуры. У Ташкенце выйшла кніга твораў Якуба Коласа на ўзбекскай мове.

30 жніўня 1966 года ў Мінску ў клубе пісьменнікаў адбылася сустрэча з англійскім паэтам і перакладчыкам Уолтэрам Мэем (1912–2006). Ён з’яўляецца перакладчыкам амаль 100 вершаў Янкі Купалы. У 1976 годзе ў яго перакладах выйшла анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Цудоўны край Беларусі», у 1982-м — кнігі Якуба Коласа і Янкі Купалы... Магчыма, яшчэ прыйдзе час — і будзе створана навуковая біяграфія Уолтэра Мэя. Яна проста павінна выйсці ў Беларусі!

9 верасня адбылося пасяджэнне ССП (Саюза савецкіх пісьменнікаў) БССР, дзе быў створаны Камітэт салідарнасці пісьменнікаў Беларусі з народам В’етнама. У 1955 — 1975 гадах ішла Другая Індакітайская вайна — узброены канфлікт у В’етнаме, Лаосе і Камбоджы. У гэтай вайне былі задзейнічаны 485 300 салдат і афіцэраў ЗША. Якраз 7 верасня Міністэрства абароны ЗША аб’явіла пра самы буйны з часоў Карэйскай вайны прызыў на вайсковую службу... У 1960–1980-я гады ў беларускай перыёдыцы з’явілася шмат публікацый твораў в’етнамскіх пісьменнікаў, выйшаў шэраг асобных кніг. У тым ліку — і «Турэмны дзённік» Хо Шы Міна ў перакладзе Янкі Сіпакова.

6–12 кастрычніка прайшоў Тыдзень таджыкскай літаратуры ў Беларусі. З Таджыкістанам, таджыкскай літаратурай у 2008–2020 гадах таксама няблага складваліся адносіны і ў Саюза пісьменнікаў Беларусі, і ў Выдавецкага дома «Звязда». У Душанбэ ў гэты перыяд выйшлі на таджыкскай мове кнігі Юрыя Сапажкова, Алеся Бадака, Мікалая Чаргінца, Міколы Мятліцкага і іншых паэтаў і празаікаў. Выйшла анталогія перакладаў з беларускай дзіцячай літаратуры на таджыкскай мове. Яе перакладчыкам выступіў Салім Хатлані, які доўгі час працаваў у таджыкскім пасольстве ў Беларусі. 

А ў Мінску — кнігі Ато Хамдама і Леаніда Чыгрына. У Саюз пісьменнікаў Беларусі прынялі народнага пісьменніка Таджыкістана Ато Хамдама. У Мінску пабываў старшыня Саюза пісьменнікаў Таджыкістана, перакладчык шэрагу п’ес Аляксея Дударава на таджыкскую мову Нізом Касім. Усе гэтыя і іншыя крокі беларуска-таджыкскага літаратурнага пабрацімства сталі магчымымі дзякуючы намаганням асобных літаратараў: у Душанбэ — Ато Хамдама, у Мінску — Ірыны Качатковай.

У лістападзе 1966 года Прэзідыум Народнага Сходу Народнай Рэспублікі Балгарыя ўзнагародзіў Ніла Гілевіча ордэнам Кірыла і Мяфодзія І ступені за творчыя здзяйсненні ў галіне перакладу балгарскай паэзіі на беларускую мову... Дзясяткі кніг беларускіх пісьменнікаў пабачылі свет у Балгарыі: Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Пімена Панчанкі, Івана Шамякіна... Імёнаў не пералічыць! А што можна сказаць пра беларуска-балгарскія літаратурныя сувязі на сучасным этапе?.. Некаторы час назад у Балгарыі жыла і працавала пісьменніца і літаратуразнаўца Роза Станкевіч. Яна пражыла 27 гадоў у Беларусі, а пасля вярнулася на радзіму. Яшчэ ў Мінску абараніла дысертацыю «Янка Купала ў Балгарыі», у Варне ў 2005 годзе надрукавала манаграфію «Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч у Балгарыі»... Сёння прыкладаў такога апантанага служэння кампаратывістыцы, відавочна, няшмат.

16–17 снежня ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР прайшла нарада па праблемах параўнальнага літаратуразнаўства, літаратурных сувязяў. Мяркуючы па прозвішчах (Э. Георгіеў, М. Урублеўскі, В. Вавера...), прынялі ўдзел і замежныя навукоўцы ці літаратары.

Такім быў 1966 год у беларускай літаратуры з пункту гледжання міжнародных, міжнацыянальных сувязяў беларускага прыгожага пісьменства... Праўда, інфармацыя ў «Хроніцы...» усё ж даволі сціплая, кантакты, зразумела, былі шмат шырэйшыя. Іншая справа, што не ўсё навідавоку... Ды і задача стваральнікаў «Хронікі...», зразумела, была ў іншым — паказаць агульныя рысы літаратурнага працэсу, вылучыць нешта найболей знакавае, актуальнае. Тут заўсёды важную ролю іграюць медыя. Не напісалі ў «ЛіМе» ці ў «Звяздзе», іншых перыядычных выданнях, напрыклад, пра тую ці іншую паездку, пра тое ці іншае выданне твораў беларускага пісьменніка за межамі роднай Беларусі — і як быццам (на крайні выпадак — для тых, хто будзе па «Хроніцы...» вывучаць літаратурны працэс) не было падзеі. Зразумела, што шматаблічнымі, багатымі і ў 1966 годзе былі адносіны з Расіяй, рускімі пісьменнікамі, расійскімі выдавецтвамі, нацыянальнымі літаратурамі Расійскай Федэрацыі... Гэтую тэму «Хроніка...» абмінае. Відаць, не наўмысна…

Літаратурныя сувязі, пранікненне ў іншанацыянальны свет у значнай ступені залежаць ад індывідуальнай актыўнасці творцаў... Як прыклад у дачыненні да нашай тэмы — адносіны Рыгора Барадуліна ў тым самым 1966 годзе з пісьменнікамі іншых краін і іншых рэспублік СССР. 27 студзеня паэт завяршае пераклад вершаў узбекскай паэтэсы Зульфіі (1915–1996). Відаць, для кнігі «Лірыка», якая выйдзе ў Мінску ў 1967-м... І лаканічныя запісы ў барадулінскім дзённіку за 1966 год: «10 лютага. Узбекі... 15 лютага. Здаць Вярцінскаму ўзбекаў...» 

І далей: «5 сакавіка... Прыезд Стулпана...» 

І да 9 сакавіка — другія згадкі пра Стулпана... Еранім Стулпан (1931–1981) — латышскі паэт, празаік, публіцыст. У тым жа сакавіку Рыгор Іванавіч пазначае гасцяванне ў Мінску і іншых пісьменнікаў — з Латвіі і Чэхаславакіі. У маі беларускі паэт ляціць у Рыгу. На старонках запісаў з 1966 года — згадкі Барадуліна пра рускіх паэтаў Яраслава Смелякова, Міхаіла Дудзіна, празаіка і драматурга Барыса Дзьякава, армянскага пісьменніка Вардгеса Петрасяна, балгарскага паэта і перакладчыка Найдэна Вылчава…

1967 год. З «Хронікі...» У сакавіку, як паведамляе «ЛіМ» 28 чысла гэтага месяца, адбыўся вечар, прысвечаны 125-годдзю з дня смерці Стэндаля, французскага пісьменніка. 4 ліпеня «ЛіМ» друкуе артыкул І. Сцяпуніна «Перапіска П. Шэйна з рускімі пісьменнікамі».

Вось, здаецца, і «ўвесь» «міжнародны» год беларускай літаратуры... А, між тым, у Маскве і ў рэспубліках СССР выходзяць кнігі беларускіх пісьменнікаў у перакладзе на рускую і іншыя мовы, здзяйсняюцца замежныя творчыя паездкі, у Мінск наведваюцца літаратары з іншых краін…

Хоць... Часопіс «Полымя» ў лютаўскім нумары за 1967 год паведамляе: «Нядаўна Дзяржвыд Мангольскай Народнай Рэспублікі ва Улан-Батары выпусціла ў свет зборнік вершаў паэтаў нашай рэспублікі „Букет беларускіх красак“, у які таксама ўключаны шырокавядомыя вершы А. Куляшова». Магчыма, гэтае шматзначнае «нядаўна» адносіцца і да 1966-га... У 1967 годзе падборкі твораў беларускіх паэтаў выходзяць у маскоўскіх часопісах «Знамя», «Новый мир». «Литературная газета» да Дзён культуры і мастацтва Беларусі ў Маскве друкуе вершы П. Броўкі, Р. Барадуліна, П. Панчанкі, У. Караткевіча, А. Куляшова ў перакладзе на рускую мову. Падборка твораў беларускіх празаікаў і паэтаў друкуецца ў чувашскім часопісе «Сцяг». Варта заўважыць, што ў 2020–2024 гадах у чувашскім часопісе «Ончыко» («Наперад») з году ў год змяшчаюцца пераклады беларускіх класікаў і сучасных літаратараў на чувашскую мову. З апошніх прыкладаў — публікацыя ў сакавіцкім нумары паэмы Янкі Купалы «Курган» у перакладзе Анатоля Ціміркаева. Разладжанасць сувязяў, нягледзячы на высокі ўзровень інтэграцыйных стасункаў Беларусі і Расіі, Чувашыі, у прыватнасці, відавочна, не дазваляе правесці агледзіны беларуска-чувашскіх літаратурных сувязяў, наўрад ці гэты, купалаўскі, і іншыя факты ўлічаны ў айчыннай бібліяграфіі, магчыма, нават не ўлічаны ў «цэнтры» купалазнаўства — у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Ініцыятарам, арганізатарам адносін паміж беларускімі і чувашскімі творцамі на гэтым этапе выступае Юрый Салаўёў, які да нядаўняга часу кіраваў выдавецтвам у Яшкар-Але…

1967 год адзначаны сустрэчамі Рыгора Барадуліна і рускага паэта Рыгора Куранёва. У чэрвені 1967 года Рыгор Барадулін наведвае Азербайджан, Баку. Удзельнічае ў сесіі Акадэміі навук Азербайджанскай ССР, прысвечанай 100-годдзю пісьменніка і грамадскага дзеяча Джаліла Мамедкулізадэ (псеўданім Мола Насрэддзін, 1866—1932)...Такія паездкі прыносілі не толькі знаёмствы, але і багатыя ўражанні, у выніку якіх нараджаліся новыя вершы…

1968 год... Пад старшынствам Максіма Танка адбылося чарговае пасяджэнне беларускага юбілейнага камітэта па правядзенні стагоддзя з дня нараджэння А. М. Горкага. Максім Горкі першы з рускіх пісьменнікаў звярнуў увагу на творчасць беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пераклаў на рускую мову верш Купалы «А хто там ідзе?», назваўшы гэты твор нацыянальным гімнам Беларусі. На беларускую мову творы Максіма Горкага перакладалі Тэрэза Гардзялкоўская, Кузьма Чорны, Максім Гарэцкі, Эдуард Самуйлёнак, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў і іншыя. Выдадзена па-беларуску больш чым дзесяць кніг класіка рускай літаратуры. У Купалаўскім тэатры, пачынаючы з 1920 года, ставіліся п’есы М. Горкага «На дне», «Апошнія», «Зыкавы»…

6 сакавіка ў СП БССР прайшла сустрэча беларускіх пісьменнікаў з супрацоўнікамі ўсесаюзнага часопіса «Дружба народов». Галоўны рэдактар Сяргей Баруздзін пазнаёміў з планамі выдання на 1968 год. У чэрвені 1968 года ў Ленінградзе прайшоў Тыдзень беларускай літаратуры. 24 ліпеня ў Беларусі пачаліся Дні В’етнама. Над возерам Нарач гучалі вершы в’етнамскіх паэтаў. 

20 верасня «ЛіМ» друкуе артыкул С. Касымава «Волат сусветнай літаратуры», прысвечаны 525-годдзю з дня нараджэння Алішэра Наваі. У гэтым жа нумары друкуюцца «Газелі. Афарызмы» А. Наваі ў перакладзе Васіля Сёмухі. У лістападзе 1968 года ў краіне адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння класіка рускай літаратуры І. С. Тургенева.

1969 год. 10 студзеня Савет па беларускай літаратуры Саюза пісьменнікаў СССР праводзіць пасяджэнне, прысвечанае 70-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, чыя першая кніга — «Курганная кветка» — выйшла ў 1914 годзе. 11 лютага ў Мінску праходзіць вечар, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння рускага байкапісца І. А. Крылова. У сакавіку ў Гродне і Гродзенскай вобласці праходзяць Дні літоўскай літаратуры. Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі праводзіць вечар да 100-годдзя з дня нараджэння дацкага пісьменніка М. Нексе.

«Хроніка...» абмінула такія падзеі, якія, несумненна, спрыялі развіццю міжнародных, міжнацыянальных стасункаў беларускай літаратуры, як выданне ў перакладзе А. Куляшова кнігі М. Лермантава «Выбраная паэзія». У 1969 годзе выйшла па-беларуску і кніга Г. Лангфэла «Спеў аб Гаяваце» ў перакладзе ізноў жа Аркадзя Куляшова. У Элісце (Калмыкія) пабачыў свет зборнік «Маці мая, Беларусь». На яго старонках па-калмыцку надрукаваны вершы Я. Коласа, П. Броўкі і іншых беларускіх мастакоў слова.

Па-за межамі «Хронікі...» засталіся выступленні беларускіх пісьменнікаў у маскоўскіх выданнях. У прыватнасці, «Литературная газета» надрукавала артыкул «Кто не знает дядю Стёпу?» Аркадзя Куляшова, напісаны ў сувязі з вылучэннем славутай трылогіі Сяргея Міхалкова на Ленінскую прэмію. Маскоўскае выдавецтва «Молодая гвардия» выдала анталогію паэзіі «У адзіным страі». Поруч з творамі іншых пісьменнікаў змешчаны і вершы беларускіх паэтаў розных пакаленняў. У «Новом мире» — публікацыя паэмы Аркадзя Куляшова «Далеко до океана» ў перакладзе на рускую мову Навума Кісліка.

У 1970 годзе ў Мінску выйшла кніга калмыцкага паэта і беларускага партызана Міхаіла Хонінава «Хвоі і цюльпаны». А яшчэ — кніга перакладаў паэзіі Саламеі Нярыс «Калі зямля прачынаецца...». У 1970 годзе выходзіць у Мінску і кніга вершаў грузінскага паэта Мірза Гелавані «Клятва».

Міжнародныя стасункі ў галіне культуры і літаратуры — пагадзіцеся, яркая і патрэбная частка дыпламатыі. І не толькі народнай... Дыялог, які дапамагае весці мастацкае слова, заўжды спрыяе дружбе народаў і краін.

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».