Вы тут

Хакеісты пераможныя традыцыі працягваюць, а гімнасты пачынаюць


Каманда тыдня. Хакеісты жлобінскага «Металурга» трэці раз запар сталі ўладальнікам Кубка Прэзідэнта. У серыі за чэмпіёнства яны сустракаліся з «Брэстам». «Сталёвыя ваўкі» не аддалі сапернікам ні аднаго матча. Заключны — скончыўся з вынікам 4:0, і вынік у серыі таксама 4:0. Перамога ў Кубку Прэзідэнта стала для «Металурга» чацвёртай у гісторыі клуба. Раней хакеісты са Жлобіна забіралі галоўны трафей экстралігі ў 2012, 2022 і 2023 гадах. Для «Брэста», нягледзячы на няўдачу ў фінале, гэты сезон стаў найлепшым з моманту стварэння клуба — «зубры» ўпершыню за чвэрць стагоддзя сталі ўладальнікамі сярэбраных узнагарод чэмпіянату Беларусі.


Героі тыдня. Беларускія паралімпійцы паспяхова выступаюць на міжнародных турнірах. На старце адкрытага чэмпіянату Еўропы па плаванні сярод спартсменаў з парушэннямі зроку і апорна-рухальнага апарату беларусы заваявалі два медалі. На стаметроўцы батэрфляем у класе S13 Ігар Бокій заваяваў залаты медаль. А на дыстанцыі 100 метраў на спіне ў класе S12 Максім Вашкевіч заваяваў «бронзу».

Тым часам у Тайландзе праходзіць чэмпіянат свету па фехтаванні на інвалідных калясках сярод моладзі да 23 гадоў. Беларуска Аляксандра Ільмінская заваявала бронзавы медаль.

Лічба тыдня. Дзевяць медалёў заваявалі беларускія спартсмены ў хуткай праграме маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па шашках-64, які прайшоў у Турцыі. Залатыя медалі заваявалі Марыя Тараніна (да 27 гадоў), Вікторыя Нікалаева (да 20 гадоў), Арцём Ціханаш (да 17 гадоў) і Павел Бокій (да 14 гадоў). Эя Кахно (да 11 гадоў) — сярэбраны прызёр. Аляксандра Спірына (да 27 гадоў), Яўгенія Швед (да 17 гадоў), Марыя Атрашэнка (да 11 гадоў) і Варвара Ваяводава (да 9 гадоў) — бронзавыя прызёры.

Медалі тыдня. Беларускія спартсмены паспяхова выступаюць на Кубку свету па спартыўнай гімнастыцы. Па выніках чацвёртага, заключнага, этапу, які прайшоў у Катары, Ягор Шарамкоў заваяваў бронзавы медаль у апорным скачку. Суддзі ацанілі яго выступленне на 14,749 бала. Такім чынам, на чатырох этапах розыгрышу Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы Шарамкоў заваяваў два медалі: у актыве Ягора таксама «золата» ў вольных практыкаваннях, здабытае на сакавіцкім этапе ў Баку.

На жаль, удзел у Кубку свету, які з’яўляўся кваліфікацыйным турнірам для ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях, не прынёс Шарамкову пуцёўку ў Парыж. Перад апошнім этапам Ягор захоўваў шанц адабрацца на Гульні толькі ў вольных практыкаваннях. Беларус ішоў другім у сусветным рэйтынгу, але ў Катары не змог прабіцца ў фінал, з-за чаго саступіў алімпійскую ліцэнзію харвату Аўрэлу Беновічу, які напярэдадні стаў у фінале чацвёртым.

У Катары на п’едэстал падымалася і Алена Цітавец. Яна заваявала сярэбраны медаль у практыкаванні на рознавысокіх брусах. За сваё выступленне яна атрымала 13,600 бала. Гэты медаль стаў для Алены другім на этапах Кубку свету, у лютым, на спаборніцтвах у Германіі, яна таксама стала сярэбраным прызёрам.

Поспех тыдня. На «Кузбас-Арэне» ў Кемераве завяршыўся першы этап міжнароднай серыі Гран-пры па самба 2024 года з удзелам беларускіх спартсменаў. На дыван выходзілі прадстаўнікі мужчынскага спартыўнага самба з Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Арменіі і Кыргызстана, якія разыгралі медалі ў сямі вагавых катэгорыях. У вазе да 88 кг бронзавым прызёрам стаў наш Міхаіл Кухарэнка. Гэта адзіны медаль беларускай каманды на гэтых спаборніцтвах.

Другі этап міжнароднай серыі Гран-пры па самба адбудзецца ў маі ва Улан-Удэ, дзе будуць змагацца прадстаўнікі баявога самба. У чэрвені ў Краснадары пройдуць спаборніцтвы па спартыўным і баявым самба, а ў жніўні ў Санкт-Пецярбургу выступяць жанчыны. Фінал серыі Гран-пры ў трох дысцыплінах адбудзецца ў снежні ў Казані.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.