Вы тут

Традыцыйную культуру на працягу амаль тыдня абмяркоўвалі ў Магілёве


Сёння тэма ідэнтычнасці як ніколі актуальная. Гэта тое, што дапамагае нацыі застацца тым, чым яна з’яўляецца, і на роўных будаваць узаемаадносіны з іншымі людзьмі. Усе мы розныя, але гэтым і цікавыя адзін аднаму. У Магілёве на працягу амаль тыдня праходзіў форум, дзе сваімі думкамі, напрацоўкамі дзяліліся вучоныя і спецыялісты па вывучэнні фальклору і традыцыйнай культуры з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і Кітая.


Магілёў можа стаць сталіцай новага форуму «Культура і моладзь»

Яго анансаваў у сваёй прамове на пленарным пасяджэнні міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. Плануецца, што новы фестываль адбудзецца налета ў рамках святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі.

— Наша моладзь не павінна быць гледачом, яе трэба ўцягваць у культурныя працэсы, — падкрэсліў міністр. — Барацьбу за душы нашых маладых людзей мы вядзём па ўсіх кірунках. Бо страта пакалення — гэта страта будучыні.

Анатоль Маркевіч паведаміў, што з красавіка ў Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі рэалізуецца праграма «Урокі ў музеі». Па ініцыятыве Міністэрства культуры арганізуюцца паездкі школьнікаў у мемарыяльныя комплексы краіны. «Гэта дзейнічае лепш, чым тысяча урокаў і лекцый пра фашызм, і нацэльвае на неабходнасць захоўваць сваю краіну», — удакладніў міністр. Мадэрнізуюцца музеі, яны становяцца цэнтрам выхавання моладзі на аснове беларускіх традыцый. Як правільна казаць аб простых і важных рэчах, гістарычнай памяці, спрадвечных маральных каштоўнасцях моладзі — стала галоўнай тэмай у рабоце тэатраў і канцэртных арганізацый. Патрыятычная і духоўная праблематыка займае адно з асноўных месцаў у беларускім кінематографе. Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне аўтарытэту традыцыйнай сям’і і бацькоў, праходзяць спектаклі і канцэрты да дзён маці і бацькі, прадстаўленні для шматдзетных сямей і сірот.

Форум «Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця вобласці» — наглядны прыклад таго, як народныя традыцыі перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Яго арганізатары — Магілёўскі абласны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, Міністэрства культуры, Магілёўскі аблвыканкам — папулярызуюць дзейнасць захавальнікаў традыцый — клубаў, дамоў рамёстваў. Падчас форуму можна было ацаніць, наколькі высокі мастацкі ўзровень маюць дрыбінскія шапавалы, бабруйскія майстры ганчарных спраў, крычаўскія адраджальнікі мясцовай свістулькі, быхаўскія і горацкія саломапляцельшчыкі. Сапраўдны фурор выклікала выстава беларускіх касцюмаў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Чараўніцы» на чале з яе стваральніцай Святланай Цімашэнка. У аснове калекцыі — славуты «бабулін квадрат» — арнамент, які прысутнічае ва ўсіх яе вырабах.

Майстры Магілёўшчыны дэманстравалі свае дасягненні і запрашалі на майстар-класы. 

У канцэртах, якія адбыліся ў рамках форуму, можна было ўбачыць разнастайныя элементы з абрадаў і свят.

Арнамент, пакладзены на музыку

Адной з цэнтральных падзей форуму з’яўляецца навукова-практычная канферэнцыя, тэмай якой гэтым разам стала абмеркаванне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ад вытокаў да сучаснасці. Дырэктар абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў не хаваў задавальнення:

— У папярэднія форумы было па-рознаму, але сёлета змест дакладаў быў надзвычай цікавы, — адзначыў ён. — І тэкст, і падача глыбокія, з сэнсам і ў тэму. З пачутага можна шмат чаго пачарпнуць. Для нас, арганізатараў, гэта вялікі куфар дыхтоўнага матэрыялу.

Магілёўскія народнікі актыўна працуюць з рэгіянальнымі дамамі народнай творчасці Расіі, іншых краін. Яны ахвотна дзеляцца не толькі вопытам, але і напрацоўкамі, даюць майстар-класы, у тым ліку анлайн. Іх палітыка — развіццё народнай творчасці ўсіх краін і перадача спадчыны.

Для доктара мастацтвазнаўства, прафесара інстытута архітэктуры і мастацтва НАН Азербайджана Эртэгіна Саламзадэ ўнікальнай падзеяй стаў даклад калегі з Ханты-Мансійска, якая расказала пра вопыт перакладу расшыфраванага кода арнаменту на музыку.

— Асабіста я сутыкаюся з такім упершыню, — прызнаўся суразмоўнік. — Гэта цалкам унікальная падзея. У нас у Азербайджане падобныя работы вяліся, але толькі ў сферы візуальнай мовы.

Дырэктар санкт-пецярбургскага Дома народнай творчасці і вольнага часу Вольга Багамазава паведаміла, што атрымала вельмі яркі вопыт:

— Форум надзвычайны, ён адгукаецца ў душы, — падкрэсліла яна. — Я пачула, як шмат удзяляецца ўвагі захаванню традыцый, развіццю матэрыяльнага культурнага здабытку. Хтосьці скажа, што трэба пакінуць традыцыю ў чыстым выглядзе і не прасоўваць яе праз крэатыўную індустрыю. Я лічу, што з моладдзю трэба размаўляць на яе мове, але не прагінацца. Каб рамёствы жылі і рухаліся далей, трэба ўключаць крэатыўную эканоміку. У нас ёсць аб’ект нематэрыяльнага крэатыўнага здабытку «Легенды і паданні Санкт-Пецярбурга», і мы літаральна пачалі з сябе. Распісалі наш Дом народнай творчасці фрэскамі, размясцілі фота з конкурсу, правялі тэатралізаванае прадстаўленне — і прыцягнулі новую аўдыторыю, папулярызуючы нематэрыяльны культурны здабытак.

Намеснік дырэктара музея Сардарапацкага мемарыяльнага комплексу Нацыянальнага музея этнаграфіі Святлана Пагасян ацаніла інфармацыю, якую атрымала на форуме, і цёплы прыём. На прыкладзе свайго даклада яна расказала, як на яе радзіме за апошні час змянілася стаўленне да статусу жанчыны. Калі раней яе абагаўляў язычніцкі вобраз — Анаіт, то цяпер увага Багародзіцы Марыям. І гэта вельмі знамянальна, бо на першы план выходзіць духоўнае.

Кітайскім даследчыкам быў цікавы вопыт беларускай выцінанкі. У Кітаі гэта мастацтва вядома пад назвай цяньджы. Даследчыкі з Паднябеснай прызналіся, што вельмі задаволены праграмай форуму і што ў іх засталіся вельмі добрыя ўражанні ад зносін з калегамі.

Удзельнікі выказаліся за тое, каб форум развіваўся і знаходзіў паспяховыя формы работы і выпрацоўваў новыя культурныя практыкі, якія былі б запатрабаваныя. Промыслы і рамёствы страчваюцца менавіта таму, што мяняецца наш лад жыцця і захаванне традыцый у сучасных умовах становіцца складанай задачай.

Сувязі мацнеюць

Вынікам форуму стала падпісанне новых пагадненняў. Магілёўскі абласны Цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы заключыў больш цесныя партнёрскія сувязі з абласным цэнтрам культуры, народнай творчасці і кіно Ліпецкай вобласці, санкт-пецярбургскім Домам творчасці і вольнага часу, Іркуцкім абласным Домам народнай творчасці. Ёсць жаданне бакоў стварыць добразычлівыя ўмовы для супрацоўніцтва ў мэтах захавання і развіцця традыцыйнай культуры і абмену рознымі відамі культурнай дзейнасці.

Нязменны ўдзельнік і даследчык народных традыцый беларускі фалькларыст і этнограф Янка Крук лічыць, што магілёўскі форум робіць вельмі карысную справу.

— Сёння ідэя кансалідацыі этнасу стала найважнейшай сацыякультурнай задачай, — кажа ён. — Калі раней на першае месца выходзіў навуковы дыскурс, то цяпер гэта матывацыя ўяўляе сабой аголены сацыяльны нерв. Захаванне традыцыйнай культуры — складаны і шматфактарны працэс. З аднаго боку, гэта старэйшае пакаленне захавальнікаў, з іншага — падрастаючае пакаленне неафітаў, якіх трэба паглыбляць у кантынуум культуры з самага ранняга ўзросту. Мы ўсе разумеем, што ніводнае дрэва не можа існаваць без глыбокіх каранёў. І форум — унікальная пляцоўка для папулярызацыі народнай творчасці. 

У аснове знаходзіцца стваральны патэнцыял традыцый у эпоху рэвальвавання глабальных дэструктыўных працэсаў.

Александрыя зноў збірае сяброў

Своеасаблівым працягам форуму з’яўляецца рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у Шклоўскім раёне. Сёлета калектыў Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы быў удастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне» за захаванне культурнай спадчыны краіны і вялікую работу па арганізацыі гэтага маштабнага мерапрыемства.

— Праект збірае 70 тысяч гледачоў, — падкрэсліў дырэктар установы Алег Хмялькоў. — Толькі па нашай лініі ў ім задзейнічаны тысячы чалавек. Праект вельмі складаны, але мы працуем з натхненнем.

Удзельнікі форуму мелі магчымасць пабываць у Шклоўскім раёне і азнаёміцца з пляцоўкамі, якія задзейнічаны ў купальскім фестывалі. Ёсць спадзяванні, што сёлета многія з іх стануць ўдзельнікамі прыгожага славянскага свята.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».