Вы тут

Якія ключавыя тэмы абмяркоўваліся на сустрэчы членаў дзвюх палат парламента?


Парламентарыі абмеркавалі актуальныя пытанні ўзаемадзеяння двух палат у рэалізацыі задач, якія стаяць перад краінай на сучасным этапе развіцця.


Фота БелТА

«Толькі ў адзінстве і фарміраванні адзіных падыходаў»

Як адзначыў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка, за мінулыя гады паміж Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі выбудавана канструктыўнае ўзаемадзеянне. «Абноўленая Канстытуцыя павысіла ролю парламента ў вырашэнні ключавых пытанняў развіцця краіны, на сучасным этапе кіраўніком дзяржавы перад Нацыянальным сходам пастаўлены вельмі сур’ёзныя задачы, — дадаў ён. — Высокая ацэнка была дадзена на сустрэчы Прэзідэнта з парламентам сёмага склікання. Былі пастаўлены канкрэтныя задачы: грунтуючыся на пераемнасці, ісці далей, тым больш роля парламента будзе ўзрастаць».

Сустрэча членаў Прэзідыума Савета Рэспублікі і Савета Палаты прадстаўнікоў, па словах спікера ніжняй палаты парламента, заклікана выпрацаваць арыенціры, падыходы да сумеснай далейшай работы, абмеркаваць пазіцыі па ўдасканаленні ўзаемадзеяння. Што датычыцца заканадаўчай дзейнасці, Ігар Сергеенка звярнуў увагу на тое, што важна працягнуць цеснае супрацоўніцтва профільных пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі пры падрыхтоўцы законапраектаў.

«Упэўнены, што праекты законаў могуць выносіцца ў Авальную залу толькі пасля дэталёвай прапрацоўкі з профільнай камісіяй Савета Рэспублікі — такую практыку неабходна захаваць, — паставіў задачу Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Напрацавана добрая практыка разгляду найбольш значных законапраектаў на экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі. Комплексная і ўсебаковая ацэнка жыццяздольнасці прымаемых законаў з максімальным улікам дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў мае важнае значэнне для забеспячэння высокай якасці прымаемых рашэнняў».

Таксама Ігар Сергеенка лічыць неабходным захаваць практыку правядзення сумесных пасяджэнняў палат парламента, парламенцкіх слуханняў, іншых практыкаарыентаваных мерапрыемстваў: семінараў, круглых сталоў і іншых. У гэтым плане, па словах спікера, важны актыўны ўдзел дэпутатаў у такіх мерапрыемствах, якія арганізуюцца Саветам Рэспублікі, і, адпаведна, сенатараў — у мерапрыемствах Палаты прадстаўнікоў.

Кажучы аб міжнародным супрацоўніцтве, Старшыня Палаты прадстаўнікоў нагадаў, што сёння значная роля ўдзяляецца парламенцкай дыпламатыі, умацаванню міжнароднага аўтарытэту краіны, абароне яе нацыянальных інтарэсаў. Пастаянным камісіям па міжнародных справах парламента даручана сумесна трымаць гэтае пытанне на пастаянным кантролі.

У плане міжнароднага супрацоўніцтва Ігар Сергеенка паставіў наступныя задачы: паслядоўна прапагандаваць статус нашай краіны як мірнай дзяржавы і прасоўваць аб’яднальны парадак дня ў сусветнай палітыцы; выпрацаваць або ўдасканаліць механізмы рэагавання на шматлікія выпады супраць нашай краіны на міжнароднай арэне; выкарыстоўваць міжпарламенцкія пляцоўкі для забеспячэння нацыянальнай бяспекі; рэалізоўваць іншыя станоўчыя ініцыятывы, якія будуць садзейнічаць прасоўванню нашай краіны і адстойванню нацыянальных інтарэсаў. «У тым ліку працаваць з прадстаўнікамі альтэрнатыўнымі палітычнымі сіламі ў парламентах замежных краін, лідарамі меркаванняў, якія разумеюць і раздзяляюць неабходнасць фарміравання шматпалярнай сістэмы міжнародных адносін», — дадаў спікер. 

Кажучы аб інфармацыйным складніку сумеснай работы парламентарыяў, Ігар Сергеенка заўважыў, што мы сёння жывём у становішчы жорсткай эканамічнай і інфармацыйнай вайны. Таму, на яго думку, важным з’яўляецца фарміраванне адзінай стратэгіі паводзін у інфармацыйнай прасторы. Размова ідзе, у прыватнасці, аб арганізацыі сумесных медыйных праектаў і рэалізацыі ініцыятыў патрыятычнай накіраванасці.

«Ёсць шмат напрамкаў, дзе мы можам аб’яднаць намаганні: сацыяльна-палітычная актыўнасць, рэалізацыя кантрольных паўнамоцтваў, грамадскае абмеркаванне найважнейшых законапраектаў, праграмных дакументаў развіцця нашай краіны, сумеснае супрацьстаянне інфармацыйнай агрэсіі Захаду, — рэзюмуючы, падкрэсліў Ігар Сергеенка. — Мы працуем у рамках адзінага заканадаўчага органа — Нацыянальнага сходу, таму толькі разам, дапаўняючы, дапамагаючы, мабілізуючы іншых, я бачу нашу далейшую работу. Упэўнены, што ўсе задачы, якія стаяць перад намі, будуць вырашаны толькі ў адзінстве і фарміраванні адзіных падыходаў. Часам, можа быць, і ў дыскусіях, спрэчках, але ў гэтым таксама нараджаецца ісціна, фарміруецца калектыўнае меркаванне».

«Мы павінны быць адзінай камандай»

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава звярнула ўвагу на тое, што і ў Палаты прадстаўнікоў, і ў Савета Рэспублікі ёсць свой рэгламент. «Але разам мы — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліла спікер.

Па словах Наталлі Качанавай, ключавым тэзісам узаемадзеяння парламентарыяў з’яўляецца тое, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі павінны працаваць сумесна. «Мы з вамі павінны зрабіць усё, што залежыць ад нас, дэпутацкага корпуса Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, для таго, каб сёння парламент быў эфектыўным, дзейсным — так, як і было ў сёмым скліканні, — паставіла задачу Старшыня Савета Рэспублікі. — Усе нашы найлепшыя планы і пачынанні павінны быць працягнуты. А тое, што патрабуе ўдасканалення, варта ўдасканальваць».

Спікер верхняй палаты парламента канстатавала, што краіна ўступіла ў фазу новай электаральнай кампаніі: у 2025 годзе будуць праходзіць выбары Прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, грамадства чакаюць такія буйныя мерапрыемствы, як 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзе Вялікай Перамогі.

«Мы павінны ўсе разумець: мы павінны быць адзінай камандай, нам дзяліць абсалютна няма чаго, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Калі ёсць добрыя ініцыятывы ў Палаты прадстаўнікоў, мы павінны заўсёды іх падтрымаць. Калі ў Савета Рэспублікі — мы павінны падтрымаць. Той тэзіс, які абазначыў Ігар Пятровіч, пачынаючы з заканатворчай дзейнасці, я падтрымліваю цалкам. Мы адразу падключаемся — так павінна быць. Мы павінны працаваць разам пры адпрацоўцы законапраектаў, або ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у дзейнае заканадаўства, або прыняцці абсалютна новых законаў, якія патрэбны сёння нашай краіне. Самае галоўнае, каб гэтыя законы былі эфектыўнымі, актуальнымі і своечасовымі».

Кажучы аб экспертным савеце пры Савеце Рэспублікі, створаным па даручэнні Прэзідэнта, Наталля Качанава ўдакладніла, што на яго пасяджэнні запрашаюцца ў тым ліку дэпутаты. Спікер падкрэсліла, што ўсе яны — дасведчаныя, прафесійныя людзі, якія прайшлі свой жыццёвы шлях як кіраўнікі высокага ўзроўню, меркаванні якіх маюць значэнне. «Сёння мы павінны прымаць такія законы, якія будуць сапраўды эфектыўнымі і, як гаворыць Прэзідэнт, будуць накіраваны на карысць нашай дзяржавы і народа. Экспертны савет — гэтая вялікая дапамога ў законапраектнай дзейнасці», — канкрэтызавала Старшыня Савета Рэспублікі.

У кантэксце міжнароднай дзейнасці Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, па словах Наталлі Качанавай, парламентарыі абедзвюх палат павінны працаваць разам. «У адзінстве наша сіла», — падкрэсліла яна. Гэта, у прыватнасці, датычыцца і фарміравання сумеснай дэлегацыі для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах, і агульных заяў ад Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. «Гэта ўсё — у капілку нашага яднання, дабрабыту нашай краіны, — патлумачыла спікер. — Сёння павінна адчувацца наша магутнасць, адзінства, бо столькі бруду і фэйкаў льецца на нашу краіну. Бачым нейкі негатыўны момант — зрабілі агульную заяву ад парламента Беларусі. Так правільна. Мы павінны несці праўду аб нашай краіне і шукаць канструктыўныя падыходы з любой краінай».

Асаблівае значэнне ў парламенцкай дзейнасці, па меркаванні Наталлі Качанавай, мае ўзаемадзеянне з насельніцтвам. «Ніякі інтэрнэт не пераможа, калі мы з вамі будзем вельмі актыўна працаваць з людзьмі, — пераканана спікер. — Мы мусім уключацца і працаваць з усімі катэгорыямі нашага насельніцтва — вочы ў вочы. Калі мы гаворым праўду, расказваем, даносім інфармацыю, яны ўсё выдатна разумеюць. Будзе выдатна, калі мы цяпер пачнем вельмі актыўна працаваць з людзьмі».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.