Вы тут

Парламент вылучыў сваіх кандыдатаў у склад Прэзідыума сёмага Усебеларускага народнага сходу


Кандыдатам у члены Прэзідыума УНС ад Савета Рэспублікі з’яўляецца Сяргей Сівец, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Члены Савета Палаты прадстаўнікоў падтрымалі кандыдатуру старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Марыны Лянчэўскай у састаў Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. 


«Высокі крэдыт даверу і найвышэйшая адказнасць»

Адкрываючы пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, на якім адбылося вылучэнне кандадата ў Прэзідыум УНС, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава нагадала, што сенатары прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе». «Мы ведаем тыя функцыі, якія ўскладзены на дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, — адзначыла спікер. — І ў адпаведнасці з законам, фарміруецца Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу. Было прынята рашэнне, што ў ім будуць прадстаўнікі ад Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў, ад усіх рэгіёнаў нашай краіны».

Кажучы аб кандыдаце ў Прэзідыум УНС ад Савета Рэспублікі, Наталля Качанава падкрэсліла, што гэты чалавек павінен быць годным. «Работа гэта важная, адказная, — кажучы аб кампетэнцыях Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, заўважыла Старшыня Савета Рэспублікі. — Гэта прыняцце стратэгічных рашэнняў, важных для жыцця нашай краіны, таму, вядома, чалавек павінен быць кампетэнтны».

Прапануючы кандыдатуру Сяргея Сіўца, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы звярнуў увагу на тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — гэта Канстытуцыя будучыні, таму, па яго словах, у Прэзідыум УНС павінны прыйсці людзі, якія і надалей будуць паступальна развіваць краіну па ўсіх напрамках. «Сяргей Міхайлавіч прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праектаў Канстытуцыі і Закона „Аб Усебеларускім народным сходзе“, на ім ляжалі асноўныя абавязкі па распрацоўцы гэтых законаў, іх функцый, — канкрэтызаваў сенатар. — Гэта дасведчаны чалавек, які ведае, што рабіць. Немалаважна, што ён будзе разумець працэсы не толькі з практычнага, але і юрыдычнага пункту гледжання».

Як адзначыў у размове журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Сівец, за кандыдатуру якога члены Прэзідыума Савета Рэспублікі прагаласавалі аднагалосна, гэта вельмі высокі крэдыт даверу і адначасова найвышэйшая адказнасць. «Паколькі Усебеларускі народны сход, зыходзячы з яго статусу, будзе вызначаць стратэгічныя напрамкі развіцця беларускага грамадства і беларускай дзяржавы, — удакладніў ён. — У адпаведнасці з Законам „Аб Усебеларускім народным сходзе“, алгарытм фарміравання Усебеларускага народнага сходу дастаткова разнастайны. Вылучаюцца ў члены УНС прадстаўнікі ад заканадаўчай, выканаўчай, судовай галін улады, грамадзянскай супольнасці і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Спадзяюся, што мой досвед працы і ў якасці члена Канстытуцыйнай камісіі, распрацоўшчыка і ўдзельніка знакавых праектаў законаў паслужыць дастаткова добрай дапамогай для таго, каб таксама прыняць удзел у падрыхтоўцы тых пытанняў, якія ў далейшым будуць вынесены на Усебеларускі народны сход».

Сяргей Сівец акцэнтаваў увагу на тым, што гэта першы досвед правядзення Усебеларускага народнага сходу ў новым канстытуцыйным статусе. «Увесь спектр пытанняў, якія будуць выносіцца на Усебеларускі народны сход, як і арганізацыйных пытанняў па фарміраванні кіраўніцтва Усебеларускага народнага сходу, складу Прэзідыума, пытанні, якія носяць праграмны характар, — праекты Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, Ваеннай дактрыны, — непасрэдна накіраваны на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, дзяржаўнага суверэнітэту, — канкрэтызаваў ён. — Вельмі спадзяюся, што ў працэсе абмеркавання гэтых дакументаў будзе выпрацавана кансалідаваная пазіцыя, у тым ліку звязаная з забеспячэннем абароны нашага дзяржаўнага суверэнітэту, нашай незалежнасці ў такія няпростыя часы, якія нясуць за сабой даволі вялікі спектр пагроз і выклікаў для беларускага грамадства і беларускай дзяржавы». 

«У нашай краіне існуе дыктатура народаўладдзя»

Адкрываючы пасяджэнне Савета Палаты прадстаўнікоў, на якім быў вылучаны кандыдат у члены Прэзідыума УНС ад ніжняй палаты парламента, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергеенка канстатаваў, што грамадства знаходзіцца напярэдадні важнай грамадска-палітычнай падзеі: Усебеларускі народны сход пачне работу 24 красавіка. «Яго стварэнне і правядзенне адкрые новую старонку ў развіцці суверэннай Беларусі, новы этап, — падкрэсліў спікер. — Абноўленым Асноўным Законам краіны Усебеларускаму народнаму сходу нададзены канстытуцыйны статус вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, Сход — гэта своеасаблівая апора і для народа, і для ўлады, якая дазваляе сумесна, талакой, вырашаць прынцыповыя, важныя пытанні для развіцця нашага грамадства. І ў першую чаргу, стратэгічныя пытанні развіцця нашай краіны. У яго аснову пакладзены традыцыйныя для беларусаў прынцыпы справядлівасці, калектыўнага прыняцця рашэнняў і адказнасці — тое, што складае сапраўдную сутнасць народнай дэмакратыі». 

Па словах Ігара Сергеенкі, усе падрыхтоўчыя мерапрыемствы да УНС ужо практычна завершаны. «Выбраны дэлегаты ва усіх рэгіёнах нашай краіны: і па пасадзе, і ад грамадзянскай супольнасці, і ад мясцовых Саветаў рознага ўзроўню, — удакладніў Старшыня Палаты прадстаўнікоў. — Для забеспячэння дзейнасці Усебеларускага народнага сходу на першым пасяджэнні плануецца выбраць кіруючыя органы: старшыню, намесніка, а таксама членаў Прэзідыума. Па абноўленай Канстытуцыі, у склад Прэзідыума можа быць выбрана да 15 членаў».

Прапануючы кандыдатуру ў члены Прэзідыума УНС Марыну Лянчэўскую ад Палаты прадстаўнікоў, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін Семяняка нагадаў, што ў папярэднім скліканні дэпутат з’яўлялася членам Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, у восьмым скліканні яна ўзначальвае Пастаянную камісію па заканадаўстве. «Марына Аляксандраўна — адукаваны, мэтанакіраваны, прынцыповы і адказны дэпутат, які ўмее адстойваць свой пункт гледжання, — адзначыў Валянцін Семяняка. — Яна вельмі актыўна ўдзельнічала ва ўдасканаленні і развіцці нарматыўна-прававой базы. На яе рахунку — шмат важных ініцыятыў, рэалізацыя якіх мела вялікае значэнне. Лічу, што яе прафесійныя веды і вялікі практычны досвед работы ў Палаце прадстаўнікоў, выдатныя арганізатарскія якасці, высокая працаздольнасць будуць садзейнічаць эфектыўнаму рашэнню задач, якія стаяць не толькі перад Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу, а і перад УНС у цэлым». 

Як заўважыла ў размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Марына Лянчэўская, кандытатуру якой падтрымалі адзінагалосна, для яе гэта вельмі пачэсна. «Выказала ўдзячнасць калегам за той давер, які яны мне аказалі, — паведаміла яна. — Гэта сапраўды высокі гонар, бо кожны са 110 дэпутатаў годны прадстаўляць Палату прадстаўнікоў у Прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу. Разумею, якая адказнасць ляжыць на мне. Не баюся работы, буду працаваць, як і раней, адказна і з самааддачай і, безумоўна, апраўдаю давер сваіх калег». 

Марына Лянчэўская нагадала, што Усебеларускі народны сход — гэта найвышэйшы орган народаўладдзя, які сёння мае канстытуцыйны статус. «Ëн надзелены найважнейшымі пытаннямі аб прыняцці стратэгічных рашэнняў для нашай краіны, — падкрэсліла яна. — Не сакрэт, што на першым пасяджэнні Усебеларускага народнага сходу будуць разгледжаны такія найважнейшыя дакументы для нашай краіны, як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына. Тым больш, мы бачым сёння, якія выклікі, пагрозы новыя з’яўляюцца, мы павінны своечасова на іх рэагаваць. І вельмі важна, што Усебеларускі народны сход — гэта сапраўды орган народаўладдзя. У нашай краіне існуе нават не дэмакратыя, а дыктатура народаўладдзя. І гэта вельмі правільна. У нас сёння народ будзе прымаць усе самыя важныя рашэнні для нашай краіны і мы будзем рухацца наперад, справімся з усімі цяжкасцямі, выклікамі і пагрозамі». 

Дэпутат звярнула ўвагу, што Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу стане працоўным органам. «У перыяд, калі не будзе збірацца Усебеларускі народны сход, Прэзідыум надзелены вельмі сур’ёзнымі паўнамоцтвамі, — удакладніла яна. — Менавіта Прэзідыум надзелены правам ініцыяваць пытанні легітымнасці выбараў Прэзідэнта, Парламента. Прэзідыум будзе разглядаць пытанні функцыянавання Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнай выбачай камісіі і шэраг іншых пытанняў — тых, якія неабходна будзе вырашаць аператыўна. Упэўнена, што ў Прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу будуць выключна прафесійныя людзі, смелыя, патрыёты сваёй краіны і, галоўнае, тыя, хто любіць свой народ і Рэспубліку Беларусь».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Меркаванне

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігара Луцкага, наданне канстытуцыйнага статусу Усебеларускаму народнаму сходу і тое, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь унёс гэту ініцыятыву і яна была рэалізавана, сведчыць аб тым, што мы паступова развіваем наша палітычнае поле, нашы грамадска-палітычныя адносіны. «Цяперашні Усебеларускі народны сход вырашае вызначальныя пытанні: як мы зможам утрымаць мір на нашай зямлі, як зможам глядзець у будучыню, — канкрэтызаваў ён. — І Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, і Ваенная дактрына — гэта дакументы аб міры на нашай зямлі, бо нацыянальная бяспека перш за ўсё залежыць ад таго, як мы будзем развіваць нашу эканоміку, падтрымліваць нашу сацыяльную сферу, якім чынам будзем гадаваць дзяцей і найперш іх выхоўваць. Цяперашнія пагрозы не толькі ваеннага, але і ментальнага характару. Гэта пагрозы нашым традыцыйным каштоўнасцям, нашаму светаўспрыманню».

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.