Вы тут

Знаёмімся з дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу ад заканадаўчай улады


Ужо праз некалькі дзён адбудзецца найважнейшая падзея, якая, несумненна, увойдзе ў гісторыю нашай краіны. Cёмы раз, але ўпершыню ў новым статусе, збяруцца дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, каб абмеркаваць найважнейшыя пытанні, якія датычацца нашай роднай Беларусі, вызначыць кірункі, па якіх рухацца далей.


У адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года, Усебеларускі народны сход з’яўляецца канстытуцыйным органам. Цяпер гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя нашай краіны, які вызначае стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

У састаў УНС уваходзіць 400 дэлегатаў ад структур грамадзянскай супольнасці і 350 дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў. Астатнія з’яўляюцца дэлегатамі найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя Беларусі згодна са сваёй пасадай. Сярод іх — прадстаўнікі заканадаўчай галіны ўлады: дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі.

Напярэдадні найважнейшай падзеі карэспандэнт «Звязды» пацікавілася ў парламентарыяў, з якім настроем заканадаўцы ідуць на Усебеларускі народны сход, чаго ад яго чакаюць.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Мікалай Бузін адзначыў, што з асаблівай цікавасцю чакае Усебеларускага народнага сходу, бо, нягледзячы на тое, што гэта мерапрыемства традыцыйнае для нашай краіны, сёлета праводзіцца ў новым фармаце. «Спадзяюся, што гэты орган у перспектыве стане базісам для ўсёй структуры народаўладдзя Беларусі, — падзяліўся меркаваннем дэпутат. — Вечавыя традыцыі ў нас ёсць. Мы знайшлі спосаб заканадаўча замацаваць іх на ўзроўні дзяржавы. Перакананы, што сход стане той пляцоўкай, якая дазволіць выпрацаваць галоўныя кірункі для развіцця краіны на найбліжэйшую перспектыву. Магчыма, у далейшым гэта дазволіць не толькі паскорыць працэс станаўлення нашай дзяржаўнасці і яе развіцця, але і дасць магчымасць звярнуць увагу на тыя аспекты, якія мы раней проста апускалі. УНС — пляцоўка, дзе збяруцца прадстаўнікі ўсіх слаёў нашага грамадства. І мы, напэўна, упершыню за многія гады зможам гаварыць не толькі аб грамадзянскай супольнасці ў рамках функцыянавання гэтай пляцоўкі, але і ўдзелу ў ёй партый. Як гэты момант у перспектыве адаб’ецца на развіцці нашай краіны, казаць пакуль складана, але, спадзяюся, гэта будзе пазітыўна».

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч з нецярпеннем чакае гэтай найважнейшай падзеі. Ён быў дэлегатам пятага і шостага Усебеларускіх народных сходаў. «У новым, канстытуцыйным, статусе УНС збярэцца ўпершыню, таму работа будзе больш адказнай, напружанай і цікавай, — лічыць сенатар. — Сёмы Усебеларускі народны сход стане новым элементам палітычнай і прававой культуры беларускага народа, элементам узаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю і органамі ўлады, своеасаблівым калектыўным розумам, які вызначыць аптымальны варыянт развіцця. Наша грамадства ўжо прыйшло да таго ўзроўню ўладкавання, калі досвед тысяч людзей розных пакаленняў можна аб’яднаць у імя пошуку максімальна эфектыўнага шляху вырашэння глабальных стратэгічных задач».

Пры гэтым парламентарый падкрэсліў, што гэта будзе прыняцце менавіта стратэгічных рашэнняў, накіраваных на развіццё нашай краіны. «Але не толькі на вырашэнне ўнутраных праблем, а тых, якія мы павінны забяспечыць, працуючы на знешнім контуры, — дадаў ён. — Дэлегаты, напрыклад, разгледзяць новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі. Чакаю, што Усебеларускі народны сход стане сур’ёзным народным канстытуцыйным кантролем над усімі працэсамі ў краіне. Усім галінам улады давядзецца лічыцца з яго рашэннямі. Ні ў адной краіне свету народ, усе пласты грамадзянскай супольнасці, заканадаўчай і выканаўчай улады не ўцягнуты да такой ступені ў кіраванне дзяржавай, як у нашай роднай Беларусі. Гэта орган сапраўднага народаўладдзя».

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Анжаліка Курчак добра памятае першае скліканне Усебеларускага народнага сходу, калі дзяржава ўзяла арыенцір на развіццё рыначнай эканомікі. «Пры гэтым мы прытрымліваемся асноўных кірункаў нашага развіцця ў плане фарміравання сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, накіраванай на забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і аказанне ўсемагчымага садзейнічання, сацыяльнай дапамогі многім катэгорыям насельніцтва, — удакладніла дэпутат. — Гэтага курсу, узятага на І Усебеларускім народным сходзе, мы прытрымліваемся ўвесь наш доўгі шлях».

Фота Генеральнай пракураты

Па словах парламентарыя, УНС — самы важны прадстаўнічы орган нашай дзяржавы, найвышэйшы інстытут народаўладдзя, і грамадства добра разумее яго функцыю і ролю. «Прыняцце таго ці іншага закона заўсёды заснавана на запыце грамадства, — канстатавала Анжаліка Курчак. — Таму, калі мы ўжо ўнеслі змяненні ў Канстытуцыю, то з упэўненасцю кажам аб тым, што гэта адлюстроўвае сённяшнія рэаліі. Усе прыглядаюцца, як, згодна з новым заканадаўствам, будзе працаваць Усебеларускі народны сход, таму інтарэс да яго вельмі высокі: ад простага чалавека да кіраўніка, які займае адказную пасаду. Абноўлены склад УНС, кампетэнцыя, цяпер асноўныя праграмныя дакументы, звязаныя з развіццём палітычнага, дзяржаўнага ўладкавання, будуць прымацца нашым усенародным веча. Гэта важна для захавання далейшай стабільнасці ў нашым грамадстве, для выпрацоўкі асноўных стратэгічных кірункаў далейшага росту і росквіту нашай краіны».

Як звярнуў увагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Глеб Лапіцкі, Усебеларускі народны сход — гэта акурат тая пляцоўка, дзе будзе вырашацца стратэгічны кірунак развіцця нашай дзяржавы, дзе павінен быць пачуты голас кожнага чалавека. Сенатар старанна вывучаў склад УНС, сачыў за момантам вылучэння дэлегатаў. «Гэта людзі зусім рознага ўзросту, светаўспрымання, аднак усіх нас аб’ядноўвае адно — імкненне да развіцця нашай дзяржавы як у глабальных, так і ў лакальных маштабах, — лічыць ён. — Калі будзе мір, дабрабыт, нацыянальная і харчовая бяспека, высокія эканамічныя паказчыкі, то будзе і духоўнае развіццё, а гэта ўжо нацыянальная культура і творчасць».

Глеб Лапіцкі падкрэсліў, што Усебеларускі народны сход, які збярэцца на наступным тыдні, з’яўляецца архіважнай падзеяй для ўсяго беларускага народа, падзеяй, да якой будуць прыкаваны погляды ўсёй сусветнай супольнасці. «Беларусь зноў стане эпіцэнтрам усяго палітычнага жыцця свету, — заўважае сенатар. — Мы можам шмат казаць, шмат абмяркоўваць, аднак лепш за ўсё правесці Усебеларускі народны сход, чым, як у некаторых іншых краінах, толькі казаць пра дэмакратыю і рабіць зусім супрацьлеглае. Менавіта таму ў нас ёсць такі орган. І, мне здаецца, ён будзе вельмі дзейсны. Як казаў наш Прэзідэнт, гэты орган ствараецца для таго, каб адвесці краіну ад прорвы ў самы крытычны момант. Значыць, важна яго пазіцыянаваць на ўвесь свет».

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Алег Раманаў перакананы: на Усебеларускім народным сходзе будзе стварацца гісторыя. «Тым самым, я як асобны чалавек буду датычны да гісторыі беларускай дзяржавы, а ў перспектыве — і сусветнай гісторыі, — заўважыў ён. — Упэўнены, што ў нашай краіне, на постсавецкай прасторы цяпер ствараецца будучыня свету. І ад таго, як мы адпрацуем, якія рашэнні прымем, залежаць шляхі, па якіх пойдзе Рэспубліка Беларусь, наступныя пакаленні грамадзян нашай краіны. Ад гэтага залежыць, па якім шляху, магчыма, пойдзе і наш усходне-славянскі рэгіён, у цэлым сусветная гісторыя».

Алег Раманаў таксама з’яўляецца старшынёй Беларускай партыі «Белая Русь», старшынёй рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Сярод дэлегатаў УНС ад грамадзянскай супольнасці — 80 членаў гэтага грамадскага аб’яднання, сярод партыйных дэлегатаў УНС ад мясцовых Саветаў дэпутатаў пераважаюць члены партыі «Белая Русь».

«Нягледзячы на тое, што наша партыя мае адносна невялікую гісторыю (2 мая будзе адзін год, як мы існуем), за гэты час ужо паспелі заваяваць аўтарытэт у шэрагах беларускай грамадзянскай супольнасці, у цэлым у беларускім грамадстве, — патлумачыў шырокую прадстаўленасць ва УНС членаў партыі „Белая Русь“ яе лідар. — Вялікая колькасць аўтарытэтных людзей, якія займаюць значныя сацыяльныя пазіцыі, пэўныя пасады ў нашай краіне, з’яўляюцца членамі партыі. Абсалютна невыпадкова, што іх выбралі ў якасці дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Адным з прынцыпаў вылучэння людзей у якасці дэлегата з’яўляецца прафесіяналізм. Важна, каб чалавек адбыўся ў сваёй прафесіі, праявіў сябе на высокім узроўні не толькі як прафесіянал, але і патрыёт. І сярод членаў нашай партыі такіх пераважная большасць».

Для члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Марыны Ільіной удзел ва Усебеларускім народным сходзе — ганаровая місія. «Адчуваю цяжар адказнасці, які на мяне ўскладзены не толькі як на сенатара, але і як на педагога, прадстаўніка сваёй прафесіі, — падзялілася парламентарый. — Бачу сваю задачу не толькі ў тым, каб прыняць удзел у самым значным для краіны мерапрыемстве, але і ў тым, каб несці адказнасць за рэалізацыю і ажыццяўленне рашэнняў, якія будуць прыняты. Чакаю важнага, сур’ёзнага і запамінальнага форуму, перспектыўных, скіраваных у будучыню рашэнняў. Цудоўна, што Усебеларускі народны сход адбудзецца менавіта вясной, калі ў нас асабліва моцная вера ў лепшае».

Фота: sb.by

Па словах сенатара, тое, што ўпершыню Усебеларускі народны сход адбудзецца ў канстытуцыйным статусе, накладвае асаблівую адказнасць на яго ўдзельнікаў. «Бо ад нашых рашэнняў залежыць лёс краіны, усяго народа, — патлумачыла дэпутат. — Максімальна шырокае прадстаўніцтва дэлегатаў сходу гарантуе ўзважанасць, аб’ектыўнасць і законнасць рашэнняў, якія будуць прыняты, што, безумоўна, надасць новы імпульс дзяржаўнаму развіццю. Думаю, што рашэнні сходу стануць лёсавызначальнымі, бо з’яўляюцца адлюстраваннем меркавання ўсяго беларускага народа».

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.